epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Чорт скінуўся бараном

Гэтак каля Багатніка прычапіўся да мяне Янкель Чараваты ды пачаў прасіць, каб я адвёз яго ў Петрыкаў. Што тут рабіць? Нельга было не паслухаць. Баба і не пускала, але я мусіў згадзіцца. Вот запрог я пару коней у лёгкія драбінкі, набіў дзяругу мурагу, узяў з паўасьмінкі аўса, пасадзіў Янкеля дый патарахцеў на ўсю ноч. Раненька мы прыехалі ў Смятанічы, а к абеду — у Петрыкаў. Рады Янкель Чараваты, заплаціў умоўленыя дзесяць рублёў ды яшчэ, апрача таго, даў мне добрую кварту. Пахарчаваў я коні, купіў сабе солі ды тараноў, узяў жонцы лычка абаранкаў ды завідна папхаўся памаленьку назад. Еду дый думаю сабе, ці не заехаць да сябра ў Млынок. У мяне, бачыце, з Яўхімам у Млынку адзіныя пчолы, вот затым мы і сябры. Падумаў я гэта дый звярнуў на Курынічы. Толькі што я ўехаў у лес, аж бачу: стаіць каля самае дарогі вельмі гожы баран ды так бляе, што аж мае коні не хочуць ісці. Што за ліха, думаю сабе. Мае коні ніколі не былі наравістыя, а тут сталі бы ўкопаныя дый ні з месца. Я й так, я й сяк, я й пад чэрава, я й пад хвост — хоць ты што,— на дыбы становяцца, а ўперад ні на пядзю. Злез гэта я з воза, узяў з дзяругі жменю сена, зайшоў уперад дый вяду коней за павады. Коні храпуць, але йдуць за мною. Толькі я параўняўся з тым бараном, ён як забляяў ды і пабег у лес. Сеў я на воз ды па конях. Гнаў я што ёсць духу, пакуль прыехаў у Курынічы. Супыніўся каля карчмы дый зайшоў туды закурыць люльку. Заходжу я ў карчму, аж там людзей поўна. Ведама, як у карчме там стаіць гоман. Стаю я каля печы ды прыслухоўваюся, аб чым гавораць людзі, а яны ўсе як у бубен б’юць, усе гамоняць аб тым, якія хто бачыў страхі. Толькі вось падходзіць да мяне Гараська дый кажа:

— Чалавеча, з табою сягоння было ліхое здарэнне.

Як пачуў я тое, дык чуць не прысеў. Бачыце, я даўно ведаў, што Гараська вядзьмак, але не даваў веры, каб ён быў такі моцны знахар, што пазнаў маё здарэнне. Спалохаўся я Гараські, нічога яму не сказаў ды хутчэй выйшаў з карчмы. А ён мне наўздагон:

— Пачакай, яшчэ сягоння будзе другое здарэнне.

Я незнарок спалохаўся, але падумаў, што Гараська толькі шуткуе ці кпіць з мяне. Не ведаю, як я даехаў да Млынка ды хутчэй да сябра. Сябра якраз у той дзень падглядаў пчолы. Давай ён мяне частаваць. Паставіў на стол пляшку гарэлкі, баба насмажыла на скаварадзе. Давай мы піць ды закусваць. А як трохі выпілі, дык і адкуль тая гаворка ўзялася. Не вытрымаў я дый расказаў сябру, якое са мною здарэнне было і што мне казаў Гараська-вядзьмак. Сябра і кажа:

— Эй, не вер ты Гараську, ён толькі чмуціць.

— Як жа,— кажу,— не верыць, калі ён усё бачыць, калі яму, мабыць, чэрці служаць.

Вот пагасцяваў я добра ў сябра дый збіраюся пхацца дадому, а Яўхім дый кажа:

— Чаго табе сунуцца на ноч гледзячы, начуй у мяне, а заўтра раненька халадком як піць дасі даедзеш дадому.

— Не,— кажу,— баба будзе сварыцца.

Упёрся я на сваім дый паехаў. Толькі я пераехаў за палянкаю пералесак ды грэбельку, як вось зноў бачу, што пры дарозе стаіць баран. Пад’ехаў я бліжэй, дык ён узышоў дый стаў пасярод дарогі. Я гнаць коні, а тыя ані з месца. Што тут рабіць, думаю сабе. Пачакаю, можа, хто наедзе. Баран бляе, коні храпуць, я сяджу на возе бы на іголках, а шапка на галаве расце. Чакаў я, чакаў, аж абрыдла. Чакай,— думаю,— паспрабую я зрабіць адну штуку. У мяне з лейцаў было зроблена ў драбінках гертаванне. От я давай распутваць гертаванне да аслабаняць лейцы. Нарэшце распутаў я тыя лейцы, зрабіў з іх пятлю, злез з воза дый пайшоў уперад коней. Стаў я, прынаравіўся ды як шыбану пятлю, дык акурат і закінуў таму барану на шыю. Не паспеў ён і варухнуцца, як я зашмаргнуў пятлю дый пацёг барана да сябе. Звязаў гэта я таго барана, узваліў яго на воз дый хацеў ехаць далей. Пагнаў гэта я коней, а тыя ані з месца. Я біць, я гнаць, а коні пнуцца, аж жылы ў іх трашчаць, а не могуць пацягнуць воза. Бачу я, што гэта не просты баран, а якісь нячысцік, вот я развязаў лейцы дый скінуў яго з воза. Баран забляяў, зарагатаў дый рассыпаўся па дарозе, бы мяшок жару. А коні як рвануць ды панясуцца, дык я думаў, што і костачкі мае растрасуць. Нарэшце выбіліся з сілы дый супыніліся. Ніколі не забуду, якога страху набраўся ў тую дарогу.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан