epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Чарадзейнік замовіў стрэльбу

Пайшлі раз нашы дзецюкі на паляванне. Шлындалі яны, шлындалі чуць не ўвесь дзень, абхадзілі чуць не ўвесь лес, а ні на што не трапілі дый ідуць дадому з пустымі торбамі.

Вось падыходзяць яны ўжо да самай вёскі, як сустракае іх каваль Гараська. А Гараська ў нас лічыўся чарадзейнікам. Спаткаліся, закурылі дзецюкі люлькі дый жаляцца Гараську, што нічога не ўпалявалі.

Ён усміхнуўся, патрымаўся за стрэльбы дый кажа:

— Ну, от цяпер паспрабуйце пашукаць дзічыны.

Толькі ён гэта вымавіў, як гоніць сабака зайца.

Злажыўся адзін паляўнічы і як смаляне, дык заяц толькі падскочыў дый ногі выпруціў.

Не паспелі здзівіцца, як вось нясецца цяцерка. Выстраліў другі хлопец, дык цяцерка і грымнулася пад самыя ногі.

Здзівіліся ўсе, а чарадзейнік кажа, што ён можа так замовіць стрэльбу, што будзе шанцаваць ці не, будзе яна біць ці не, будзе ў самае сэрца трапляць ці жывіць. Вось ён узяў адну стрэльбу, трохі пашаптаў дый кажа:

— На, страляй у маю шапку на колькі хочаш крокаў.

Той павесіў кавалёву шапку на сук ды як стрэльне, увесь шрот і застаўся ў шапцы, а дзірак не зрабіў.

З тых часоў усе пачалі баяцца гэтага чараўніка ды здымаць шапкі перад ім, каб ён не сапсаваў стрэльбы, а ён так асмеліўся, што кажа:

— Я замоўлю стрэльбу, а ты хоць з блізкай адлегласці страляй, то ўсё роўна не патрапіш.

Але кажуць, што адзін такі ўсадзіў таму кавалю цэлы набой шроту крыху ніжэй спіны.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан