epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Чорт у віхры

Гэта было ўлетку, якраз каля макавея. У нас вырасла вельмі добрая атава на поплаве. Дзядзька памог мне скасіць такі добры кусок. Накасілі мы, можа, вазоў са тры вельмі пахучага сена. Было добрае надвор’е. Сенца высахла, аж трэцца. Забраў я жанчын, і пайшлі мы грэбці тое сена. Згрэблі перш у валы і толькі пачалі класці ў копы, аж прыходзіць Сцяпан Дазорцавых закурыць люльку. Ён, бачыце, згубіў краменьчык,і не было чым выкрасаць агню. Вот убіў ён граблі ў землю, паклаў у люльку тытуню дый пачаў красаць агонь. Тым часам жанчыны злажылі тры ці чатыры капы сена дый кажуць:

— Ой, зірнеце вы толькі на захад, што гэта там такое! Мабыць, будзе дождж.

Азірнуліся мы, аж на захадзе чорная хмара, бы клубок, так і коціцца на нас, так і расце. Выбілі мы люлькі ды хутчэй кінуліся памагаць жанчынам класці копы. Дык то скажэце, не паспелі мы злажыць і аднае капы, як хмара завалакла ўсё неба. Раптам закруціў віхор, схапіў нашыя копы, падняў увышкі ды давай церусіць. Вот Сцяпан Дазорцавых барзджэй адвязаў ад пояса свой канчаты нож ды як шыбане ў самы віхор, дык чорт толькі піснуў, а віхор невядома куды і дзеўся, толькі нашае сена падае ўніз, дзе на землю, дзе завісае на дзерава. Стаім мы ды толькі дзівімся, што гэта такое. Вот упала дадолу ўсё сена, паказалася сонейка. Зірнулі мы на неба, аж там аніводнага воблачка. Тагды Сцяпан і кажа:

— Мабыць, я забіў ліхога. Памажэце шукаць майго нажа.

Кінулі мы граблі ды давай шукаць нажа. Доўга шукалі мы, амаль споўзалі ўсю сенажаць, нарэшце я знайшоў нож на купіне.

— Хадзі сюды, Сцяпане,— кажу я,— зірні, што тут робіцца.

Падышоў Сцяпан туды. Зірнулі мы, дык аж спужаліся. На купіне ляжыць вужака, перарэзаная пасярэдзіне нажом. Яна яшчэ трапяталася. А канчаты нож з разгону аж у землю ўбіўся войстрым канцом. Узяў Сцяпан нож, аж на ём яшчэ відаць кроў.

— Гэта не вужака,— кажа Сцяпан,— а сам ліхі, што хацеў раскідаць сена.

Дык вось, мае вы саколікі, гэта я сам бачыў на свае вочы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан