epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Чаму наша сяло называецца Скупава

Аднойчы прыйшоў да нас дзед Раманчук. Гэта быў стары чалавек, якому, як казалі людзі, было сто гадоў Мы, маладыя хлапчукі, абступілі дзеда і пачалі пытацца:

— Дзедку, кольку вам гадоў? Сядайце і раскажыце, як то даўней было? Чаму наша сяло — Скупава?

Дзедко паставіў сваю кульбаку ў куточку, сеў на лаўку каля стала і загаварыў:

— Дзеткі мае, у мяне за плячыма больш за дзевяноста гадоў. Як сон прайшло жыццё маё. А мне здаецца, што я толькі ўчора нарадзіўся на свет... Цяжкае маё жыццё, але жыць хочацца. Просіце расказаць вам пра Скупава. Яго так называюць не таму, што тут жывуць скупыя людзі. Даўным-даўно тут быў двор. Стаяў вон на ўзгорку па скоснай дарозе, што ідзе на Сухадолы: паміж Смольным і Бондаравым Кутом. Пад узгоркам была крыніца, цякла рэчачка, быў там рыбны стаў. Двор згарэў. Тагды землю распрадалі людзям. Вось, можа, таму наша сяло і назвалі Скупава, бо зямлю скуплялі людзі з розных старон... Спярша Скупава было адно, а пасля пажару раздзялілася на старое і Новае Скупава.

Калі тут лес быў вырублены пад поле, таго ніхто не памятае, то было даўным-даўно. Толькі чуў я ад старых людзей, што руская царыца Кацярына падарыла Скупава свайму палкаводцу Сувораву. Ён быў генерал над усімі генераламі і называўся генералісімус.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан