epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Бакшты

...Даўным-даўно, калі ўвесь пушчанскі край пакарыў бязлітасны князь-жмудзін, парашыў ён звесці са свету ўсіх тутэйшых князёў. Хітрыкамі і падманам завабліваў іх да сябе ў замак і забіваў. Так ён расправіўся з трыма братамі, уладальнікамі Лоскага замка. Але застаўся яшчэ адзін княжыч-малалетак. Загадаў Жмудзін сваім людзям забіць і таго княжыча. Але не паднялася ў іх рука на бязвіннага хлопчыка. Забралі яго воіны з сабой, аднак давезлі толькі да вярхоўя Бярозы, прывязалі да чоўна і пусцілі той човен па плыні.

На трэці дзень вылавілі багамольцы ўжо зусім зняможанага ад смагі і голаду княжыча. Жылі яны ў захаваным у пушчы скіце. Яны і выхадзілі, выгадавалі княжыча. У Лоск княжыч больш не вяртаўся. На беразе Бярозы, у тым месцы, дзе вылавілі яго манахі, збудаваў ён драўляны замак-вежу. Сцены яго для трываласці былі настолькі прасмолены і закураны, што неўзабаве празвалі той замак Чорнай вежай.

Ажаніўся князь з пушчанкай-прыгажуняй і нікуды адсюль не выязджаў. Паляваў, лавіў рыбу. Асабліва любіў прымаць у сябе, у замку, купцоў, што падымаліся на лодках-стругах з Нёмана або спускаліся па рацэ з-пад яго роднага Лоска. Шчодра пачаставаўшы гандлёвых людзей, уважліва слухаў іх расказы-навіны.

Вось тыя купцы, яшчэ здалёку ўбачыўшы чорную княжацкую вежу, што ўзвышалася над лясамі, быццам бы і крычалі, паведамлялі ўсяму каравану: «Бакшты! Бакшты!..» З таго часу і паселішча, што пабудавалася каля княжацкай вежы, сталі называць Бакшты. А потым, калі ўжо скончыўся род бакштанскіх князёў-пушчанцаў, іх старажытную бакшту-вежу вялікі князь ператварыў нібы ў турму.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан