epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Чорт дурыць падарожных

Гэта недалёка было, у суседнім сяле, ці што. Я быў на варце ў воласці, дык там расказваў адзін чалавек, маўляў, яго стрэчны брат якраз ехаў з дзецюкамі з месца, куды яны збожжа вазілі, дык іх нячысцік дурыў чуць не ўсю ноч у дарозе. Дык вось як тое было.

— Ссыпалі,— кажа,— мы збожжа ў свіран, пахарчаваліся трохі ў карчме дый паехалі ўлегцы дадому. Ужо цямнела, як мы выехалі з месца. Марозік быў невялічкі. Едзем, шуткуем, смеімося, а адзін дзяцюк аж заспяваў песню. Пад’ехалі мы да карчомкі, вось дзецюкі і кажуць:

— Ніпачом сем карчом, абы грошы, дык усе абайдзём,— дый супыніліся. Зайшлі ў карчомку люлькі закурыць дый выпілі па чарцы, па другой, а можа, больш, але ніхто не быў п’яны. Ні ў водным воку! Паехалі мы далей. Толькі праехалі лясок, з пярэдняе фурманкі хтось і крычыць:

— Дзецюкі, не туды мы паехалі.

Не туды, дык не туды. Павярнулі коней. Толькі трохі праехалі, зірнулі на грушку пры дарозе — здаецца нам, што не так едзем. Зноў павярнулі назад і хутка прыехалі да той самай карчомкі, адкуль выехалі, толькі не з таго боку. Чорт ведае што гэта такое! Знаёмая карчомка, але калодзеж не там. Зайшлі мы ў карчомку. Выпілі дзеля прыліку па чарцы, па другой, а можа, і больш, закурылі люлькі дый паехалі. Дарога была добрая, коні трохі прамерзлі. Чуць мы селі на сані, дык не трэба было і паганяць, нашы канякі духам пруць, толькі скрыпіць пад палазамі. Мінулі каплічку ды крыж, што стаіць ля дарогі і пад якім пахаваны якісь стары, зірнулі наўкола — аж зноў збіліся. Згрудзіліся мы і давай гаманіць, куды тут ехаць. Адзін кажа — проста; другі — назад; трэці — трэба павярнуць направа; чацвёрты — што варта трымацца левага боку. Нарэшце закрычалі ўсе разам, дык і сам чорт не разбярэ, куды ехаць.

Вось так цалюсеньку ночку мы і ездзілі з аднаго месца ў другое. Ужо надыходзіў дзень, а нячысты ўсё нас дурыў ды круціў у полі. Нарэшце, мабыць, і яму надакучыла з намі валэндацца, дык ён кудысьці знік, а мы адразу сваю вёску і ўбачылі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан