epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Адкуль пайшлі буслы

Было гэта вельмі даўно. На зямлі развялося такое мноства гадаў, што не стала ад іх жыцця ні людзям, ні жывёле. І парашыў адзін чараўнік знішчыць гадаў, патапіць у якойсьці бяздонніцы. Сабраў ён іх у вялізны скураны мяшок, завязаў, узваліў на плечы аднаму неразумнаму чалавеку і загадаў укінуць у паказанае прадонне. Як толькі чалавек рушыў з месца, то ўсе гады, якія былі ў мяшку, заварушыліся, засіпелі, засвісталі. І ўзяла чалавека цікаўнасць, што ён такое прэ.

Чалавек развязаў торбу ды і аслупянеў ад жаху. Гады ж тым часам вылезлі і распаўзліся ізноў па зямлі.

Разгневаны чараўнік не захацеў другі раз збіраць гэтую дрэнь і, накінуўшы на чалавека парожні мяшок, ператварыў яго ў бусла і загадаў збіраць гадаў-уцекачоў усё яго жыццё аж да самай смерці.

І ходзіць гэты ператвораны ў бусла чалавек з накінутым на плечы мяшком па лугах, палях, балотах ды збірае гадаў, але да гэтае пары ніяк сабраць не можа. З прычыны сваёй крэўнасці да чалавека гэты пярэварацень не адыходзіць далёка ад людскіх сяліб і мала баіцца людзей.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан