epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Адкуль узялося прозвішча Капач

Яшчэ пры паншчыне было гэта.

О тут, дзе цяпер могілкі, стаяла вялікае сяло. Людзі кепска жылі, бо рабілі на пана чатыры дні ў тыдзень, а на сябе два. Хоць у бядзе жылі, ды не тужылі. Але ўбілася ў сяло — не пры нас спамінаючы, хай яе на сухі лес нясе — халера. Пахварэлі ўсе людзі і пачалі паміраць, як мухі ўвосень.

Каторыя дужэйшыя былі, тыя хавалі нежывых. Праз месяц усе павыміралі. Застаўся адзін толькі чалавек. Ён усіх хаваў, вунь на той горцы. Тутака і сталі могілкі.

Гэты чалавек усіх закопваў, вось яго і празвалі Капач. Ён перасяліўся потым у наша сяло, ажаніўся тут. З таго часу і пайшло — Капачы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан