epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Адкуль зязюля ўзялася

Калісь праз вякі, у нашым краі, жыў багаты зямянін,— Властам яго звалі, і меў ён тры дачкі: Мляву, Здану і Зязюлю, як кветкі красныя, ладныя, як птушкі, але крашчая за ўсіх, то Зязюля была. За гэта завідушча Млява проціў Зязюлі зло на вуме мела.

Раз, пад вечар, пасля спякоты, прыбягае Млява да сясцёр і кажа:

— Сястрычкі, кветачкі, пойдзема на возера купацца!

Тыя, вядома, як дзяўчаты,— рады падурэць, кінуліся навыперадкі. Зязюля апярэдзіла ўсіх, бо спраўнейшая была; за ёю і Здана пабегла.

Кінуўшы вопраткі на беразе, паскакалі ў воду і давай пялёскацца, а Млява тым часам спраўне ўвінулася: вопратку Зязюльчыну скраўшы, патапіла ў возера і сама, як бы нічога не ведаючы, палезла купацца.

Купаюцца гэта яны, ажно загрымела — зірк! бура, навальніца надходзіць.

— Сястрыцы, уцякайма! — крычыць Млява і, не чакаючы другіх, схапіўшы вопратку, духам дамоў. За ёю і Здана паджгала. А Зязюля ходзіць па беразе, рукі ломіць, усё вопраткі шукае, шукае ды глядзіць. А вецер-то свішча, а на неба аж страх глянуць: хмары з рэхатам адна на другую пруцца, барукаюцца, варочаюцца,— няйнача як у гаршку. Ходзіць Зязюля, галосячы,— зірк! — з-за куста паніч выходзіць — красен, што крашчага ў свеце не знайсці, і вопратку Зязюльчыну ў руках трымае. Зязюлька хацела ўцякаці, але, глянуўшы яму ў вочы, стала як прыкована і глядзіць, вачэй адвесці не можа; штось да яго цягне, а сэрца як бы чым цёплым аблілося, а яшчэ як загаварыў, дык Зязюля не вытрымала — кінулася яму на шыю. І забраў той закляты княжыч Зязюлю да сябе ў крыштальныя палацы, у возера.

Жывуць яны ў шчасці, што лепшага і не згадаць, год, другі і трэці, а далей — згадала Зязюля бацькоў, і захацелася ёй пераведаць іх, і просіць мужа:

— Саколе мой ясны, пусці мяне дадому збегаць, бацьку ды маці пацешыць!

Той хоць нехаця, але дазволіў і кажа:

— Глядзі, Зязюля, не баўся, перад ноччу назад вяртайся, і як прыйдзеш на бераг, то клікні тройчы: «Якуб!» — і выплыве вуж вялізны, а ты не лякайся яго, бо то я буду і забяру цябе!

Прыйшла гэта Зязюля к бацькам, а тыя радыя — не знаюць, як яе прымаці: на кут пасадзіўшы, белым пірагом ды салодкім мёдам трактавалі. А Мляву, гледзячы на тое, яшчэ горш зло бярэ. Як толькі маці з Зязюляю засталіся самі ўдзвюх, стала маці пытаціся, дзе яна жыве, як і з кім, як яго зваці. Тая, бедная, вядома, як матцы, і выказала ўсё, а таго не ведала, што Млява пад дзвярыма ўсё чуе. Прагаварылі так да вечара і не агледзеліся, як стала цямнець.

Тады бачыць Млява, што Зязюля да мужа збіраецца, сама, узяўшы тапор, чым дужа — на бераг і кліча:

— Якуб! Якуб! Якуб!

Ён, небарака, не распазнаўшы голасу, выплыў, а яна як трэсне тапаром яго па галаве, так напалам і рассекла, а сама наўцёкі. Счакаўшы крыху, прыбягае і Зязюля, але, знаць, сэрцам чуе нядолю, бо і губы пабялелі, і ручкі чагось трасуцца, а сэрца аж здалёк чуваць, як калоціцца. Стала на беразе і кліча:

— Якуб! Якуб! Якуб!

І жаласць бярэ яе вялікая... З той вялікай жаласці зрабілася яна птушачкай, і ляціць Зязюля на вярбу, з вярбы ў лес, і так з дрэва на дрэва ляціць і кліча:

— Якуб! Якуб! Якуб!



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан