epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Чырвонае возера

Возера наша Чырвоным завуць за тое, што многа рыбы ў ім і рыба ўсё больш чырванапёрая. А бацька расказваў— яшчэ за яго памяццю было гэта,— вялікі бой быў за возера між асілкамі, і нават кроў людзі пралівалі. Цераз тую кроў пралітую яно і Чырвоным завецца. А гавораць яшчэ і так.

За царыцаю Кацярынаю, а можа, і яшчэ раней жыў у гэтых лясах князь. Усе лясы, рэкі і сенажаці яму аднаму належалі. За вялікія заслугі яму царыца ўсё тое падарыла. Быў князь роду знакамітага, характару цвёрдага, паўжыцця правёў ён у войску ды на граніцах чэсць царскую бараніў. Вось выйшаў час яго службы, і атрымаў ён гэты край ва ўладанне. Прыехаў князь, палац пабудаваў і жыве.

Жыве сабе князь у высокім цераме. Але, на тую бяду, дзяцей у яго шмат, ды ўсё дочкі, а сын адзін-адзінюткі і апошні ў родзе, як на руцэ мезенец. А любіў жа князь яго!.. Вядома, багацце меў незлічонае, і пакінуць усё тое дзеўкам без працягу свайго князёўскага кораня было для яго вялікай крыўдаю. І таму княжычу маладому з малых год — усякае патуранне і пешчанне. А старэйшых дачок трымаў бацька ў строгасці і паслушэнстве. Прызначыў ім вялікі пасаг кожнай, як тое князёўскім дочкам належала, і ўсё. Больш ні на якую ласку яны не маглі спадзявацца, таму што ўся бацькоўская любоў і ўвесь князёўскі маёнтак быў маладому княжычу. Пачаў ён падрастаць і зраўняўся ў краснага малойца. Як дубок, роўны, крэпкі, шчокі ружовыя, валасы русыя, вочы блакітныя. Нораву быў ціхага, паслухмянага і задуменнага. Сяброў-аднагодкаў у яго не было, таму што з мужыкамі знацца яму бацька не дазваляў. Больш любіў ён у сясцёр у святліцы сядзець ды іх песні дзявочыя слухаць.

Як надышла пара яго жаніць,— клапаціўся вельмі стары князь, каб працягваўся род,— надарыўся тут нечаканы выпадак. Ужо колькі год, як узяў у старога князя ў арэнду карчму — шынок па-нашаму — адзін польскі яўрэй. А стаяла карчма на скрыжаванні трох найгалоўнейшых дарог. Для карчмы тое месца было самае выгоднае, бо ростані тыя выходзілі проста да прыстані, а прыстань — на Прыпяці-рацэ. Па рацэ ў той час караблёў ішло безліч. Адкрыўся на рацэ канал Каралеўскі, па ім з Польшчы ды з іншых краін усякія тавары да Дняпра і далей ішлі. А люд па тых дарогах ездзіў гандлярскі, усё купец ды прыказчык, хоць і рознай нацыі — што паляк, што рускі, што немец,— а ўсё купец. Скора па ўсіх шляхах пайшла слава пра тую карчму, а яшчэ большая слава — пра дачку карчмара Сару. Расказвала бабка, што бачыла яна ў маладыя гады яе партрэт, выбіты на хустцы, дык прыгажэй на свеце дзеўкі не было.

Маляваў гэты партрэт заезны тальянец. Як угледзеў ён шынкарачку Сару, дык воч адвесці не мог, фарбы слязой мачыў, партрэт маляваў, а ёй усё пра любоў сваю гаварыў. У сваю Італію замуж за сябе зманьваў. Але не такая была шынкарская дачка, каб на ўгаворы паддацца. Сядзіць за прылаўкам, вокам не міргне. Хто ў шынок зойдзе, піць закажа — падасць з лёгкім паклонам і больш — ні-ні.

Хадзіў, хадзіў той тальянец, уздыхаў-уздыхаў, пакуль у адну ноч не павесіўся на высокай хвоі. Яшчэ большая слава пра тую карчму ды пра шынкарачку

Сару пайшла. І здарыўся тут выпадак маладому княжычу па гэтых шляхах пуць-дарогу мець. Заехаў у тую карчму, за ганаровы стол сеў, вакол яго слугі, сакалкі. Тут і напаткала бяда шынкарскую дочку. Як зірнула на маладога князя, так і вачэй не адвядзе... Той жа сядзеў задумаўшыся.

— Мядку паспытаем, ваша князёўская міласць? — кажа адзін сакалок.

Князь галавой задуменна кіўнуў, а шынкарачка ўжо з паклонам чарку сярэбраную падае. Пакланілася да зямлі, паднос трымае, а як галаву сваю падняла і чорныя косы з плеч страсянула, проста князю ў вочы глянула, дый той і самлеў. Глядзіць, вачэй ад шынкаркі адвесці не можа. Чарку сярэбраную не бярэ.

— Кепска просіш, дзяўчына! — смяюцца сакалкі. Тады і крыкні галоўны з іх:

— Наш князь-маладзец ад дзяўчыны чарачку сухую не бярэ! Трэба прыгубіць і князю губкі прысаладзіць.

— Праўда? — ціха пытае шынкарачка.

— Праўда,— адказвае князь.

Тут яна чарачку прыгубіла і маладога князя ў губы пацалавала. Чарку сярэбраную з падноса зняла і, як ён яе выпіў, шась за прылавак — і ў пакоі пабегла.

Сядзіць князь з сакалкамі, п’е, вясёлы нібы зрабіўся, а вочы задуменныя. Шынкарка ў той дзень так больш і не выйшла.

Словам, пачаў з той пары малады князь часцяком па тых дарогах ездзіць то на паляванне, то з палявання, то на рачныя караваны глядзець ды ўсё карчомку не мінае. Сакалкі сцямілі, што князю шынкарская дачка палюбілася, і яшчэ больш яму пра яе гавораць, зманіць яе на ночку прапануюць у суседні маёнтачак.

Так яно і выйшла. А як яе зманілі, тут шынкарская дачка князю і кажа:

— Жаніся са мною, тады кахаць, мілаваць буду.— Ды з тым назад на князёўскім рыдванчыку ўкаціла.

Як дачуўся пра тое стары шынкар, аж за валасы ўхапіўся.

— Сарка,— крычыць,— што сабе ў галаву ўзяла? Князь цябе каханнем адорвае, а ты што? Замуж! І мяне, і сябе пагубіць хочаш? Не ведаеш, што такое князь?

— Ведаю,— адказвае Сара, прыгажуня-яўрэйка.— Ведаю, што князь, што ён мяне кахае, душы не чуе, а калі кахае, значыць, і замуж возьме.

— Выкінь з галавы гэта. Дзе ты бачыла, каб светлы князь з беднай яўрэйкай ажаніўся?

— Калі кахае, дык ажэніцца,— адказвае ўпартая дачка.

Стаіць яна на сваім. Даведаўся пра тую няроўную любоў стары князь. Страшэнна загневаўся і, ні слова не кажучы сыну, загадаў сваім слугам старога карчмара схапіць і звязанага да сябе прывезці.

Карчмар у ногі князю паваліўся і са слязьмі моліць дараваць яго неразумнай дачцэ. Затым просіць рукі яму развязаць і вымае з кішэні хустку, на якой партрэт харашуні Сары тальянцам намаляваны.

— Ваша князёўская міласць, вось яна, мая дачка, карайце, мілуйце, але ўсяму віна — прыгажосць яе.

І расказаў князю выпадак той з тальянцам-мастаком, які на хвоі павесіўся. Задумаўся тут стары князь, сына кліча і пытае:

— Скажы, сын дарагі, надзея мая, што ты думаеш?

— Кахаю,— на карчмара паказвае,— яго дачку Сару і жаніцца прашу вашага блаславення.

Раззлаваўся князь:

— Не будзе табе майго блаславення.

Князеньку з воч прагнаў, а карчмара загадаў у падзямелле кінуць.

Але малады князь тут таксама свой нораў паказаў. Быў у яго невялікі маёнтачак, ад нябожчыцы маці ў спадчыну дастаўся, ды золата-серабра каваны куфэрак. Завёў князь знаёмства з розным вушлым народам і пачаў яшчэ часцей са сваёй мілай сустракацца. А каб ніхто пра тое не ведаў, пабудаваў патаемна ад бацькі, пасярод вялікага — адным лясным людзям вядомага — возера каменны церамок і ў тым церамку пасяліў сваю мілую.

Хутка ён і сам на гэты астравок перабраўся, балазе зіма стаяла і па возеры напрасцяк санную дарогу праклалі. Сара ў хрысціянскую веру перайшла, і павінна было быць ім вянчанне па ўсяму закону. А зіма ў той год трымалася марозная, снежная. Возера льдом скавала ды снегам занесла. А як глянула вясна з туманамі, ды адразу вятры з Дняпра падзьмулі, і сонца прыпякло, крануўся ўраз усюды лёд. І на возеры ваду падняло, і пайшлі па ім гуляць тоўстыя крыгі. Вось тут церамок і разнесла. Князя ў той час там не было, ён яшчэ па саннай дарожцы пакаціў да галоўнага папа дамаўляцца, каб адразу па ўсяму закону з хрышчонай яўрэйкай шлюб узяць.

Дамовіўся з папамі і едзе вясёлы па веснавой бездаражы. Пад’язджае да возера, а па ім толькі хвалі ды крыгі гуляюць. Даведаўся ён ад рыбакоў, што ніхто з таго вострава і церамка жывы не выплыў. Пастаяў, пастаяў малады князь, пасля ўзышоў на высокі бераг, што векавымі соснамі зарос, ды з разбегу ў возера і ўхнуў. Не паспелі людзі да берага дабегчы, а ўжо яму крыгі галаву русую накрылі...

Дайшла пра тое вестка да старога князя. Карчмару ён загадаў камень на шыю прывязаць, у возеры ўтапіць, а сам пасумаваў, пасумаваў ды неўзабаве і памёр.

І завецца з той пары гэта Чырвонае возера яшчэ Князь-возерам...



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан