epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Хут

Хут, у каго ў доме жыве, вельмі таму спрыяе у гаспадарцы, багацце ў дом прыносіць, снапы з чужых палёў у гумно, золата з няведамых скарбаў. Вечарам яго можна часам бачыць на небе, як ляціць вогненны, чырвоны,— золата нясе, як цёмна, чорна — збожжа, снапы. Але яго трэба шанаваць, смачна карміць, яго любімая страва — яечня. Як спячэ гаспадыня яечню, нясе на гарышча, ставіць там і кліча:

— Хут, хут, ідзі сюды, дам яечаньку, абарачаньку.

Ён тады прыходзіць і есць. І тады ўсё ў дом носіць. На гарышчы хут жыве, а лятае дзе хоча, ніхто не ведае дзе. Можа перакінуцца ў што хочаш — у корч, у старое кола, у палена.

Кажуць, быў такі выпадак. Парабак падслухаў, як гаспадыня клікала хута есці яечню, ды з’еў тую яечню сам. Хут вельмі разгневаўся, думаў, што гаспадыня кпіны састроіла, і спаліў увесь двор, і гумно, і дом. Тушылі людзі, тушылі і не далі рады. Стаяць, глядзяць на галавешкі. А тут кола старое ляжыць (а гэты быў хут, ён перакінуўся ў кола, жыць яму ўжо не было дзе). Дык сусед кажа:

— А нашто ж яно тут будзе гарэць,— дый перакінуў у свой двор.

Дык адкуль толькі што ўзялося ў яго! Усё яму пайшло: і ўраджай, і ўсялякае дабро.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан