epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Чаму конь ніколі не пад’есць

Вядома, што вол паесць трохі і ляжа, а конь есць-есць і ніколі не пад’есць. А чаму гэта так? Таму што калісьці хадзілі па свеце вандроўнікі-чараўнікі, і трэба было аднаму такому падарожнаму перайсці цераз раку. Спачатку ён папрасіў каня:

— Перавязі мяне.

А конь кажа:

— Я яшчэ не пад’еў.

Тады падарожны — да вала:

— Перавязі мяне, воліку, цераз ваду.

Волік:

— Сядай, зараз перавязу.

Сеў падарожны на вала, і той перавёз яго на другі бок. Вось за тое вол хутка пад’есць і адпачывае, а конь есць дзень і ноч і не можа наесціся.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан