epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Адкуль узяўся мядзведзь

Ці ведаеце вы, адкуль узяўся мядзведзь?

Мядзведзь перш быў такі самы мужык, як і ўсе мы, гарапашнікі.

Даўно тое здарылася. Людзей тады было мала. Гэта цяпер так народу памножылася, што ледзь зямля іх падымае. А даўней людзі жылі сям-там па лесе, лавілі звера, птушак, а ў азёрах ды рэках — рыбу. Улетку збіралі ягады або капалі карэнне, рабілі запасы на зіму. Больш за ўсё запасалі арэхаў і мёду. Пчол тады было багата. Яны самі вадзіліся ў дуплах і ў земляных норах. Па лесе і цяпер яшчэ ёсць пчолы ў дуплах. Дык вось людзі і шукалі такіх пчол, і хто першы знаходзіў, таго і былі тыя пчолы. Ён абвязваў дрэва, на якім вяліся пчолы, лічылася, што гэтыя пчолы ягоныя, а таму ніхто не мог іх чапаць.

Але жыў сярод людзей адзін гультаяваты мужык. Яму не хацелася самому шукаць пчол, дык ён прымудрыўся выдзіраць чужыя. Толькі цяжка яму было ўзлазіць на дрэва. І пачаў ён шукаць ведзьмара.

За сямю лясамі ды за сямю балатамі меўся такі вядзьмар. Вось і пайшоў гультаяваты мужык да яго. Ідзе ён ды ідзе лясамі, бачыць — ліпа абвязана; думае — пчолы. Падышоў бліжэй, зірнуў, аж дупло зусім нізка, а ў дупле — мёд. Выдраў гультай пчол і пайшоў далей. Бачыць — другое дрэва абвязана. Выдраў ён і тут пчол. Сыты і задаволены, падыходзіць гультаяваты мужык да вядзьмаравае зямлянкі.

Таго якраз не здарылася дома. Глядзіць мужык, аж тут пры самай зямлянцы ў дрэве пчолы. Давай гэта ён і тых пчол выдзіраць.

Але тут вядзьмар з’явіўся. Зірнуў на чужога чалавека і кажа:

— Раз пагаліўся на чужое, дык з гэтае пары і ты, і твае дзеці, і ўсё тваё кодла будзеце толькі пчол драць!

Абярнуў вядзьмар таго гультаяватага мужыка ў мядзведзя.

Дык вось адкуль узяўся мядзведзь.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан