epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Адкуль назва вёскі Кукаўка

Гэта было даўней, за прыгонам. На месцы, дзе цяпер вёска, некалі раслі дубы. Уся мясцовасць належала злому, лютаму пану, прытым сляпому. Пан быў хоць сляпы, ды часта любіў хадзіць са стрэльбаю на паляванне.

Страляў ён добра па слыху. Пачуе, бывала, што цецярук недалёка балбоча (тады цецерукоў тут многа вадзілася) ці зязюля кукуе, ён прыслухаецца і стрэліць.

Аднойчы пан прымусіў жанчыну лезці як мага вышэй на дуб. Калі жанчына ўзлезла высока на дрэва, ён загадаў ёй сесці там і кукаваць. Сам адышоўся на патрэбную яму адлегласць і стрэліў на яе «ку-ку».

Жанчына мёртвая ўпала з дуба. Люты пан застрэліў так не адну жанчыну; усіх непакорных яму прымушаў лезці на дрэва і кукаваць.

З тых часоў мясцовасць гэтую людзі і пачалі называць Кукаўкай.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан