epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Чорт у постаці цяляці

Пайшоў у нас адзін чалавек у лес паглядзець сабе здатнае дзерава, каб зрабіць вулей для пчол. Доўга хадзіў ён, блукаўся то ў адну, то ў другую пораслю, то ў гушчэчу, блутаўся, пакуль аж збіўся з панталыку, дый не ведае,з якога боку прыйшоў і ў які бок ісці. Пачаў ён пазіраць на неба, каб па сонейку пазнаць, у якім баку дом, ды вот бяда, на яго ўсе ліха, што акурат трапіўся хмурны дзень. Што тут рабіць,— думае ён,— вось хіба ж даведаюся па ветру. Выбраўся ён з гушчарні на прагаліну дый пачаў цікаваць, адкуль цягне ветрык. Але на той час у лесе стала ціха, як у вусе. Пачухаў ён патыліцу, патупаў на месцы дый пасунуў за вачыма. Толькі крыху прайшоў, аж трапляецца яму насустрач цяля ды такое гожае, гладкае, бы мянёк. Дай,— думае ён,— паганю гэтае цяля дадому. Вот заняў ён тое цяля дый пагнаў. Толькі прагнаў ён гоняў пяць, як зірне, аж і дом відаць. Узрадаваўся ён, узваліў тое цяля на плечы дый панёс. Нясе ён тое цяля дый думае, што гэта, чым далей, тым яно становіцца цяжэй. Перш было лёгка, а тут стала так цяжка, што нельга і несці. Вот прынёс ён ужо да двара дый спусціў цяля на зямлю. Тут яно падбрыкнула, зарагатала ды чорт ведае дзе й дзелася. Здагадаўся ён, што гэта быў чорт, а не цяля, што ён толькі пашуткаваў з яго ды накпіў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан