1Павел, і Сілуан, і Цімафей Царкве Фесаланікійскай у Богу Айцу і Госпадзе Іісусе Хрысце: благадаць вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Іісуса Хрыста.
2Дзякуем Богу заўсёды за ўсіх вас, паміна́ючы вас у малітвах нашых,
3пастаянна па́мятаючы вашу справу веры, і працу любові, і трыва́ласць надзеі на Госпада нашага Іісуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым,
4ведаючы, узлю́бленыя Богам браты, абра́насць вашу;
5бо наша дабраве́сце ў вас адбыва́лася не толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Святым Духу, і ў поўнай перакана́насці; вы самі ведаеце, якімі мы былі́ для вас сярод вас.
6І вы сталі перайма́льнікамі нашымі і Госпада, прыня́ўшы слова ў горасцях многіх з радасцю Духа Святога,
7так што вы сталі ўзорам для ўсіх веруючых у Македоніі і Ахаіі.
8Бо ад вас разне́слася слова Гасподняе не толькі па Македоніі і Ахаіі, але і ва ўсіх краях вера ваша ў Бога стала вядомай, так што ў нас няма патрэбы пра гэта гаварыць.
9Бо самі яны пра нас расказваюць, якім быў наш прыход да вас і як вы павярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служы́ць Богу жывому і ісціннаму
10і чакаць з нябёс Сына Яго, Якога Ён уваскрасіў з мёртвых, Іісуса, Які збаўляе нас ад надыхо́дзячага гневу.
1Вы ж самі ведаеце, браты, пра наш прыход да вас, што не ма́рны ён быў;
2але, перацярпеўшы пакуты і знявагі ў Філіпах, як вам вядома, мы адважыліся ў Богу нашым прапаведаваць вам дабравесце Божае пры моцным супрацьстая́нні.
3Бо навуча́нне наша не выніка́е ні з памы́лкі, ні з нечыстаты́, ні з падма́ну;
4але паколькі Бог вы́прабаваў нас і даверыў нам дабраве́сце, то мы і гаворым, дагаджаючы не людзям, а Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашы.
5Бо ніколі не было ў нас ні слоў ліслі́васці, як вы ведаеце, ні кары́слівага наме́ру, — Бог сведка! —
6і не шукаем людской славы ні ад вас, ні ад іншых:
7мы маглі паказаць сваю вагу́ як Апосталы Хрыстовы, але былі́ лагоднымі сярод вас, як кармі́целька, што пе́сціць сваіх дзяцей.
8Так мы, у шчырым памкне́нні да вас, жадаем перадаць вам не толькі дабравесце Божае, але і душы нашы, бо вы сталі для нас узлю́бленымі.
9Вы ж па́мятаеце, браты, цяжкую працу нашу і намага́нні: бо ўночы і ўдзень мы працавалі, каб не абцяжарыць каго з вас, і прапаведавалі вам дабравесце Божае.
10Вы і Бог — сведкі таго, як свята, і праведна, і бездакорна ставіліся мы да вас, веруючых,
11бо вы ведаеце, як мы кожнага з вас, падобна як бацька дзяцей сваіх,
12прасілі, і заахвочвалі, і пераконвалі, каб выпаводзілі сябе дастойна Бога, Які паклікаў вас у Сваё Царства і славу.
13Таму мы і дзякуем Богу пастаянна за тое, што, прыняўшы ад нас пачутае слова Божае, вы ўспрынялі́ яго не як слова чалавечае, але як слова Божае, якім яно сапраўды́ з’яўля́ецца і дзейнічае ў вас, веруючых.
14Бо вы, браты, сталі пераймальнікамі цэркваў Божых у Хрысце Іісусе, тых, што ў Іудзеі, бо вы перацярпелі ад сваіх супляме́ннікаў тое самае, што і яны ад Іудзеяў,
15якія забілі і Госпада Іісуса, і Яго прарокаў, і нас выгналі, і Богу не дагаджаюць, і ўсім лю́дзям праці́вяцца;
16яны перашкаджа́юць нам прапаве́даваць язычнікам, каб тыя спаслі́ся, і гэтым памнажаюць грахі свае заўсёды; але гнеў насці́гнуў іх урэшце.
17Мы ж, браты, асірацелі без вас, разлу́чаныя на нейкі час знешне, але не ў сэрцы, з яшчэ большым жаданнем імкнуліся ўбачыць аблічча ваша.
18Таму мы хацелі прыйсці да вас, а я, Павел, — дык і раз, і другі, але перашкодзіў нам сатана.
19Бо хто наша надзея ці радасць, ці вянок пахвалы́? Хіба́ ж і не вы, перад Госпадам нашым Іісусам Хрыстом у час прышэ́сця Яго́
20Бо вы — слава наша і радасць.
1І таму, не вы́трываўшы ўжо, мы вы́рашылі лепш заста́цца ў Афінах адны,
2і паслалі Цімафея, брата нашага і служы́целя Божага і супрацоўніка нашага ў дабравесці Хрыстовым, каб умацава́ць вас і суце́шыць у веры вашай,
3каб ніхто не пахіснуўся ў го́расцях гэтых; бо вы самі ведаеце, што так нам вы́значана.
4Бо мы і тады, калі былі́ ў вас, прадказвалі вам, што будзем паку́таваць, як і здарылася, і вы гэта ведаеце.
5Таму і я, не вы́трываўшы ўжо, паслаў даведацца пра веру вашу, ці не спакусі́ў ча́сам вас спакуснік і не стала марнаю праца наша.
6А цяпер, калі да нас прыйшоў ад вас Цімафей і прынёс нам добрую вестку пра веру і любоў вашу, і пра тое, што вы заўсёды маеце добрую памяць пра нас, пра́гнучы нас убачыць, як і мы вас,
7то мы, пры ўсім горы і нястачы нашай, суце́шаны вамі, браты, вераю вашай;
8бо цяпер мы ажыва́ем, калі вы стаіце́ ў Госпадзе.
9Якую ж падзяку можам мы ўзне́сці Богу за вас, за ўсю радасць, якою мы радуемся з-за вас перад Богам нашым,
10ноч і дзень найшчырэ́й молячыся пра тое, каб убачыць аблічча ваша і дапоўніць тое, чаго не хапа́е веры вашай?
11Няхай жа Сам Бог і Айцец наш і Гасподзь наш Іісус Хрыстос вы́раўнуе шлях наш да вас.
12А вас Гасподзь няхай напоўніць і ўзбагаці́ць любоўю адзін да аднаго і да ўсіх, такою самаю, як мы маем яе да вас,
13каб умацаваць сэрцы вашы і зрабіць іх бездакорнымі ў святасці перад Богам і Айцом нашым у прышэсце Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі святымі Яго. Амінь.
1Нарэшце, браты, просім вас і молім Госпадам Іісусам, каб вы, пераня́ўшы ад нас тое як нале́жыць вам жыць і дагаджа́ць Богу, — што вы і робіце, — у гэтым яшчэ больш удаскана́льваліся,
2вы ж ведаеце, якія наказы мы далі вам ад Госпада Іісуса.
3Бо воля Божая — асвячэ́нне ваша, каб вы ўстрымліваліся ад распусты;
4каб ведаў кожны з вас, як захоўваць свой сасуд*у святасці і годнасці,
5а не ў запа́ле пажа́длівасці, падобна язы́чнікам, якія не ведаюць Бога;
6каб вы не парушалі закону і не падма́нвалі ў гэтым брата свайго, бо кара́е Гасподзь за ўсё гэта, як і казалі мы вам раней і сведчылі.
7Таму што паклікаў нас Бог не да нечыстаты́, а да святасці.
8Дык вось, хто не прызнае́ гэтага, той не чалавека не прызнае́, а Бога, Які і даў нам Духа Свайго Святога.
9Пра браталюбства ж няма патрэбы пісаць вам, таму што вы самі наву́чаны Богам любі́ць адно аднаго;
10бо вы так і ста́віцеся да усіх братоў ва ўсёй Македоніі. Закліка́ем жа вас, браты, яшчэ больш удаскана́львацца
11і намага́цца жыць спакойна, рабіць сваю справу і працаваць сваімі рукамі, як мы наказвалі вам;
12каб вы паводзілі сябе добрапрысто́йна перад зне́шнімі і ні ў чым не мелі нястачы.
13Не хачу ж, браты, пакінуць вас у няве́данні пра паме́рлых, каб вы не смуткава́лі, як іншыя, якія не маюць надзеі.
14Бо калі мы веруем, што Іісус памёр і ўваскрэс, то і памерлых у Іісусе Бог прывядзе з Ім.
15Бо гэта кажам вам словам Гасподнім, што мы, жывыя, якія засталіся да прышэ́сця Гасподняга, не апярэ́дзім памерлых,
16таму што Сам Гасподзь пры за́кліку, пры голасе Архангела і гу́ку трубы́ Божай, сы́дзе з неба, і мёртвыя ў Хрысце ўваскрэснуць першымі;
17потым мы, хто застане́цца жывы, разам з імі ўзяты будзем на воблакі на сустрэчу Госпада ў паветры, і так заўсёды з Госпадам будзем.
18Дык вось, суцяша́йце адно аднаго гэтымі словамі.
* Г. зн. сваё цела; іншае значэнне: сваю жонку.
1А пра часы і тэрміны няма патрэбы пісаць вам, браты,
2бо самі вы дакладна ведаеце, што дзень Гасподні прыйдзе так, як злодзей уначы́.
3Бо калі будуць казаць: “мір і бяспека”, тады раптам іх насцігне пагібель, як му́ка ў родах насцігае цяжарную, і не пазбе́гнуць.
4Але вы, браты, не ў цемры, каб дзень той застаў вас, як злодзей;
5бо ўсе вы — сыны святла і сыны дня: мы — не сыны ні ночы, ні цемры.
6Дык вось, не будзем спаць, як іншыя, а будзем пільнымі і цвярозымі.
7Бо, тыя, што спяць, уначы́ спяць, і тыя, што ўпіва́юцца, уначы́ упіва́юцца.
8Мы ж, як сыны дня, будзем цвярозымі, апрану́ўшы браню́ веры і любові і шлем надзеі на спасенне,
9таму што Бог прызна́чыў нас не на гнеў, а на тое, каб мы атрымалі спасенне праз Госпада нашага Іісуса Хрыста,
10Які памёр за нас, каб мы, ці не спім, ці спім, жылі́ з Ім разам.
11Таму суцяша́йце адно аднаго і настаўля́йце адно аднаго, як вы і робіце.
12Просім жа вас, браты, паважаць тых, хто працуе ў вас, і хто ўзнача́львае вас ў Госпадзе, і хто настаўля́е вас,
13і шанаваць іх асабоіва, з любоўю, за справу іх; жывіце ў міры паміж сабою.
14Закліка́ем вас таксама, браты, абразумля́йце бясчы́нцаў, суцяшайце маладушных, падтры́млівайце сла́бых, будзьце доўгацярплі́вымі да ўсіх.
15Глядзіце, каб ніхто нікому не плаціў злом за зло; а заўсёды шукайце дабра і адзін аднаму, і ўсім.
16Заўсёды радуйцеся.
17Няспы́нна маліцеся.
18За ўсё дзякуйце: бо такая для вас воля Божая ў Хрысце Іісусе.
19Духа не гасі́це.
20Прароцтвамі не пагарджа́йце.
21Усё выпрабо́ўвайце, добрага трыма́йцеся.
22Ад усякага роду зла ўстры́млівайцеся.
23Сам жа Бог міру няхай асвяці́ць вас ва ўсёй паўнаце, і няхай ваш дух, і душа, і цела ва ўсёй іх цэласці захаваюцца беззага́ннымі ў прышэсце Госпада нашага Іісуса Хрыста.
24Верны Той, Хто закліка́е вас, Які і здзе́йсніць гэта.
25Браты! маліцеся за нас.
26Вітайце ўсіх братоў пацалу́нкам святы́м.
27Заклінаю вас Госпадам прачытаць гэтае пасла́нне ўсім святы́м брата́м.
28Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з вамі. Амінь.