epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Харошае

...Звярнуў з полацкай дарогі адстаўны салдат, звярнуў куды вочы глядзелі, таму што на радзіме ў яго нікога не засталося — забраў паморак бацькоў, родных і сваякоў. Салдат быў сапраўдны майстра-штукар: мог боты, кажух за адзін дзень пашыць, брычку, сані зрабіць. Гэтым і карміўся ў сваёй доўгай і, здавалася, бясконцай дарозе. Але вось неяк пад вечар убачыў салдат хутар пры гасцінцы і парашыў тут заначаваць. Пастукаў у хату, зайшоў. За сталом сядзіць стары дзядок. Расказаў салдат, па якой прычыне з’явіўся, а стары яму і адказвае:

— Не хадзі, сынок, далей, заставайся ў мяне, хутка памру я ўжо, а тады гэтая хата тваёй будзе.

Так і застаўся на хутары пры гасцінцы салдат Іван Харошы. А пра тое, што чалавек ён трывалы, ды майстравы, ды яшчэ на скрыпачцы іграць умее, хутка дазналіся ва ўсіх навакольных хутарах. І завялося ў салдата шмат сяброў. Хто б ні ішоў, ні ехаў па тракту, абавязкова на хутар да яго загляне — пагаманіць, скрыпачку паслухаць. Праўда, знайшліся ў салдата і ворагі. Дужа не падабалася панам ды падпанкам розным, што ў іхняй мясцовасці пасяліўся разумны і адважны чалавек. То падаб’е хлопцаў, каб не ішлі за капейкі касіць, то сам арцель збярэ, і сыдуць яны на месяц ці на два лес сплаўляць альбо хаты рубіць-ставіць.

Дзядок, гаспадар хутара, і сапраўды ў хуткім часе памёр. Пахаваў яго Іван Харошы з вялікаю пашанаю. А неўзабаве, застаўшыся ў хаце адзін-адзінюткі, пачаў і пра жаніцьбу марыць.

Дзяўчына, якую салдат пакахаў, жыла з бацькамі ў вёсцы і ўсё ж не адважвалася сказаць апошняе слова. А як жа салдат хацеў пачуць яго! А парашыў ўсё выпадак, праўдзівей кажучы, бяда. Неяк ноччу падкраліся панскія паслугачы да хаты Харошага і падпалілі яе з чатырох бакоў. Загарэўся стары дом як свечка. Іван толькі і паспеў са сваёй скрыпачкай выскачыць. А на двары паслугачы панскія радуюцца — пацяшаюцца над Іванавым горам. Ды толькі салдат Іван Харошы не разгубіўся, не спалохаўся — не з тых ён людзей быў. Агледзеўся і бачыць: набегла з вёскі шмат людзей, спрабуюць яны патушыць пажар, хату выратаваць. Раптам ускінуў Іван сваю скрыпачку і, асветлены полымем, зайграў. Хата гарыць, а Іван стаіць сабе пасярод двара ды іграе на скрыпачцы, ды так весела, быццам у каго на вяселлі.

— Грай, грай, прыблуда, паглядзім, пад якім дахам ты сёння начаваць будзеш,— чуе салдат за спіной зласлівы голас.

А другі яму на падмогу:

— Лепш ідзі адсюль, выбірайся з нашых мясцін, пакуль жывы, бунтаўшчык акаянны!..

А Іван і вухам не вядзе, як іграў на скрыпачцы, так і іграе. І тут раптам выйшла з натоўпу Іванава дзяўчына, падышла да яго, узяла за руку і сказала да ўсіх:

— Нікуды Іван Харошы не пойдзе, а будзе жыць у нашай хаце, у жонкі сваёй...

Ажаніўся Іван са сваёй каханай. Восем сыноў яна яму нарадзіла. Кожны з сыноў прозвішча бацькі атрымаў — Харошы. А калі сыны пажаніліся ды сталі жыць у сваіх хатах, новую вёску, што пайшла ад нашчадкаў Івана, людзі назвалі — Харошае.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан