epub
 
падключыць
слоўнікі

Другі Ўсебеларускі Кангрэс

Матар'ялы сабраныя і апрацаваныя на падставе пратакольных запісаў камісіяй Беларускай Цэнтральнай Рады пад рэдакцыяй праф. Р.Астроўскага.

ПРАДМОВА

 

Апублікаваныя ў гэтай кніжцы з нагоды 10-тых угодкаў 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу матар'ялы, собраны і апрацаваны на падставе пратакольных запісаў і архіўных дакумантаў камісіяй Беларускай Цэнтральнай Рады.

Фатаграфіі і дакумантарныя матар'ялы атрыманы ад удзельнікаў 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу, перахаваныя імі з вялікім піэтызмам і вывезеныя на далёкую чужыну з наражэньнем на небяспеку асабісстага жыцьця. Пазьней яны былі захаваны ад густых сетак рэпатрыяцыйных бальшавіцкіх місіяў у Заходняй Нямеччыне.

Кніжка выдаецца за кошт ахвяраў беларускай незалежніцкай эміграцыі.

Усім асобам, якія садзейнічалі гэтаму скромнаму выданьню, Беларуская Цэнтральная Рада складае на гэтым месцы сваю шчырую падзяку.

БЦР

УСТУП

 

Другі Ўсебеларускі Кангрэс 1944 году становіць адзін з этапаў барацьбы беларускага народу за ўзнаўленьне свае дзяржаўнасьці, якую ён меў ужо на пачатку свае гістарычнае эпохі, творачы ў IX стагодзьдзі (згодна з формаю таго часу) паасобныя самастойныя беларускія княствы: Полацкае, Смаленскае, Турава-Пінскае, Ноўгарад-Северскае, Менскае, Слуцкае ды іншыя.

Па свайму паходжаньню, беларускі народ зьяўляецца зусім самастойным славянскім народам, які склаўся з блізкіх паміж сабою пляменьняў: Крывічоў, Радзімічаў, Дрыгавічоў, Вяцічаў ды інш.

Пачынаючы ад XIII стагодзьдзя, паасобныя княствы гэтых пляменьняў аб'ядноўваюцца ў першую чаргу паміж сабою, а пасьля і з княствамі літоўскімі, творачы задзіночаную беларуска-літоўскую дзяржаву пад назовам Вялікага Княства Літоўскага.

У Вялікае Княства Літоўскае на ўсходзе ўваходзілі гарады: Бранск, Смаленск, Вязьма, Ярцава, ды інш.; на поўначы - горад Себеж, Асьвея, востраў Талябінец, а на захадзе - граніца Вялікага Княства Літоўскага пераходзіла за раку Буг.

Пад канец XIV стагодзьдзя Вялікае Княства Літоўскае ўвайшло ў пэрсанальную вунію з Польшчай. Гэта аб'яднаньне дапамагло адхіліць нямецкую небясьпеку. У 1410 годзе аб'яднаныя беларуска-літоўскія і польскія сілы разьбілі нямецкіх крыжакоў пад Грунвальдам. Але хутка выявіліся і ад'емныя бакі гэтае вуніі, бо палякі ў дзяржаўным абсягу распачалі палянізацыю Беларусі. Палітычны ўціск, рэлігійнае праследваньне, палянізацыя беларусаў праз касьцельную вунію, ды інфільтрацыя палякоў у беларускае грамадзка-культурнае жыцьцё спатыкалі з боку беларусаў вялікі супраціў, як у форме легальнай, так і ў форме збройных паўстаньняў супроць польскіх гвалтаў.

Ня гледзячы аднак на ўціск, форма асобнай беларускай дзяржаўнасьці - Вялікае Княства Літоўскае - датрывала аж да часу заваяваньня Беларусі Расеяй у 1772-ім годзе. Расейскі Ўрад зьліквідаваў дарэшты ўсе сьляды беларускай дзяржаўнасьці, ператварыўшы Беларусь у так званы «Северо-Западный Край» Расейскай Імпэрыі. Ад гэтай пары распачаўся 145-ці гадовы бездзяржаўны перыяд у гісторыі беларускага народу.

Расейскі ваяўнічы імпэрыялізм, захапіўшы Беларусь, дакладаў усіх спосабаў, каб зьнішчыць дашчэнту ў Беларусі ўсё беларускае, але яму гэта не ўдалося: беларускі нацыянальна-вызвольны рух ніколі не заміраў. У палавіне XIX стагодзьдзя, пад уплывам новых культурных плыняў Заходняе Эўропы, распачалося беларускае нацыянальнае адраджэньне, спачатку ў галіне навукова-літаратурнай, а пазьней - у грамадзка-палітычным жыцьці, прымаючы часта форму збройных паўстаньняў (найбольш магутнае - пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў 1862-1863 гг.) і тэрарыстычных актаў (забойства цара Александра II у 1881 годзе Ігнатам Грынявецкім).

Выдатнага ўздыму асягнуў дзяржаўна-вызвольны беларускі рух у пару 1-шае Ўсясьветнае вайны, калі развалілася расейская абсалютная манархія, а поняволеныя ёю народы пачалі адбудоўваць свае незалежныя дзяржавы.

У 1917-ым годзе ў Менску зьбіраецца 1-шы Ўсебеларускі Кангрэс, які становіцца на плятформу дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Абраная Рада Кангрэсу, рэарганізаваная пазьней у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, дня 25-га сакавіка 1918-га году ў Менску праклямавала дзяржаўную незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Савецкая, аднак, Расея і панская Польшча збройнымі сіламі зруйнавалі адбудаваную беларускую дзяржаву, акупавалі яе ды падзялілі паміж сабою трактатам 1921-га году ў Рызе.

У заходняй Беларусі польскі акупацыйны ўрад мэтадамі тэрору праводзіў сыстэматычную палянізацыйную палітыку, супроць якога беларусы вялі такую-ж сыстэматычную барацьбу. Побач іншых беларускіх партыяў у 1924-ым годзе была арганізавана Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада, якая ў кароткім часе ахапіла арганізацыйна болей 120.000 сяброў.

Шляхам масавага крывавага тэрору польскі ўрад разграміў Грамаду. Пасьля палякі пазбавілі беларусаў прадстаўніцтва ў Сойме, зьліквідавалі ўсе беларускія палітычныя, грамадзкія, культурныя і гаспадарчыя арганізацыі ды ўстановы, зачынілі ўсе беларускія школы, забаранілі беларусам ня толькі купляць зямлю ў Беларусі, але і нават дзецям атрымоўваць яе ў спадчыну ад бацькоў. Каталіцкі польскі касьцёл спаўняў актыўную палянізацыйную ролю. Праваслаўная царква палякамі была спалянізавана. Уцісканым беларускім жыхарствам былі перапоўнены шырака разбудаваныя турмы і канцэнтрацыйны лягер у Бярозе Картускай.

Усходняя Беларусь, з часткі якое бальшавікі зрабілі так званую Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, перажывала розныя этапы. У перыяд так званага НЭПу беларусы здолелі разгарнуць значную культурна-нацыянальную дзейнасьць; стварылі беларускае школьніцтва да Беларускай Акадэміі ўключна, арганізавалі беларускі тэатр, развілі навуковую і літаратурную творчасьць ды займалі кіраўнічыя становішчы ў дзяржаўных установах.

Бальшыня беларускай інтэлігэнцыі паверыла, што бальшавікі адмовіліся ад расейска-імпэрыялістычных мэтадаў ды пачынаюць класьці здаровыя асновы ўзаемаадносінаў паміж народамі. Паверыў гэтаму і эміграцыйны Ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі ды на Бэрлінскай канфэрэнцыі ў 1925-ым годзе самазьліквідаваўся, а сябры яго, супольна амаль з усімі сябрамі БНР пераехалі з эміграцыі ў БССР. Такім чынам спыніў сваю дзейнасьць апошні легітымны ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак, гэты нацыянальна-творчы ўздым у БССР трываў ня доўга. У 1929-1930 гг. бальшавікі распачалі масавы крывавы пагром усяго нацыянальна-беларускага. Мільёны беларусаў:інтэлігэнцыі, сялян і работнікаў былі расстрэлены або высланы ў тайгу Сібіру. Рэлігійнае жыцьцё было поўнасьцю зьнішчана. БССР засталася толькі назовам дзяржавы, захаваным для прапаганды, а сапраўдная ўлада над Беларусяй сканцэнтравалася ў Маскве, якая трактуе Беларусь як сваю калёнію.

Аднак, падчас 2-гое Ўсясьветнае вайны выявілася, што тэрор акупантаў - Савецкай Расеі і Польшчы - які трываў 20 год, ня здолеў знішчыць імкненьня беларускага народу да адбудовы сваёй дзяржавы. Пад нямецкай акупацыяй беларусы з вялікай энэргіяй ізноў узяліся за адбудову асноў свае дзяржаўнае незалежнасьці. У барацьбе супроць бальшавіцкай, польскай і расейскай дывэрсіяў, беларусы ахоплівалі сваім актывам адміністрацыю, паліцыю, школьніцтва, суд, сацыяльную апеку ды іншыя дзялянкі жыцьця. У Менску ў 1942 годзе адбыўся Праваслаўны Ўсебеларускі Сабор, які пастанавіў арганізаваць Беларускую Праваслаўную Царкву на асновах аўтокефаліі. Беларуская Народная Самапомач арганізавала густую сетку сваіх аддзелаў на ўсім абшары Беларусі, працуючы ня толькі ў галіне харытатыўнай, але і ў напрамку агульна-нацыянальным.

Вялікі развой беларускай вызвольнай працы ды няўдачы нямецкай арміі на франтох, змусілі нямецкую акупацыйную ўладу пайсьці на значныя ўступкі беларусам. У такіх абставінах арганізавалася Беларуская Цэнтральная Рада, як нацыянальна-беларускае кіраўніцтва краю. БЦР арганізавала свой адміністрацыйны апарат у форме намесьніцтваў, ахапляючы абшары па-за прыфрантовай паласы, узначаліла школьніцтва, ахову здороўя, сацыяльную апеку, суд ды правяла мабілізацыю ў сваю нацыянальную армію - Беларускую Краёвую Абарону.

Распачынаць вайну за незалежнасьць на два фронты - супроць бальшавікоў і немцаў - раўназначна было-б самагубству. Такі крок зрабіць было немагчыма. Бальшавікоў усе добра ведалі і з імі змагаліся, а што да немцаў - дык былі ўпэўненыя, што Захад ім рукі зьвяжа. У такой сытуацыі трэба было асягнуць найбольшага і пры тым у легальны спосаб.

Падчас агульнага адступленьня нямецкіх арміяў з усходу вытварыліся абставіны, якія давалі магчымасьці склікаць агульна-нацыянальнае беларускае прадстаўніцтва - Кангрэс - для выяўленьня волі беларускага народу аб сваім лёсе. З гэтай мэтай БЦР склікала 2-гі Ўсебеларускі Кангрэс, паседжаньні якога адбыліся дня 27-га чэрвеня 1944 г. у Менску ў залі сталічнага тэатру.

Асаблівасьці ваеннага часу і спэцыфічнай нямецкай акупацыі, пакінулі свае сьляды на падзеях 2-га Кангрэсу. Прапарцыянальнае прадстаўніцтва ў Кангрэс было праведзена на абшарах, ахопленых у той час кіраўніцтвам БЦР. З прыфрантовой паласы Беларусі ў Кангрэсе прымалі ўдзел тыя прадстаўнікі, якія змаглі прыбыць на Кангрэс. Прадстаўнікі ад частак Беларусі, далучаных акупацыйнай уладай да іншых краёў, як: з Віленшчыны - далучанай да Літвы; з Горадзеншчыны і Беласточчыны - далучаных да Нямеччыны; з Дзьвіншчыны - далучанай да Лацьвіі, - таксама прымалі ўдзел у Кангрэсе, як і прадстаўнікі ад беларусоў за мяжой, якія, як ваеннапалонныя ці дэпартаваныя на працу ў Нямеччыну, маглі пры першай магчымасьці вярнуцца ў вольную Беларусь.

Вуснамі дэлегатаў II Усебеларускага Кангрэсу беларускі народ заявіў сьвету, што ёсьць дзяржава Беларуская Народная Рэспубліка.

 

ХОД II УСЕБЕЛАРУСКАГА КАНГРЭСУ

 

А. Першае паседжаньне

 

Дня 27 чэрвеня 1944 г. у залі гарадзкога тэатру ў сталічным горадзе Менску, а восьмай гадзіне раніцы распачалося паседжаньне Другога Ўсебеларускага Народнага Кангрэсу.

Дэлегаты запоўнілі ўсю залю тэатру. Дакладна а 8-ай гадзіне ў лёжы Беларускай Цэнтральнай Рады зьявіўся Прэзыдэнт Рады Радаслаў Астроўскі; дэлегаты віталі яго дружнымі доўгатрываючымі воплескамі. Менскі гарадзкі аркестр сыграў музычны ўступ.

 

Адкрыцьцё і выбар прэзыдыюму Кангрэсу

 

У восем гадзін і 10 хвілін на трыбуну ўзыйшоў Прэзыдэнт БЦР праф. Астроўскі; дэлегаты Кангрэсу ізноў сустрэлі яго авацыяй. Прэзыдэнт БЦР зьвярнуўся да дэлегатаў з наступнымі словамі:

«Грамадзяне! Другі Ўсебеларускі Народны Кангрэс абвяшчаю адчыненым. Вітаю Вас, дэлегаткі і дэлегаты, як прадстаўнікоў беларускага народу, якія сабраліся тут, у сталіцы Беларусі, для вырашэньня важных праблемаў будучыні нашага народу і Бацькаўшчыны. Жадаю Вам адначасна ад імя Беларускай Цэнтральнай Рады посьпеху ў Вашай працы.

Для кіраваньня працамі Кангрэсу Вам, перадусім, неабходна выбраць Прэзыдэнта Кангрэсу, дзеля чаго і прашу Вас называць кандыдатаў.

(Воклікі з месцаў: Гаспадара Кіпеля! /Воплескі/. Кіпеля!)

Ці няма іншых кандыдатаў?

(Кіпель! Кіпель! /Воплескі/...)

Грамадзяне, прымаючы пад увагу, што іншых кандыдатаў не падана, а кандыдатура гасп. Кіпеля спаткана аднагалосным прызнаньнем, уважаю, што гасп. Кіпель выбраны аднагалосна праз аклямацыю на Прэзыдэнта Другога Ўсебеларускага Народнага Кангрэсу.

Ці супроць няма? Няма.

Гаспадар Прэзыдэнт Кангрэсу Кіпель займеце, калі ласка, сваё месца».

(Прэзыдэнт Кангрэсу, гасп. Кіпель займае сваё месца за прэзыдыяльным сталом і прапануе абраць двух віцэ-прэзыдэнтаў і двух сакратароў Кангрэсу.

З пададзеных кандыдатаў за віцэ-прэзыдэнтаў Кангрэсу выбіраюць інжынера Івана Касяка і былого сенатара польскага сойму Васіля Рагулю; за сакратароў - гасп. Леаніда Галяка і гасп. Бранавіцкага. Усе абраныя займаюць месца за прэзыдыяльным сталом).

Пасьля абраньня Прэзыдыюму Кангрэсу, Прэзыдэнт Кангрэсу агалошвае наступную павестку дня:

а) Справаздача Прэзыдэнта БЦР праф. Радаслава Астроўскага аб дзейнасьці Рады.

б) Выбары мандатнай камісіі і камісіі для апрацоўкі рэзалюцыяў.

в) Заслуханьне рэфэрату аб скасаваньні савецкіх і польскіх трактатаў аб Беларусі. (Дакладчык гасп. Шкелёнак).

г) Заслуханьне справаздачы мандатнай камісіі.

д) Заслуханьне рэфэрату аб разрыве з бальшавіцкай Масквой. (Дакладчык гасп. Калубовіч).

е) Прыняцьцё рэзалюцыяў і заключныя прамовы. Парадак дня быў прагаласаваны і прыняты аднагалосна. Пасьля прыняцьця павесткі дня Прэзыдэнт Кангрэсу зьвярнуўся да Кангрэсу з прывітальнай прамовай.

 

Прамова прэзыдэнта Кангрэсу гасп. Я.Кіпеля

 

Браты-дэлегаты Другога Ўсебеларускага Кангрэсу!

Я вельмі дзякую Вам за той гонар, які Вы мне зрабілі, але адначасна з гэтым я мушу зазначыць, што гісторыя на ўсіх нас усклала ганаровыя і вельмі цяжкія задачы. Мы сабраліся ў надзвычайна адказны гістарычны мамэнт: на ўсім сьвеце ідзе вайна, вырашаецца лёс народаў на доўгія гады. Беларусь цяпер ня можа заставацца бязьдзейнай. Мы мусім самі ўзяцца за будаўніцтва свае будучыні.

Ад нашага імя дазваляюць сабе гаварыць крамлёўскія заправілы, яны там вызначаюць апякуноў, якія ўжо рыхтуюць шыбеніцы нашаму народу. На нашы землі пратэндуюць польскія паны.

І вось таму ў гэты час мы павінны голасна сказаць усяму сьвету: Хто мы і чаго мы хочам! (Бурныя воплескі).

Першы раз беларускі народ меў магчымасьць вольна сабрацца тут у Менску, у гэтым будынку, дваццаць шэсьць гадоў таму назад.

Гэта быў Першы Ўсебеларускі Кангрэс. Ён выбраў Раду Кангрэсу, якая ў 1918 годзе 25 сакавіка вынесла свае агністыя пастановы аб лёсе Беларусі і беларускага народу. Не спадабаліся пастановы Першага Ўсебеларускага Кангрэсу і ягонай Рады бальшавікам, яны разагналі гэты Кангрэс і на працягу дваццаці шасьцёх гадоў аблівалі яго пастановы ня толькі памыямі і гразёю, а нават крывёю лепшых сыноў нашага народу. Аднак, сваімі бруднымі і подлымі ўчынкамі бальшавікі ня здолелі зацьміць пастановаў Першага Ўсебеларускага Кангрэсу - яны зіхацяць аж па сёньнешні дзень і вабяць да сябе ўсё лепшае, што ёсьць у беларускім народзе.

У часе свайго панаваньня ў Беларусі і бальшавікі склікалі так званыя ўсебеларускія зьезды. На гэтых зьездах беларусы былі прадстаўлены ў невялікай параўнаўча колькасьці, хоць насельніцтва Беларусі складаецца амаль што на дзевяноста працэнтаў з беларусаў. Камуністы імкнуліся паказаць, што ў Беларусі мала беларусаў, гэта адпавядала іх русіфікатарскім імкненьням. На бальшавіцкіх зьездах заўсёды было працэнтаў шэсцьдзесят не беларусаў, тут былі расейцы, жыды і палякі, а яны ўсе разам не складаюць і пятнаццаці працэнтаў насельніцтва Беларусі. Ужо па гэтаму аднаму бальшавіцкія зьезды ня могуць уважацца за народнае прадстаўніцтва.

Апрача таго, бальшавіцкія зьезды займаліся не разьвязаньнем нацыянальных пытаньняў, а служылі шырмаю для зьнішчэньня ўсяго самабытнага. Бальшавікі гэтых зьездаў зусім ня прымалі пад увагу і ніколі прынцыповых пытаньняў на зьездах не ставілі.

Мала таго, бальшавіцкія зьезды былі толькі зьездамі з усходняй часткі Беларусі, Заходняя-ж частка Беларусі ў гэтых зьездах удзелу ня брала.

Вось дзеля гэтага мы і ўважаем, што ўсенародна-беларускіх зьездаў было толькі два: першы - гэта ў 1917-ым годзе, а другі - гэта наш зьезд, і мы іх называем Кангрэсамі.

Успомніўшы аб Першым Усебеларускім Кангрэсе, нам належыць успомніць і аб тых, хто склікаў гэты Кангрэс. Гэта былі шчырыя сыны нашай Бацькаўшчыны, да іх належаць: Язэп Лёсік, Вацлаў Ластоўскі, Рак-Міхайлоўскі, Іван Серада, Язэп Сушынскі, Васілевіч, Тарашкевіч, Вацлаў Іваноўскі і шмат, шмат іншых. Іх ужо зараз няма сярод жывых, іх бальшавікі або замучылі ў турмах, на катарзе, або забілі з-за вугла. Я прапаную ўшанаваць іхную памяць і памяць усіх тых, хто загінуў за Бацькаўшчыну, уставаньнем і хвілінаю цішыні.

(Усе ўстаюць і ціха стаяць).

Прашу сесьці.

Паважаныя гаспадары будзем-жа і мы такімі самаахвярнымі і мудрымі як тыя, што склікалі Першы Кангрэс. Будзем памятаць, што вораг наш зрабіўся яшчэ больш лютым, яшчэ больш подлым. Ён не адкідае ніякіх сродкаў для дасягненьня сваіх мэтаў, а гэта вымагае ад нас асаблівай аб'ектыўнасьці, асьцярожнасьці і ўмяркаванасьці пры вырашэньні нашага нацыянальнага пытаньня.

Я заклікаю ўсіх Вас і кожнага паасобку да актыўнага ўдзелу ў разьвязаньні ўсіх тых задач, што перад намі паўсталі. Пры добрай волі і шчырым жаданьні мы зможам вынесьці такія рашэньні, якія дапамогуць нашаму народу выйсьці з гора і нядолі на вольны шлях, які прывядзе да сьветлае будучыні. (Моцныя воплескі).

Напомніўшы ўсім Вам аб задачах, я дазволю сабе прасіць Прэзыдэнта Беларускае Цэнтральнае Рады зрабіць нам справаздачу аб дзейнасьці Рады.

Пасьля сваёй прамовы гасп. Кіпель дае слова для справаздачы гаспадару праф. Астроўскаму.

Перад прамовай праф. Астроўскага адзін з дэлегатаў зрабіў прапанову, каб запрасіць у прэзыдыюм удзельнікаў Першага Кангрэсу. Прапанова прымаецца аднагалосна і некалькі дзесяткаў былых дэлегатаў Першага Кангрэсу займаюць мейсца ў прэзыдыюме Кангрэсу, а сярод іх: Прэзыдэнт Р.Астроўскі, б. пасол у польскі сойм Фабіян Ярэміч з Вільні, Паваротная - настаўніца з Менску, др. Ян Станкевіч з Вільні, і палкоўнік К.Езавітаў з Рыгі.

 

Справаздача Прэзыдэнта БЦР праф. Р.Астроўскага

 

1) Мэты II Усебеларускага Кангрэсу

Дэлегаткі і дэлегаты 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу!

Адным з найвялікшых здарэньняў у гістарычным мінулым Беларусі быў Першы Ўсебеларускі Кангрэс у 1917 годзе, які распачаў сваю працу якраз у гэтым самым слаўным тэатры, ды які вуснамі ўсіх сваіх лепшых сыноў - прадстаўнікоў з усяе Беларусі заявіў усяму сьвету аб сваёй волі і імкненьнях.

І хоць бальшавікі разагналі Кангрэс збройнаю сілаю, аднак Рада Кангрэсу і Сакратарыят, а таксама ўсе дэлегаты Кангрэсу, раз'ехаўшыся па ўсёй Беларусі яшчэ дакладней акрэсьлілі і пашырылі ў масах беларускага народу ідэю вызвольнага руху, якая ператрывала, не зважаючы на 25-гадовую няволю, аж да сёньняшняга дня.

Пазьнейшы вялікі акт народнай волі, абвешчаны 25-га сакавіка 1918 г., быў нацыянальным тастамэнтам для ўсіх наступных пакаленьняў. За ажыцьцяўленьне гэтага тастамэнту сёньня ўжо змагаюцца не адзінкі, ня групы ці паасобныя партыі, а літаральна ўвесь беларускі народ.

Я асабіста, як удзельнік Першага Ўсебеларускага Кангрэсу, вельмі шчасьлівы сёньня, што на маю долю прыпала чэсьць склікаць і адчыніць гэты Другі Ўсебеларускі Кангрэс, які, выконваючы тастамэнт папярэдніх пакаленьняў, павінен выказаць таксама на ўвесь сьвет свае адносіны да тых бяспраўных пастановаў, якія былі вынесены нашымі ворагамі, учыніўшымі найбольш ганебны гвалт над воляю беларускага народу.

Права на жыцьцё, дадзенае чалавеку Богам, не павінна адбірацца ніякім гвалтам, ніякаю брутальнаю сілаю. Нажаль, людзі, маючы вольную волю, гэтае права не шануюць. На працягу ўсяе гісторыі чалавецтва адбываецца перыядычнае фізычнае вынішчэньне людзей. На шчасьце, ніякая сіла яшчэ не здолела зьнішчыць чалавечую думку. Дух чалавека, а тым больш дух народу з яго найвышэйшым ідэалам - несьмяротны і непераможны. Можна пры помачы фізычнае сілы чыніць гвалт і несправядлівасьць, можна пэўны час зьдзекавацца і крыўдзіць нявінных, але рана ці позна праўда перамагае і справядлівасьць запаноўвае ўсеўладна.

Найлепшым доказам гэтаму служаць прыклады гісторыі, калі бязьлітасныя гвалтаўнікі, учыніўшы несправядлівасьць у адносінах да слабейшых народаў, вельмі хутка атрымоўвалі належную ім заплату.

 

2) Палажэньне беларусаў пасьля I Усебеларускага Кангрэсу

Больш ганебнага і брутальнага акту, як Рыскі трактат, у адносінах да беларускага народу, ня знае культурны сьвет. Ім жывое цела Беларусі было літаральна разрэзана крываваю мяжою. Цэлую чвэрць веку народны арганізм крывавіў, слабеў, гібеў, а ў дадатак да гэтага яшчэ час ад часу наносіліся яму ня менш цяжкія і крывавыя раны, то ў адзін, то ў другі бок. Ліквідацыя Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады на захадзе, ды крывавая расправа з так званай нацдэмаўшчынай на ўсходзе амаль дашчэнту пазбавілі наш народ сілы. Ён паволі канаў...

Здавалася, што ўжо няма ратунку. Здавалася, што крыўда будзе ўрачыста сьвяткаваць сваю перамогу...

Але раптам усё зьмянілася да непазнаньня.

Той, хто кіруе жыцьцём у сусьвеце палажыў канец зьдзеку і цярпеньням, насылаючы злачынцам заслужаную кару. У некалькі дзён лопнулі польскія і бальшавіцкія, дасюль здавалася непераможныя, сілы, што так зьдзекваліся над беларускім народам.

Народ акрыяў, крыху падужаў, раны пачалі загойвацца і... урэшце стаў на ногі. (Бурныя воплескі).

Ясна, што ня так хутка можна было паправіцца пасьля 24-х гадовай цяжкой хваробы, каб адразу стаць здольным да працы. Патрэбны былі яшчэ два гады, пакуль магчыма стала добра выпрастаць свае суставы. А гэта было цяжка, тым больш, што выздараўленьне працякала пры няспрыяльных абставінах. Навакол было полымя ваеннага пажару, вакол трашчэлі кулямёты і білі гарматы. Сілы варочаліся ступнёва і памалу. Урэшце народ акрыяў ня столькі целам, колькі духам. Пачалася адбудова зьнішчанага краю. Дасягненьні ва ўсіх галінах эканамічнага і культурнага жыцьця былі даволі значныя. Праз нейкі час народ пачаў уключацца ня толькі ў гаспадарчую і культурную працу, але ступнёва дабраахвотна пачаў брацца за зброю, каб дзейна змагацца за вызваленьне Беларусі. З кожным днём усё большыя і большыя сілы прымаюць удзел у змаганьні з насланымі на наш край сталінскімі бандытамі і партызанамі, абдуранымі камуністычнаю прапагандаю. Акцыя барацьбы настолькі пашырылася, што паўстала неабходнасьць канцэнтрацыі ўсіх разрозьненых сілаў, якія жадаюць змагацца за сваю Бацькаўшчыну.

 

3) Утварэньне Беларускай Цэнтральнай Рады і прынцыпы народнага прадстаўніцтва

Гэтую магчымасьць наш народ ажыцьцявіў, творачы Беларускую Цэнтральную Раду, як вышэйшае прадстаўніцтва нашых народных інтэрэсаў, як кіруючы нацыянальны цэнтр.

Зразумела, што для вырашэньня важных праблемаў у жыцьці будучай Эўропы і ўсіх пазытыўна настаўленых да ажыцьцяўленьня гэтае ідэі народаў, нельга было прытрымлівацца старых лібэральных прынцыпаў, паводле якіх зьбіраецца нейкі, часта прыпадковы, людзкі элемэнт для бязупынных дыскусыяў, а трэба было абаперціся на найлепшыя кадры народу, якія прынялі-б на сябе адказную працу перад будучымі пакаленьнямі.

Для гэтай мэты быў пакліканы так званы беларускі актыў, які існаваў у кожнай акрузе і кожным раёне. Беларускі актыў высунуў маю кандыдатуру на Прэзыдэнта Беларускае Цэнтральнае Рады, якому, згодна з статутам Рады, і было даручана ўфармаваньне самое Рады. (Бурныя воплескі).

Тут мушу затрымацца над пытаньнем, які прынцып павінен быць паложаны ў аснову пакліканьня народнага прадстаўніцтва: прынцып так званага фюрэрства (правадырства) ці прынцып дэмакратычнай выбарнасьці.

І той і другі мае свае плюсы і недахопы. Выбарная сыстэма, пабудаваная на агульным, беспасярэднім, тайным і роўным праве, ня споўніла пакладаных на яе надзеяў. Вось чаму, пасьля шматлікіх спробаў разьвязкі гэтага пытаньня, у некаторых народаў паўстала думка палажыць у аснову дзяржаўнага ці народнага прадстаўніцтва іншы - дыямэтральна процілежны прынцып, прынцып так званага правадырства. Прынцып гэты не павінен зьяўляцца, бязумоўна, сынонімам нейкае безадказнае дыктатуры адзінкі, але адначасна павінен абмяжоўваць уплыў на дзяржаўныя справы прыпадковых безадказных элемэнтаў, даючы поўную магчымасьць удзелу ў дзяржаўным будаўніцтве ўсім найбольш энэргічным, актыўным народным колам.

Калі ў абставінах мірнага часу недахопы ці небясьпекі дэмакратычных формаў не зьяўляюцца асабліва шкоднымі, то ў ваенных абставінах, зразумела, на гэткія экспэрымэнты ніводзін народ згадзіцца ня можа.

У найбольш дэмакратычных дзяржавах на час вайны на чало высоўваецца заўсёды таксама нейкая адзінка, якой і перадаюцца паўнамоцтвы народнай рэпрэзэнтацыі і дзяржаўнага кіраўніцтва. Інакш, фактычна, і быць ня можа, бо каб спраўна дзеяла стырно дзяржаўнага карабля, трэба, каб кіравала ім дасьведчаная рука аднаго капітана. Гэта зразумелі ўсе ў галіне ваеннага камандаваньня, гэта трэба пашырыць у ваенны час і на іншыя галіны дзяржаўнае машыны. У час найбольшага змаганьня, у час, калі вырашаецца лёс народу, калі перад кожным стаіць праблема: быць ці ня быць, - усё павінна быць падпарадкавана ваенным патрэбам, усе павінны працаваць аднолькава спраўна да канчальнае перамогі. Гэтую аксыёму зразумэлі ўрэшце і тыя, што найбольш бароняць дэмакратычныя прынцыпы ды шмат крычаць аб іх патрэбе. Бальшавікі першыя зьвялі іх выключна да вонкавае формы, уводзячы такім чынам сьвядома ману і фальшаваньне.

Ці-ж не адным бязупынным фальшаваньнем зьяўляюцца ў бальшавікоў усе іх выбары і плебісцыты? Ці-ж ня чыстай фікцыяй зьяўляецца так званае народнае прадстаўніцтва ў савецкай сыстэме? Ці-ж ня фікцыяй, урэшце, з'яўляюцца ўсе так званыя рэспублікі Савецкага Саюзу? Бальшавіцкае прадстаўніцтва нават у самай камуністычнай партыі ёсьць нічым іншым, як пэрфідыяй у сэнсе дэмакратычнасьці яго выбараў. Аб гэтым найлепш ведаюць самі бальшавікі, але аб гэтым нешта ведаем і мы.

Вось чаму сяброў Беларускай Центральнай Рады нельга разглядаць як нейкіх самазванцаў, абсалютна не зьвязаных у той ці іншай ступені з вызвольным беларускім рухам, як гэта стараюцца прадставіць масам бальшавікі.

Але, каб палажыць урэшце канец і гэтай недарэчнай ды ілжывай прапагандзе, я ўважаў сваім абавязкам склікаць Вас, гаспадары Дэлегаты, каб прадставіць Вам усю веліч і адказнасьць заданьняў, што стаяць перад намі, а таксама прыцягнуць Вас да больш актыўнага і згоднага ўдзелу ў нашай супольнай працы.

Утварэньне Беларускай Цэнтральнай Рады адбылося ў той мамэнт, калі амаль ўся тэрыторыя Беларусі была апанавана бандытамі рознага колеру, якія білі ды рабавалі наш народ, палілі нашыя сёлы і вёскі, параліжавалі ўсё эканамічнае і грамадзкае жыцьцё. Перад намі стаяла вельмі цяжкае заданьне і, калі-б не пачуцьцё абавязку перад народам і Бацькаўшчынаю, абавязку службы ім у найбольш цяжкую і крытычную хвіліну, то, бязумоўна, я гэтай ролі на сябе не прыняў-бы.

На колькі нам удалося споўніць свой абавязак перад народам, будзеце судзіць Вы, а пазьней гісторыя.

 

4) Абарона Краю і ўтварэньне беларускай збройнай сілы

Згодна статуту Беларускай Цэнтральнай Рады, у першую чаргу трэба было заняцца абаронай краю ад бальшавіцкіх і іншых бандаў. Мы добра разумелі, што ніякая культурная ці грамадзкая праца ў ваўсім яе абыйме немагчыма будзе датуль, пакуль мы не забясьпечым насельніцтву спакойнага жыцьця. Вось чаму трэба было падумаць у першую чаргу аб тым, каб арганізаваць сваю збройную сілу. (Моцныя воплескі). Дабраахвотніцкае тварэньне невялікіх збройных аддзелаў ці абаронных вёсак не магло быць разьвязкаю гэтага пытаньня, бо сем'і дабраахвотнікаў рабіліся першымі ахвярамі бандытаў. Заходзіла патрэба пакліканьня ўсяго насельніцтва да змаганьня супроць ворага і дзеля гэтага 10 сакавіка г.г. я выдаў загад аб пакліканьні пэўнай колькосьці гадавікоў у Беларускую Краёвую Абарону. (Воплескі).

Мушу тут з прыемнасьцяй адзначыць, што, не зважаючы на ўсе цяжкасьці, з якімі мы сустрэліся пры праводжаньні мабілізацыі, яна дала нам надспадзяваныя вынікі. Амаль 100°/о падлягаючых абавязку пакліканьня ў армію дабраахвотна і пунктоўна ставіліся на прыймовыя камісіі. (Моцныя воплескі). Такім чынам паўсталі шматлікія батальёны Беларускае Краёвае Абароны (БКА), якія пакрылі сабаю ўсю тэрыторыю наступных акругаў: Менскае, Барысаўскае, Слуцкае, Баранавіцкае, Слонімскае, Наваградзкае, Вялейскае і Глыбоцкае. (Доўгая авацыя). Справа пакліканьня ў БКА вайсковаабавязаных у іншых аругах з тэхнічных прычынаў была адкладзена на пазьней.

Мабілізацыя, такім чынам, паказала нам нацыянальную дасьпеласьць нашага народу і высокае яго пачуцьцё да спаўненьня сваіх абавязкаў перад Бацькаўшчынай. (Воплескі).

Але, паколькі ўсе цяжкасьці, зьвязаныя з правядзеньнем мабілізацыі, былі пераможаныя, дзякуючы энэргіі і самаахвярнасьці павятовых старшыняў і маіх акруговых намесьнікаў, патолькі пасьля мабілізацыі перад намі паўсталі новыя, яшчэ больш цяжкія, заданьні.

Дзясяткі тысяч жаўнераў БКА трэба было забясьпечыць харчаваньнем, зброяй, вопраткай і абуткам. Ня маючы ў сваім распараджэньні ані добра вышкаленых кадраў, ані арганізаванай інтэндантуры, цяжкасьці гэтыя здаваліся часамі непераможнымі. Аднак у сучасны мамэнт усе нашыя батальёны ўжо ўзброеныя і накормленыя, часткова адзеты і абуты. Яшчэ, аднак, патрэбны магутны высілак усяго народу, каб даць нашаму жаўнеру ўсё, што яму патрэбна.

І калі рэзультат правядзеня мабілізацыі быў доказам нацыянальнай сьпеласьці беларускага народу, то постаць нашага жаўнера, часта голага і босага, па калені ў балоце, на холадзе, моцна трымаючага вінтоўку ў сваіх руках, зьяўляецца доказам яго надзвычайнай сілы і бязконцай адданасьці свайму народу і Бацькаўшчьше.

Аб'яжджаючы батальёны БКА і бачачы, у якіх абставінах стойка змагаюцца яны за права вольнага жыцьця, я ўрачыста сьцьвярджаю, што нашыя беларускія стральцы роўныя найлепшаму жаўнеру ў сьвеце! (Бурная авацыя).

Не зважаючы на ўсе недахопы і цяжкія абставіны, у якіх апынуліся нашыя батальёны БКА, яны ўжо шмат заслужылі перад Бацькаўшчынай. Частка іх, як асобныя баявыя адзінкі, мужна змагаецца, аддаючы сваё жыцьцё за Бацькаўшчыну, на нутраным фронце ў акцыі супроць вялікай колькасьці сталінскіх бандытаў, якіх падтрымоўвае рэгулярная Чырвоная армія. Частка з іх нясе дапаможную службу ў раёнах і мястачках. Шмат якія вёскі здолелі правесьці веснавы пасеў толькі і выключна дзякуючы ахове батальёнаў БКА.

Ясна, што справу арганізацыі патрэбнай колькасьці батальёнаў яшчэ ня можна лічыць закончанай. Мы мусім прывесьці перш у парадак тое, што маем у сягоньняшні дзень, каб пазьней прыступіць да далейшага пакліканьня ў астатніх акругах. Найбольшую цяжкасьць мы мелі і маем з камандным складам.

Агулам кажучы, жаўнер беларускі вельмі добры, але камандны склад вымагае яшчэ вялікае апрацоўкі і падрыхтоўкі. За гэты час ужо праведзена двое курсаў перападрыхтоўкі афіцэраў і падафіцэраў, а з 15 чэрвеня арганізавана афіцэрская школа ў Менску для нашых юнакоў з сярэдніх і іншых школаў. Роўналежна з гэтым у некалькіх акругах у хуткім часе будуць арганізаваны школьныя батальёны, якія павінны даць адпаведны падафіцэрскі склад.

 

5) Дзейнасьць БЦР у галінах:

а) школьніцтва і адукацыі

У галіне культурна-грамадзкай працы за мінулы час Беларуская Цэнтральная Рада правяла наступнае:

У ваўсіх акругах арганізаваны намесьніцтвы БЦР, якім беспасрэдна падпарадкаваны аддзелы культуры і навукі, школьніцтва, сацыяльна-грамадзкае апекі і Беларуская Самапомач (БНС). У хуткім часе да БЦР маюць перайсьці Палата Здароўя і Саюз Беларускай Моладзі.

У галіне школаў прароблена наступныя працы:

Пасьля ўтварэньня БЦР, усе школы разам з акруговымі і павятовымі школьнымі інспэктарамі выйшлі з-пад кампэтэнцыі акруговых камісараў.

Урэгуляваўшы службовыя адносіны ў гэтай галіне, школьны аддзел прыступіў да апрацаваньня праекту арганізацыі беларускага школьніцтва. Гэты праект абгавораны і прадыскутаваны на сходзе менскіх найлепшых настаўнікаў. Асноўныя яго палажэньні ўвойдуць у пастанову аб арганізацыі беларускага школьніцтва.

На менскіх базах і складах засталося шмат школьных наглядных дапаможнікаў. Школьны аддзел атрымаў усе гэтыя дапаможнікі для беларускіх школаў дармова, таксама атрымаў да разьмеркаваньня па акругах усе пісьмовыя матар'ялы. Створана школьная база БЦР, якая сартуе і высылае ды мае ў хуткай будучыні папраўляць папсутыя бальшавікамі школьныя дапаможнікі. Выратаваньне вялізарнай колькасьці гэтых матар'ялаў, якіх хопіць на забясьпечаньне ўсіх нашых сярэдніх і вышэйшых школаў, мае вялікае значэньне.

Да гэтага часу ў кожнай акрузе існавалі розныя настаўніцкія стаўкі. Школьны аддзел выпрацаваў адпаведныя стаўкі для настаўнікаў і абслугоўваючага пэрсаналу народных і сярэдніх школаў. Таксама ён улажыў бюджэт школьніцтва на наступны год. Калі гэты бюджэт будзе зацьверджаны, то матар'яльныя ўмовы настаўнікаў значна палепшацца.

У сувязі з заканчэньнем школьнага году, школьны аддзел перапрацаваў і значна ўпрасьціў існуючыя інструкцыі аб пераводных і выпускных экзамінах у народных і сярэдніх школах. Тое самае зроблена ў галіне школьнай статыстыкі і справаздачнасьці. Інспэктары школьнага аддзелу прысутнічалі на выпускных і пераводных іспытах сярэдніх школаў у Нясьвіжы, у Наваградку, у Слоніме і Менску.

З рэарганізацыяй школьніцтва выплыла патрэба перагляду, а нават стварэньня новых праграмаў. Адначасна неабходна было прысьпешыць пісаньне новых школьных падручнікаў. Дзеля гэтага, у згодзе з навуковым аддзелам БЦР, утвараюцца спэцыяльныя камісіі для ўкладаньня праграмаў і падручнікаў.

У будучым школьным годзе рэарганізуюцца прафэсійныя школы, і адчыняюцца новыя. Праектуецца адчыніць некалькі новых школаў, між іншым - Інжынерна-мэталюргічны Інстытут, Юрыдычна-адміністрацыйную акадэмію, Вэтэрынарны Інстытут і Гуманістычны факультэт Пэдагагічнага Інстытуту.

 

б) сацыяльных мерапрыемстваў

У травені месяцы 1944 г. Беларуская Цэнтральная Рада распачала сваю працу ў галіне сацыяльнага забясьпечаньня працоўных па старасьці, на час хваробы, або страты працаздольнасьці ад розных няшчасных выпадкаў.

Сацыяльным забясьпечаньнем будуць карыстацца ўсе працоўныя, што працуюць у прадпрыемствах ды ўстановах, а таксама і іх сем'і. Забясьпечаньне будзе ажыцьцяўляцца коштам спэцыяльных дзяржаўных фондаў, якія будуць стварацца ад складак працадаўцаў.

Да гэтага часу Беларуская Цэнтральная Рада праводзіла больш арганізацыйную працу па абніманьні гэтых функцыяў і ўстановаў, па стварэньні сыстэмы дзяржаўнага сацыяльнага забяспечаньня, і па зьбіраньні зьвестак, якія характэрызуюць стан фактычнага забясьпечаньня працоўных.

Але гэтая арганізацыйная праца ўжо ў хуткім часе будзе скончана і тады Беларуская Цэнтральная Рада мае на ўвазе, у аддаведнасьці з накопленымі фондамі, распачаць апрацоўку пытаньня аб павялічэньні існуючых цяпер нормаў забясьпечаньня працоўных. Поруч з гэтаю сыстэмаю дзяржаўнага забясьпечаньня працоўных, існавала і дзейнічала, пад агульным кіраўніцтвам Беларускай Цэнтральнай Рады, сыстэма грамадзкае ўзаемадапамогі праз Беларускую Самапомач. Беларуская Цэнтральная Рада надае асаблівае значэньне гэтай, пакліканай да існаваньня вайной і абставінамі часу, інстытуцыі, у задачы якой уваходзіць перш за ўсё выклікаць і замацаваць у народзе пачуцьцё грамадзкіх абавязкаў дапамогі адзін другому.

Трэба адзначыць, што Беларуская Самапомач стала ўжо запраўды народнай, масавай арганізацыяй. Яна налічвае цяпер у сваіх радох дзясяткі тысяч сяброў, якія сваімі штомесячнымі ўзносамі бесперапынна павялічваюць фонд узаемадапамогі.

Якое значэньне мае ўжо цяпер дзейнасьць Беларускае Самапомачы, відаць з наступных паказчыкаў:

За мінулы гаспадарчы год Беларуская Самаломач сабрала ў парадку грамадзкіх ахвяраў і ў выніку сваёй гаспадарчай дзейнасьці 11.606.170 рублёў. За гэты-ж перыяд праз Беларускую Самапомач выдадзена бяднейшаму насельніцтву дапамогаў:

а) харчаваньнем у страўнях у ліку 137.342 абедаў,

б) індывідуальна харчамі для 28.877 асобаў,

в) індывідуальна грашыма 8.047 асобам.

У грашовым выражэньні дапамога зробленая праз Беларускую Самапомач бяднейшаму пацярпеўшаму насельніцтву, а таксама ўцекачом, складала за гэты час 3.812.000 руб.

Спэцыяльнае месца ў працы Беларускае Самапомачы займала дапамога Беларускаму Мэдычнаму Інстытуту ў Нова-Вялейцы. Усяго выдадзена дапамогі за час з 1 сьнежня 1943 г. па 20 чэрвеня 1944 г. на суму 470.760 руб. у тым ліку на выплату стыпэндыяў - 144.900 руб. і на дапамогу абуткам - 185.100 руб.

Апрача вышэй адзначанага, Беларуская Цэнтральная Рада зараз пераймае ў свае рукі і кіраўніцтва мясцовымі аддзеламі Грамадзкай Апекі, якія да гэтага часу знаходзіліся ў кампэтэнцыі Грамадзкіх Управаў і фінансаваліся з грамадзкіх бюджэтаў. Беларуская Цэнтральная Рада і надалей будзе ўсімі магчымымі способамі падтрымліваць дзейнасьць Беларускае Самапомачы і стала заклікаць насельніцтва да ўсё большага згуртаваньня ў яе радох.

 

в) навукі, культуры і права

Як і было абвешчана ў Дэклярацыі, у галіне культуры, Беларуская Цэнтральная Рада настойліва і пасьлядоўна вяла і вядзе палітыку інтэнсіўнага разьвіцьця і пашырэньня сярод жыхарства Беларусі нацыянальнае беларускае культуры і мастацтва, палітыку адрадждньня і пашырэньня ў народзе народных беларускіх традыцыяў.

З гэтаю мэтаю сёлета, 6 лютага, БЦР залажыла Беларускае Культурнае Згуртаваньне, якое пераняло ў свае рукі і сцэнтралізавала кіраўніцтва ўсімі беларускімі культурнымі ўстановамі: тэатрамі, музэямі, бібліятэкамі, народнымі дамамі і г.д., гуртуючы вакол сябе ўсе творчыя культурныя сілы нашага краю - паэтаў, пісьменьнікаў, кампазытараў, мастакоў, скульптараў, архітэктараў, актораў і г.д.

За справаздачны перыяд аддзеламі культуры БЦР і Беларускім Культурным Згуртаваньнем праведзена вялікая праца: адноўлена праца Менскага Беларускага тэатру, ідзе падрыхтоўка да адчыненьня акруговых прафэсійных тэатраў у Баранавічах, Наваградку і Слуцку. Адчынены народныя бібліятэкі ў Менску і іншых гарадох Беларусі. Зладжаны чатыры выстаўкі працаў беларускіх мастакоў. У Менску адчынена сярэдняя музычная школа, арганізаваны драматычныя і музычныя курсы ў Баранавічах і Менску. Шмат новых хораў, духавых і смычковых аркестраў. Па цэлай Беларусі за гэты перыяд часу зладжана ўжо сотні мастацкіх паказаў для жыхарства (доўгія воплескі), беларускіх вайсковых і паліцыйных аддзелаў. Толькі сіламі актораў Менскага Беларускага тэатру за справаздачны перыяд дадзена, апрача паказаў у самым тэатры і выступленьняў праз радыё, каля 350 канцэртаў у горадзе Менску, Менскай, Баранавіцкай, Вялейскай і Глыбоцкай акругах, у горадзе Вільні, Новай Вілейцы і г.д.

Праведзена колькі прапагандовых выездаў беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў у Менскую, Слуцкую і Баранавіцкую акругі і імі былі наладжаны вечары беларускае паэзіі і літаратуры, папярэджаныя рэфэратамі. Праз радыёстанцыю Менск і Баранавічы адбываецца штотыдня 49 музычна-літаратурных і іншых перадачаў.

Беларускімі кампазытарамі напісана і ўлучана ў рэпэртуар звыш 60 новых музычных твораў, сярод іх балет кампазытара А.Туранкова «У лясным гушчары». Заканчваюцца: кампазытарам М.Шчагловым беларуская апэрэта «З выраю» (На лібрэта Н.Арсеньневай), кампазытарам М.Равенскім апэрэта «Залёты» (на лібрэта Д.-Марцінкевіча), кампазытарам М.Івановым - дзіцячая опэра «Мухамор», кампазытарам Р.Самохіным - новая сымфанічная паэма і г.д. Напісана гісторыя беларускай музыкі і цэлы рад іншых працаў. Здадзены ў друк «Зборнік дзіцячых беларускіх песьняў і гульняў», «Зборнік патрыятычных беларускіх песьняў» і інш.

Беларускімі паэтамі і пісьменьнікамі напісана за гэты час шмат новых апавяданьняў, навэляў, паэмаў і вершаў, а таксама зроблена шмат перакладаў твораў сусьветных мастакоў слова. Выдадзены зборнікі вершаў Н.Арсеньневай «Сягоньня», Тодара Лябяды - «Песьні Выгнаньня», слуцкіх паэтаў - «Песьняры Случчыны», паэма «Рагнеда» Л.Случаніна. Адноўлена выданьне зачыненага бальшавікамі ў 1931 годзе літ-мастацкага часапісу - «Узвышша». Прачытаны сотні рэфэратаў на культурныя тэмы і г.д.

Навуковым Аддзелам БЦР прароблена таксама вялікая праца:

За ўвесь час свайго існаваньня Навуковы аддзел склаў 21 падручнік для сярэдніх і пачаткавых школаў, беларуска-нямецкі тэхнічны слоўнік. Перагледжана і часткова распрацавана тэрміналёгія па хіміі, гісторыі, псыхалёгіі, фізыцы і іншых дысцыплінах. Напісаны артыкулы па эканоміцы Беларусі, па нацыянальнаму пытаньню і па філёзофіі.

Зараз Навуковым Аддзелам арганізуецца майстэрня па вырабу прыладаў і дапаможнікаў для фізычных кабінэтаў.

Беларускае Навуковае Таварыства аб'ядноўвае ўсіх навуковых працаўнікоў Беларусі. Праца яго, пакуль што, абмяжоўваецца дакладамі на розныя навуковыя тэмы. Мяркуецца выдаваць часапіс Навуковага Таварыства, у якім будуць друкавацца навуковыя працы сяброў Таварыства.

Апрача ўсяго гэтага, Беларуская Цэнтральная Рада за справаздачны перыяд злажыла шмат праектаў у галіне заканадаўчай па рэгуляваньню грамадзкага, адміністрацыйнага і эканамічнага жыцьця.

 

6) Заключныя выснавы

Вось тая сьціплая праца, якую правяла Беларуская Цэнтральная Рада за 6 месяцаў свайго існаваньня.

Мушу адначасна пры гэтым зазначыць, што праца Беларускае Цэнтральнае Рады не магла разгарнуцца ў ваўсёй шырыні з тых прычынаў, што ў хуткім часе пасьля сфармаваньня яе, частка пакліканых у Раду сяброў павінна была быць адклікана, бо не магла пакінуць свае адказнае працы на мясцох. Частка сяброў яшчэ будзе змушана выйсьці з Рады дзеля немагчымасьці замяніць іх на вельмі важных і адказных становішчах у акругах.

Такім чынам перад намі стаіць сёньня заданьне аб папаўненьні БЦР новымі сябрамі. Гэтага пытаньня я не хацеў вырашаць да Кангрэсу. Апрача таго, маю намер выступіць з праектам пэўнай рэканструкцыі Рады з такім разлікам, каб у Радзе мець прадстаўніцтва з кожнай паасобнай акругі. Гэтыя сябры стала знаходзіліся-б у сваёй акрузе і склікаліся-б на перыядычныя сходы для абмяркоўваньня больш важных праблемаў народнага жыцьця ды цясьнейшай сувязі акругі з цэнтрам.

На колькі праца, праробленая Беларускай Цэнтральнай Радай, а таксама яе агульная палітыка была дастатковай і правільнай - рашайце самі, я толькі тут павінен сьцьвердзіць, што свой абавязак перад Бацькаўшчынай і беларускім народам Беларуская Цэнтральная Рада споўніла чэсна ў меру сваіх сілаў і вонкавых магчымасьцяў.

На гэтым я, як Прэзыдэнт, і Беларуская Цэнтральная Рада свае паўнамоцтвы складаем перад Кангрэсам. Далейшы лёс Бацькаўшчыны ў Вашых руках і ў руках самаго народу: або наш народ застанецца ў гэту адказную хвіліну пасыўным і перастане існаваць як нацыя, або ён здолее скансалідаваць ўсе свае сілы супроць ворага і пераможа, займаючы пачэсны пасад сярод вольных народаў Эўропы. (Бурныя воплескі і клічы: «Няхай жыве Вольная і Незалежная Беларусь!»)

Прэзыдэнт БЦР скончыў сваю прамову а гадз. 9,18. Прэзыдэнт Кангрэсу абвесьціў дыскусію над справаздачай Прэзыдэнта БЦР. Голас атрымаў Э.Ясюк.

 

Дыскусія над справаздачай прэзыдэнта БЦР

 

а) прамова гасп. Э.Ясюка

Паважаныя Грамадзяне!

Мы толькі што з Вамі праслухалі справаздачу Прэзыдэнта нашае Цэнтральнае Рады аб яе дзейнасці. Рада створана, параўнаўча, ня так даўно - прайшло ўсяго паўгода ад пачатку яе стварэньня, - аднак і за гэты кароткі час Рада прарабіла даволі многа. Самаю важнаю галінаю працы Рады і самым вялікім яе дасягненьнем зьяўляецца, бязумоўна, стварэньне Краёвае Абароны. Краёвая Абарона зьяўляецца нашым нацыянальным войскам, а трэба адзначыць, што свайго нацыянальнага войска мы пры бальшавіцкай уладзе ня мелі. Войска - гэта нацыянальная сіла, на якую абапіраецца народ, і вось бальшавікі прыкідваліся прыяцелямі нашага народу, але гэта толькі было на словах. На справе-ж бальшавікі не давалі нашаму народу ніякай магчымасьці стварыць сваю нацыянальную ўзброеную сілу. Пры бальшавікох нават бальшавіцкая міліцыя і тая была не беларуская. У бальшавіцкай міліцыі камандны склад на дзевяноста працэнтаў быў не беларускі; усе каманды і справаздачнасьць вяліся не ў беларускай мове. А калі возьмем Чырвоную армію, дык там аб беларускай арміі і слухаць не хацелі. Яшчэ ў 1924-27 гадох бальшавікі гаварылі аб нейкай тэрытарыяльнай сыстэме, а пачынаючы з 1930 г., ніякіх гутарак аб тэрытарыяльнай сыстэме ўжо ня было. Пры наборы рэкрутаў у Чырвоную армію, нашую моладзь адпраўлялі з нашае бацькаўшчыны далёка ў Сыбір і на Ўрал. Там нашу моладзь русыфікавалі, там ёй убівалі ў галаву варожасьць, нялюбасьць да роднай мовы, да свайго краю і, дзякуючы гэтаму, нашая моладзь адпадала ад свайго краю і ад свайго народу.

Гэта гаворыць аб тым, што бальшавікі хацелі зьнішчыць наш народ і таму яны не давалі яму магчымасьці стварыць сваю армію. Бальшавікоў цікавіла міжнародная рэвалюцыя і, зразумела, што ім было не да Беларусі.

І калі мы зараз бачым, што Цэнтральная Рада адразу ўзялася за арганізацыю свае народнае беларускае арміі, на якую наш народ можа ў гэты гістарычны час абаперціся, дык гэта выклікае ў нас вялікую радасьць і здавальненьне. Такая дзейнасьць Цэнтральнае Рады адказвае інтарэсам нашага народу і таму я ўважаю, што Цэнтральная Рада зьяўляецца запраўды беларускаю народнаю ўладаю. (Воплескі).

Будзем разглядаць дзейнасьць Рады далей: кінем свой позірк на галіну асьветы. Калі прыняць пад увагу, што зараз вайсковы час, і ў галіне асьветы зроблена ня мала: ёсьць адна вышэйшая навучальная ўстанова, ёсьць цэлы шэраг сярэдніх і прафэсійных школаў.

Паважаныя дэлегаты! Канчаючы сваю прамову, я хачу і ад свайго імя і ад імя насельніцтва свайго раёну, у чым, як я думаю, і Вы са мною будзеце згодны, пажадаць Радзе і надалей посьпеху ў ейнай працы.

Няхай жыве Рада!

Няхай жыве Беларусь! (Воплескі).

 

Пасьля гаспадара Ясюка бярэ слова гаспадар Дзямідаў.

 

б) прамова палкоўніка М.Дзямідава

Паважаныя Дэлегаты!

Ня прыходзіцца гаварыць аб тым, што Цэнтральная Рада зьяўляецца вельмі паважнаю арганізацыяй у гісторыі нашага народу. Зьяўленьне Цэнтральнае Рады, як палітычна-арганізацыйнае сілы, адразу станоўча адбілася на ўсіх галінах нашага жыцьця. Я зьяўляюся настаўнікам і мушу тут сьцьвердзіць, што для жыцьця нашае школы Радаю зроблена ўжо вельмі многа. Самым важным і каштоўным мерапрыемствам Рады ў галіне школьнага жыцьця зьяўляецца тое, што школы будуць запраўды народныя, беларускія.

Пры ўсіх ранейшых уладах, якія былі ў Беларусі, мы ня мелі нацыянальных школаў. Я настаўнікам ужо больш 40 гадоў і скажу Вам, што ў ваўсіх ранейшых школах у Беларусі рабілася даволі дрэнная справа: у школах дзяцей вучылі чытаць і пісаць, зразумела, не па беларуску, але адначасова з гэтым у школах нашым дзецям убівалі ў галаву ня любасьць да свайго краю, а наадварот, нашую моладзь варожа настройвалі да свайго краю і да ўсяго беларускага. У гэтай галіне асабліва многа шкоднага зрабілі бальшавікі. Яны сваю русыфікатарскую і бальшавіцкую раскладальную працу прыкрывалі рознымі лёзунгамі аб міжнароднай рэвалюцыі і гэтым зацямнялі галовы маладым беларусам, адрывалі іх увагу ад патрэбаў нашага краю і нашага народу. Калі ў нас ёсьць выдатныя пісьменьнікі і выдатныя вучоныя, дык яны вучыліся або за граніцаю або выхоўваліся ў розных падпольных арганізацыях. Усё выдатнае, усё інтэлігэнтнае ў нашым народзе, усё паставілася супроць бальшавікоў, бо бальшавіцкая лінія ў галіне асьветы самая шкодная. Я ня буду спыняцца на розных дробязях бальшавіцкіх праграмаў, яны вельмі часта зьмяняліся, але ў адным яны былі заўсёды сталыя - гэта ў варожасьці да Беларусі і беларускага народу.

Зусім нешта іншае мы маем цяпер. Як толькі ўтварылася нашая Цэнтральная Рада, яна зараз-жа адмяніла латыніцу, яна пачала будаваць нацыянальны фундамант у нашых школах. Нашыя школы адразу набылі нацыянальны колер. Зараз у нас школы выхоўваюць ня ворагаў беларускага народу, а шчырых патрыётаў, якія гатовы аддаць усё жыцьцё за дабрабыт свайго краю і свайго народу. (Воплескі).

Такое магчымасьці і такога ўраду мы раней ня мелі. Мы зараз стаім на здаровым грунце. Трэба трымацца гэтага грунту і ўмацоўваць яго. Цэнтральная Рада праводзіць правільную лінію і мы павінны ўсімі сродкамі падтрымаць Раду.

У нас, зразумела, ёсьць і недахопы.

Асноўным недахопам зьяўляецца разбурэньне, якое зроблена вайною, толькі-ж у гэтым Цэнтральная Рада не вінаватая. У гэтым вінаватыя бальшавікі; яны нішчылі наш край на працягу доўгіх гадоў, яны і прывялі наш край да таго разбурэньня, якое мы зараз перажываем. Цэнтральная Рада ставіць сваёй мэтаю адбудову Беларусі, яна вядзе наш край да вольнага жыцьця. Яна ставіць сваёй мэтай вызваліць беларускі народ ад тых ланцугоў, якімі скавалі яго бальшавікі, а дзеля гэтага я прапаную выказаць давер Радзе і пажадаць лепшай творчай працы.

Няхай жыве Цэнтральная Рада!

Няхай жыве Беларусь! (Воплескі).

 

Заключнае слова ў дыскусіі бярэ прэзыдэнт Кангрэсу гасп. Кіпель.

 

в) прамова прэзыдэнта Кангрэсу гасп. Я.Кіпеля

Паважаныя Сябры Кангрэсу!

Ужо выказаліся два дэлегаты. Кожны з гэтых дэлегатаў імкнуўся давесьці мэтазгоднасьць існаваньня нашае Цэнтральнае Рады. Мяркуючы па тых воплесках, якімі адказвае Кангрэс на прапанову прамоўцаў аб падтрыманьні Рады, я ўважаю, што сярод дэлегатаў Кангрэсу пераважная большасьць людзей за тое, каб нашая Цэнтральная Рада існавала і далей, як Беларускі Нацыянальны Ўрад. З боку паасобных прадстаўнікоў Кангрэсу могуць быць закіды, што Цэнтральная Рада многа чаго не зрабіла, што яна яшчэ не пашырыла свайго ўплыву на ўсе галіны народнага жыцьця. Такія закіды могуць быць. Але, калі ўзяць пад увагу, што мы жывём у часе вайны, што ўся ўвага зварочваецца на вайну, а таксама, калі ўзяць пад увагу і тое, што Рада існуе ня так даўно, дык ня прыдзецца надта многа ўпікаць Раду. Памойму прыдзецца тады, усё-ж такі, больш хваліць яе. (Воплескі).

У галіне асьветы Рада зрабіла вельмі многа і прымае ўсе захады, каб зрабіць яшчэ больш, і калі часамі выходзіць ня так, як хацелася-б, дык вінавата гэтаму вайна і сталінскія банды. У галіне асьветы мы стаім далёка не на апошнім месцы ў параўнаньні з суседнімі народамі, ахопленымі вайною.

У галіне аховы здароўя ў нас таксама справа стаіць ня блага. У галіне паляпшэньня быту рабочага дасягнута многае - выдадзены закон аб забясьпечаньні на выпадак інваліднасьці і беспрацоўя. Робяцца захады аб урэгуляваньні зарплаты. Асноўным для нас на даным этапе зьяўляецца тое, каб бандытызм перастаў руйнаваць наш край. Гаспадар Прэзыдэнт гэта сабе належна ўсьведаміў і пачаў будаваць узброеную сілу. Гаспадара Прэзыдэнта Астроўскага ведае ўвесь край; лічу, што цяпер ня час займацца крытыкай, але час падтрымаць БЦР усім, хто любіць свой край. Гаспадар Прэзыдэнт сказаў, што доля Беларусі ў нашых руках. Я ўважаю, што гаспадара Прэзыдэнта трэба прасіць каб і надалей заставаўся Прэзыдэнтам. (Бурныя воплескі).

 

Апрабата дзейнасьці БЦР і выбары прэзыдэнта БЦР

 

Прэзыдэнт Кангрэсу аб'яўляе, што ў прэзыдыюм паступіла прапанова наступнага зьместу:

«Другі Ўсебеларускі Кангрэс сьцьвярджае, што з гэтага мамэнту Беларуская Цэнтральная Рада з Прэзыдэнтам Радаславам Астроўскім на чале зьяўляецца адзіным правамочным прадстаўніцтвам беларускага народу». (Бурныя воплескі).

Прэзыдэнт Кангрэсу ставіць гэтую прапанову на галасаваньне:

- Хто за гутую прапанову? Прашу падняць мандаты (Усе дэлегаты ўстаюць і падымаюць мандаты).

- Прашу апусьціць. Хто супроць?

- Супроць няма!

- Хто ўстрымаўся ад галасаваньня?

- Такіх няма!

- Прапанова прынята аднагалосна! (Доўгатрываючыя воплескі).

У гэты час дэлегат з Вільні Др. Франук Грышкевіч выгаласіў з месца: «Няхай жыве сучасны Прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады і будучы дажывотны Прэзыдэнт Беларускай Народнай Рэспублікі - праф. Радаслаў Астроўскі!» (Дэлегаты адказваюць бурнаю авацыяй).

Цяпер пераходзім да наступнага пункту павесткі дня.

Выбары мандатнай камісіі і камісіі па апрацоўцы рэзалюцыяў

Прэзыдэнт Кангрэсу просіць падаваць кандыдатаў у мандатную камісію. Тры паданыя кандыдаты ў мандатную камісію адназгодна абраны: гасп. Сабалеўскі, праф. Жарскі і гасп. Дзямідовіч-Дзямідэцкі.

У камісію па выпрацоўцы рэзалюцыяў абраны:

а) Тулейка ад Баранавіч;

б) Случанін ад Слуцка;

в) Арсеньнева ад Менску;

г) Гінтаўт ад Глыбокага;

д) Орса ад Наваградка;

е) Арэхва ад Менску;

ж) Езавітаў ад беларусаў у Лацьвіі.

Па абраньні камісіяў Прэзыдэнт Кангрэсу агалошвае заяву аб прыняцьці прывітаньняў ад розных арганізацыяў. Кангрэс згаджаецца заслухаць прывітаньні. Прэзыдэнт Кангрэсу адчытвае надасланае пісьмо генеральнага Камісара генерала фон Готбэрга.

 

Прывітаньні

 

а) Прывітальнае пісьмо генеральнага камісара ген. фон Готбэрга і адказ на яго прэзыдэнта БЦР

«Другому Ўсебеларускаму Кангрэсу, на рукі прэзыдэнта БЦР прафэсара Р.Астроўскага.

Вітаю гэтым 2-гі Ўсебеларускі Кангрэс і веру, што беларускі народ рашуча, супольна з народам нямецкім будзе змагацца супроць бальшавіцкай небясьпекі за вызваленьне Эўропы і што ён узмоцніць і аддасьць для гэтае мэты ўсе свае сілы. Тады гэтае цяжкае змаганьне дасьць перамогу, каторая і беларускаму народу прынясе шчасьлівую будучыню. Фон Готбэрг, Генеральны камісар, СС Групэнфюрэр і Генерал-Лейтэнант. Менск, 27.6.44 г.»

На прывітальнае пісьмо нямецкага генерала фон Готбэрга, прэзыдэнт БЦР прапануе выслаць наступны адказ:

«Ад імя кангрэсу шчыра дзякую за прысланае прывітаньне. Адначасна я, як прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады, складаю Вам падзяку за Вашае зразуменьне пры ўтварэньні Рады і дапамогу па скліканьню Кангрэсу.

Дасюлешняя дзейнасьць БЦР прынясла шмат карысьці беларускаму і нямецкаму народам, мабілізуючы беларускія нацыянальныя сілы для барацьбы супроць супольнага нашага ворага - бальшавізму.

Сёньня я вельмі цешуся з нагоды скліканьня Кангрэсу і глыбока перакананы, што прадстаўнікі ўсяго беларускага народу прызнаюць дзейнасьць БЦР адпаведнай ды яшчэ больш рашуча стануць па боку змагароў за вольную Эўропу, вядучы гэтае змаганьне датуль, пакуль ня будзе асягнена канчальная перамога.

Р.Астроўскі - Прэзыдэнт БЦР».

 

Тэкст пісьма аднагалосна Кангрэсам прыймаецца. Ад беларускага войска (Беларускае Краёвае Абароны) Кангрэс вітае капітан Чабатарэвіч.

 

б) Прывітаньне ад Беларускай Краёвай Абароны

Высокапаважаныя Грамадзяне, Сябры Ўсебеларускага Кангрэсу!

Ад імя ўсіх афіцэраў, падафіцэраў і стральцоў Беларускае Краёвае Абароны прыношу Вам сваё шчырае жаўнерскае прывітаньне.

Гэты дзень, калі ў прабегу апошніх трох дзясяткаў гадоў адбываецца ў сталіцы нашай Бацькаўшчыны Другі Гістарычны Кангрэс, напаўняе нас радасьцю. Сёньня ўвесь беларускі народ выяўляе праз вусны сваіх лепшых сыноў, тут у гэтай залі, сваю волю, выказвае свае нацыянальна-палітычныя правы і жаданьні.

Воля беларускага народу зьяўляецца для нас, беларускіх жаўнераў, сьвятой і нашым найвышэйшым абавязкам. Мы - там, дзе ўвесь беларускі народ, мы - там, дзе волю беларускага народу трэба ўзмоцніць са зброяй у руках, бо для нас зусім ясна, што перад намі стаіць адна толькі праблема - быць або ня быць.

Ужо амаль пяць гадоў, як ідзе жорсткае змаганьне за новую эпоху ў гісторыі чалавецтва. Кладуцца падваліны пад новы сьвет. На папелішчах і развалінах, на пралітай крыві, на касьцёх нашых бацькоў, на ахвярах бальшавіцкага тэрору і зьдзеку, на ахвярах польскага панаваньня над беларускім народам, на пралітай крыві ў змаганьні з бандытамі павінна паўстаць Вольная і Незалежная Беларусь.

Гэта наша апошняе слова!

Гэтым словам я жадаю Вам, Высокапаважаныя сябры Вялікага Кангрэсу, посьпеху ў працы для дабра нашага Беларускага Народу! (Воплескі).

 

Наступна быў прачытаны ліст ад Кэнігсбэрскага Аддзелу Беларускага Камітэту Самапомачы ў Нямеччыне з дня 22 чэрвеня 1944 г., прысланы на рукі Прэзыдэнта Р.Астроўскага для Ўсебеларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Менску.

 

в) Прывітаньне ад Кенігсбэрскага аддзелу БНС

«Мы, беларусы, працуючыя на фабрыках, варштатах і сялянскіх гаспадарках у Ўсходняй Прусіі, сябры Беларускага Камітэту Самапомачы, перасылаем сваё гарачае беларускае прывітаньне Ўсебеларускаму Нацыянальнаму Кангрэсу, з пажаданьнямі добрых вынікаў у яго працы для дабра Беларускага Народу і станоўкасьці імкненьня да вялікай мэты ў адказнасьці перад пакаленьнямі і гісторыяй.

Мы, знаходзячыся на чужыне, пільна сочым за працай над адбудовай беларускага нацыянальнага жыцьця і барацьбой за вольнасьць нашай Бацькаўшчыны. Мы ўпэўнены ў канчальную перамогу ў барацьбе.

Няхай жыве Ўсебеларускі Нацыянальны Кангрэс! Няхай жыве Прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады прафэсар Радаслаў Астроўскі! Няхай жыве вольная і незалежная Беларусь!

Сябры Беларускага Камітэту Самапомачы».

 

Пасьля быў прачытаны зварот беларускіх жаўнераў Парадкавай Службы з усходняго фронту.

 

г) Прывітаньне ад жаўнераў парадкавай Службы ўсходняга фронту

«Другому Ўсебеларускаму Кангрэсу ў Менску, вельмі паважанаму Гаспадару Прэзыдэнту Прафэсару Радаславу Астроўскаму.

Жаўнеры Парадкавай Службы - першай беларускай збройнай арганізацыі прысылаюць з усходняга фронту Другому Ўсебеларускаму Кангрэсу гарачае прывітаньне і жадаюць Яму поўнага посьпеху ў ягонай працы над адбудовай Вольнай і Незалежнай Беларусі. Прыракаем Усебеларускаму Кангрэсу поўную салідарнасьць у ягонай дзейнасьці і пастановах. Прыракаем сваю зброю ня выпусьціць з рук, пакуль не застанецца ніводнага ворага на нашай беларускай зямлі. Жыве Беларусь! 26.6.1944. Жаўнеры і афіцэры Парадкавай Службы, Усходні Фронт».

Кангрэс пастанавіў даручыць гасп. Прэзыдэнту адказаць на прысланыя прывітаньні.

 

Пасьля ад Саюзу Беларускае Моладзі выступіў Міхаіл Ганько ў суправоджаньні др. Надзеі Абрамавай і 4 юнакоў і юначак.

 

д) Прывітаньне ад Саюзу Беларускай Моладзі

Высокапаважаны гасп. Прэзыдэнт! Высокапаважаныя сябры Беларускай Цэнтральнай Рады! Вельмі шаноўныя гаспадары дэлегаты!

Вялікая радасьць і шчасьце хвалююць сяньня, у дзень адчыненьня гэтага вялікага Ўсенароднага Сходу ўсе старыя і маладыя беларускія сэрцы. Беларусь чакае, што з гэтае трыбуны будзе выяўлена вялікае імкненьне нашага народу да волі, што будзе дадзены горды адказ на бальшавіцкія рабаўніцкія пляны.

Першы наш голас пратэсту супроць чужацкага зьдзеку і прыгнёту, узьняты Першым Усебеларускім Кангрэсам, у гэтых самых гістарычных мурох у 1917 г., быў крывава задушаны дзікімі бальшавіцкімі камісарамі. Але Беларускі Народ не паддаўся і ня згінуў і, вызваліўшыся з бальшавіцкіх путаў няволі, узяўся за адбудову свае вольнае Бацькаўшчыны і абарону яе ад новых спробаў паняволеньня.

Цяпер мы, беларусы, хочам ізноў перад тварам усяго сьвету заявіць, што не жадаем насіць на сваей шыі ланцугоў няволі, што хочам жыць вольна ў сваёй роднай хаце, на сваім родным загоне.

Ад імя Кіраўнічага Штабу і юначак і юнакоў Саюзу Беларускай Моладзі горача вітаю Вас, паважаныя гаспадары дэлегаты, і ад шчырага сэрца жадаю ўдала праводзіць і закончыць гэты гістарычны Кангрэс. Няхай ён распачнець новую эпоху слаўнай гісторыі Вольнай Беларусі! Беларуская моладзь ужо актыўна ўлілася ў шэрагі працаўнікоў і змагароў за волю і будучыню Беларусі. Ейныя моцныя рукі ўзяліся за лапату і меч, якія прынясуць вольнае жыцьцё Беларусі, а сьмерць ейным ворагам. Мы, моладзь, прысягаем перед Вамі, рэпрэзэнтантамі волі Беларускага Народу, што будзем з гонарам несьці сьцяг змаганьня за народную волю, што ніколі ня зганьбім і не здрадзім нашага нацыянальнагаі ідэалу.

Няхай жыве Другі Ўсебеларускі Кангрэс! Няхай жыве Беларуская Цэнтральная Рада і наш Прэзыдэнт праф. Радаслаў Астроўскі! Няхай жыве вольная Беларусь! (Воплескі).

 

Ад работнікаў, сялян і інтэлігэнцыі вітае гаспадарыня Савёнак.

 

е) Прывітаньне ад беларускіх сялянаў, работнікаў і інтэлігэнцыі

Глыбока-паважаныя Дэлегаты 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу! Ад імя беларускага сялянства, работнікаў і інтэлігэнцыі я маю гонар прывітаць тут сяньня 2-гі Ўсебеларускі Кангрэс.

Беларускае сялянства і работнікі - гэта падваліны беларускага народу. Яны спадзяюцца ад Кангрэсу вырашэньня ўсіх спраў, якія так цесна зьвязаныя з іхным жыцьцём і працай. Беларускія сяляне і работнікі з вялікай радасьцю віталі акцыю, якая зьнесла бальшавіцкі калгасны прыгон сялянства і бессаромную эксплёатацыю работнікаў пад выглядам спаборніцтва і стаханаўшчыны. Беларускія сяляне і работнікі паказалі ўжо свой патрыятызм і сваю адданасьць беларускай справе, калі на заклік Прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады пайшлі ў Краёвую Абарону, дзе, не шкадуючы крыві і жыцьця, ахвярна змагаюцца цяпер з ворагамі беларускага народу - бандытамі, якія рабуюць і паляць нашую краіну. Беларускае сялянства верыць, што Кангрэс вырашыць найважнейшае для яго пытаньне - пытаньне собскага куска зямлі, на якім ён мог-бы спакойна працаваць і прычыніцца гэтым ня толькі да адбудовы дабрабыту свайго і свае сям'і, але і да гаспадарскага, эканамічнага ўздыму свайго краю. Гэтаксама і беларускія работнікі, аддаючы свае сілы адбудове зруйнованае вайною прамысловасьці роднага краю хацелі-б мець, нарэшце, спакойны варштат працы, які-б забясьпечыў, хай сьціплае пакуль што, існаваньне ім самым і іхным сем'ям. Беларуская-ж інтэлігэнцыя, гэтая кроў ад крыві і косьць ад косьці беларускіх сялянаў і работнікаў, нашая ахвярная інтэлігэнцыя, якая ў найгоршыя часы не апускала рук, а мужна змагалася за шчасьце Радзімы і, якая перанесла столькі маральных і фізычных пакутаў ад нашых ворагаў - палякоў і бальшавікоў, - не жадае сяньня нічога больш, як толькі свабодна працаваць на карысьць свайго народу і свае дарагое Бацькаўшчыны - Беларусі.

Беларускія сяляне, работнікі і інтэлігэнцыя гатовыя аддаць усе свае сілы і веду для таго, каб Беларусь магла ўвайсьці вольнай, незалежнай, магутнай і шчаслівай, як раўнапраўны сябра, у дружную сям'ю вольных народаў і заняць сярод іх належнае ёй месца.

2-гі Ўсебеларускі Кангрэс жыве! (Доўгія воплескі).

 

ж) Прывітаньне ад Беларускага праваслаўнага духавенства Прамова архіяпіскапа Філафея

На 2-гім Усебеларускім Кангрэсе сярод прадстаўнікоў беларускага народу, сярод дэлегатаў маюцца і праваслаўныя духоўнікі. З пасярод прысутных сьвятароў найстарэйшым на кангрэсе зьяўляюся я. Дык дазвольце мне ад імя царквы, на чале якой стаіць Мітрапаліт Панцелейман, прывітаць 2-гі Ўсебеларускі Кангрэс.

Гаспадар Прэзыдэнт, дэлегаты і госьці!

У гэтых ваенных днёх, калі кладуцца падваліны лепшае будучыні, мы, духавенства Беларускай Праваслаўнай Царквы, цешымся, што ідзе небылая ў гісторыі праца па адбудове Бацькаўшчыны. Кідаючы вокам на гісторыю Беларусі, я цешуся, што сягоньня ў такіх цяжкіх хвілінах, адбываецца 2-гі Ўсебеларускі Кангрэс, што дні прыгнёту скончыліся і можна свабодна маліцца ў царкве, хоць праца і не зусім яшчэ добра наладжана. Хачу яшчэ сказаць, што цешуся з таго, што праваслаўная царква арганізуецца; (Воплескі) у верасьні 1942 году адбыўся Ўсебеларускі Праваслаўны Сабор у Менску, які папярэдзіў і адзначыў мамэнт паўстаньня Беларускай Цэнтральнай Рады. Я вітаю БЦР на чале з прэзыдэнтам праф. Астроўскім, як найвышэйшую нашу Ўладу пакліканую для рэпрэзэнтаваньня народу ў гэты цяжкі час і хачу прыпомніць пры гэтым, каб не забываліся таго, што апрача вонкавай Краёвай Абароны ёсьць яшчэ рэлігійна-маральныя ідэалы. У сувязі з гэтым трэба падумаць і аб адбудове рэлігійна-маральнага характару народу. Калі ідзе аб змаганьне з бальшавізмам, дык трэба ведаць, што хрысьціянская культура зьяўляецца найбольшым ворагам бальшавізму. У барацьбе за лепшую долю трэба вырабіць сьветапагляд праціўны бальшавізму - сьветапагляд хрысьціянскае культуры. (Моцныя, доўгатрываючыя воплескі).

Ад імя Царквы выражаю радасьць з такой падзеі ў нашай гісторыі, як Другі Ўсебеларускі Кангрэс. Прадстаўнікі царквы моляцца ў гэты мамэнт за тых, якім цяжка цяпер жывецца, за тых, што аплакваюць цяпер сваіх сыноў і братоў. Вам, Гаспадар Прэзыдэнт, жадаю здароўя, цярпеньня і сілаў стаяць на чале беларускага праваслаўнага народу. Няхай жыве БЦР на чале з Прэзыдэнтам! (Воплескі).

 

Наступна выступіў прэсьвіцер грамады Баптыстых - Дзекуць-Малей - з наступным словам:

 

з) Прывітаньне ад Эвангэл. Хрысьціянаў-Баптыстых

Вітаю Вас, гаспадар Прэзыдэнт, дэлегаты і госьці ад імя грамады Эвангэльскіх Хрысыцянаў-Баптыстых і выражаю сваю радасьць, што сягоньня мы маем магчымасьць сабрацца ў адпаведным будынку, бо да гэтага часу мы працавалі ў падпольлі. Я ня раз прасіў Бога, каб ён памог нам узяць свабоду. Успамінаючы адыйшоўшых ад нас, загінуўшых за Беларускі Народ: праф. др. Вацлава Іваноўскага, рэдактара Ўладыслава Казлоўскага ды інш., я прапаную ўшанаваць іх памяць. Я прашу Бога дапамагчы нашаму народу знайсьці Бога, бо толькі з такой дапамогай магчыма атрымаць волю. Нас баптыстых нямнога, яшчэ за цара мы былі прасьледваныя, цяпер у Беларусі мы жывём вольна.

На заканчэньне я прашу Бога дапамагчы жыць, а можа і галаву палажыць. (Воплескі).

 

Ад каталікоў вітае Кангрэс кс. Татарыновіч.

 

і) Прывітаньне ад Рыма-каталіцкага духавенства

Паважаны гаспадар Прэзыдэнт Беларускае Цэнтральнае Рады і дэлегаты!

Паважаны гаспадар Прэзыдэнт Беларускае Цэнтральнае Рады і ад імя каталіцкіх масаў і ўсіх беларусаў бяз розніцы веравызнаньня. Сваё прыступленьне да беларускае працы каталіцкае духавенства выразіла не сягоньня. І на сягоньня і на прышласьць пацьвярджае свае супрацоўніцтва ў беларускай адраджэнскай працы.

Няхай жыве Незалежная Беларусь!

Няхай жыве Прэзыдэнт і Беларуская Цэнтральная Рада! (Моцныя воплескі).

Па сканчэньні прывітаньняў прэзыдэнт Кангрэсу прапануе зрабіць перапынак на 15 хвілінаў. Прапанова прымаецца.

 

Справаздача мандатнай камісіі

 

Пасьля перапынку, прэзыдэнт Кангрэсу прапануе заслухаць справаздачу мандатнай Камісіі. (На павестцы дня зраніцы было ўхвалена заслухаць справаздачу камісіі пасьля дакладу гасп. Шкелёнка, але, паколькі сябры камісіі сваю працу зрабілі хутка, прэзыдыюм кангрэсу пастанавіў справачдачу мандатнай камісіі праслухаць раней рэфэрату гасп. Шкелёнка. З боку кангрэсу супярэчнасьцаў ня было.)

 

Справаздача праф. Жарскага

 

Усяго мела быць на 2-гім Усебеларускім Кангрэсе дэлегатамі 1.151 асоба. Ня гледзячы на вельмі цяжкую камунікацыю, толькі зусім нязначная частка дэлегатаў не зьявілася, ці можа яшчэ зьявіцца, але са спазьненьнем.

Фактычна прысутнічае на Кангрэсе 1.039 дэлегатаў. Лічба ўдзельнікаў Кангрэсу, якія зьявіліся сваячасова паказвае, наколькі вялікая зацікаўленнасьць беларусаў да свае справы: ня гледзячы на ўсе цяжкасьці вайсковага часу 90% пакліканых дэлегатаў зьявіліся на Кангрэс у тэрмін. Трэба ўлічыць і тое, што мы ня мелі магчымасьці загадзя шырока паведаміць ўсё насельніцтва і ўсіх удзельнікаў аб даце скліканьня Кангрэсу.

Дэлегаты, якія зьехаліся на 2-гі Ўсебеларускі Кангрэс, прадстаўляюць Беларусь поўнасьцю ў яе этнаграфічных межах, што бачна з наступных паказчыкаў. Мы маем тут дэлегатаў ад акругаў:

Менск (горад) 201

Менская акруга 115

Лідзкая акруга 36

Наваградзкая акруга 62

Баранавіцкая акруга 155

Слонімская акруга 69

Ганцавіцкая акруга 20

Глыбоцкая акруга 105

Слуцкая акруга 94

Вілейская акруга 65

Берасьцейская акруга 5

Пінская акруга 6

Кобрынская акруга 5

Вільна (горад) 10

Віленшчына і Смаргонь 16

Беластоцкая акруга 17

Горадзеньская акруга 2

Магілеўская акруга 10

Бабруйская акруга 3

Смаленская акруга 3

Віцебская акруга 11

Барысаўская акруга 1

Бранская акруга 1

Чарнігаўская акруга 1

Арлоўская акруга 1

Гомельская акруга 7

Аршанская акруга 2

Разам 1023

 

Ад замежных беларускіх згуртаваньняў:

Варшава 2

Рыга 4

Ліцманштадт (Лодзь) 3

Кракаў 1

Кенігсбэрг 4

Вена 1

Бэрлін 1

Разам 16

 

Дэлегаты II Усебеларускага Кангрэсу прадстаўлены пераважна мужчынамі. З агульнага ліку 1039 асобаў: мужчын - 904, жанчын - 135. Па веку склад Кангрэсу характарызуецца:

да 22 год - 129 дэлегатаў

да 40 год - 428 дэлегатаў

да 60 год - 467 дэлегатаў

звыш 60 год - 15 дэлегатаў

Па адукацыі склад Кангрэсу характарызуецца:

з вышэйшай адукацыяй - 217 дэлегатаў

з сярэдняй адукацыяй - 496 дэлегатаў

з ніжэйшай і пачатковай - 326 дэлегатаў

Па прафэсіі склад удзельнікаў II Усебеларускага Кангрэсу налічвае:

настаўнікаў 276

земляробаў 245

работнікаў 142

службоўцаў 234

лекараў 20

інжынераў 31

юрыстаў 25

журналістаў 14

аграномаў 18

розных 34

Па веравызнаньні ўдзельнікі характарызуюцца:

праваслаўных 903

каталікоў 125

эвангелікаў 4

лютэран 1

старавераў 5

магамэтан 1

Заўвага: Дэлегаты, якія прыбылі на Кангрэс з спазьненьнем, справаздачаю не ахоплены.

Справаздачу гасп. Жарскага Кангрэс прымае да ведама.

 

Пасьля гэтага Кангрэс заслухоўвае даклад першага віцэ-прэзыдэнта БЦР гасп. Шкелёнка: «Аб прызнаньні за няважныя пастановы ўраду СССР і былое Польшчы, якія датычаць Беларусі, яе тэрыторыі і народу».

 

Рэфэрат Віцэ-Прэзыдэнта БЦР мгр. М.Шкелёнка

 

1) Расейска-Польскія дагаворы

Дэлегаты і дэлегаткі Ўсебеларускага Кангрэсу! У часе вайны, калі грымяць гарматы і льецца навакол кроў, а адзіным прадстаўніком права зьяўляецца меч, можа выдавацца справай малаважнай займацца ўмовамі і пастановамі, хоць-бы і з галіны міжнародных дачыненьняў, але якія страцілі ўжо свою актуальнасьць, значэньне і праўную сілу, дзякуючы зьменам, што прынясла вайна. Бо гэта, звычайна, ужо дакуманты, якім месца ў архіве і якія могуць быць у большай ці меншай меры цікавымі перадусім толькі для гісторыка. З нашага гледзішча гэткімі архіўнымі дакумантамі зьяўляюцца розныя польска-бальшавіцкія дагаворы, аб'ектам якіх была тэрыторыя Беларусі і яе народ. І гэта з дзьвюх прычынаў:

1. Гэткія дагаворы былі зробленыя без нашага ўдзелу, накіненыя гвалтам і ўжо бадай таму мы ня можам прызнаць ім у дачыненьні да нас праўнае сілы. Практычна, зразумела, мы змушаныя былі мець іх на ўвазе, бо выкананьне іх гарантавала сіла, але па сваей істоце яны былі разгляданыя намі заўсёды - як акты гвалту, і ніколі - як акты, у васнове якіх ляжала права.

2. З другога боку вайна зьмяла з нашых земляў стары польска-бальшавіцкі дзяржаўны лад і стварыла на яго руінах магчымасьці пабудовы новага, у якім Беларускі Народ хоча быць і будзе ўжо не аб'ектам, а суб'ектам права. (Воплескі).

Гэта пацьвярджала-б вышэй выказаную думку, што польска-бальшавіцкія дагаворы што да Беларусі могуць ужо фактычна быць прадметам зацікаўленьня толькі дасьледчыка. І мы перакананыя, што яны ніколі не набудуць у дачыненьні да Беларусі сваёй папярэдняй моцы. Але ёсьць матывы, якія змушаюць яшчэ і сяньня зьвярнуць на іх увагу беларускага палітыка і паддаць іх пад развагу нават так высокага народнага прадстаўніцтва, як Усебеларускі Кангрэс.

Якія-ж гэта матывы?

Перадусім неабходна, каб Беларускі Народ у сучасную хвіліну, калі вырашаюцца лёсы народаў, заявіў перад сьветам сваё становішча, што да тых міжнародных юрыдычных махінацыяў, якія прараблялі над ім Масква і Польшча за апошнія дзесяткі год і выказаць сваю запраўдную волю. Ведама, што ад часу Першага Ўсебеларускага Кангрэсу 1917-1918 гг. у Менску, разагнанага бальшавікамі, аж да сёньняшняга дня мы ня мелі магчымасьці склікаць такога поўнага ўсебеларускага прадстаўніцтва, якое было-б запраўдным выказьнікам волі нашага народу ў пытаньнях, якія датычылі, ці датычаць ягонай Бацькаўшчыны. А гэтых пытаньняў было ня мала. Сьвет чуў толькі сфалшаваную волю беларусаў і, ня ведаючы ўсіх ашуканчых камбінацыяў Масквы і Польшчы, мог у добрай веры думаць, што мае дачыненьне з запраўднымі жаданьнямі беларускага народу. Цяпер, калі мы атрымалі магчымасьць склікаць усенароднае беларускае прадстаўніцтва ў форме 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу, для нашай агульнай справы неабходна, каб ён выказаў сваё становішча што да бальшавіцка-польскае маны аб імкненьнях, жаданьнях і волі беларускага народу, пры ломачы якой яны хацелі прыхіліць на свой бок грамадзкую думку, каб лягчэй і цішэй праводзіць зьнішчэньне беларускага народу.

Другім важным матывам, які змушае нас заняцца справаю польска-бальшавіцкіх дагавораў, ёсьць факт, што, як бальшавіцкая Масква, так і г.зв. польскі эміграцыйны ўрад паклікаюцца перад усім сьветам на менаваныя дагаворы, як на крыніцы іхняга права да ўсяе, ці толькі да часткі Беларусі. Яны імкнуцца ізноў, супроць волі беларускага народу, загарнуць ці то ўсю Беларусь (гэтага хоча Москва), або ўтрымаць прынамся той падзел яе, які быў зроблены ў Рызе ў 1921 г. (так хочуць палякі). І бальшавікі і палякі сьведама замоўчваюць, ці робяць міну, што не заўважваюць тых ужо нязьлічаных праяваў волі нашага народу, якіх мы былі сьведкамі за гады гэтай вайны і якія над усялякую няпэўнасьць даводзяць, што беларусы маюць собскія нацыяналь-напалітычныя мэты і ніколі ня згодзяцца з паваротам таго стану рэчаў, які існаваў у нас да вайны.

Вось чаму голас так аўтарытэтнага прадстаўніцтва, як гэты 2-гі Ўсебеларускі Кангрэс, будзе мець у закранутым пытаньні вялікае значэньне. Іншая рэч, ці ён знойдзе зразуменьне; мы маем вельмі мала прыяцеляў, але ў так адказную хвіліну ён павінен быць сказаны. Неабходна раз на заўсёды выбіць з рук нашых ворагаў усе тыя аргумэнты, якімі яны і сяньня ў сваіх мэтах імкнуцца падрабіць волю і жаданьні беларускага народу.

Кіруючыся гэтымі меркаваньнямі Беларуская Цэнтральная Рада ўважала за патрэбнае паддаць пад абрады Кангрэсу справу менаваных польска-бальшавіцкіх дагавораў, аб'ектам якіх ёсьць нашая беларуская тэрыторыя і народ, і выясьніць ягонае становішча ў гэтай справе, каб з аднаго боку - адхіліць усе няяснасьці ў паглядах на гэту справу ў беларускім грамадзтве, а з другота боку - падаць сьвету голас праўнага беларускага прадстаўніцтва, каб раз на заўсёды пазбавіць нашых ворагаў магчымасьці спэкуляваць жаданьнямі і воляй беларускага народу.

 

2) Крыніцы расейска-польскіх прэтэнсіяў

Калі спыніцца над пытаньнем, з якіх крыніцаў Масква і Польшча выводзяць свое прэтэнсіі да Беларусі, дык трэба сьцьвердзіць, што ў васнове іх ляжыць не якоесь права, а звычайнае захопніцтва гэтых нашых суседзяў. Нарадзілася яно не ў вапошніх дзесятках год, а мае сваю доўгую гісторыю.

Была пара, калі гэтыя суседзі ў параўнаньні з нашым народам былі слабыя і не маглі перашкодзіць разьвіцьцю нашага народу і ў васобнасьці - будаваньню ягонай дзяржаўнасьці. І таму, калі Масква і Польшча выйшлі на шырокую гістарычную арэну, беларускі народ меў ужо сваю вялікую і моцную дзяржаву і мог весьці ня толькі памысную абарону, але і прадпрыймаць войны з мэтай задзіночаньня ўсіх беларускіх земляў у сваім гаспадарсьцьве. У гэты час дачыненьні з Масквою і Польшчаю з юрыдычнага гледзішча складаліся нармальна. Ня было мовы аб іхных «правох» на беларускія землі. А часам гэтыя суседзі самі шукалі дапамогі і знаходзіліся ў фактычнай апецы беларускага гаспадарства. З прычыны, аднак, шэрагу гістарычных памылак, не давялося нам сваечасна зразумець, што на ўсходзе і захадзе растуць заўзятыя ворагі беларускага народу і ягонае свабоды; ужо ад паловы XV ст. мы бачылі вялікія зьмены ў нашых дачыненьнях з гэтымі суседзямі, а наўперад з Масквою. Узмацаваўшыся, яны пачынаюць свой наступ на Беларусь. Маскоўскі князь Іван III ужо афіцыйна выражае свае прэтэнсіі на беларускія землі ды імкнецца ў вельмі прымітыўны спосаб іх абаснаваць. Галоўным яго аргумэнтам была супольнасьць веры ў беларусаў і маскалёў. Прэтэнсіі Масквы, якія падтрымоўваліся наступнікамі Івана і былі прычынаю доўгай і ўпорыстай барацьбы Беларусі з гэтым ворагам, якая цягнулася стагодзьдзямі. Яе імкнуцца выкарыстаць палякі, каб шляхам дагавораў, г.зв. «вуніяў», асягнуць уключэньне беларускага гаспадарства ў склад Польскае Рэчыпаспалітае. Шляхам выкрутнае сафістыкі і сьведамага перакручваньня сэнсу і зьместу гэтых дагавораў, яны хацелі вывесьці сваё права на Беларусь. У васнове, аднак, іх прэтэнсіяў ляжыць толькі захопніцтва. Вуніі не даюць ім ніякага права. Нават апошняя з іх - Люблінская з 1569 г., хоць і ўводзіла значныя зьмены ў нас і тварыла супольную Рэчпаспалітую, але не падпарадкавала Беларусі Польшчы, бо ў сваей істоце яна была дагаворам роўных з роўнымі. Дарэмна прадстаўнікі маскоўскай і польскай дзяржаўнасьці, не перабіраючы сродкамі, імкнуліся знайсьці, хоць для вока, нейкае «права» на нас. Усе іхныя меркаваньні на гэтую тэму пацьвярджалі толькі іхны імпэрыялізм. Мінуўшчына Беларусі ня можа быць для іх крыніцаю ніякага права. Наадварот, яна паказвае, што беларускі народ, нават у найцяжэйшыя хвіліны ўмеў змагацца супроць маскоўскага і польскага захопніка і бараніць свае правы да свабоднага жыцьця.

Калі, аднак, пасьля ўпадку беларускай дзяржаўнасьці ў нас наступіў перыяд нацыянальнага прыгнёту ў поўным сэнсе гэтага слова, калі ня было чутно ўжо беларускага голасу ў вабароне сваіх інтарэсаў, дужэйшыя за нас Масква і Полыпча маглі ўжо бесканкурэнцыйна даводзіць «лепшасьць» сваіх правоў на Беларусь. Польшча, што таксама, хоць і пазьней за нас, страціла сваю незалежнасьць, інтэлектуальна стаяла вышэй за расейцаў і ў дадатку знаходзіла спагад у Заходняй Эўропе і таму памысна канкуравала з Масквою. Паступова ў Заходняй Эўропе вырабіўся погляд, што Беларусь, як штось апрычонае ня існуе, што гэта толькі гэографічны назоў бліжэй неазначанай тэрыторыі, якая зьяўляецца прадметам маскоўска-польскіх спрэчак. Гэтыя спрэчкі вяліся ў тым кірунку, што Масква даводзіла «истинно русский» характар Беларусі і яе прыроды, а палякі, паклікаючыся на яе прысабечаную гісторыю і перекручваючы сэнс вуніяў, ды на кожным кроку гаворачы аб сваей быццам выкананай культурнай місіі, - цьвердзілі аб яе польскасьці. Ужо гэтая супярэчнасьць поглядаў нашых суседзяў на нацыянальна-культурную сутнасьць Беларусі, дыямэтральная розьніца паміж гэтымі поглядамі, паказвала, што ў васнове іхных прэтэнсіяў да Беларусі ляжаць выключна імпэрыялістычныя імкненьні, а не якоесь права. Але нават у гэтых спрэчках за Беларусь наглядаецца пэўны кампраміс і згода. Відавочна абое адчувалі, што бароняць не сваё, а толькі хочуць захапіць чужое. Расейцы прысвоілі з нашай гісторыі тое, што зрабілі беларусы праваслаўныя, а палякі - што зрабілі беларусы каталікі. Вычувалася, што абодвы канкурэнты гатовыя падзяліць Беларусь паводле рэлігійнага прынцыпу: праваслаўныя беларусы - гэта расейцы, беларусы каталікі - гэта палякі. Гэты падзел абасноўваўся нават некаторымі гісторыкамі з польскага і расейскага боку.

 

3) Шкоды маскоўска-польскага панаваньня

Трэба сказаць, што два вякі гэтага нацыянальнага прыгнёту прынесьлі нам вельмі шмат шкоды. І таму, калі з XIX стагодзьдзя пачалося нашае адраджэньне, спачатку культурнае, а пасьля палітычнае, дык мы былі так моцна адарваныя ад сваей мінуўшчыны, што не маглі і ня ўмелі выкарыстаць яе, як крыніцу нашых правоў да нашай зямлі і спаткаліся з так хітра сплеценай маскоўска-польскай павуцінай гэных прэтэнсіяў да Беларусі, што доўгі час не маглі адважыцца выступіць з сваім собскім палітычным абліччам, ня то што перад іншымі народамі, але і перад сваім собскім. І ня лёгка было шукаць гэтага свайго беларускага палітычнага аблічча. Шмат хістаньняў і перашкодаў павінен быў перамагчы беларускі рух, пакуль знайшоў гэты шлях. Праз нясьмелыя выказваньні жаданьня быць ня горшымі за іншых - «звацца людзьмі», праз фэдэрацыйныя плыні ў бок ці то Расеі, ці то Польшчы, беларускі нацыянальны рух вырабіў нарэшце свой собскі палітычны сьветапагляд. Гэты сьветапагляд, гэтыя доўга шуканыя ідэалы беларускага народу, выказаны ў эпохавым акце нашай гісторыі - Трэцяй Устаўнай Грамаце з 25 сакавіка 1918 году, якім Рада Беларускае Народнае Рэспублікі, як правамоцнае прадстаўніцтва Беларускага народу, парвала ўсялякія палітычныя сувязі Беларусі з Масквою і Польшчаю і абвесьціла яе незалежнасьць. Толькі ад гэтага часу мы можам гаварыць аб адраджэньні нашага беларускага «я», аб скрышталізаваньні нацыянальна-палітычных мэтаў беларускага народу.

Масква і Польшча пільна сачылі за разьвіцьцём беларускае палітычнае думкі. Сачылі, бо ведалі, што прыходзіць трэці канкурэнт, гэтым разам найнебяспячнейшы, бо - праўны гаспадар, спадкаемца сваіх нашчадкаў, легітымацыя якого ў поўным парадку.

У часе, калі гэта Думка была яшчэ сьціплай і нясьмелай, калі яшчэ блыталася ў фэдэрацыйных канцэпцыях, калі мы ня мелі яшчэ адвагі выкінуць з галавы пачуцьцё ніжэйшасьці нават пры азначэньні сваіх палітычных ідэалаў, Масква і Польшча адносіліся да нас згары, глядзелі на наш рух з дамешкай гіроніі. Аднак, калі яны пабачылі, што гэты рух хоча адзін панаваць у Беларусі, хоча бачыць у беларускім народзе адзінага праўнага гаспадара краю, адкідаючы ўсе польска-маскоўскія прэтэнсіі, адносіны Масквы і Польшчы да нас зьмяніліся на яўна варожыя.

Дэлегаткі і Дэлегаты Кангрэсу! Вы разумееце, што мы зрабілі гэты выбег у гісторыю дачыненьняў Беларусі з Масквою і Польшчаю не для таго, каб пры нагодзе заспакоіць нашую цікавасьць, як гэтыя дачыненьні складаліся ў мініўшчыне. Нашай мэтай было выясьніць, што ў васнове маскоўска-польскіх прэтэнсыяў да Беларусі ляжала заўсёды толькі захопніцтва, а не якоесь права, што спосаб якім яны па чарзе няволілі Беларусь, быў гвалт, а не якіясь дабравольныя дагаворы ці традыцыі, і напасьледак, што гісторыя не дае ніякага абаснаваньня іхным прэтэнсыям да Беларусі, аб якіх мы і сяньня так шмат чулі і чуем. І дарэмна яны паклікаюцца на яе, як на крыніцу, як на сьветку іхных правоў да Беларусі.

А калі мы сарвём з нашых суседзяў гэтую бяспраўна надзетую «гістарычную» вопратку, тады перад намі і сьветам стануць голыя звычайныя імпэрыялістыя, якія імкнуцца накінуць нам ярмо няволі таму, што гэта ляжыць у натуры кожнага захопніка.

У гэткай ролі яны выступілі ў дачыненьні да Беларусі пасьля Першага Ўсебеларускага Кангрэсу ў 1918 г., калі было пераканальна, што беларускі народ ня хоча быць аб'ектам іхных крывавых апэрацыяў і адкідае іхную няпрошаную апеку. Акупаваўшы Беларусь, бальшавіцкая Масква, ня пытаючы волі беларускага народу, прарабляе над ім розныя палітычныя экспэрымэнты, раздае ягоную тэрыторыю каму хоча, паклікае адзін за другім розныя палітычныя наватворы, якія маюць задаволіць дзяржаўныя імкненьні беларускага народу. Усе гэтыя палітычныя крокі бальшавіцкай Масквы накіраваны на адну мэту: разьдзяліць і аслабіць беларускі народ, каб як найхутчэй вычыркнуць яго з лічбы жывых народаў. Гэткім чынам яшчэ да агульна ведамага Рыскага Трактату аб падзеле Беларусі з 18.3.1921 г. бальшавікі заключылі рад дагавораў і выдалі рад пастановаў, сутнасьць якіх палягала на падзеле Беларусі.

Мы ня маем патрэбы спэцыяльна займацца ані гэтымі дагаворамі, ані пастановамі савецкага ўраду, зробленымі бяз удзелу прадстаўнікоў беларускага народу і супроць ягонай волі. Гэтыя пастановы і дагаворы былі пазьней ануляваныя або зьмененыя тым-жа бальшавіцкім урадам. Мы хочам толькі падчыркнуць іх антыбеларускі характар і тую лёгкасьць, з якой бальшавікі распараджаліся беларускай тэрыторыяй і лёсам беларускага народу. Мы хочам толькі адцеміць, што ніводзін з гэтых дакумантаў ня ішоў на спатканьне беларусам, а заўсёды быў накіраваны супроць іх.

 

4) Рыскі трактат 1921 г.

Але найвялікшым злачынствам бальшавіцкай Масквы ў дачыненьні да Беларусі, аб свабодзе якой яна так дзёрла горла, быў г.зв. Рыскі Трактат з 18.3.1921 г. аб падзеле Беларусі паміж Масквой і Польшчай.

Тут трэба адцеміць, што ў дачыненьні да Беларусі бальшавіцкая Масква заўсёды дзеіла ў згодзе з Польшчай. Каб паняволіць беларускі народ, ня даць нашаму селяніну належнай яму зямлі, а нашаму работніку - фабрыкаў, і абярнуць аднаго і другога ў вечных нявольнікаў, бальшавіцкі маскоўскі пралетар працягнуў руку польскаму пану, запрашаючы яго да супольных крывавых нарадаў аб тым, як найлепш і найхутчэй зьнішчыць беларускі народ. Гэты маскоўскі пралетар аказаўся бліжэйшым польскаму пану, чымся беднаму беларускаму селяніну і работніку толькі таму, што беларускі селянін і работнік адважыліся загаварыць аб собскай свабодзе. Сяньня ведамы ўвесь цынізм гэтых нарадаў, у выніку якіх наступіў падзел Беларусі на Заходнюю і Ўсходнюю. Так, прыкладам, прадстаўнік Польшчы Домбскі адмовіўся ад далучэньня да Польшчы Менску, які суліў яму бальшавік Іоффэ, прадстаўнік маскоўскага пралетарыяту. Адмовіўся даслоўна таму, што гэта было-б лішне вялікай «беларускай скулай» на польскім целе, інакш кажучы - палякі не спадзяваліся яе стравіць. Іоффэ згадзіўся з гэтым, ведаючы згары, што ў СССР ёсьць даволі мейсца, а ГПУ ёсьць лішне моцнай установай, каб беларускае жыхарства Менску, што ў гады рэвалюцыі так актыўна змагалася за беларускую справу, расьцярушыць і загубіць. З гэтага мы бачым усю пэрфідыю, усе тыя нікчэмныя матывы, якімі тады кіраваліся і маскоўскі пралетар і польскі пан. Абодвым ім ішло аб вышуканьне найлепшых і найпэўнейшых сродкаў для зьнішчэньня беларускага народу.

Беларускі народ пратэставаў супроць гэтага дагавору і ніколі яго не прызнаў. Усе пазьнейшыя падзеі ў Беларусі былі адным вялікім народным пратэстам супроць гэтага гвалту. Бальшавікі і палякі хутка пераканаліся, што самы падзел Беларусі, зроблены ў Рызе, яшчэ ня можа зьнішчыць беларускага народу, што патрэбны іншыя, яшчэ больш гвалтоўныя мерапрыемствы. Тады паміж Масквой і Польшчай наступае ціхае паразуменьне, што да правядзеньня гэтых мерапрыемстваў. Распачынаецца амаль што адначасна так у Ўсходняй, як і ў Заходняй Беларусі плянавае нішчэньне беларускай інтэлігэнцыі - у Польшчы пад закідам камунізму, а ў Саветах - фашызму.

Мы ня хочам праз гэта сказаць; што маскоўскі пралетар ня быў ворагам панскай Польшчы. Як расеец і захопнік ён, зразумела, быў ворагам усялякай Польшчы, калі яна ня будзе бальшавіцкай, падпарадкаванай Маскве. Але нас гэты бок справы ня цікавіць. Нам важна ведаць толькі тое, што ў дачыненьні да нас Масква і Польшча мелі тыя самыя мэты і стасавалі прыблізна тую самую тактыку нішчэньня, толькі, зразумела, у бальшавікоў яна выглядала куды жудасьней. Таму мы бачым тут такое вялізарнае спусташэньне ў радох беларускай інтэлігэнцыі, селянства і работніцтва.

 

5) Нямецка-польская вайна 1939 г.

Выбух нямецка-польскае вайны 1939 г. акрыліў беларусаў пад Польшчаю надзеямі на магчымасьць здабыцьця лепшай будучыні. Пасьля ўпадку Польшчы ў гэтай частцы Беларусі ня было ўжо ніякіх перашкодаў да дасягненьня запраўднае свабоды. Але нядоўга трывалі гэтыя надзеі. Хутка зьявіліся праз нікога няпрошаныя бальшавіцкія «вызвольнікі».

Нахабства і цынізм Масквы перайшлі ў гэтым выпадку ўсялякія межы. Падзеі 1939 г. у Заходняй Беларусі ёсьць яшчэ адным і апошнім довадам таго, што і пралетарская Масква зьяўляецца заклятым ворагам свабоды беларускага народу, ды ня толькі беларускага.

Чаго прышлі гэтыя вызвольнікі? Ад каго яны мелі вызваліць заходніх беларусаў, калі там ужо ня было польскае ўлады і наагул Польшчы? Хто іх прасіў аб гэтае вызваленьне? Рэшты польскіх паліцыянтаў уцякалі самі, дык навошта тут была патрэбна чырвоная дапамога?

Але сучасныя крамлёўскія цынікі, падобна іхным продкам Іванам ІІІ-м ды Грозным, мала з гэтым цэрамоніліся. У адозве Цімашэнкі і Молатава патрэба вызваленьня матывавалася тым, што «Польшча разьбітая, польскі ўрад уцёк і пакінуў заходніх беларусаў без апекі. Што-ж яны мелі пачаць без яе? Ім заставалася толькі роспач і плач. І таму бацька Сталін, які ўсё бачыць і ўсяго дапільнуе, міласьціва згадзіўся замяніць ім польскага апякуна». - Вось тут клясычны прыклад цынізму і нахабства «пралетарскай» Масквы, якому няма падобных; вось паказьнік і апошні доказ таго, як гэтая Масква адносіцца да свабоды беларускага народу!

Мабыць бальшавікі і самі зразумелі гэты цынізм і таму пасьпяшаліся як найхутчэй улегалізаваць гэты новы гвалт над беларускім народам. Таму яны безадкладна прыступілі да выбараў у г.зв. Народнае Сабраньне Заходняй Беларусі, якому згары вызначылі мэты: далучыць гэту частку Беларусі да Савецкай Беларусі, а праз гэта ўключыць яе ў склад СССР. Далучэньня да Савецкай Беларусі бальшавікі не баяліся. Там уся ўлада была ў савецка-расейскіх руках і беларусы, калі і былі там, то ня мелі ніякага ўплыву.

Як адбываліся гэтыя выбары, гаварыць ня варта. Яны былі аднолькавыя як і ў ваўсім Савецкім Саюзе. Фактычна выбараў ніякіх ня было; кандыдаты былі накіненыя акупацыйнай бальшавіцкай уладай і жыхарству нічога іншага не заставалася, як толькі іх прыняць. А калі-б нават яно іх і не прыняло, дык і гэта ня мела-б ніякага значэньня, бо бальшавікі і гэтакія выбары на кожным кроку фалшавалі, дасылаючы да урны столькі галасоў, колькі ім было патрэбна. Скліканае такім чынам Народнае Сабраньне Заходняй Беларусі ня мела ніякай легальнасьці і ўжо таму не магло прадстаўляць жыхарства, выражаць ягоную волю. На гэтай аснове ягоная пастанова, аб уключэньні Заходняй Беларусі, праз далучэньне да БССР, ня мае ніякай праўнай моцы. Гэта быў новы акт гвалту камуністычнае Масквы над беларускім народам. Зроблены ён быў адзіна з мэтай апраўдаць хоць фармальна тыя жудасныя мерапрыемствы: высылкі, арышты, расстрэлы, калектывізацыю і г.д. у дачыненьні да беларускага народу, якія ў Усходняй Беларусі праводзіліся ўжо звыш дваццацёх гадоў.

Я ня буду гаварыць аб тых наступствах, якія мелі для нас бальшавіцка-польскія дагаворы ў форме нішчэньня беларускае гаспадаркі і культуры беларускага народу. Аб гэтым ужо ведама, асабліва пасьля таго, як нямецкая армія адчыніла дзьверы ў г.зв. «савецкі рай», ды гэта выходзіла-б паза рамы гэтага рэфэрату. Нам ішло перадусім аб выказаньне, што ўсе менаваныя дагаворы, як зробленыя бяз згоды беларускага народу, накіненыя яму прымусова і накіраваныя супроць элемэнтарных яго інтарэсаў, былі заўсёды разгляданыя як акты гвалту. Ніколі беларускі народ не прызнаваў іх за права.

 

6) Наш адказ бальшавіцкай Маскве

І вось цяпер, калі мы ўступілі ў новую пару адбудовы нашай нацыі, гэтыя ворагі хочуць ізноў накінуць нам зьненавіджаныя трактаты і пастановы, каб гэткім парадкам урэглямантаваць тое нявольніцкае жыцьцё, а фактычна - павольнае кананьне, якое яны нам нясуць. Бальшавіцкая Масква на ўсё горла крычыць, што Беларусь - гэта неадлучная частка вялікай сатрапіі, званай СССР, і на доказ гэтага паклікаецца на свае пастановы і дагаворы, выдаючы іх, зразумела, як акты волі беларускага народу. На гэтай аснове яна называе сябе «праўным гаспадаром» беларускай зямлі і ўжо вызначае катаў - Панамарэнкаў, якія будуць распраўляцца з нашым народам. Але гэта ня выдумка - Масква так сябе і называе «праўным гаспадаром» Беларусі. Мы ведаем, што цынізм і нахабства бальшавіцкае Масквы ня ведае межаў, але ўсё-ж хацелі-б у яе спытацца:

Ці ня той гэта «праўны гаспадар», які «дзеля дабра беларускага народу» загадаў сваім савецка-камуністычным бандытам разагнаць 1-шы Ўсебеларускі Кангрэс 1917 г. і зьнішчыць беларускую незалежнасьць?

Ці гэта той самы «праўны гаспадар», які ў 1921 г. у Рызе, супольна з польскімі панамі, дзеля «дабра» таго-ж беларускага народу парэзаў цела сялянска-работніцкае Беларусі ды гандляваў яе тэрыторыяй як хацеў і з кім хацеў?

Ці гэта ня той самы «праўны гаспадар», які ізноў-жа «дзеля дабра беларускага народу» закатаваў 1.800.000 найлепшых беларускіх сялянаў і работнікаў, зьнішчыў дзесяткі тысячаў беларускае інтэлігэнцыі, разбурыў беларускую гаспадарку, давёў край і народ да поўнай руіны і галечы?

Ці гэта той самы гаспадар, які разбурыў найкаштоўнейшыя помнікі нашай культуры, нашы цэрквы і касьцёлы, атручваў душы нашых дзяцей савецка-бальшавіцкай сатанінскай маральлю, ізноў-жа «дзеля дабра беларускага народу?»

Ці гэта той самы гаспадар, які пакрыў увесь беларускі край засьценкамі НКВД, у падзямельлі якіх дзень і ноч чуліся стогны ды лілася кроў, які зьнішчыў радасьць і сьмех, пасеяў тугу, плач і адчай у народзе?

Ці не яго гэта парабкі напоўнілі ўжо нашыя лясы, нішчуць дабро нашых сялянаў, паляць іхнія дамы ды школы, няволяць ды адразаюць грудзі, выколваюць вочы нашым маткам і сёстрам?

Ці гэта не яго пралетарскія парабкі па стаханаўску спаборнічаюць у лясох з іншымі панскімі парабкамі, што робяць тое самае?

Вы, маскоўскія каты нашага народу, адкажэце: хто і калі вас прасіў быць праўнымі гаспадарамі Беларусі, дзе вашая легітымацыя на гэта?

Хто і калі даў вам права выступаць ад імя беларускага народу перад сьветам - вам, ягоным забойцам?

Усяго вашага цынізму, якога вам пэўна ня трэба ні ад каго пазычаць, ня хопіць каб адказаць на гэтыя пытаньні.

А тады адкажэце: у імя чаго вы пхаеце вашыя горды на Беларусь, у якой вы разьлілі мора сьлёзаў і крыві і якая вас даўно пракляла? Якія клічы, якое новае права вы напісалі на чырвоных анучах, якія вы называеце вашымі сьцягамі?

Кажаце нічога новага і страшнага, усё толькі старое: тыя самыя дагаворы і пастановы. Так, старое ёсьць напэўна, але ёсьць і новае і вам яго не ўдасца схаваць.

Вы ненавідзіце беларускую культуру, вы ненавідзіце беларускі народ за тое, што ён змагаецца за сваю свабоду, што ён скасаваў вашыя парадкі, ваш калгасны прыгон, ня хоча бачыць ні вас, ні вашага НКВД, ні вашых саветаў і таму вы напісалі: «Сьмерць беларускаму народу!»

Вас агортвае крывавы шал ад злосьці, калі вы бачыце рады беларускай моладзі, што ўзгадоўваецца ў беларускім нацыянальным духу, у любові да свайго краю і народу і таму вы крывавай рукой пішаце: «Сьмерць беларускай моладзі!»

Вы ненавідзіце беларускую культуру, вы думалі, што зьнішчылі яе канчальна, тымчасам яна жыве і квітнее і таму вы злобна шыпіце: «Сьмерць беларускай культуры!»

Вы ненавідзіце наагул усё беларускае, для Беларусі ў вас ёсьць толькі адно: вашае бальшавіцкае права, імя якому - смерць.

Мы гэта ведаем. Але хочам, каб і вы ведалі наш адказ. Ён кароткі: «Сьмерць бальшавіцкай Маскве!» (Бурныя воплескі).

Якія-б цяжкія падзеі нам не прышлося перажыць, мы ведаем адно, што ўсё зло плыве ад вас, маскоўскі савета-бальшавізм, і таму будзем змагацца супроць вас, супольна з усімі эўрапэйскімі народамі, аж да поўнага зьнішчэньня вашага бальшавіцкага логава.

Дэлегаты і Дэлегаткі! Я думаю, што сярод нас ня знойдзецца такіх, што баранілі-б ці падтрымоўвалі тыя «праўныя» ланцугі, тыя дагаворы і пастановы нашых ворагаў, якімі яны хацелі ўзаконіць нашую няволю.

Мы адкідаем іх раз і назаўсёды!

Адначасна мы ніколі не прызнаем таго, што самазванна ад нашага імя асьветчывае, ці робіць сяньня за мяжою Масква, або польскі эміграцыйны ўрад. Мы адмаўляем ім права дзеяць ад імя беларускага народу!

Мы верым, што гэтая вайна кончыцца перемогаю сьветлых сілаў над чорнымі і за гэта наш народ змагаецца побач іншых эўрапэйскіх народаў. Мы цьвёрда верым таксама, што на руінах старога праўнага парадку, які прынёс народам Эўропы, а перадусім нашаму беларускаму столькі зла, будзе збудаваны новы міжнародны парадак, у якім нашая бацькаўшчына будзе ўжо не аб'ектам, а суб'ектам. (Доўгатрываючыя воплескі).

 

Дыскусія над рэфэратам Віцэ-Прэзыдэнта М.Шкелёнка

 

а) прамова генерала К.Езавітава

Па сканчэньні рэфэрату М.Шкелёнка а гадз. 11,20 у дыскусіі выступіў генерал Канстанцін Езавітаў з Рыгі.

Паважаны Гаспадар Прэзыдэнт і Гаспадары Дэлегаты! 25 гадоў таму я прамаўляў з гэтага месца на Першым Усебеларускім Кангрэсе. Успамінаючы тыя мінулыя часы я павінен сканстатаваць, як за гэтыя 25 гадоў узьнялася нацыянальная сьведамасьць і выкрышталізаваліся імкненьні Беларускай Нацыі, як зьмянілася ўся маса беларускага народу. 25 гадоў таму назад большасьць дэлегатаў на Першы Ўсебеларускі Кангрэс прамаўляла па расейску, - сягоньня ўсе бяз вынятку прамаўляюць па беларуску. Ужо тады была выказана воля нашага народу быць палітычным, эканамічным і культурным гаспадаром у краі і нішто не магло без пратэсту зламаць гэтай волі. У Рызе, дзе быў заключаны Рыскі Трактат, урад Беларускай Народнай Рэспублікі пратэставаў супроць яго; ня было году, каб не ўзьнімаўся пратэст.

У сучасны мамэнт ужо цалком выкрышталізавалася адзіная думка ўсіх беларусаў, што Беларусь павінна быць вольнай незалежнай дзяржавай і ніякія раней заключаныя і новыя дагаворы ня зломяць волі народу.

Мы настолькі ўзрасьлі, што можам сказаць: далоў з усімі дагаворамі! Мы будзем жыць як вольны непадзельны народ. (Воплескі).

 

Пасьля К.Езавітава слова па дакладу ўзяў др. Язэп Малецкі, намесьнік БЦР на Вялейскую Акругу.

 

б) прамова Д-ра Язэпа Малецкага

Паважаныя Гаспадары Дэлегаты Кангрэсу! Мы заслухалі рэфэрат выступаўшага рэфэрэнта. Ён правільна падкрэсьліў, што Масква была заўсёды ворагам Беларусі. Ня толькі зараз шкодзіць нам Масква, яна шкодзіла нам заўсёды, на працягу ўсей гісторыі. У мінуўшыя стагодзьдзі Масква перашкаджала нашаму росту і нашаму культурнаму разьвіцьцю. Апрача гэтага, калі яна захапіла Беларусь, адразу-ж пачала нішчыць усе нашыя каштоўнасьці. Ніколі маскоўскі ўрад ня быў прыяцелем Беларусі. Таксама ня была прыяцелем Беларусі і Польшча. Гэтыя варожыя нам дзяржавы падзялілі нашую зямлю дваццаць гадоў таму назад. І зараз палякі лічуць, што гэты трактат быў справядлівы і ўсё тое, што яны атрымалі па гэтаму трактату, павінна належаць ім.

Беларускі народ, вуснамі сваіх сыноў няраз пратэставаў супроць гэтага трактату і зараз мы не павінны моўчкі прайсьці паўз яго, бо гэты трактат хоць і адыйшоў у гісторыю, але ўсё-ж ён мае некаторае значаньне для нас.

Мы, прадстаўнікі народу, павінны рашуча асудзіць гэты трактат, як цалком варожы нашаму народу. Гэты трактат зараз згінуў, няхай-жа разом з ім назаўсёды згіне Польшча і Масква.

Няхай жыве наша Бацькаўшчына - вольная Беларусь! (Гучныя воплескі).

 

Пасьля прамовы гасп. Малецкага прэзыдэнт Кангрэсу гасп. Кіпель абвяшчае перапынак на абед да гадз. 13 мін. 40.

 

Б. Другое паседжаньне

 

Другое паседжаньне 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу пачалося а гадз. 14,05.

А гадз. 14,10 на трыбуну ўзышоў сябра БЦР Аўген Калубовіч з рэфэратам на тему: «Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквою і аб уневажненьні маскоўскага голасу ў беларускіх справах».

 

Рэфэрат сябры БЦР гасп. Аўгена Калубовіча

 

1. Адказнасьць мамэнту

Паважаныя Гаспадары Дэлегаты Кангрэсу!

Наш беларускі народ, як у перыяд першай усесьветнай вайны і расейскіх рэвалюцыяў 1917 г., цяпер ізноў перажывае адказны мамэнт у сваім жыцьці, мамэнт, калі на вагу гісторыі зноў кінены лёс усіх народаў сьвету, у тым ліку і лёс нашага народу. Якраз цяпер гісторыя паставіла перад намі найпаважнейшыя пытаньні нашага жыцьця, на якія вымагае безадкладнага адказу. Таму цяпер ад нас саміх залежыць у вялікшай меры вырашэньне нашага лёсу.

Як і ў 1917 годзе мы ізноў сабраліся на Ўсебеларускі Кангрэс. Волею лёсу мы ізноў маем магчымасьць, аглянуўшыся на пройдзеную дарогу, разважаць аб нашым сяньня і выбраць дарогу ў заўтра. Толькі ўлічыўшы гісторыю мінулага, можна найбольш правільна вырашыць аб будучыні, пазьбягаючы няўдачаў і памылак мінулага. Наш Кангрэс, які паводле колькасьці прысутных на ім дэлегатаў і паводля тэрыторыяльнага на ім прадстаўніцтва, амаль з усяе этнаграфічнае Беларусі, і паводле прысутных тут прадстаўнікоў ад усіх сацыяльных, прафэсійных і ўзроставых групаў, аб чым сьцьвердзіла справаздача Мандатнай Камісіі, ёсьць поўнапраўным і найвышэйшым прадстаўніцтвам беларускага народу. На ім у вялікшай меры будзе ляжаць адказнасьць за лёс нашай бацькаўшчыны Беларусі і беларускага народу. Гэта змушае нас з поўнай адказнасьцю перад сваей гісторыяй разважаць і пастанаўляць.

Кожнаму з нас зразумела, што для таго, каб паставіць тут пытаньне аб канчальным разрыве з Масквою і аб уневажненьні маскоўскага голасу ў беларускіх справах, мы абавязаныя перадусім аглянуцца назад на перажытае нашым народам у СССР, ацаніць гэты адрэзак часу гісторыі, высьветліць, што прынясла маскоўска-бальшавіцкая ўлада нашай бацькаўшчыне і ці ёсьць нам патрэба і надалей жадаць савецкай улады і быць зьвязанымі з Савецкім Саюзам.

Выконваючы наказ 1-га Ўсебеларускага Кангрэсу 1917 г. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі 25-га сакавіка 1918 году 3-й Устаўнай Граматай абвесьціла Беларусь незалежнай Народнай Рэспублікай і стварыла нацыянальны беларускі ўрад. Гэтым гістарычным актам Беларусь была вызвалена ад маскоўскага ярма, парваўшы з ёю ўсялякія дзяржаўныя сувязі. Беларуская Народная Рэспубліка сталася пачаткам вольнай беларускай дзяржавы, да якой, як да свайго найдаражэйшага ідэалу, так доўга імкнуліся беларусы.

Але злы лёс ня судзіў ёй тады шчасьця: недзе на ўсходзе ад яе зьбіраліся чорныя хмары. І калі ў ходзе савецка-нямецкай вайны бальшавікам зноў удаецца заняць 9 сьнежня 1918 г. Менск, дзяржаўнасьці і незалежнасьці Беларусі быў усаджаны нож. Рада і ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі, яшчэ не абапёртыя на собскай збройнай сіле, якую ня здолелі як сьлед арганізаваць, змушаны былі ісьці на эміграцыю, каб хоць стуль працягваць абарону інтарэсаў свайго народу, дзе яны дзеілі аж да 1925 г.

Гэта ўжо каторы раз у гісторыі нашага нацыянальнага змаганьня вялікадзяржаўная Масква, пераапраненая на гэты час у чырвоную вопратку бальшавізму, пазбавіла беларускі народ права на вольнае жыцьцё. Але гэтым яна не забіла ў нашым народзе сьвятых ідэалаў 25 сакавіка, у чым і сама была перакананая. А таму, каб заспакоіць беларуйаў, яна змушана была абвесьціць 1-га студзеня 1919 г. г.зв. Беларускую Савецкую Рэспубліку, ды гвалтоўна далучыць яе да Савецкай Расеі.

Пазьнейшыя падзеі ў Беларусі пацьвердзілі бальшавікам незадаваленьне беларускага народу накіненай яму новай маскоўскай пятлёй. Гэтак Случчына, зразумеўшы хітры манэўр бальшавіцкай Масквы, узьнялася ў 1920 г. на паўстаньне. На сваім зьезьдзе 14 лістапада 1920 г. яна заявіла, што «...вітае Найвышэйшую Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і... катэгарычна пратэстуе супроць заняцьця нашай бацькаўшчыны чужацкімі і самазванымі савецкімі ўладамі...» І калі ўсё-ж, не зважаючы на гэта, бальшавіцкія акупанты ў канцы лістапада 1920 г. пачалі пасоўвацца на Случчыну, адважныя случчакі, верныя сваей пастанове, хапіліся за зброю. У валасьцёх і вёсках паўсталі Беларускія Нацыянальныя Камітэты, якія арганізоўвалі самаабарону. Хутка з паўстанцаў арганізавалася цэлая дывізыя, якая 27 лістапада 1920 г. пайшла ў крывавы бой за вольную Беларусь, супроць маскоўска-бальшавіцкай няволі. Але случчакі, не падтрыманыя зброяй усяго беларускага народу, не змаглі абараніць Беларусь ад бальшавікоў і ў ходзе баёў змушаныя былі пераступіць польскую мяжу, дзе былі палякамі інтэрнаваныя. Частка-ж іх не злажыла зброі, пайшла ў лясы і аж да 1929 году змагалася з бальшавікамі.

Такім чынам Савецкая Беларусь паўстала ў выніку маскоўскае акупацыі нашага краю і гвалтоўнага далучэньня яе да Савецкага Саюзу. Як тая парабчанка бальшавіцкае Масквы, яна была ўтвораная на касьцёх і крыві зруйнаванае бальшавікамі незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

 

2. БССР - маскоўская фікцыя дзяржаўнасьці

Бальшавіцкая Масква, якая замест зьліквідаванай ёю ў 1918 г. беларускай дзяржаўнасьці і незалежнасьці, падсунула беларусам свой новы твор - БССР, думала, што беларусы будуць уважаць яго за сваю запраўдную дзяржаўнасьць і гэтым задаволяцца. Але наш народ, жывучы ў БССР, цэлы час, адчуваў, што Беларусь у складзе Савецкага Саюзу ёсьць толькі замаскаваная фікцыя бутафорнай дзяржаўнасьці і пры тым далёка не беларускай, а маскоўскай.

А што яна ёсьць фікцыя, гэта ня цяжка давесьці, бо нават сама ейная дзяржаўная структура, мэтады і спосабы адміністрацыйнага кіраваньня, ды варожая Беларусі і беларускаму народу палітыка выразна аб гэтым сьветчаць.

Праўда, гэтая структура і мэтады кіраваньня ня былі праз цэлы час аднолькавыя, яны ў залежнасьці ад палітыкі і мамэнту мяняліся, але сутнасьці сваёй ніколі ня гублялі. Таму я дазваляю сабе гаварыць аб ёй, паводле апошняе канстытуцыі СССР і БССР, тым больш, што Масква распрапагандавала яе ў цэлым сьвеце, як найбольш дэмакратычную.

Паводле канстытуцыі СССР і БССР з 1936 году Беларусь менавалася Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай, якая быццам дабраахвотна аб'ядналася з іншымі раўнапраўнымі савецкімі сацыялістычнымі рэспублікамі ў Савецкі Саюз. Паводле тае-ж канстытуцыі, яна быццам ажыцьцяўляла дзяржаўную ўладу самастойна, захоўваючы свае поўныя сувэрэнныя правы (арт. 13) аж да права свабоднага выхаду з СССР (арт. 15).

А як-жа было ў запраўднасьці?

Для таго, каб адказаць на гэта і зразумець усю тую супярэчнасьць паміж дэ-юрэ і дэ-факто дзяржаўнай практыкі БССР, трэба разабрацца ў тым, што такое СССР з нацыянальнага гледзішча. А з нацыянальнага гледзішча СССР - гэта хітра замаскаваная, збальшавізаваная і зсаветызаваная былая Расейская Імпэрыя, якая, для таго, каб існаваць і не разваліцца, павінна быць моцна сцэнтралізаванай краінай з аўтарытарнай формай кіраваньня. Бальшавікі зразумелі, што толькі крайняя дзяржаўная цэнтралізацыя ў палучэньні з прынцыпам аўтарытарства магла затрымаць распад шматнацыянальнай краіны, у якой усе народы, апрача расейскага, аж ад самага пачатку заваяваньня іх расейцамі, перажывалі ня толькі сацыянальны, але і нацыянальны прыгнёт. Выходзячы з гэтага, найвышэйшыя кіраўнікі СССР змушаныя былі ў скрытай і перахварбаванай пад чырвоны колер форме, захаваць гэтыя аснаўныя прынцыпы і традыцыі дзяржаўнага кіраваньня былой Расейскай Імпэрыі. А дзеля гэтага ўсялякія іх размовы аб спадумнай раўнапраўнасьці, поўнай сувэрэннасьці і самастойнай дзяржаўнай уладзе ў Беларусі, як і ў іншых савецкіх сацыялістычных рэспубліках, зьяўляюцца скрозь фальшывымі.

Нават не ўдаючыся ў падрабязны агляд гэтай справы, можна заўважыць, што ўжо савецкая канстытуцыя цьвердзіць аб адваротным.

Якая-ж можа быць самастойная дзяржаўная палітыка БССР і на што маглі апірацца яе, быццам сувэрэнныя правы, калі:

1) Усе прынцыповыя кіраўнічыя пастановы былі ў руках Масквы, калі законадаўчую волю і дзейнасьць Вярхоўнага Савету БССР і яе прэзыдыюму накіроўвае Вярхоўны Савет СССР і ягоны прэзыдыюм; калі распарадчую і выканаўчую дзейнасьць беларускага ўраду накіроўваў агульнасаюзны маскоўскі ўрад. З гэтага погляду нават некаторыя артыкулы канстытуцыі БССР самі за сябе сьветчаць. Так, арт. 17 цьвердзіць: «Законы СССР абавязваюць на тэрыторыі БССР»; арт. 14 - «Савет Народных Камісараў БССР выдае пастановы і распараджэньні на аснове і ў выкананьне дзеючых законаў СССР»; арт. 90 - «Пракурор БССР і абласныя пракуроры прызначаюцца пракурорам СССР» і г.д.

2) У БССР ня было так важных з дзяржаўнага пункту гледжаньня наркаматаў, як: абароны, замежных спраў, замежнага гандлю, шляхоў зносін, сувязі (пошта, тэлеграф, радыё), авіяцыйнай прамысловасьці, боепрыпасаў, узбраеньня і г.д.

3) У БССР такія важныя наркаматы, як: зямляробства, фінансаў, гандлю, унутраных справаў, дзяржаўнай бясьпекі, юстыцыі, лёгкай прамысловасьці ды інш. былі наркаматамі саюзна-рэспубліканскімі, г.зн., што іхняя дзейнасьць была не самастойная, а выключна выканаўчая. У іхныя функцыі ўваходзіла толькі акуратна выконваць загады Масквы - Рады Народных Камісараў СССР і адпаведных Народных Камісараў СССР. Толькі наркаматы асьветы, мясцовай прамысловасьці, камунальнай гаспадаркі, сацыяльнага забясьпечаньня, аўтамабільнага транспарту і кіраўніцтва ў справах мастацтваў уважалісь, паводле канстытуцыі БССР, быццам зусім самастойнымі і незалежнымі ад Масквы, што на самой справе было далёка не так.

Не зважаючы на тое, што арт. 43 канстытуцыі БССР сьцьвярджае права і абавязак ураду БССР складаць народна-гаспадарчы плян і дзяржаўны бюджэт на Беларусь, на самай справе яны спачатку выпрацоўваліся ў Маскве, у Радзе Народных Камісараў СССР, Дзяржплянам і Наркомфінам СССР, затым прыймаліся сэсіяй Вярхоўнай Рады СССР, а ўжо пасля гэтага Вярхоўная Рада саюзных рэспублікаў ды іхныя ўрады разьмяшчалі вызначаныя для іх у Маскве бюджэты і пляны народна-гаспадарчай дзейнасьці ў сваіх акругах і раёнах. Аб несамастойнасьці фінансавай палітыкі БССР і ягонага Наркамфіну сьветчыць хоць-бы ўжо той, сьмеху варты, факт, што ўрад БССР ня меў нават права павысіць заработную плату якой-небудзь групе работнікаў ці інтэлігэнцыі.

Такія выснавы, што да самастойнасьці, незалежнасыц і суверэннасьці БССР можна было-б зрабіць і з самой савецкай канстытуцыі. Але бальшавікі, у дадатак да ўсяго гэтага, выявілі сябе, як катэгорыю людзей, для якіх наагул законы ня пісаныя. І таму яны іх наагул ня бралі на ўвагу і, калі ім гэта было патрэбна, парушалі.

Гісторыя маскоўскага кіраваньня ў Беларусі ведае шмат выпадкаў бесцарамоннага парушэньня канстытуцыі. Так, арт. 122 канстытуцыі БССР і арт. 146 канстытуцыі СССР гаворыць: «Зьмена канстытуцыі БССР ці СССР робіцца толькі на аснове пастановы Вярхоўнай Рады БССР і СССР, прынятае большасьцю ня менш 2/3 галасоў Вярхоўнае Рады. З гэтага здавалася-б вынікала, што ня толькі Рада Народных Камісараў, але нават і прэзыдыюм Вярхоўнай Рады ня маюць юрыдычных правоў выдаваць указы, якія супярэчаць артыкулам канстытуцыі. Аднак, у 1940 г. зусім нечакана нават для савецкай, ужо звыклай да бальшавіцкіх мэтадаў кіраваньня, грамадзкасьці, Рада Народных Камісараў СССР выдае пастанову аб платнасьці навучаньня ў сярэдніх і вышэйшых школах і - адмене дзяржаўнай стыпэндыі, дарма, што ў арт. 96 канстытуцыі СССР зусім ясна напісана: «Грамадзяне БССР (ці СССР) маюць права на асьвету. Гэта права забясьпечваецца... бясплатнасьцю навучаньня, уключаючы і вышэйшую асьвету, сыстэмаю дзяржаўных стыпэндыяў, пераважнай большасьці навучаючыхся ў вышэйшай школе...»

Да гэтага патрэбна яшчэ дадаць, што Масква наагул справу дзяржаўнага кіраваньня вяла зусім інакшымі, чым гэта паказана ў канстытуцыі, установамі, ворганамі і мэтадамі. Можна з пэўнасьцю сьцьвярджаць, што ўся гэта вялізная дзяржаўная машына ад самага верху і да нізу была пазбаўлена самастойных функцыяў і самадзеяльнасьці; у дзяржаўна-палітычнай дзейнасьці яна толькі пасыўна выконывала ўсе загады бальшавіцкіх партыйных ворганаў: на самой справе ёй былі нададзеныя толькі функцыі выкананьня бальшавіцкай партыйнай палітыкі ў ваўсіх бяз вынятку пытаньнях і галінах дзяржаўнай дзейнасьці.

Праз якія-ж ворганы бальшавіцкая партыя ажыцьцяўляла дзяржаўнае кіраўніцтва ў Беларусі ды якімі мэтадамі?

Усе прынцыповыя і найбольш важныя пытаньні вырашаліся ў Палітбюро ЦК ВКП(б). Як гэта ня дзіўна, але нават партыйны зьезд ня мог зьмяніць палітыкі Палітбюро, якое ў сваей дзейнасьці цьвёрда апіралася на зброю войска ГПУ-НКВД і міліцыю. Палітбюро ЦК ВКП(б), у склад якога апроч чыста партыйных чыноўнікаў, уваходзілі і кіраўнікі вярхоўных ворганаў савецкага дзяржаўнага апарату, накіроўвала дзейнасьць і ЦК ВКП(б) і ЦК КП(б) усіх саюзных, у тым ліку і Беларускай Рэспублікі, і вярхоўныя ворганы законадаўчай і выканаўчай улады СССР. ЦК КП(б) Беларусі, атрымаўшы партыйныя загады ад Палітбюро ЦК ВКП(б) ужо далей накіроўвала дзейнасьць абласных партыйных камітэтаў БССР і вышэйшых, так зв. заканадаўчых і выканаўчых органаў дзяржаўнага апарату БССР. Ажыцьцяўляць гэта ім было ня цяжка, бо ў склад ЦК КП(б) Беларусі ўваходзілі і сакратары абласных камітэтаў партыі і старшыня Вярхоўнай Рады БССР і старшыня ягонага прэзыдыюму і старшыня Рады Народных Камісараў, ды пераважная большасьць народных камісараў і старшыняў прэзыдыюмаў абласных выканаўчых камітэтаў. Урэшце, на чале кожнай установы і прадпрыемства стаяў абавязкава сябра партыі, які на сваім становішчы выконваў партыйныя загады, ажыцьцяўляючы партыйную палітыку. Вось чаму з мэтаю забясьпечаньня маскоўска-бальшавіцкага панаваньня ў БССР ўсе ўстановы і прадпрыемствы Беларусі, ад вышэйшых дзяржаўных органаў, аж да сяла і паасобныя ўстановы (дзяржаўныя, прафэсійныя, навуковыя, гаспадарчыя, судовыя і г.д.) і прадпрыемствы былі абсаджаны сябрамі бальшавіцкай партыі.

Усе бяз вынятку прынцыповыя кіраўнічыя пытаньні і пытаньні кіраўнічых кадраў кіраўнікамі ўстановаў абавязкава ўзгадняліся ў адпаведным партыйным камітэце. З гэтай мэтаю ў ЦК КП(б)Б было нават некалькі сакратароў і загадчыкаў аддзелаў, якія кіравалі асобнымі галінамі дзяржаўнай дзейнасьці. Бальшавікі нават не сароміліся ўсе найвышэйшыя пастановы дзяржаўнага кіраўніцтва друкаваць за двума подпісамі: сакратар ЦК КП(б) і старшыня СНК, або сакратар ЦК КП(б) і старшыня прэзыдыюму абласнога выканаўчага камітэту і г.д. Пастановы-ж Палітбюро ЦК ВКП(б), ЦК КП(б)Б, партыйных зьездаў ды іншых партыйных органаў заўсёды ўважаліся за праграмавыя ды абавязваючыя дзяржаўна-адміністрацыйныя ворганы ды ўстановы.

Для ажыцьцяўленьня сваёй кіраўніча-партыйнай волі і лініі ў ваўсіх галінах дзяржаўнай дзейнасьці (палітычнай, гаспадарчай, прафэсійнай, асьветнай і г.д.) партыйныя ворганы апіраліся на створаны імі вельмі шырака апарат ГПУ-НКВД і спэцаддзелы пры ўстановах. НКВД СССР праз свае рэспубліканскія, абласныя і г.п. аддзелы праводзіў кантроль за дзейнасьцю ўсіх дзяржаўных органаў, установаў і прадпрыемстваў ды - іхнымі працаўнікамі. Перад органамі НКВД дрыжэлі і старшыня Вярхоўнай Рады БССР і старшыня гэтак зв. беларускага ўраду і народныя камісары, ня кажучы ўжо аб кіраўнікох трэстаў і больш дробных установаў. Праз органы НКВД бальшавікі сыстэмаю арыштаў маглі замяніць і замянялі няпрыдатных для іх кіраўнікоў і супрацоўнікаў дзяржаўных органаў. Такім чынам сама дзяржаўная структура БССР, а тым больш фактычны стан рэчаў у дзяржаўным кіраваньні ею, сьветчаць аб адсутнасьці якой колечы незалежнасьці і суверэннасьці БССР.

 

3. Беларусь - калёнія Масквы

Аб гэтым-жа сьведчыць і палітыка бальшавіцкай Масквы ў адносінах да Беларусі. Гэтая палітыка ніколі ня была накіравана на дабро беларускага народу, бо на Беларусь Масква глядзела толькі як на аб'ект эксплёатацыі, як на ўнутраную калёнію.

Тут наперад я мушу напомніць дэлегатам аб тым, як Масква, далучыўшы да сябе Беларусь, ніяк не магла адразу вызначыць ейныя межы і аж некалькі разоў сваім крывавым бальшавіцкім нажом рэзала, кроіла ды перакройвала ейнае жывое цела. Гэтак 1-га студзеня 1919 году, калі была абвешчана Савецкая Беларусь, яна мела абыймаць амаль усе этнаграфічныя беларускія землі. Праз два-ж месяцы, калі Масква пастанавіла прасоўвацца далей на захад, яна, відаць прызнала за нявыгаднае мець такі вялікі, хоць і савецкі, але ня пэўны беларускі твор, і 27-га лютага 1919 году, скасаваўшы сваю ранейшую пастанову, стварыла меншую Беларуска-Літоўскую Савецкую Рэспубліку ўжо ў меншых межах былых: Менскай, Віцебскай, Горадзенскай і Ковенскай губэрняў. Пазьней-жа ў часе савецка-польскай вайны, калі ей удалося ачысьціць ад палякоў Менск і пасоўваючыся на Вільню і Варшаву, яна сустрэла з боку літоўцаў супраціў, дык 20-га ліпеня 1920 году яна падпісала з імі ўмову, паводле якой вялікая частка беларускіх земляў - Ашмяншчыну, частку Наваградчыны, Лідчыны, Маладэчаншчыны і горад Вільню прызнала Ліцьве. 1-га жніўня 1920 году Масква зноў абвесьціла, што творыць самастойную Беларускую Савецкую Рэспубліку, але ўжо ў межах толькі шасьцёх паветаў былое Менскае губэрні, з насельніцтвам у 1.200.000 чалавек. Годзячыся ў 1921 годзе з палякамі, яны не дапусьцілі на мірную канфэрэнцыю ў Рыгу прадстаўнікоў БССР і бяз згоды беларусаў падзялілі 18-га сакавіка 1921 году з палякамі Беларусь. Пры гэтым тэрыторыя ў 100 тыс. кв. кілёмэтраў з жыхарствам у 4 міліёны людзей была аддадзена на ласку Польшчы. Частка-ж беларускіх этнаграфічных земляў з беларускім жыхарствам лучыла ў межы Літоўскай рэспублікі. У 1924 годзе з увагі на рост незадавальненьня ў беларускім народзе маскоўска-бальшавіцкай палітыкай у Беларусі і - на дамаганьні Віцебскага і Гомельскага зьездаў саветаў, бальшавікі далучылі да БССР частку Віцебскае, Магілеўскае і Смаленскае губэрняў. У 1926 годзе яна зноў далучае да БССР Гомельскі і Рэчыцкі паветы. Аднак, па-за межамі БССР засталіся яшчэ большая частка Смаленшчыны, Навазыбкаў, Старадуб, Мглін. паўночная частка Віцебшчыны ды іншыя часткі ўсходняе Беларусі. Ужо з гэтага відаць, як Масква зусім не даражыла інтарэсамі Беларусі ды ў залежнасьці ад сваей выгады і палітычнай кан'юнктуры, ня лічучыся нават з голасам самых беларусаў, бяз канца зьмяняла межы БССР. Калі-б БССР была ня фікцыяй беларускай дзяржавы, дык ці-ж магла-б Масква так безцарамонна распараджацца ейнай тэрыторыяй? Дзе ў цэлай гісторыі хоць-бы аднае дзяржавы сьвету можна знайсьці падобны прыклад?

 

4. Бальшавіцкія абяцанкі, а рэальнасьць

Што-ж абяцала беларусам Масква ў першыя гады пасьля далучэньня Беларусі да Савецкага Саюзу?

Паводле сваіх першапачаткавых лёзунгаў і дэклярацыяў Беларусі і беларускаму народу абяцаліся ўсе магчымасьці эканамічнага і культурнага развіцьця. Яна абяцала: сялянам - зямлю, работнікам - фабрыкі, усім грамадзянам - свабоду пераконаньняў, слова, друку, веравызнаньня, недатыкальнасці асобы, дармовую навуку ў школах і г.д. Гэтымі ружовымі абяцанкамі, пацьверджанымі нават канстытуцыяй, яна ашукала наш народ. На супрацоўніцтва з бальшавікамі мусіла пайсьці і нашая перадавая інтэлігэнцыя, якой не заставалася нічога лепшага рабіць, як скарыцца перад новымі ўмовамі, ды выкарыстоўваючы легальныя магчымасьці хоць што-колечы рабіць у кірунку гаспадарчай адбудовы свайго краю і разьвіцьця нацыянальнай беларускай культуры, мастацтва і навукі. Тым больш, што ў першыя гады свайго панаваньня ў Беларусі бальшавікі абяцалі ім неабмежаныя на тое магчымасьці. Шмат чаго імі было зроблена, асабліва ў перыяд г.зв. НЭПу.

Але ці была ў гэтым якая заслуга бальшавікоў? Не. Эканамічны і культурны ўздым Беларусі ў перыяд НЭПу забавязаны быў: па першае - пасьляваеннаму перыяду, калі любая ўлада мусіць у працягу колькіх гадоў аднаўляць разбураную вайной гаспадарку і стабілізаваць дзяржаўнае жыцьцё; па другое - самаахвярнай працай для свайго народу і краю тых беларускіх патрыётаў, якія на адміністрацыйных, ці культурна-навуковых становішчах стараліся дзеіць у гэтым кірунку. НЭП-жа ня быў мэтаю бальшавікоў, а толькі часовым тактычным манэўрам і ўступкаю народу, пазьлічанай, як цьвердзілі самі бальшавікі, на тое каб выграць час, поўнасьцю ўмацаваць сваю ўладу, а ўжо потым прыступіць да арганізаваньня сваей партыйнай улады.

Гэтак і было. Пасьля кароткага перыяду НЭПу, асабліва ад 1928-29 году Масква стромка паварачвае сваю нацыянальную палітыку ў бок выразнага руйнаваньня нашай бацькаўшчыны ды спыненьня ўсялякае нацыянальна-культурнае працы.

Наўперад яна пачала здымаць з адказных адміністрацыйных становішчаў нацыянальных беларускіх дзеячоў і замяняць іх не беларусамі ды сваімі пасланцамі. Гэтак на ейны загад быў зьняты са становішча старшыні ўраду БССР 1927 г. выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч Язэп Адамовіч, які праз увесь час НЭПу часта супроцьставіўся Маскве ды ейнай варожай палітыцы ў дачыненьні да Беларусі і беларускага народу. За тым-жа ў 1929 г. са становішча камісара асьветы БССР быў звольнены А.Баліцкі, са становішча камісара земляробства - З.Прышчэпаў, са становішча сакратара Беларускай Акадэміі Навук - ведамы беларускі дзеяч, акадэмік В.Ластоўскі, за ім - заснавальнік Інстытуту Беларускай Культуры і віцэпрэзыдэнт Беларускай Акадэміі Навук прафэсар С.Некрашэвіч і г.д.

 

5. Нішчэньне сялянства, работніцтва і інтэлігенцыі

Амаль адначасна на загад тэй-жа Масквы ў 1929 годзе ў БССР пачалася акцыя калектывізацыі. Ужо адбудаваныя за час НЭПу прыватныя сялянскія гаспадаркі яна пачала прымусова ліквідаваць, а сялян гвалтам заганяць у калгасы, пры тым у сялянаў адбіралася іхняя зямля, жывёла і маемасьць: для іх варочалася зноў чорная пара старога прыгону, ды ў яшчэ больш цяжкай форме. Сярод беларускага сялянства гэта варожая і неадпаведная ягонаму нутру «рэформа» выклікала моцны адпор, на што Масква адказала тэрорам. Звыш 1.500.000 беларускіх сялянаў, цэльмі сем'ямі са старымі, дзяўчатамі і дзяцьмі, былі арыштаваны, адарваныя ад родных хатаў і вывезеныя на галодную сьмерць у тайгі і тундры халоднага Сыбіру, ды гарачыя пустыні Казахстану. На ўсход і поўнач Савецкай Расеі ішлі з Беларусі вялізарнейшыя цягнікі таварных вагонаў, поўныя беларускіх сялянаў, якія з плачам разьвітываліся з родным краем і сваімі гаспадаркамі. Настала страшэннае разбурэньне і голад. На дзяржаўнае рабаваньне сваей маемасьці сяляне адказалі нішчэньнем сваіх гаспадарак. Яны палілі збожжа, рэзалі жывёлу, а часта бралі ў рукі зброю. Над краем навісла пагроза паўстаньня. Бальшавікі на гэтую пагрозу яшчэ больш узмоцнілі тэрор. Увесну і ўлетку 1930 г. пачаліся вялікія арышты сярод беларускай інтэлігэнцыі. Сярод арыштованых знайшліся: былы старшыня Беларускай Народнай Рэспублікі А.Цьвікевіч, які на прапанову самых-жа бальшавікоў вярнуўся з эміграцыі ў Беларусь, рэктар менскага беларускага ўнівэрсытэту Пічэта, былы камісар земляробства З.Прышчэпаў, шмат беларускіх вучоных, паэтаў, пісьменьнікаў і г.д. Прэзыдэнт Беларускай Акадэміі Навук прафэсар У.Ігнатоўскі, каб ня быць арыштаваны, пакончыў жыцьцё, самагубствам. Гэтак-жа хацеў пакончыць жыцьцё наш вялікі паэт Янка Купала. І дарма што ніякіх дакумантаў і довадаў для абвінавачаньня арыштаваных ня было, бальшавікі ўсё-ж засудзілі іх на савецкую катаргу і выгнаньне на чужыну, дзе бадай ужо ўсе яны і выгінулі. На гэтым арышты нацыянальных беларускіх дзеячоў ды інтэлігэнцыі не спыніліся. У 1938 г. яны арыштоўваюць усіх былых беларускіх паслоў у польскі сойм з Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады і Змаганьня, якія бальшавікамі былі хітра заманеныя на працу ў Беларусь. На чале з Рак-Міхайлоўскім, Мятлою, Гаўрылікам, Дварчаніным, Валынцам, Кахановічам ды іншымі выдатнымі беларускімі дзеячамі Заходняй Беларусі было арыштавана 196 асобаў. Такія арышты сярод беларускага народу адбываліся нясупынна аж да самага пачатку гэтай вайны. Яны пазбавілі беларускі народ дзесяткаў тысяч перадавых людзей.

Гэтак Масква мэтадам штыха і бізуна разбурыла да рэшты сялянскую гаспадарку Беларусі і на касьцёх 1.500.000 загубленых ёю беларускіх сялянаў збудавала тысячы прыгонных гаспадарак - г.зв. калгасаў. Беларускага-ж селяніна, якому яны абяцалі зямлю і волю, яны ператварылі ў поўнага свайго нявольніка.

Ня лепш выглядала справа з гарадзкой гаспадаркай ды са становішчам беларускага работніцтва. У выніку разбурэньня сельскай гаспадаркі - асновы жыцьця і дабрабыту ў нашым сялянскім краі, ды поўнага хаосу і бязгаспадарнасьці ў прамысловасьці і гандлі, у краі настаў поўны таварны голад нават на рэчы першай неабходнасьці. У такіх умовах становішча беларускага работніка, пры вельмі нізкай заработнай плаце, было ня лепшым, чым становішча селяніна. Да гэтага даходзілі яшчэ бясконцыя грашовыя пазыкі, якія пад прымусам кожны мусіў даваць дзяржаве. Дзеля-ж выкананьня фантастычных пяцігадовых плянаў падрыхтоўкі да сучаснай вайны і міжнароднай камуністычнай рэвалюцыі, бальшавікамі быў уведзены г.зв. стаханаўскі мэтад працы, паводле якога з работніка выціскаліся апошнія сілы і пот. Аб дэкляраваным у рэвалюцыю 1917 г. 8-мі гадзінным і менш працоўным дні Масква хутка забылася і яшчэ ў мірныя часы павялічыла яго да 10 гадзінаў. Дысцыпліна працы ў прадпрыемствах і ўстановах была ўстаноўлена вельмі суровая: за спазьненьне на працу работнікі ішлі пад суд і адбывалі кару ў вастрозе. Зьмена месца працы на асабістае жаданьне была забаронена і жорстка каралася законам. Такім чынам і беларускі работнік, прыкаваны ланцугамі да варштату, ператварыўся ў нявольніка. Яму знаны быў толькі голад, нястачы і турботы.

Якая-ж пасьля гэтага БССР беларуская дзяржава? Ці-ж самыя беларусы ў свай сувэрэннай дзяржаве так нішчылі-б сваю гаспадарку і народ?

 

6. Разгром беларускае культуры

Вялікую шкоду зрабіла Масква і ў галіне нацыянальнай беларускай культуры і мастацтва. Тут ейная палітыка разьлічаная на разбурэньне нашай культуры і канчальнае зрусыфікаваньне беларускага народу, апіралася на загад самога Сталіна, які на XVI зьезьдзе бальшавіцкай партыі ў 1930 г. сказаў гэтак: «трэба даць нацыянальным культурам... разгарнуцца... каб стварыць умовы для зьліцьця іх у вадну агульную культуру з аднэй агульнай мовай». (І.Сталін - «Марксізм і національно-колоніяльный вопрос», Партіздат ЦК ВКП(б), 1937 г. стар.195). Толькі гэтым і можна вытлумачыць, што, асабліва з 1929-30 г. бальшавікі пачалі найбольш інтэнсыўна разгортывацца на нацыянальную беларускую культуру і мастацтва. Гэтак у 1933 г. спэцыяльнаю пастановаю ўраду БССР быў зрэфармаваны беларускі правапіс. Мэта гэтае рэформы - схіліць разьвіцьцё нашай мовы ў бок набліжэньня яе да мовы расейскае.

Яшчэ больш барбарскімі мэтадамі на загад Масквы нішчылася наша беларуская літаратура і мастацтва. Разагнаўшы літаратурныя згуртаваньні: «Маладняк», «Узвышша» і «Полымя», бальшавікі пачалі арышты лешпых беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў. Гэтак імі былі арыштованыя, расстраляныя, ці замучаныя ў турмах, або вывезеныя з Беларусі на выгнаньне ў далёкі Сыбір каля 90 нашых паэтаў і пісьменьнікаў. Сярод іх былі такія выдатныя прадстаўнікі нашай літаратуры, як У.Дубоўка, Я.Пушча, М.Зарэцкі, Ц.Дудар, У.Жылка, М.Гарэцкі, Б.Кляшторны, М.Чарот і інш.

Амаль адначасна з арыштамі паэтаў і пісьменьнікаў былі спыненыя ад далейшага выдаваньня літаратурна-мастацкія часапісы: «Маладняк», «Узвышша» і інш., а кнігі арыштаваных і тых, што чакалі толькі на сваю чаргу, былі забароненыя да чытаньня і масава нішчыліся. На загад Галоўліту яны выбіраліся з бібліятэкаў і спальваліся. У нашыя рукі трапіў г.зв. «Зводны кантрольны сьпіс выданьняў ДВБ, якія сьпісаны ў макулятуру». Сьпіс гэты ўложаны «Сэктарам кніггандлю дзяржаўнага выдавецтва Беларусі» і выдадзены ў 1935 г. друкарскім спосабам. Паводле спэцыяльнага зазначэньня на вокладцы, ягонага абмяжаванага тыражу (толькі 500 экз.) і загаду дырэктара кнігасэктару Шакінко, ён зьяўляўся сакрэтным дакументам, які бальшавікі пры сваіх пасьпешных уцёках з Менску не пасьпелі зьнішыць. У ёй на 125 старонках друкаванага тэксту пералічана 1.778 назоваў кнігаў і часапісаў, агульным тыражом кругла ў 12.000.000 экз., якія падлягалі безадкладнаму зьнішчэньню. У нашыя рукі трапіла і яшчэ пяць гэткіх сьпіскаў, датаваных ужо 1936 г. Сярод іх ёсьць «Сьпіс із'ятых сьпіскаў па із'яцьцю літаратуры для звароту Галоўліту». У ім пералічана аж 26 друкаваных кніг са сьпіскамі зьнішчанае бальшавікамі, пераважна беларускае мастацкае і навуковае літаратуры. Па гэтым бальшавікі загадалі рэшце беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў, каб яны, прадаючы за нізкі ганарар і танную славу сваё сумленьне, душу і талент, услаўлялі бальшавіцкі рай і ягоных багоў. Гэтак разгортываліся бальшавікі і ў галіне беларускага малярства. Арыштаваўшы наўперад беларускіх масткоў: Э.Гадлеўскага, Ю.Чарняўскага, П.Даркевіча, Г.Змудзінскага ды інш., украўшы найдаражэйшы скарб нашага беларускага мастацтва і рэлігіі - крыж сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, выкінуўшы ў падвал Менскага Гістарычнага Музэю бюст клясыка беларускай паэзыі М.Багдановіча і г.д. - яны загадалі беларускім маляром і скульптарам маляваць і ляпіць партрэты і бюсты бальшавіцкіх правадыроў, ды выяўляць у сваіх новых творах «шчаслівае і заможнае калгаснае жыцьцё», ды «цёплыя праменьні сонца сталінскай канстытуцыі».

На гэтую-ж сьцежку яны штурхалі і нашу беларускую музыку і тэатр. Замучыўшы да сьмерці ў скляпеньнях ГПУ-НКВД найвыдатнейшага беларускага кампазытара, аўтара нашага нацыянальнага беларускага гымну, У.Тэраўскага, арыштаваўшы заслужаных актораў беларускіх тэатраў: У.Галубка, Згіроўскага, Жыдовіча ды інш., забараніўшы найлепшы беларускі музычны рэпэртуар («На Купальле», «Кастусь Каліноўскі») яны наваднілі саюз беларускіх кампазытараў і нашыя тэатры бяздарнымі іншай нацыянальнасьці, плягіятарамі, ды пачалі прапагандаваць расейшчыну і бальшавізм.

З мэтаю дэнацыяналізацыі нашага народу бальшавікі забаранілі яму абходзіць свае самабытныя абрады і звычаі, сьпяваць свае прыгожыя народныя песьні, насіць сваю беларускую нацыянальную вопратку ды сьвяткаваць народныя сьвяты - Каляды, Вялікдзень, Купальле ды інш.

Такую-ж шкоду рабілі бальшавікі і ў справе разьвіцьця беларускай навукі і асьветы. Яны разагналі добра разбудаваную за часоў НЭПу краяведную арганізацыю пры Беларускай Акадэміі Навук, забаранілі да выданьня ейны часапіс «Наш Край», арыштавалі амаль усіх выдатнейшых беларускіх вучоных, прафэсароў і акадэмікаў: Эпімах-Шыпілу, Доўнар-Запольскага, А.Смоліча, Г.Гарэцкага, Круталевіча, Дыдырку, І.Замоціна, Пятуховіча ды інш., агулам больш 50 асобаў, арыштавалі дзесяткі тысячаў найбольш сьведамых і мысьлячых беларускіх настаўнікаў, аграномаў, інжынераў, лекараў, юрыстых і студэнтаў, зьнішчыўшы іх у скляпеньнях ГПУ-НКВД і выслаўшы на пэўную сьмерць з Беларусі на поўнач Расеі. Заместа іх Беларускую Акадэмію Навук і вышэйшыя школы напаўнялі не беларусамі і камуністымі, пераважна без ніякіх навуковых ведаў і ступеняў. Нават самы шыльд «Беларуская Акадэмія Навук» быў адгэтуль заменены на «Акадэмія Навук БССР», падобна, як і «Беларускае Дзяржаўнае Выдавецтва» - на «Дзяржаўнае Выдавецтва пры СНК БССР». У школах, дзе выкладаньне было пераведзенае на расейскую мову, калі ня лічыць беларускай мовы і літаратуры, былі забароненыя да вывучаньня гісторыя і гэографія Беларусі, скарочаныя праграмы беларускай мовы, затое ўсьцяж пашыралася праграма расейскай мовы і літаратуры.

 

7. Разбурэньне цэркваў і нішчэньне духавенства

Дэкляруючы ў сваіх канстытуцыях свабоду сумленьня і рэлігіі (§ 124 канстытуцыі СССР і § 99 канстытуцыі БССР) бальшавікі ў працягу колькіх гадоў пасьля НЭПу гвалтоўна зачынілі амаль усе 1.600 царкоўных прыходаў, арыштаваўшы, замарыўшы голадам, турмою ды выгнаньнем 8 епіскапаў і каля 1.400 сьвятароў.

А колькі імі было разбурана ды апаганена сьвятыняў! Колькі было зьнішчаных дарагіх для нас помнікаў беларускае гісторыі і мастацтва! Ці-ж гэта не на загад бальшавікоў камсамольцам Хайкіным быў узарваны ў 1937 г. пад Талачынам найдаражэйшы для беларускай гісторыі помнік XII стагодзьдзя «Барысаў камень»? Гэта не яны разбурылі ў 1930 г. крушні Барысаглебскага манастыра ў Полацку з фрэскамі 1222 г., а на гэтым сьвятым месцы збудавалі стайні! Гэта не яны сьцягнулі Сокараўскі крыж, з 1569 г. пад якім вечным сном адпачывалі 200 харобрых беларускіх вояў, што аддалі сваё жыцьцё за славу і незалежнасьць нашай бацькаўшчыны, скарыстаўшы яго для бруку? Гэта не на іх подлы загад віцебскі камуністы Эстрын узарваў у 1936 г. старую царкву сьв. Юрыя і Ўваскрасенска-Рынкавую царкву? Хто-ж як не яны самі прадалі ЗШПА сьвяты для беларусаў абраз Смаленскае Божаё Маці Адыгітрыі? А хто разбурыў сабор сьвятога Язэпа ў Магілеве, каб потым на яго месцы пабудаваць будынак НКВД?

Гэтак бальшавіцкая Масква разгортывалася ў нашай беларускай культуры і мастацтве, шукаючы тыя ўмовы, якія дапамаглі-б ім зьліць яе ў тую адну агульную культуру з аднэй агульнай мовай, да якой клікаў Сталін: «В этом іменно і состоіт діалектічность ленінской постановкі вопроса о національной культуре» (Сталін, там-жа).

Ці-ж ня ясна пасьля ўсяго гэтага, што БССР ёсьць толькі фікцыя беларускай дзяржаўнасьці, бо ці-ж самыя беларусы так разбуралі-бы сваю нацыянальную беларускую культуру і масава нішчылі ейных найвыдатнейшых тварцоў?

Такую-ж палітыку ў галіне гаспадаркі і культуры бальшавікі распачалі і ў акупаванай імі ў 1939 г. Заходняй Беларусі. Толькі вайна ня дала тамашнім беларусам поўнасьцю паспытаць усіх асалодаў савецкага раю.

Такім чынам, бальшавіцкая Масква, акупаваўшая ў 1919-1920 гг. Беларусь, ліквідавала ейную дзяржаўнасьць і незалежнасьць, стварыўшы фікцыю нібы новае беларускае дзяржаўнасьці - БССР, гвалтам уцягнула яе ў склад Савецкага Саюзу, а потым прыкладам і штыхом, вагнём і дынамітам, на касьцёх нашага народу і руінах беларускай гаспадаркі ды культуры, пракладала свой савецкі сацыялізм.

26 год маскоўска-бальшавіцкае палітыкі ў дачыненьні да Беларусі поўнасьцю нас пераканалі ў тым, што бальшавіцкія дэмагогі ды ашуканцы ашукалі наш народ, адабраўшы ад яго ўсё чыста з таго, што раней яму паабяцалі і яшчэ больш. Таму цяпер, нават больш раней, мы пераканаліся ў тым, што савецкая ўлада для нас - сьмерць. Сьмерць духовая і фізычная. У гэтым яшчэ больш пераконывае нас Масква сваей сёньнешняй палітыкай бандытызму, правакацыі і тэррору, скіраванага супроць нашага народу тут - у нас, і там - па той бок фронту ў ізноў акупаваных ёю беларускіх землях. У гэтым канчальна пераконываюць нас нядаўна раскрытыя пляны Масквы поўнага фізычнага вынішчэньня нашага народу, да чаго яны ўжо і прыступілі ў Смаленшчыне, Браншчыне ды ўсходніх частках Віцебшчыны і Магілеўшчыны.

 

8. Вывады і прапановы

Ці-ж можам мы пасьля ўсяго гэтага чакаць ад іх ласкі? Не, ня можам. Ня можам і ня хочам! Мы горды і волялюбны народ. Нас не зламалі стагодзьдзі ліхалецьцяў. Мы ператрывалі ўсякі прымус і паняверку. Мы ўжо даўно прысягнулі на волю і шчасьце. Прага да волі - наш сьцяг, і мы ня маем права яму здрадзіць!

Таму, бяручы гэта на ўвагу, мы змушаны ставіць тут пытаньне аб канчальным разрыве з бальшавіцкаю Масквою і аб уневажненьні маскоўскага голасу ў беларускіх справах. Гэтае пытаньне было вырашана на наказ 1-га Ўсебеларускага Кангрэсу Радаю Беларускай Народнай Рэспублікі ў векапомным акце 25 сакавіка. Яго фактычна разьвязала ў 1941 г. нямецкая зброя. Але наш народ яшчэ дагэтуль не сказаў свайго апошняга слова. Гэта і павінен зрабіць Кангрэс. Кангрэс павінен прызнаць, што створаная Масквою бутафорная беларуская дзяржаўнасьць - БССР, ёсьць ад пачатку і да канца дрэнна замаскаванай фікцыяй, нават і цяпер з ейнымі новымі камісарыятамі замежных і вайсковых справаў.

Калі-б мы прызналі БССР за сваю запраўдную беларускую дзяржаву, багаславілі яе на дабраахвотны ўваход у склад Савецкага Саюзу, ды вызнавалі за аўтарытэтную для сябе савецкую канстытуцыю, тады-б мы на падставе арт. 15 канстытуцыі БССР, дзе сказана, што «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка пакідае за сабою права вольнага выхаду з СССР» - прынялі-б тут пастанову аб выхадзе Беларусі з Савецкага Саюзу. Але гэта мы не прызнавалі і не прызнаём. Таму з гістарычнай трыбуны гэтага і 1-га Ўсебеларускіх Кангрэсаў, адкуль відаць уся наша бацькаўшчына Беларусь і сталіцы ўсяго сьвету, я прапаную Кангрэсу заявіць урадам і народам усіх краінаў, што мы - беларусы - канчальна парываем усякія сувязі з Масквою. (Бурныя воплескі).

Адначасна мы сьцьвярджаем, што ўсякі голас Масквы ў беларускіх справах павінен уважацца імі за ня маючы ніякай праўнай сілы, а твораныя Масквою нібы беларускія ўрады - ніякіх праўных кампэтэнцыяў.

Да гэтага канчальнага разрыву з Масквою клічуць нас косьці загубленых ёю 1.800.000 найлепшых сыноў нашага народу. Да гэтага клічуць нас пралітыя ёю рэкі сьлёзаў і крыві нашага народу. Кожная кропля гэтай нявіннай крыві пякучым вагнём гарыць у нашых сэрцах і кліча да помсты. Гэтага патрабуюць ад нас нават каменьні ад разбураных бальшавікамі нашых сьвятыняў і помнікаў.

Няхай-жа памяць крывавага бальшавіцкага панаваньня ў нашым краі зарасьце чартапалохам і крапівою!

Слава вольнай Беларусі і яе гордаму і волялюбнаму народу!» (Бурныя доўгатрываючыя воплескі. Воклічы: «Сьмерць бальшавізму! Няхай жыве вольная Беларусь! Няхай жыве Беларуская Цэнтральная Рада!»).

 

Гасп. А.Калубовіч скончыў рэфэрат а гадз. 15,25.

 

Дыскусія над рэфэратам гасп. А.Калубовіча

 

Наступна выступіў А.Комар - старшыня гораду Менску.

 

а) прамова гасп. А.Комара

Вельмі паважаны Гаспадар Прэзыдэнт і Гаспадары Дэлегаты Высокага Кангрэсу!

Мы сяньня вырашаем свой лёс, бо стаіць пытаньне, які выбраць нам шлях, каб прыйсьці да шчасьлівай будучыні. Мы ўсе адчуваем тую адказнасьць, якую на сябе бярэм, бо справа ідзе аб лёсе цэлага народу і яго будучыні. Дыскутаваць тут, як нам паставіцца да савецка-бальшавіцкай Масквы, - няма чаго. Ніводнаму народу ня даўся так у знакі бальшавізм, як нам, беларусам. Бальшавікі нішчылі нашу культуру, нішчылі нашых людзей, яны імкнуліся задушыць нашу нацыянальную сьведамасьць. Але інакш і не магло быць, бо бальшавізм вядзе барацьбу з нацыяналізмам. Нацыяналісты - гэта злачынца па савецкіх законах і па іх разуменьні. Гэта вораг савецкай дзяржаўнасьці. Уся прэславутая савецкая нацыянальная палітыка зводзілася толькі да прыгожых словаў, толькі да шыльды. Нездарма ў іх праграме ёсьць пункт: «Нацыянальная па форме і сацыялістычная па зьместу». Вось гэты сацыялістычны зьмест і зводзіў на нішто ўсё тое, што мы маем і чым можам ганарыцца. Нацыянальным па шыльдзе быў савецкі беларускі ўрад, а па зьместу: Панамарэнкі, Коганы, Гайсіны, Левіны і г.д. Гэта былі ворагі да ўсякага праяўленьня нацыяналізму, да ўсякага, за выняткам аднаго... А гэта было толькі таму, што яны былі пры ўладзе.

Савецкая ўлада хацела ўбіць у нашыя голавы, што яна ўздымае нашу культуру да нябачанай раней ступені, а ў запраўднасьці мы бачылі наадварот. Яны толькі нішчылі яе. Тут было тое самае, як з лёзунгам: «Жыць стала лепш, жыць стала весялей», але галодны рабочы зьдзівіўся, даведаўшыся аб гэтым. Або: «Калгасьнікі сталі заможнымі», казалі калгасьніку, што гібеў у беспрасьветнай бядзе, але ці ведаў-бы апошні, каб яму не сказаў аб гэтым сам Сталін?

Беларусь пад Саветамі была асуджана на зьнішчэньне. Было-б дзіўным і незразумелым, каб гэта ў бліжэйшай будучыні не сталася. Няхай сьлепакі толькі вераць у перараджэньне савецкай улады, як яны вераць, што Сталін стаў патрыётам і рэлігійным, але гэта звычайнае падшываньне бальшавікоў пад людзкую дурноту. Ім вельмі лёгка зьмяняць свае прынцыпы, зьмяняць сваю скуру, як напрыклад лёгка ператварыцца з інтэрнацыяналістых у патрыётаў, з бязбожнікаў - у рэлігійных. Мэта асьвячае сродкі - вось іх дэвіз; у гэтым іх дыялектыка. І гора таму, хто падаецца на іх ману. Мы памятаем яшчэ трагэдыю з часткаю беларускіх дзеячоў, якія паверылі ім: Б.Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Мятла, Дварчанін, Валынец і інш. Што сталася з імі, дзе яны цяпер? Мы народ не злапомны, мы хутка забываемся на зробленыя ворагамі крыўды - гэта ў звычайныя часы не дае прыкрых вынікаў. Але, калі ідзе барацьба за жыцьцё народу, гэтая слабасьць нашай псыхікі адыгрывае вельмі адмоўную ролю. Але ў дапамогу нашай памяці аб савецка-бальшавіцкіх прыгодах, прыходзяць з-за фронту іх новыя дзеяньні. Вось тут у гэтым тэатры 22 чэрвеня мінулага году, яны, праз свайго пасланца падклалі міны; яны хацелі наша сьвята вызваленьня ператварыць у вялікую катастрофу. Гэта яны яшчэ могуць адважыцца казаць, што яны прыяцелі нашага народу? Тады яны хацелі скупацца ў крыві моладзі, якая зьбіралася тут на некалькі гадзінаў да таго, як раздаўся выбух. Але ўсё-ж часткова мэта іх была дасягнена - яны забілі 13 зусім непавінных жыхароў гораду і шмат дзесяткаў паранілі. У сьнежні тут, на гэтай сцэне, стаяла труна былога старшыні Беларускай Рады Даверу, старшыні нашага гораду, праф. Іваноўскага, які быў забіты гэтым зьвярром у чалавечай скуры, з-за вугла. А забойствы Маракова, Казлоўскага і Ф.Аляхновіча - гэта зрабілі яны, якія хочуць вызваліць нас, якія апякуюцца над намі, якія маюць нахабства лічыць сябе прадстаўнікамі нашага народу. Магутная нямецкая армія вызваліла нас ад савецка-бальшавіцкай няволі, а зараз яна дае нам усе магчымасьці праз барацьбу з агульным ворагам прыйсьці да вольнага жыцьця ў вольнай сям'і эўрапэйскіх народаў. Толькі гэты шлях прынясе нам шчасьлівае жыцьцё, але мы павінны здабыць яго нашымі рукамі і нашай зброяй. З бальшавізмам у нас няма нічога супольнага; мы з гэтай залі павінны заявіць на ўвесь сьвет, што бальшавікам мы не далі ніякіх паўнамоцтваў быць нашымі прадстаўнікамі. Мы іх апекі ня хочам і не хацелі. Іх Савецкая Беларусь - толькі фалшыўка на шыльдзе, а па сутнасьці - няволя для нашага народу. Мы парываем з імі назаўсёды, бо толькі без бальшавікоў Беларусь можа жыць вольнай». (Воплескі).

 

Наступна на трыбуну ўзыйшоў Анішчык-Чэмер.

 

б) прамова гасп. Анішчыка-Чэмера

Гаспадар Прэзыдэнт і Дарагія Браты! Ухваляючы розныя пастановы агульна-палітычнага характару, касуючы і так фактычна ўжо не існуючыя трактаты, Усебеларускі Кангрэс ня можа памінуць самых актуальных і самых балючых справаў. Тады, калі беларускі народ мабілізуе ўсе свае сілы на змаганьне з бальшавізмам, польскія бандыты ў Лідчыне і чарнасоценная расейшчына ў Наваградчыне ўбіваюць нож у плечы нашага народу. У Лідзкай акрузе палякі забіваюць бяскарна лепшыя сілы беларускай інтэлігэнцыі, вырэзываюць пагалоўна цэлыя беларускія вёскі; што робіцца ў Наваградчыне (Дзятлава) чарнасоценнай расейшчынай, найлепш скажа прысутны тут гасп. Васіль Рагуля, які там быў бургомістрам. Мы хочам змагацца з бальшавізмам, але мусім мець забясьпечаныя тылы. Прашу Кангрэс зьвярнуцца з просьбаю да гасп. Прэзыдэнта, каб паслаў у Лідчыну беларускія батальёны і зрабіў канец зьдзекам над беларускім насельніцтвам. (Бурныя доўгатрываючыя воплескі).

Беларускія ўлады абымаюць сваей кампетэнцыяй толькі заходнія акругі Беларусі і пару ўсходніх. Прашу Кангрэс зьвярнуцца да гасп. Прэзыдэнта зрабіць адпаведныя захады, каб пад кампетэнцыю Беларускай Цэнтральнай Рады падлягала ўся Беларусь, як Заходняя, так і Ўсходняя. (Доўгатрываючыя воплескі). Прэзыдэнт Кангрэсу зварочваецца да прамоўцы: «Канчайце, няма часу, вы гаворыце не на тэму».

Зараз кончу. Дарагія Браты! Перажываем цяжкія часы. Ідзе крывавая вайна, у якой мы таксама бярэм удзел і многіх не далічваемся. Але ўсё-ж такі нашае палажэньне лепшае, чым было 10-20 гадоў назад. Мы маем Прэзыдэнта, маем Цэнтральную Раду і, што найважней, маем собскую збройную сілу, якая ўваскросла пасьля многіх вякоў. Цесна згуртаваўшыся вакол Прэзыдэнта і Галоўнага Кіраўніка Збройных Сілаў, мы асягнем вольную і незалежную Беларусь. (Бурныя і доўгатрываючыя воплескі). Жыве Беларусь!

 

Пасьля гасп. Анішчыка, слова ўзяў гасп. Случчанін.

 

Прамова гаспадара Случчаніна

 

Паважаныя ўдзельнікі і ўдзельніцы 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу!

Воляю лёсу і нашага народу нам сёньня, другі раз у гэтым стагодзьдзі, дадзена магчымасьць заявіць перад усім сьветам, што беларусы цьвёрда наважылі быць вольнымі і незалежнымі.

Усе тыя, што імкнуцца прынесьці нам зьдзек і няволю, зьяўляюцца нашымі заклятымі ворагамі, супроць якіх мы вялі, вядзём і будзем весьці самае бязьлітаснае змаганьне.

Мы не жадаем нічыей «апекі», а тым больш «апекі» з боку бальшавіцкае Масквы і панскае Варшавы, якія залілі нашую зямлю сьлязьмі і крывёю.

Нашым прыяцелем і саюзьнікам можа быць толькі той, хто дапаможа нам парваць ланцугі векавое няволі і выйсьці шчыльнымі радамі на прастор вольнага і незалежнага жыцьця ў вольнай і незалежнай Беларусі. Усе іншыя намеры ў адносінах да нашае Бацькаўшчыны мы вызнаём варожымі і патрабуючымі адпору.

Аб усім гэтым мы яшчэ раз гучным голасам свайго беларускага народу заяўляем усім нашым блізкім і далёкім суседзям.

Дык няхай-жа жыве Вольная і Незалежная Беларусь! (Бурныя доўгатрываючыя воплескі).

 

Пасьля прамовы гаспадара Случчаніна да Кангрэсу зьвяртаецца прэзыдэнт Кангрэсу з такімі словамі:

«Гаспадары, прапаную ў выступленьнях прытрымлівацца пастаноўленае тэмы. Балючых пытаньняў, асабліва адміністрацыйных, у нас многа. На Кангрэсе ўсіх іх абгаварыць не зможам, бо час абмежаваны. Пытаньне, зачэпленае дэлегатам Анішчыкам, гэта пытаньне не прынцыповае, а чыста адміністрацыйнае. Няўвязка ўсіх гэтых пытаньняў абумоўлена вайсковым часам, а ў будучыні ўсе гэтыя пытаньні бязумоўна будуць развязаны».

Жадаючых выказвацца больш ня было і таму прыступлена да наступнага пункту парадку дня - да прыняцьця рэзалюцыі. Голас атрымаў К.Езавітаў, які адчытаў апрацаваную Рэзалюцыйнай Камісіяй наступную рэзалюцыю:

 

Рэзалюцыя II Усебеларускага Кангрэсу

 

«Другі Ўсебеларускі Кангрэс, сабраўшыся ў Менску, праз чверць стагодзьдзя пасьля Першага Ўсебеларускага Кангрэсу і выслухаўшы даклады аб падзеях у Беларусі ў часе паміж абыдвума кангрэсамі, аднагалосна пастанавіў:

1. Вызнаць правільнай і зноў пацьвердзіць гістарычную пастанову Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая, маючы паўнамоцтвы Першага Ўсебеларускага Кангрэсу 1917 г., на сваім сходзе 25 сакавіка 1918 г. урачыстай 3-й Устаўнай Граматай вырашыла аб канчальным разрыве Беларусі з Бальшавіцкаю Масквою і расейскай дзяржавай у ўсіх яе формах.

2. Пацьвердзіць, што Беларускі Народ ніколі ня прызнаваў, ня прызнае цяпер і ніколі ня прызнае ў будучыні за форму сваей беларускай дзяржаўнасьці накіненыя яму маскоўскімі захопнікамі формы БССР.

3. Паведаміць усе ўрады і народы сьвету, што голас Масквы і СССР у беларускіх справах ня мае ніякай праўнай сілы, а ўсе, твораныя Масквою нібыта беларускія ўрады - ня маюць ніякіх праўных кампэтэнцыяў, бо не вызнаюцца Беларускім Народам.

Таму ўсе ўмовы, ці аднабаковыя пастановы ўрадаў: СССР, былой Польшчы і сучаснага гэтак званага эміграцыйнага ўраду Польшчы, якія датычаць тэрыторыі Беларусі і Беларускага Народу і якія былі зроблены раней, або будуць зроблены ў будучыні, - Другі Ўсебеларускі Кангрэс абвяшчае ня маючымі ніякай праўнай сілы; як ня будуць мець сілы і ўсялякія іншыя магчымыя спробы падзелу Беларусі з боку іншых дзяржаваў і народаў.

4. Адзіным праўным прадстаўніком Беларускага Народу і ягонага краю зьяўляецца сягоньня Беларуская Цэнтральная Рада з Прэзыдэнтам Радаславам Астроўскім на чале». (Бурная авацыя).

 

Рэзалюцыя была пастаўлена на галасаваньне і аднагалосна прынята. Наступна быў абвешчаны перапынак а гадз. 15,55 на 15 хвілінаў.

Пасьля перапынку, а гадз. 16,10, на трыбуну ўзышоў Прэзыдэнт Р.Астроўскі.

 

Заключная прамова Прэзыдэнта БЦР праф. Астроўскага

 

Дэлегаткі і дэлегаты! Прыняўшы толькі што прачытаную рэзалюцыю, 2-гі Ўсебеларускі Кангрэс тым самым закончыў працу, распачатую 1-шым Усебеларускім Кангрэсам, якому бальшавікі не далі магчымасьці яе закончыць. Гэты Кангрэс яшчэ раз пацьвердзіў правільнасьць таго шляху, які выбраў Першы Кангрэс. Беларускі народ бязупынна, такім чынам, імкнецца да волі і змагаецца за сваю свабоду, а таму ён, асабліва ў гэтую, сучасную, цяжкую хвіліну, павінен напружыць усе свае сілы для асягненьня гэтае мэты. Мы ня хочам, каб вярнуліся старыя парадкі, мы змагаемся за справядлівы лад на сьвеце, у якім беларускі народ павінен заняць сваё пачэснае месца. (Воплескі).

Наступна Прэзыдэнт Р.Астроўскі запрапанаваў ушанаваць уставаньнем памяць беларусаў, аддаўшых жыцьцё за вызваленьне Беларусі.

Усе прысутныя ўсталі.

Аркестр адыграў беларускі гімн, які сьпявалі ўсе прысутныя.

Прэзыдэнт Рады Р.Астроўскі зьвярнуўся да Кангрэсу з просьбай дазволіць яму паслаць прывітальныя тэлеграмы прыязным урадам. Кангрэс даў сваю згоду.

Наступна для разьвітальнай прамовы голас забраў Прэзыдэнт Кангрэсу Я.Кіпель.

 

Заключная прамова Прэзыдэнта Кангрэсу гасп. Кіпеля

 

Паважаныя дэлегаты Кангрэсу!

Сёньняшні дзень - гэта вялікі дзень у гісторыі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Сёньня тут на Кангрэсе былі прынятыя аднагалосна ўсе найважнейшыя пастановы, патрэбныя для пасьпяховае барацьбы за нацыянальныя ідэалы нашага народу. Наш Другі Кангрэс, ня толькі не адступіўся ад прынцыпаў Першага Кангрэсу, а, наадварот, ён гэтыя прынцыпы яшчэ больш умацаваў і зрабіў іх найбольш дзейнымі. (Моцныя воплескі).

Але ня толькі ў гэтым паважнасьць сёньняшняга дня. Сёньняшні Кангрэс яшчэ паважны і тым, што ён нацыянальна беларускі. Гэта значыць, што нацыянальная сьведамасьць нашага народу ўзьнялася вельмі высока. Сёньняшнім сваім актам наш народ давёў усяму сьвету, што ён ня хоча ні маскоўскае ні польскае апекі. Усе пастановы аб выхадзе з так званага Савецкага Саюзу і аб ануляваньні маскоўска-польскіх дагавораў аб Беларусі, прыняты аднагалосна. (Воплескі). А гэта вельмі важна! Сярод тысячы двухсот чалавек не знайшлося ні аднаго, які-б хацеў звароту бальшавікоў, які-б хацеў панаваньня польскіх паноў у Беларусі. Бясспрэчна, гэта воля ня толькі дэлегатаў, як людзей, гэта - воля ўсяго беларускага народу. Наш народ ня хоча ні маскоўскага панаваньня ў Беларусі, ні польскага. Сёньняшні дзень давёў усяму сьвету, што ад імя Беларусі ня маюць права гаварыць ні Масква, ні польскія эмігранты ў Лёндане. (Воплескі).

Вось, у гэтым гістарычнае значэньне сёньнешняга дня! Аднак беларускі народ ня толькі дэманструе сваю волю, ён будзе змагацца са зброяю ў руках супроць сваіх векавечных ворагаў.

Гаспадары Дэлегаты, калі прыедзеце ў Вашыя гарады, у Вашыя вёскі, дык перадайце ўсё гэта ўсяму беларускаму насельніцтву, няхай яно ня верыць бальшавіцкім чуткам. Што-б не здарылася на сьвеце, але ў нашай барацьбе з бальшавізмам мы пераможам і будзем вольнымі! (Воплескі).

На гэтым дазвольце закончыць Кангрэс.

Жыве Беларусь!

(Усе голасна адказваюць: Жыве Беларусь!)

 

Беларускі Нацыянальны Гімн

 

Мы выйдзем шчыльнымі радамі

На вольны, родны свой прастор;

Хай воля вечна будзе з намі,

А гвалту мы дамо адпор!

 

Няхай жыве магутны, сьмелы

Наш беларускі вольны дух;

Ужо сьцяг наш бел-чырвона-белы

Пакрыў сабой народны рух.

 

На бой! за шчасьце і за волю

Народу слаўнага свайго!

Браты, цярпелі мы даволі...

На бой! - усе да аднаго!

 

Імя і сілу беларуса

Няхай пачуе й бачыць той,

Хто сьмее нам нясьці прымусы

І першы выкліча на бой.

 

Браты, да шчасьця мы падходзім;

Хай гром грыміць яшчэ мацней!

У крывавых муках мы народзім

Жыцьцё Рэспублікі сваей!

 

В. Дадаткі

 

Кіраўніцтва Беларускай Цэнтральнай Рады пад час 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу

1. Прэзыдэнт БЦР - праф. Р.Астроўскі,

2. 1-шы Віцэ-Прэзыдэнт БЦР, справы прэсы і прапаганды - мгр. М.Шкелёнак,

3. 2-гі Віцэ-Прэзыдэнт БЦР, справы сацыяльнай апекі, самапомачы і кантролю - Ю.Сабалеўскі,

4. Фінансы - Сымон Кандыбовіч,

5. Справы культуры - А.Калубовіч,

6. Школьныя справы - др. А.Скурат,

7. Вайсковыя справы - Францішак Кушэль,

8. Юрыдычныя і рэлігійныя справы - Павал Сьвірыд,

9. Лясная гаспадарка - інж. С.Калядка,

10. Прафэсійныя справы - інж. С.Стаськевіч,

11. Саюз Беларускай Моладзі (Аддзел Хлапцоў) - М.Ганько,

12. Саюз Беларускай Моладзі (Аддзел Дзяўчат) - др. Надзея Абрамава,

13. Аддзел Сельскае Гаспадаркі - інж. Пётра Орса.

 

Абсада намесьніцтваў Беларускай Цэнтральнай Рады пад час 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу

1. Баранавіцкая Акруга - др. Станіслаў Станкевіч,

2. Берасьцейская Акруга - Міхал Васілеўскі,

3. Вялейская Акруга - др. Язэп Малецкі,

4. Ганцавіцкая Акруга - кап. Сокал-Кутылоўскі,

5. Глыбоцкая Аруга - інж. I.Касяк,

6. Лідзкая Акруга - інж. А.Клімовіч,

7. Менск-Горад - А.Комар,

8. Менская Акруга - інж. Жук,

9. Наваградзкая Акруга - Барыс Рагуля,

10. Слонімская Акруга - Александар Аўдзей,

11. Слуцкая Акруга - Іван Хіхлуша.

 

Сьпіс некаторых удзельнікаў II Кангрэсу

У лічбе 1039 удзельнікаў 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу між іншымі былі наступныя асобы:

Абрамава Надзея - лекар, кіраўнічка дзявочага аддзелу Саюзу Беларускай моладзі.

Анішчык-Чэмер - паэт і публіцысты.

Арсеньнева Натальля - паэтка, прасьледавалася бальшавіцкімі ўладамі высылкай у Казахстан.

Арэхва Аркадзь - юрысты, судзьдзя Акруговага Суду ў Менску, сябра прэдсаборнае камісіі і Аўтакэфальнага Сабору Праваслаўнай Царквы ў Менску ў 1942 годзе.

Астроўскі Радаслаў - супрацоўнік газэты «Наша Ніва»; сябра Цэнтральнага Камітэту Беларускай Сацыялістычнай Грамады; дэлегат 1-га Ўсебеларускага Кангрэсу ад Случчыны; дырэктар першай у гісторыі Беларусі Слуцкай Беларускай Гімназіі ў 1917 г.; праф. матэматыкі Менскага Пэдагогічнага Інстытуту; настаўнік і дырэктар Віленскае беларускае гімназіі; дырэктар Беларускага Коопэратыўнага Банку ў Вільні; старшыня Таварыства Беларускай Школы; старшыня Беларускага Дабрадзейнага Т-ва; сябра Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні; Віцэстаршыня Цэнтральнага Камітэту Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады; арганізатар і кіраўнік беларускае адміністрацыі ў акругах: Менскай, Бранскай, Смаленскай і Магілеўскай у 1941-1943 гг. Прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады ад 1943 г.

Аўдзей Александар - намесьнік БЦР Слонімскае акругі.

Балай Язэп - пратаіерэй, настаяцель менскага катэдральнага Сабору, сябра прэдсаборнае камісіі і Аўтакэфальнага Сабору Беларускае Праваслаўнае Царквы ў Менску ў 1942 годзе.

Будзіловіч Мікалай - настаўнік з Гомеля; кіраўнік аддзелу Веравызнаньняў БЦР.

Будзька Адвард - удзельнік 1-га Ўсебеларускага Кангрэсу, піянэр беларускае каапэрацыі, сябра рэдакцыі газэты «Наша Ніва».

Васіленя Мікалай - працаўнік Беларускае Народнае Самапомачы, кіраўнік канцэлярыі Галоўнага Камандаваньня Беларускай Краёвай Абароны.

Вітушка Міхась - сакратар Аб'яднаньня Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў (АБСА); заступнік Інспэктара Войск Службы Парадку ў прыфрантавой зоне Беларусі; Атаман партызанскіх аддзелаў у Беларусі ад 1944 г. Сябра ЦК-БНП.

Галяк Леанід - гадунец Віленскае Беларускае гімназіі, сябра Беларускага Студэнцкага Саюзу пры Віленскім Універсытэце; юрысты, сябра Акруговага Суду ў Менску.

Ганько Міхась - кіраўнік хлапцоўскага аддзелу Саюзу Беларускай Моладзі; згінуў у збройным змаганьні з бальшавікамі ў 1945г.

Гінтаўт - настаўнік; працаўнік Беларускай Народнай Самапомачы.

Гінько - інжынер; працаўнік Беларускай Народнай Самапомачы; згінуў ад тэрору МВД у 1945 г.

Грышкевіч Франук - Др. філёзофіі, паэт і публіцысты; скончыў жыцьцё самагубствам, каб унікнуць катаваньня ад бальшавікоў у 1945 годзе.

Гэніюш Ларыса - паэтка, рэпрэсаваная бальшавікамі ў 1947 годзе.

Дзекуць-Малей - прэсьвіцер баптыстых.

Дзямідаў Мікалай - настаўнік; палкоўнік войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі, рэпрэсаваны бальшавікамі; інспэктар Лідзкае акругі ў 1943-1944 годзе.

Дземідовіч-Дземідэцкі Адам - заступнік старшыні г. Менску.

Езавітаў Канстанцін - удзельнік 1-га Ўсебеларускага Кангрэсу; сябра прэзыдыюму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі; удзельнік праклямацыі Акту 25-га Сакавіка 1918 г.; сакратар Войсковых Справаў Беларускай Народнай Рэспублікі; беларускі нацыянальны дзеяч у Латвіі; дырэктар Беларускае Гімназіі ў Рызе; публіцысты і выдавец; генерал-маёр і кіраўнік аддзелу Вайсковых справаў Беларускай Цэнтральнай Рады; арганізатар беларускіх збройных сілаў на эміграцыі; згінуў на бальшавіцкай шыбеніцы ў 1947 годзе.

Жарскі Іван - дацэнт Менскага Ўнівэрсытэту, навуковы працаўнік; загадчык школьнага аддзелу Менскае Гарадзкое Ўправы; згінуў на бальшавіцкай шыбеніцы ў 1945 г. у Менску.

Ждан Віктар - працаўнік беларускае адміністрацыі.

Жук - аграном, кіраўнік зямельнага аддзелу беларускага бюро; намеснік БЦР Менскае Акругі.

Зуй Міхаіл - працаўнік беларускае адміністрацыі, удзельнік беларускае антысавецкае партызанскае барацьбы, сябра Беларускай Незалежніцкай Партыі.

Зыбайло Рыгор - настаўнік; працаўнік Беларускае Народнае Самапомачы ў Слонімшчыне; акруговы камандзір Беларускае Краёвае Абароны ў Глыбоцкай Акрузе, афіцэр беларускіх збройных сілаў на эміграцыі; сябра БНП; згінуў ад кулі ў падвалах 2-кі польскай арміі Андэрса ў Марсэлі ў 1945 годзе.

Ільяшэвіч Хведар - паэт, публіцысты, настаўнік, нацыянальны дзеяч праз усё сваё жыцьцё. Сябра ЦК-БНП. Трагічна згінуў на эміграцыі ў 1948 годзе.

Кавыль Міхась - паэт, настаўнік; сын сялянскай сям'і з Случчыяы; гадунец Менскага Пэдагагічнага тэхнікуму імя Ўсевалада Ігнатоўскага. У 1933 годзе арыштованы ГПУ як нац-дэм і асуджаны Маскоўскай калегіяй ГПУ на 3 гады канцлягеру, якія адбыў у 5-тым аддзяленьні Даль-Лага ГПУ. Па вызваленьні з канцлягеру ў 1936 годзе не атрымаў дазволу жыць у Беларусі і павінен быў туляцца па расейскіх краінах, церпячы злыбеду і паліцэйскі прасьлед.

Каленік Міхась - удзельнік кангрэсу ад БКА.

Калубовіч Аўген - урадовец Народнага Камісарыяту Асьветы БССР; працаўнік навуковага аддзелу беларускага бюро; старшыня Беларускага Культурнага Згуртаваньня; сябра Беларускай Цэнтральнай Рады і кіраўнік аддзелу культуры БЦР.

Калядка С. - сябра Беларускае Цэнтральнае Рады па аддзелу прафэсійных саюзаў.

Кандыбовіч Сымон - настаўнік; кір. спраў СНК БССР; сябра Беларускай Цэнтральнай Рады.

Касяк Іван - інж.-архітэктар; гадунец Віленскай Беларускай Гімназіі; сябра Беларускага Студэнцкага Саюзу Віленскага Ўніверсытэту; сябра Т-ва Беларускай Школы, прасьледаваны польскімі ўладамі; працаўнік БНС; удзельнік прадсаборнай камісіі і Аўтакэфальнага Сабору Беларускай Праваслаўнай Царквы ў Менску ў 1942 г.; Намесьнік БЦР глыбоцкае Акругі.

Клімовіч Адольф - Інж. аграном; сябра Беларускай Хрысьціянска-Дэмакратычнай Партыі, працаўнік Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры; супрацоўнік газэтаў «Беларуская Крыніца», «Саха» і «Самапомач»; згінуў ад тэрору МВД у 1944 годзе.

Клішэвіч Уладзімер - паэт, рэпрэсаваны бальшавікамі; адбыў 5 год на Калыме; заступнік старшыні гарадзкое Ўправы ў Слуцку.

Касмовіч Дзімітры - Дэлегат на Кангрэсы СІЕ ад АБСА; Кіраўнік Службы Парадку ў стал. гор. Менску ў 1941 г.; інспэктар войск Службы Парадку ў прыфрантовай зоне Беларусі; удзельнік Аўтакэфальнага Сабору Беларускай Праваслаўнай Царквы; маёр БКА, сябра Цэнтральнага Камітэту Беларускай Незалежніцкай Партыі.

Комар А. - сябра гуртка беларускай моладзі «Хата», высланы бальшавікамі ў Сібір. Старшыня гарадзкое Ўправы стал. гор. Менску і намеснік Беларускай Цэнтральнай Рады на г. Менск.

Кіпель Яўхім - дацэнт Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту ў Менску; настаўнік і навуковы працаўнік Беларускай Акадэміі Навук; аўтар падручнікаў і навуковых працаў; арганізатар «Клюбу Беларускай Моладзі» і «Беларускай Хаткі», зьліквідаваных бальшавікамі; адзін з арганізатараў беларускага нацыянальнага Аб'яднаньня студэнтаў Менскага Ўн-ту; сябра Беларускага Краяведчага Аб'яднаньня; «Пазнай Свой Край»; супрацоўнік грамадзка-палітычнага часапісу «Полымя»; сябра тэрміналягічнай камісіі пры Беларускай Акадэміі Навук; арыштаваны ў 1930 годзе як нацдэм і выдалены ў ссылку ў Нолінск на 5 год; па адбыцьці ссылкі арыштаваны ізноў і высланы на 5 год у Байкал-Амурскія канцэнтрацыйныя лягеры (БАМ); па адбыцьці паняволеньня не атрымаў дазволу жыць у Беларусі і ў сталічных ды абласных гарадох, а таксама гарадох абласнога значэньня; арганізатар Навуковага Аддзелу Беларускай Цэнтральнай Рады; Прэзыдэнт 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу.

Коўш Сьвятаслаў - гадунец Віленскай Беларускай гімназіі; сябра Беларускяга Студэнцкага Саюзу пры Віленскім Унівэрсытэце; кіраўнік Клецкага раёну.

Кушэль Францішак - палкоўнік Беларускай Краёвай Абароны і камандуючы БКА; рэпрэсаваны бальшавікамі ў 1939 годзе; сябра Беларускай Цэнтральнай Рады.

Лазарэвіч Уладзімер - адміністрацыйны працаўнік. Лапіцкі Мікалай - пратаіерэй; гадунец Віленскай Духоўнай Сэмінарыі і факультэту Праваслаўнага Багаслоўя ў Варшаўскім Унівэрсытэце; сябра гуртка праваслаўных Багасловаў і ягоны старшыня; настаяцель прыходаў у Глыбоцкай Акрузе і ў Менску; сябра Мітрапалітальнае Ўправы Беларускай Праваслаўнай Аўтакэфальнай Царквы; сябра прадсаборнае камісіі і Аўтакэфальнага Сабору Праваслаўнай Беларускай Царквы ў Менску ў 1942 годзе. Дэлегат ад духавенства на 2-гі Ўсебеларускі Кангрэс.

Др. Малецкі Язэп - лекар, Сябра Беларускага Студэнцкага Саюзу пры Віленскім Унівэрсытэце; сябра Беларускай Хрысьціянска-Дэмакратычнай Партыі; працаўнік Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры і супрацоўнік газэты «Беларуская Крыніца»; намеснік БЦР у Вялейскай Акрузе.

Манькоў Палікарп - настаўнік, прасьледаваны бальшавіцкімі ўладамі ў часе разгрому нацыянал-дэмакратычнае інтэлігэнцыі ў 1936 годзе. Арганізатар і супрацоўнік «Газэта Случчыны»; акруговы кіраўнік Саюзу Беларускай Моладзі на Случчыне.

Міцкевіч Надзея - рэфэрэнтка Аддзелу Культуры Саюзу Беларускай Моладзі.

Др. Мінкевіч Мікалай - лекар, кіраўнік Аддзелу Аховы Здароўя Баранавіцкае акругі і дырэктар Мэдычнае Школы ў Баранавічах. Афіцэр БКА.

Др. Мінкевіч Галіна - лекар, дэлегатка Саюзу Беларускіх Лекараў ад Баранавіцкае Акругі.

Найдзюк Часлаў - юрысты; гадунец Віленекай Беларускай Гімназіі; сябра Беларускага Студэнцкага Саюзу пры Віленскім Унівэрсытэце; працаўнік Беларускай Народнай Самапомачы.

Найдзюк Язэп - навуковы працаўнік і выдавец; сябра Беларускай Хрысьціянска-Дэмакратычнай Партыі і Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры; супрацоўнік газэты «Беларуская Крыніца»; згінуў ад тэрору МВД у 1945 годзе.

Орса Пётра - інжынер-аграном; сябра Беларускае Цэнтральнае Рады і кіраўнік Аддзелу Сельскае Гаспадаркі БЦР.

Паваротная - настаўніца.

Паўльскі Ўладзімер - настаўнік, праследаваўся бальшавіцкімі ўладамі, працаўнік беларускай адміністрацыі ў 1942-1944 гг. згінуў на бальшавіцкай шыбеніцы ў 1944 годзе.

Плескачэўскі Анатоль - працаўнік Беларускай Народнай Самапомачы; лейтэнант Беларускай Краёвай Абароны; ад'ютант прэзыдэнта БЦР.

Папко Ягор - пісьменьнік і публіцысты, старшыня Пружанскага Аддзелу Беларускага Аб'яднаньня ў Беластоку.

Рагуля Васіль - настаўнік; арганізатар і кіраўнік Беларускага Сялянскага Саюзу; пасол і сэнатар польскага Сойму і Сэнату; праследаваўся польскімі ўладамі; кіраўнік Дзятлаўскага раёну пры беларускай адміністрацыі ў 1941-1944 гг.

Родзевіч Усевалод - лейтэнант Беларускай Краёвай Абароны, перад гэтым афіцэр польскай арміі і нямецкі ваеннапалонны; вязень нямецкага канцэнтрацыйнага лягеру; працаўнік Беларускай Самапомачы ў Бэрліне і ад'ютант прэзыдэнта БЦР.

Родзька Ўсевалад - Старшыня гарадзкое Ўправы ў Віцебску, сябра Беларускай Цэнтральнай Рады; афіцэр БКА і працаўнік Галоўнага Кіраўніцтва Вайсковых Справаў БЦР. Старшыня ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі. Згінуў у збройным змаганьні з бальшавікамі ў 1945 годзе.

Розмысл Сяргей - працаўнік беларускай адміністрацыі і афіцэр Беларускай Краёвай Абароны.

Рудзь Міхась - Працаўнік Беларускай Народнай Самапомачы.

Сабалеўскі Юры - землямер; супрацоўнік газэты «Наша Ніва»; за барацьбу супроць акупантаў Беларусі быў шмат разоў арыштаваны, прабываючы ў турмах Смаленску, Менску, Стоўпцах, Наваградку і найдаўжэй на Лукішках у Вільні; пасол у польскі Сойм ад беларускага народу; сябра Цэнтральнага К-ту Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады; Віцэ-Прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады.

Савёнак Апалёнія - настаўніца, навуковы працаўнік.

Салавей Алесь - паэт, настаўнік.

Сенкевіч Аляксей - сябра Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры; рэдактар «Беларускай Газэты» і «Голасу Вёскі» ў Менску. Акруговы афіцэр прапаганды Беларускай Краёвай Абароны ў Баранавіцкай Акрузе.

Сідлярэвіч Ул. - настаўнік, культурна-прасьветны афіцэр 64 батальёну Беларускай Краёвай Абароны.

Скурат Александар - др. філёзофіі, настаўнік; працаўнік Беларускай Народнай Самапомачы; кіраўнік школьнага аддзелу Беларускай Цэнтральнай Рады.

Скуратовіч Іван - настаўнік, працаўнік Беларускай Самапомачы, афіцэр і працаўнік Галоўнага Кіраўніцтва БКА ў Мекску.

Случчанін Лявон (Шпакоўскі) - паэт, настаўнік; рэдактар «Газэты Случчыны», згінуў ад тэрору МВД у 1945 годзе.

Сокал-Кутылоўскі - камандуючы Слуцкай Дывізыяй падчас Слуцкага Паўстаньня супроць бальшавікоў у 1920 годзе; працаўнік Беларускай Самапомачы; афіцэр беларускіх збройных сілаў на эміграцыі; намесьнік БЦР на Ганцавіцкую Акругу. Згінуў ад бальшавіцкіх катаў у 1945 годзе.

Станкевіч Янка - др. філёзофіі, навуковы працаўнік.

Станкевіч Станіслаў - др. філёзофіі; сябра Беларускага Студэнцкага Саюзу пры Віленскім Ун-це; рэдактар газэты «Раніца»; намесьнік БЦР на Баранавіцкую акругу.

Стаськевіч Сьцяпан - інжынер; сябра Беларускай Цэнтральнай Рады.

Страхаль Александар - настаўнік.

Стукаліч Юры - журналісты і пісьменнік. Сябра Беларускага Літэратурнага Згуртаваньня «Узвышша».

Суравы Барыс - настаўнік; працаўнік Беларускай Народнай Самапомачы і дзеяч Саюзу Беларускай Моладзі.

Свірыд Павал - юрысты, адвакат і судзьдзя; працаўнік Беларускай Народнай Самапомачы; сябра прэдсаборнай камісіі і Аўтакэфальнага Сабору Беларускай Праваслаўнай Царквы ў Менску ў 1942 г.; сябра Беларускай Цэнтральнай Рады.

Сьцяпанаў Мікалай - лекар, прасьледаваўся савецкімі ўладамі; прафэсар і рэктар Беларускага Мэдычнага Інстытуту ў Магілеве і Новай Вілейцы.

Селях Вячаслаў - артысты; дырэктар дзяржаўнага Беларускага Тэатру ў Менску. Рэпрэсаваны савецкімі ўладамі, як нац-дэм у канцэнтрацыйных лягерох Калымы. Сябра БЦР.

Сядура Ўладзімер - настаўнік, публіцысты; навуковец з галіны беларускае культуры.

Татарыновіч Пётра - ксёндз, Др. багаслоўя; сакратар беларускай каталіцкай курыі пры епіскапу Лазіне-Лазінскім у Менску ў 1913 годзе; арганізатар беларускіх народных дамоў і прасьветны дзеяч; прымусова выселены з роднай ваколіцы польскай адміністрацыяй.

Філафей (Нарко) - Архіепіскап Магілеўскі і Мсьціслаўскі. Заступнік Мітрапаліта ўсяе Беларусі, старшыня Аўтакэфальнага Сабору Беларускай Праваслаўнай Царквы ў Менску ў 1942 г.

Хіхлуша Іван - настаўнік, рэпрэсаваны савецкімі ўладамі. Акруговы кіраўнік БНС; Намесьнік БЦР на Слуцкую Акругу.

Хмара Сяргей (Сіняк) - настаўнік, сябра Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады і Таварыства Беларускай Школы; прасьледаваўся польскімі ўладамі. Публіцысты і працаўнік Беларускай Народнай Самапомачы.

Чабатарэвіч Віктар - настаўнік, працаўнік Беларускай Народнай Самапомачы. Капітан Беларускай Краёвай Абароны і выкладчык у 1-шай Беларускай Афіцэрскай Школе ў Менску.

Шапэрка - прафэсар Горы-Горскай Сельска-Гаспадарчай Акадэміі. Дырэктар Агранамічнай станцыі. Прэзыдэнт Беларускага Навуковага Таварыства.

Шаўцоў Сымон - настаўнік; акр. кіраўнік Саюзу Беларускай Моладзі.

Шкялёнак Мікалай - юрысты; сябра Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Віленскім Унівэрсытэце; сябра Беларускага Фронту і Беларускага Нацыянальнага Цэнтру на эміграцыі; рэдактар газэты «Раніца» да 1942 г.; Віцэпрэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады; расстрэлены бальшавікамі ў 1947 годзе.

Шукелайць Антон - дырэктар беларускага музэю ў Менску.

Шыла Мікалай - удзельнік 1-га Ўсебеларускага Кангрэсу, Школьны Інспэктар. Сябра ЦК партыі Беларускых Сац-Ревалюцыянэраў.

Шчаглоў Мікалай - кампазытар; аўтар шэрагу беларускіх опэраў; навуковец-музыкавед.

Юшкевіч Валенціна - настаўніца; супрацоўніца навуковай групы для апрацоўкі падручніка гісторыі Беларусі для сярэдніх школаў; працаўніца Аддзелу Культуры БЦР у Менску.

Якуцэвіч Канстанцін - адмінісграцыйны працаўнік, сябра Беларускай Народнай Самапомачы; пазьней маёр беларускіх збройных сілаў на эміграцыі. Згінуў на бальшавіцкай шыбеніцы ў Наваградку ў 1945 годзе.

Ярэміч Фабіян - удзельнік 1-га Ўсебеларускага Кангрэсу; сябра Беларускага Сялянскага Саюзу; пасол ад беларускага народу ў польскі Сойм; згінуў на бальшавіцкай шыбеніцы ў 1944 годзе.

Ясюк Эмануіл - Кіраўнік Стаўпэцкага раёну; удзельнік Аўтакэфальнага Сабору Беларускай Праваслаўнай Царквы ў Менску ў 1942 годзе.

 

Статуты Беларускай Цэнтральнай Рады (Першая рэдакцыя)

 

1. Беларуская Цэнтральная Рада зьяўляецца пакліканым у рамах самакіраўніцтва прадстаўніцтвам беларускага народу. Яна мае сваё месца-знаходжаньне ў Менску.

2. Беларуская Цэнтральная Рада мае за асноўную задачу змабілізаваць усе сілы беларускага народу для зьнішчэньня бальшавізму і праз гэта канчаткова вызваліць беларускі народ ад прыгону бальшавіцкага крывавага панаваньня.

3. Беларуская Цэнтральная Рада мае за сваё права і абавязак, у паразуменьні з нямецкім кіраўніцтвам, праводзіць у жыцьцё ўсе патрэбныя мерапрыемствы. У рамах пастаўленых перад ёю заданьняў яна будзе прыймаць і ажыцьцяўляць усе неабходныя мерапрыемствы ў галіне сацыяльнага, культурнага і школьнага жыцьця. Яна будзе даваць свае ўказаньні існуючым у гэтых галінах беларускім арганізацыям і саюзам.

4. На чале Беларускай Цэнтральнай Рады стаіць Прэзыдэнт, які прызначаецца і звальняецца генэральным камісарам. Астатніх сяброў Рады прызначае генэральны камісар паводле прадстаўленьня Прэзыдэнта.

5. Свае распараджэньні і кіраўнічыя пастановы выдае Беларуская Цэнтральная Рада паводле згоды генэральнага камісара.

6. Статут Беларускай Цэнтральнай Рады ўваходзіць у моц зараз-жа.

Менск, 21 сьнежня 1943 г. Ген. фон Готбэрг

 

Як бачым з гэтага куцага Статуту, падпісанага прадстаўніком гітлераўскага татальнага рэжыму. Беларуская Цэнтральная Рада зьяўляецца толькі абмежаванаю самаўрадаваю ўстановаю, калі не цалкам, то ў значнай меры, залежнаю ад акупанта. У гэтым статуце немцы з аднаго боку хочуць бачыць у БЦР «беларускае народнае прадстаўніцтва» (арт. 1 Статуту), якое «мае змабілізаваць усе сілы беларускага народу для зьнішчэньня бальшавізму і праз гэта канчаткова вызваліць беларускі народ ад прыгону бальшавіцкага крывавага панаваньня» (арт. 2 Статуту); з другога боку, хочучы захаваць прынцып «фюрэрства» свае гітлераўскае сыстэмы, афіцыяльна афармляюць гэтае народнае прадстаўніцтва ў постаці «эрзацу» (арт. 3, 4 і 5 Статуту).

Але тое, чаго не хацела зрабіць гітлераўская адміністрацыя, прарабляе беларускі палітычны актыў. Даючы сваю згоду на прыняцьцё становішча Прэзыдэнта БЦР, праф. Р.Астроўскі ставіць нямецкай акупацыйнай уладзе свае варункі:

1. Скліканьне не пазьней як у працягу шасьці месяцаў Другога Ўсебеларускага Кангрэсу для вырашэньня справы беларускага народнага прадстаўніцтва.

2. Утварэньне беларускае збройнае сілы.

3. Ужыцьцё гэтае беларускае збройнае сілы выключна супроць бальшавікоў на тэрыторыі Беларусі.

Варункі гэтыя, пасьля доўгае дыскусіі, урэшце немцы змушаны былі прыняць. Такім чынам, беларускі актыў здабывае сабе тое, без чаго нельга прымусіць акупанта ісьці на патрэбныя для беларускай справы ўступкі, а менавіта - збройную сілу.

З далейшага ходу падзеяў мы бачым, што дзякуючы празорлівасьці беларускіх палітыкаў, Беларуская Цэнтральная Рада ў хуткім часе здабывае сабе ўсё большыя і большыя правы, ахопліваючы пад сваё непасрэднае кіраўніцтва амаль усе галіны дзяржаўнага жыцьця. Паўстаньне ў працягу 3-х дзён на заклік БЦР 28-тысячнай арміі Беларускай Краёвай Абароны змушае немцаў лічыцца з дамаганьнямі БЦР і выканаць тыя забавязаньні, якія імі былі дадзены падчас яе арганізацыі.

Амаль роўна праз 6 месяцаў, бо 27 чэрвеня 1944 г., склікаецца ў Менску Другі Кангрэс, які свёю аднадумнасьцяй запалохвае немцаў. Пастановы Кангрэсу гавораць зусім адкрыта і сьмела аб лятуценьнях беларускага народу да поўнага зрэалізаваньня ідэі дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, пацьвярджаючы акты Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з 1918 г., абвяшчаюць няважнымі ўсе ўмовы, зробленыя бальшавікамі і палякамі ў справе падзелу этнаграфічнай беларускай тэрыторыі і вырашаюць справу беларускага народнага прадстаўніцтва. Кангрэс аднагалосна выбірае праф. Р.Астроўскага на Прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады, якая і абвяшчаецца адзіным сапраўдным прадстаўніцтвам беларускага народу.

Але ў гэтым часе палажэньне на ўсходнім фронце для немцаў значна пагаршаецца і пазьнейшыя падзеі змушаюць Беларускую Цэнтральную Раду пакінуць межы бацькаўшчыны і выэміграваць далей на захад - у Нямеччыну.

 

Палітычная дзейнасьць Беларускай Цэнтральнай Рады:

Апынуўшыся на эміграцыі (у Бэрліне) у жніўні 1944 году, БЦР навязала зараз-жа лучнасьці з арганізацыямі іншых паняволеных бальшавікамі народаў і супольна ўтварылі Міжнацыянальны Камітэт у складзе прадстаўнікоў ад: беларусаў, украінцаў, грузінаў, народаў паўночнага Каўказу, татараў, народаў Туркестану ды інш., а таксама прыступіла да апрацоўкі новага Статуту БЦР. Праца гэтая была закончана ў сьнежні 1944 г. і Статут прыняты на сэсіі Рады, якая адбывалася ў днях 14, 15 і 17-га студзеня 1945 г. Новапрыняты Статут быў даласаваны да новых варункаў, у якіх апынулася БЦР. Вось зьмест гэтага Статуту:

 

СТАТУТ БЕЛАРУСКАЕ ЦЭНТРАЛЬНАЕ РАДЫ (Другая рэдакцыя)

 

I. Паўнамоцтвы, мэты і заданьні БЦР

Арт. 1. Беларуская Цэнтральная Рада зьяўляецца адзіным праўным прадстаўніцтвам сувэрэнных правоў беларускага народу, пакліканым 27.6.1944 г. 2-ім Усебеларускім Кангрэсам у Менску.

Арт. 2. Палітычныя заданьні БЦР вызначаны Пастановаю 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу.

Галоўным палітычным заданьнем БЦР ёсьць арганізацыя ўсіх сілаў беларускага народу для змаганьня за вызваленьне Беларусі і здабыцьцё ейнае незалежнасьці.

Апроч таго, БЦР ажыцьцяўляе праўную, сацыяльную і культурную апеку над усімі беларусамі, якія апынуліся па-за межамі Беларусі.

Арт. 3. Атрыманыя ад 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу паўнамоцтвы БЦР трываюць да часу скліканьня 3-га Ўсебеларускага Кангрэсу.

3-ці Ўсебеларускі Кангрэс БЦР абавязана склікаць неадкладна пасьля вызваленьня Беларусі.

 

II. Прэзыдэнт БЦР

Арт. 4. На чале БЦР стаіць Прэзыдэнт, вызначаны 2-ім Усебеларускім Кангрэсам.

Арт. 5. Прэзыдэнт БЦР зьяўляецца правадыром усіх беларускіх збройных сілаў і пратэктарам арганізацыі беларускае моладі.

Арт. 6. Да кампэтэнцыі Прэзыдэнта БЦР належыць:

а) рэпрэзэнтацыя БЦР перад урадамі і нацыянальнымі прадстаўніцтвамі іншых дзяржаваў і народаў;

б) мабілізацыя ў беларускае войска, вызначэньне ягонага галоўнага кіраўніцтва, надаваньне і пазбаўленьне афіцэрскіх рангаў;

в) вызначэньне наступнікаў Прэзыдэнта БЦР, згодна з арт. 17 б Статуту;

г) пакліканьне і адкліканьне радных БЦР, згодна з арт. 17-е Статуту;

д) вызначэньне і прыймо дымісіі Шэфа Калегіі БЦР, згодна з арт. 30 Статуту;

е) зацьверджаньне на прапанову Шэфа Калегіі БЦР складу Калегіі, дабранай ім згодна з арт. 33 Статуту;

ж) права ініцыятывы пры складаньні прапановаў Пленуіму Рады.

У межах свае кампэтэнцыі Прэзыдэнт выдае Дэкрэты, Пастановы і Загады.

Арт. 7. Заступнікамі Прэзыдэнта БЦР зьяўляюцца 1-шы і 2-гі Віцэ-Прэзыдэнты БЦР.

 

III. Сябры БЦР.

Арт. 8. Беларуская Цэнтральная Рада складаецца з сяброў:

а) зацьверджаных 2-гім Усебеларускім Кангрэсам;

б) прадстаўнікоў беларускіх арганізацыяў і ўстановаў;

в) пакліканых індывідуальна.

Арт. 9. Сябрамі-прадстаўнікамі зьяўляюцца пакліканыя ў склад БЦР старшыні ці кіраўнікі беларускіх арганізацыяў або ўстановаў.

Арт. 10. Індывідуальна паклікаюцца ў склад БЦР беларускія грамадзкія дзеячы.

Арт. 11. Агульны лік сяброў БЦР ня можа перавышаць 25 асобаў.

Арт. 12. Усе сябры БЦР маюць аднолькавыя правы ў Радзе.

Арт. 13. Сябры БЦР адклікаюцца з Рады Прэзыдэнтам БЦР у выпадках:

а) калі іхняя дзейнасьць пярэчыць Пастанове 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу ці Пастановам БЦР;

б) сябра-прадстаўнік, апрача таго, і ў выпадку, калі скончыліся ягоныя паўнамоцтвы як старшыні ці кіраўніка арганізацыі або ўстановы, якую ён прадстаўляе ў БЦР;

в) індывідуальна пакліканы сябра БЦР, - яшчэ і ў тым выпадку, калі будзе сьцверджана, што ён спыніў сваю грамадзкую дзейнасьць.

 

IV. Пленум Рады.

Арт. 14. Вырашаючым органам БЦР зьяўляецца Пленум Рады.

Арт. 15. У склад Пленуму Рады як ягоныя правамоцныя сябры ўваходзяць усе сябры БЦР.

Арт. 16. На чале Пленуму Рады стаіць ягоны Прэзыдыюм у складзе Старшыні, Заступніка і Сакратара, выбраных Пленумам Рады на адзін год.

Арт. 17. Да кампэтэнцыі Пленуму Рады належыць:

а) перагляд Статуту БЦР;

б) выбар кандыдатаў на наступнікаў Прэзыдэнта БЦР;

в) разгляд і прыняцьцё праграмы і палітычнае лініі БЦР;

г) ратыфікацыя ўмоваў з нацыянальнымі прадстаўніцтвамі іншых народаў;

д) выбар складу дысцыплінарнага Суда БЦР;

е) прадстаўленьне Прэзыдэнту БЦР кандыдатаў у сябры БЦР і прапазыцыі аб адкліканьні радных;

ж) прыняцьцё пастановаў вырашаючага значэньня;

з) апрабата складу Калегіі БЦР;

і) нагляд і кантроль за працаю Калегіі БЦР.

У межах свае кампэтэнцыі Пленум Рады выдае Пастановы.

Арт. 18. Сэсіі Пленуму Рады склікаюцца ягоным Старшынёю адзін раз у месяц.

Арт. 19. Тры і болей сяброў БЦР маюць права ўнесьці ў парадак дня сэсіі Пленуму Рады прапанаванае імі пытаньне.

Арт. 20. У выпадку пільнае патрэбы склікаецца нечарговая ці надзвычайная сэсія Пленуму Рады.

Арт. 21. Нечарговая ці надзвычайная сэсія Пленуму рады склікаецца Старшынею Пленуму Рады на пісьмовую прапанову:

а) Прэзыдэнта БЦР;

б) Шэфа Калегіі БЦР;

в) ня меней 5 сяброў Пленуму Рады і

г) з уласнае ініцыятывы.

Арт. 22. Паседжаньні Пленуму Рады правамоцныя ў наяўнасьці 2/3 усіх ягоных сяброў.

Арт. 23. На паседжаньні Пленуму Рады з правам дарадчага голасу могуць запрашацца сябры Грамадзкіх Камісіяў і ў выпадку патрэбы - адпаведныя спэцыялісты і дакладчыкі.

Арт. 24. Сэсіяй Пленуму Рады кіруе Старшыня Пленуму Рады, або - пры яго адсутнасьці - ягоны Заступнік.

Арт. 25. Пастановы Пленуму Рады прымаюцца звычайнай большасьцю галасоў прысутных на паседжаньні Сяброў Пленуму Рады.

Арт. 26. Кожная пастанова Пленуму Рады зацьвярджаецца Прэзыдэнтам БЦР. У выпадку адмовы яе зацьверджаньня Прэзыдэнтам БЦР яна перасылаецца ў Пленум Рады на паўторны разгляд, па якім набывае праўную моц, будучы паўторна прынятая бальшыней 3/4 усяго складу Пленуму Рады.

Арт. 27. Пратаколы паседжаньняў Пленуму Рады вядзе Сакратар Пленуму Рады. Сакратар Пленуму Рады адказны за архіў БЦР.

Арт. 28. Падпісваюць пратаколы паседжаньняў Пленуму Рады ягоны Старшыня і Сакратар.

 

V. Калегія БЦР.

Арт. 29. Выканаўчым органам Беларускае Цэнтральнае Рады зьяўляецца Калегія БЦР.

Арт. 30. На чале Калегіі БЦР стаіць ейны Шэф, вызначаны Прэзыдэнтам БЦР.

Арт. 31. Калегія БЦР складаецца з Шэфа Калегіі і Кіраўнікоў усіх адзелаў БЦР.

Арт. 32. Кіраўнікамі аддзелаў БЦР могуць быць і не сябры Рады.

Арт. 33. Пасьля апрабаты складу Калегіі БЦР Пленумам Рады Шэф Калегіі прадстаўляе яго на зацьверджаньне Прэзыдэнту БЦР.

Арт. 34. Да кампэтэнцыі Калегіі БЦР належаць:

а) права ініцыятывы пры складаньні прапановаў Пленуму Рады;

б) вядзеньне ўсяе працы БЦР у галінах і кірунках, вызначаных Пленумам Рады і Прэзыдэнтам.

У межах свае кампэтэнцыі Калегія БЦР выдае Пастановы і Распараджэньні.

Арт. 35. Калегія БЦР прыцягвае для сваёй працы шырэйшы беларускі актыў, творачы пры патрэбе адпаведныя Грамадзкія Камісіі.

 

VI. Канцавыя вызначэньні.

Арт. 36. Афіцыйным органам БЦР зьяўляецца «Бюлетэнь БЦР».

Арт. 37. Статут БЦР можа быць перагледжаны ці зьменены на патрабаваньне 3/4 усяго складу сяброў БЦР.

Арт. 38. Статут БЦР прымаецца Пленумам Рады і набывае праўную моц з днём ягонага зацьверджаньня Прэзыдэнтам БЦР.

г. Бэрлін, 14.1.1945 г.

Статут гэты прыняты аднагалосна Пленумам Рады на сэсіях з дня 14, 15 і 17 студзеня 1945 г.»

 

ДЭКРЭТ ПРЭЗЫДЭНТА БЦР аб рэарганізацыі Беларускай Цэнтральнай Рады

 

БЦР, у такім складзе, у якім яна прадстаўлялася на Другім Усебеларускім Кангрэсе, свае функцыі фактычна закончыла 27.6.1944 г. У дальнейіпым Рада павінна быць рэарганізавана на такіх асновах, якіх вымагалі пастановы Кангрэсу.

З пастановаў-жа Другога Ўсебеларускага Кангрэсу вынікала, што Кангрэс, стоячы на грунце незалежнасьці і суверэннасьці Беларусі, упаўнаважніў БЦР выконваць функцыі прадстаўніцтва Беларускага Народу і Краю.

Такім чынам, Другі Ўсебеларускі Кангрэс узлажыў на БЦР абавязак часова заступаць парлямэнт (веча) Беларускай Народнай Рэспублікі.

Так разумела свае заданьне БЦР, прымаючы на сэсіях 14, 15 і 17 студзеня 1945 г. новы Статут БЦР, зацьверджаны мною дня 18.1.1945.

Прыймаючы, аднак, пад увагу тыя абставіны, у якіх прыйшлося працаваць БЦР да капітуляцыі Нямеччыны, ёй нельга было рэарганізавацца на дэмакратычных асновах.

У сучасны мамэнт варункі зьмяніліся, а папярэдняя Рада з розных прычынаў здэкамплектавалася.

Узнаўляючы спыненую часова дзейнасьць БЦР, лічу сваім абавязкам, згодна з духам пастановаў Другога Ўсебеларускага Кангрэсу і на падставе арт. 6 п.г.) Статуту БЦР, рэарганізаваць Раду на строга дэмакратычных асновах. Дзеля гэтага паклікаю ў склад Рады толькі тых асобаў, якія маюць бясспрэчны мандант або ўсяго беларускага народу, або яго часткі, якой зьяўляецца наша палітычная эміграцыя на чужыне, а таксама прадстаўнікоў беларускіх палітычных партыяў.

Да такіх асобаў належаць:

1. Тыя сябры Рады, якія былі ў яе складзе падчас Другога Кангрэсу і дагэтуль дабравольна сваіх мандатаў не зракліся, а таксама статутова ня былі адкліканы.

2. Увесь Прэзыдыюм Усебеларускага Кангрэсу.

3. Старыя сябры Рады Беларускай Народнай Рэспублікі - удзельнікі Першага Ўсебеларускага Кангрэсу, якія засталіся вернымі ідэалу 25 сакавіка 1918 г.

4. Сэнатары і паслы з заходняе часткі Беларусі, якія ў сваім часе атрымалі мандант усяго беларускага народу шляхам дэмакратычных выбараў.

5. Прадстаўнікі беларускіх палітычных партыяў.

6. Прадстаўнікі беларускага праваслаўнага, рыма-каталіцкага і іншых веравызнаньняў духавенства.

7. Дэлегаты Беларускага эміграцыйнага прадстаўніцтва, выбранага на дэмакратычных асновах, у лічбе ня меншай колькасьці радных папярэдніх 6-ці групаў, узятых разам. Дадзены ў дзень 25 сакавіка 1948 г. Браўншвайг

Р.Астроўскі Прэзыдэнт БЦР.

 

С Т А Т У Т БЕЛАРУСКАЙ ЦЭНТРАЛЬНАЙ РАДЫ (Апошняя рэдакцыя з папраўкамі, прынятымі 12-тым, 13-тым і 14-тым Пленумамі БЦР)

 

I. Паўнамоцтвы, мэты і заданьні Беларускай Цэнтральнай Рады

Арт 1. Беларуская Цэнтральная Рада зьяўляецца адзіным праўным прадстаўніцтвам суверэнных правоў беларускага народу, пакліканым 27 чэрвеня 1944 г. Другім Усебеларускім Кангрэсам у Менску, які ў п. 4-тым сваіх пастановаў прыняў, што:

«4. Адзіным праўным прадстаўніцтвам беларускага народу і ягонага краю зьяўляецца сёньня Беларуская Цэнтральная Рада з прэзыдэнтам на чале».

У сувязі з гэтым Беларуская Цэнтральная Рада заступае сабою часова найвышэшыя дзяржаўныя ворганы Беларускай Народнай Рэспублікі.

Арт. 2. Палітычныя заданьні Беларускай Цэнтральнай Рады вызначаны пастановамі 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу:

а) Галоўным палітычным заданьнем Беларускай Цэнтральнай Рады ёсьць арганізацыя ўсіх сілаў беларускага народу для змаганьня за вызваленьне Беларусі і здабыцьцё ейнае незалежнасьці ў форме Беларускай Народнай Рэспублікі.

б) Апрача таго, Беларуская Цэнтральная Рада ажыцьцяўляе праўную, сацыяльную і культурную апеку над усімі беларусамі, якія апынуліся па-за межамі свае бацькаўшчыны.

в) Адбудаваная Беларуская Народная Рэспубліка мае быць дэмакратычнай Народнай Дзяржаваю, з забясьпячэньнем усіх палітычных, сацыяльных, гаспадарчых, рэлігійных і культурных свабодаў і правоў як для беларусаў, так і для нацыянальных мяншыняў.

Арт. 3. Атрыманыя ад 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу паўнамоцтвы Беларускай Цэнтральнай Рады трываюць да часу скліканьня 3-га Ўсебеларускага Кангрэсу.

3-ці Ўсебеларускі Кангрэс Беларуская Цэнтральная Рада абавязаная склікаць неадкладна пасьля вызваленьня Беларусі.

 

II. Прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады

Арт. 4. На чале Беларускай Цэнтральнай Рады стаіць прэзыдэнт БЦР, як адзіны жывы носьбіт законнае ўлады, кадэнцыя якога трывае пяць гадоў.

Арт. 5. Чарговы, або надзвычайны Пленум БЦР можа прадоўжыць кадэнцыю Прэзыдэнта на наступнае пяцігодзьдзе бальшынёй галасоў сяброў Пленуму БЦР, або выбраць новага Прэзыдэнта.

Арт. 6. Прэзыдэнт БЦР зьяўляецца галавою дзяржавы - Беларускай Народнай Рэспублікі і правадыром усіх збройных беларускіх сілаў.

Арт. 7. Да кампетэнцыі Прэзыдэнта БЦР належыць:

а) рэпрэзэнтацыя дзяржавы - Беларускай Народнай Рэспублікі перад урадамі і нацыянальнымі прадстаўніцтвамі іншых дзяржаваў і народаў;

б) мабілізацыя ў беларускае войска і вызначэньне ягонага галоўнага кіраўніцтва на прапанову Выканаўчага Воргану БЦР, а так-жа надаваньне афіцэрскіх рангаў на прапанову кіраўніка аддзелу Вызвольнае Барацьбы.

Зацемка: Пазбавіць афіцэрскіх рангаў можа Ваенны Суд, або Дысцыплінарны Суд, прыгаворы якіх уваходзяць у сілу пасьля зацьверджаньня іх Прэзыдэнтам БЦР.

в) пакліканьне радных БЦР згодна з арт. 18 п. «е» гэтага статуту;

г) вызначэньне і прыймо дымісіі старшыні Выканаўчага Воргану БЦР, згодна з Арт. 31 гэтага Статуту;

д) зацьверджаньне на прапанову старшыні Выканаўчага Воргану БЦР складу гэтага Воргану, згодна з Арт. 34 гэтага Статуту;

е) права ініцыятывы пры складаньні прапановаў Пленуму БЦР. У межах сваёй кампетэнцыі Прэзыдэнт БЦР выдае дэкрэты, пастановы і загады.

Арт. 8. Наступнікам Прэзыдэнта Беларускай Рады зьяўляецца 1-шы Віцэ-Прэзыдэнт БЦР, а яго заступнікам - 2-гі Віцэ-Прэзыдэнт БЦР. У выпадку сьмерці ці абдыкацыі Прэзыдэнта БЦР, абавязкам ягонага наступніка ёсьць скліканьне надзвычайнай сэсіі Пленуму БЦР не пазьней, як у працягу 90 дзён для выбару Прэзыдэнта БЦР. Другі Віцэ-Прэзыдэнт заступае Прэзыдэнта БЦР на выпадак ягонай хваробы і адпачынку.

 

III. Сябры Беларускай Цэнтральвай Рады

Арт. 9. У склад Беларускай Цэнтральнай Рады ўваходзяць:

а) Дэлегаты 1-га і 2-га Ўсебеларускіх Кангрэсаў і былыя сябры Рады Беларускай Народнай Рэспублікі,

б) Дзейныя сябры БЦР, якія былі ў яе складзе падчас 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу,

в) Сэнатары і паслы Заходняй Беларусі ад беларускага народу,

г) прадстаўнікі беларускага праваслаўнага, рыма-каталіцкага ды іншых веравызнаньняў ад духавенства,

д) дэлегаты Беларускага Цэнтральнага Прадстаўніцтва, выбраныя дэмакратычным шляхам на эміграцыі ў 1948 годзе,

е) прадстаўнікі беларускіх палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і ўстановаў,

ж) прадстаўнікі арганізацыяў нацыянальных мяншыняў у Беларусі,

з) сябры індывідуальна пакліканыя Пленумам БЦР, згодна з Арт.11 і Арт.18, п. «е» гэтага Статуту.

Зацемка 1: Колькасьць дэлегатаў, азначаных у п.п. г), е) і ж) гэтага артыкулу, устанаўляецца прапарцыяльна да ліку іх сяброў, паводле нормы, акрэсьленай каждаразова прэзыдыюмам пленуму БЦР і згодна з Арт. 12 гэтага Статуту.

Зацемка 2: Усе сябры БЦР перад сэсіяй Пленуму каждаразова рэгіструюцца ў прэзыдыюме Пленуму БЦР і падаюць свой адрас.

Зацемка 3: Колькасьць сяброў, азначаных у п. з) гэтага артыкулу, ня можа перавышаць 15% усяго ліку сяброў БЦР.

Зацемка 4: Кожны сябра БЦР, як,і ня можа асабіста прыбыць на Пленум БЦР, можа перадаць сваё паўнамоцтва (пісьмова) іншаму сябру БЦР, які будзе непасрэдна прыймаць удзел у Пленуме БЦР, прычым, аднак, ніхто ня можа мець больш чымсь 2 паўнамоцтвы.

Арт. 10. Сябрамі прадстаўнікамі беларускіх арганізацыяў і ўстановаў зьяўляюцца, выбраныя на дэмакратычных асновах, прадстаўнікі гэтых арганізацыяў і ўстановаў.

Арт. 11. Індывідуальна паклікаюцца Прэзыдэнтам у склад БЦР з пасярод кандыдатаў, прадстаўленых пленумам БЦР, такія асобы, якія маюць ці то бясспрэчны мандат беларускага народу, ці то палажылі вялікія заслугі ў барацьбе за незалежнасьць свае бацькаўшчыны-Беларусі, ці рэпрэзэнтуюць асабліва важныя галіны беларускага жыцьця, або выдатныя навукоўцы.

Арт. 12. Палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі і ўстановы, якія не выяўляюць свае дзейнасьці, трацяць прадстаўніцтва ў пленуме БЦР на падставе пастановы пленуму БЦР.

Арт. 13. Усе сябры БЦР маюць аднолькавыя правы ў Радзе.

Арт. 14. Сябры БЦР адклікаюцца з складу пленуму бальшынёй галасоў гэтага-ж пленуму ў выпадках:

а) калі іхняя дзейнасьць пярэчыць пастановам 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу ці пастановам пленуму БЦР;

б) сябра-прадстаўнік - апрача таго і ў выпадку, калі скончыліся яго паўнамоцтвы як прадстаўніка арганізацыі ці ўстановы, якую ён рэпрэзэнтаваў у БЦР;

в) індывідуальна пакліканы сябра БЦР - яшчэ і ў тым выпадку, калі будзе сьцьверджана, што ён спыніў сваю грамадзкую дзейнасьць.

 

IV. Пленум Беларускай Цэнтральнай Рады

Арт. 15. Вырашаючым органам заканадаўчага характару БЦР зьяўляецца пленум Беларускай Цэнтральнай Рады.

Арт. 16. У склад пленуму БЦР, як ягоныя правамоцыя сябры, уваходзяць усе сябры Беларускай Цэнтральнай Рады.

Арт. 17. На чале пленуму БЦР стаіць прэзыдыюм у складзе 3-х сяброў: старшыні, які адначасна зьяўляецца 1-шым Віцэ-прэзыдэнтам БЦР, заступніка старшыні, які адначасна зьяўляецца 2-гім Віцэ-прэзыдэнтам БЦР, і сакратара, выбраных пленумам на 3 гады і адказных перад пленумам БЦР.

Зацемка: У выпадку немагчымасьці скліканьня пленуму БЦР у прадбачаным часе, паўнамоцтвы прэзыдыюму пленуму трываюць да найбліжэйшага пленуму БЦР.

Арт. 18. Да кампетэнцыі пленуму БЦР належыць:

а) перагляд статуту БЦР;

б) разгляд і прыняцьце праграмы і палітычнай лініі Выканаўчага Воргану БЦР;

в) ратыфікацыя ўмоваў з нацыянальнымі прадстаўніцтвамі іншых народаў і дзяржаваў;

г) прыняцьце пастановаў аб заснаваньні пасольстваў, дыплёматычных місіяў, дэлегатураў і кансулятаў у іншых краінах;

д) выбар складу дысцыплінарнага Суду БЦР;

е) прадстаўленьне прэзыдэнту кандыдатаў у сябры БЦР;

ж) апрабата складу Выканаўчага Воргану БЦР.

У выпадку пільнае патрэбы і немагчымасьці хуткага скліканьня пленуму БЦР, справы, азначаныя ў пунктах в), г) і ж) арт. 18 гэтага статуту, могуць быць, на прапанову старшыні Выканаўчага Воргану БЦР, вырашаны прэзыдыюмам пленуму БЦР пры захаваньні ў сіле арт. 27 гэтага статуту з пазьнейшай апрабатай прынятых пастановаў бліжэйшаю чарговаю сэсіяй пленуму БЦР. У межах сваіх кампетэнцыяў пленум БЦР выносіць пастановы і перадае іх старшыні Выканаўчага Воргану БЦР для выкананьня.

Арт. 19. Сэсіі пленуму БЦР склікаюцца ягоным старшынёй па меры патрэбы, але па магчымасьці ня менш як адзін раз у год.

Арт. 20. У выпадку пільнае патрэбы старшыня прэзыдыюму пленуму БЦР склікае надзвычайныя сэсіі пленуму БЦР на пісмовую прапанову:

а) прэзыдэнта БЦР;

б) старшыні Выканаўчага Воргану БЦР;

в) ня меней 1/5 усіх сяброў БЦР;

г) з собскае ініцыятывы.

Зацемка 1: Старшыня іпрэзыдыюму пленуму, або ягоны заступнік, абавязаны абвесьціць аб скліканьні надзвычайнае сэсіі пленуму рассылкаю паведамленьняў сябром пленуму, не пазьней, як у працягу 2-х тыдняў ад даты атрыманьня пісьмовае прапановы ад асобаў, зазначаных у пунктах а), б) і в) гэтага артыкулу, пры чым дата скліканьня надзвычайнае сэсіі павінна быць вызначана не раней, як за 4 і не пазьней, як за 6 тыдняў ад даты абвешчаньня прэзыдыюмам.

Зацемка 2: У выпадку няскліканьня прэзыдыюмам пленуму надзвычайнае сэсіі ў прадбачаным гэтым артыкулам тэрміне, прэзыдэнт БЦР даручае скліканьне пленуму старшыні Выканаўчага Воргану БЦР.

Арт. 21. Найменш трох прысутных на пленуме сяброў могуць на пісьме з собскаручнымі подпісамі запрапанаваць зьмены, або папраўкі да парадку дня сэсіі пленуму БЦР, або ўнесьці новую справу.

Арт. 22. Паседжаньні пленуму БЦР лічацца правамоцнымі пры наяўнасьці 2/3 ягоных сяброў, або іх упоўнаважаных.

Арт. 23. Сябры БЦР, перадаўшыя свае паўнамоцтвы, лічацца наяўнымі пры наяўнасьці іх упаўнаважаных (пленіпотэнтаў).

Арт. 24. На паседжаньні пленуму БЦР з правам дарадчага голасу могуць запрашацца, у выпадку патрэбы, адпаведныя спэцыялісты і дакладчыкі.

Арт. 25. Сэсіяй пленуму БЦР кіруе старшыня прэзыдыюму пленуму, або, пры ягояай адсутнасьці, ягоны заступнік.

Арт. 26. Пастановы пленуму БЦР прыймаюцца звычайнам бальшынёй галасоў прысутных на паседжаньні сяброў пленуму, калі паасобныя артыкулы гэтага статуту не вымагаюць інакш. У выпадку парытэту галасоў, вырашае старшыня.

Арт. 27. Кожная пастанова пленуму БЦР зацьвярджаецца прэзыдэнтам БЦР. У выпадку адмовы яе зацьверджаньня прэзыдэнтам, яна перасылаецца на паўторны разгляд, па якім набірае сілы, будучы прынята паўторна бальшынёй 2/3 галасоў усяго складу пленуму БЦР.

Арт. 28. Пратаколы паседжаньня пленуму БЦР вядзе сакратар прэзыдыюму. Арт. 29. Падпісваюць пратаколы паседжаньня пленуму БЦР старшыня прэзыдыюму пленуму і сакратар прэзыдыюму.

 

V. Выканаўчы Ворган Беларускай Цэнтральнай Рады

Арт. 30. Абавязкі дэмакратычнага ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі часова поўніць Выканаўчы Ворган Беларускай Цэнтральнай Рады. Арт.

31. На чале Выканаўчага Воргану БЦР стаіць ягоны старшыня, вызначаны прэзыдэнтам БЦР.

Арт. 32. Выканаўчы Ворган БЦР складаецца з старшыні, віцэ-старшыні і кіраўнікоў наступных аддзелаў:

а) замежных справаў,

б) нутраных справаў і эміграцыі;

в) вызвольнае барацьбы;

г) праўнага;

д) прэсы і інфармацыі;

е) культуры і верывызнаьняў;

ж) фінансаў;

з) грамадзкае апекі.

Арт. 33. Кіраўнікамі аддзелаў Выканаўчага Воргану БЦР могуць быць і не сябры Беларускай Цэнтральнай Рады.

Арт. 34. Пасьля апрабаты складу Выканаўчага Воргану БЦР, або кандыдатаў у яго, старшыня Выканаўчага Воргану БЦР праводзіць распадзел функцыяў паміж сябрамі і прадстаўляе ўвесь склад на зацьверджаньне прэзыдэнту БЦР.

Арт. 35. Да кампетэнцыі Выканаўчага Воргану БЦР належыць:

а) вядзеньне ўсяе працы, зьвязанае з барацьбою за вызваленьне Беларусі ў галінах і кірунках, акрэсьленых пленумам БЦР і Прэзыдэнтам;

б) грамадзкая апека над беларускай эміграцыяй;

в) дбаньне аб матар'яльных рэсурсах БЦР;

г) падгатоўка праўных нормаў, патрэбных пасьля вызваленьня бацькаўшчыны з пад бальшавіцкага панаваньня;

д) права ініцыятывы пры складаньні прапановаў пленуму БЦР.

У межах сваіх кампетэнцыяў Выканаўчы Ворган БЦР выдае пастановы і распараджэньні.

 

VI. Бюджэт Беларускай Цэнтральнай Рады

Арт. 36. Бюджэт Беларускай Цэнтральнай Рады і яе Выканаўчага Воргану складаецца з сум Беларускага Нацыянальнага Фонду, доўгатэрміновай нутраной пазыкі, дабравольных ахвяраў і датацыяў ад прыватных асобаў і арганізацыяў, а такжа іншых даходных крыніцаў, якія створыць Выканаўчы Ворган БЦР.

Арт. 37. Прэлімінарны бюджэт складаецца Выканаўчым Ворганам БЦР і прадстаўляецца на зацьверджаньне пленуму БЦР.

 

VII. Кантрольная камісія

Арт. 38. Для кантролю над гаспадарчаю, адміністрацыйнаю і фінансаваю дэейнасьцю Выканаўчага Воргану БЦР, пленум выбірае, згодна з арт. 18 гэтага статуту, тэрмінам на тры гады кантрольную камісію ў складзе: старшыні, ягонага заступніка і сакратара.

Арт. 39. Кантрольная камісія абавязана правесьці дакладны кантроль над фінансаваю, гаспадарчаю і адміністрацыйнаю дзейнасьцю Выканаўчага Воргану БЦР найменш 1 раз у год і скласьці сваю пісьмовую справаздачу пленуму БЦР.

Арт. 40. У выпадку пільнае патрэбы кантрольная камісія можа зажадаць ад старшыні прэзыдыюму пленуму скліканьня надзвычайнае сэсіі пленуму БЦР.

 

VIII. Дысцыплінарны Суд БЦР

Арт. 41. Для падтрыманьня дысцыпліны сярод сяброў БЦР і разгляду розных непаразуменьняў паміж імі, а такжа парушэньня статуту БЦР, пленум БЦР выбірае дысцыплінарны Суд, зложаны з 3-х асобаў: старшыні, ягонага заступніка і сакратара, тэрмінам на тры гады.

Арт. 42. Пастановы Дысцыплінарнага Суду становяцца правамоцнымі пасьля зацьверджаньня іх Прэзыдэнтам БЦР.

 

IX. Канцовыя вызначэньні

Арт. 43. Афіцыйным ворганам Бэларускай Цэнтральнай Рады і яе Выканавчага Воргану зьяўляецца «Бюлетэнь Беларускай Цэнтральнай Рады».

Арт. 44. На жаданьне Выканаўчага Воргану БЦР, або 1/4 усяго складу сяброў БЦР, статут гэты можа быць перагледжаны, зьменены або папоўнены пленумам БЦР, пастанова якога вымагае зацьверджаньня Прэзыдэнтам БЦР з захаваньнем вымогаў арт. 22) і 27) гэтага статуту.

Арт. 45. Статут Беларускай Цэнтральнай Рады прымаецца пленумам і набірае праўную сілу з днём яго зацьверджаньня Прэзыдэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады.

Статут гэты прыняты згодна з арт. 22), 27) і 45) пленумам Беларускай Цэнтральнай Рады на сэсіі 14 пленуму БЦР дня 5 верасьня 1954 г.

Старшыня Прэзыдыюму Пленуму БЦР Інж. Н.Мядзейка

Сакратар Прэзыдыюму Пленуму БЦР С.Коўш

Зацьверджаны: дня 5 кастрычніка 1954 г.

Прэзыдэнт БЦР Праф. Р.Астроўскі

Сьцьвердзіў:

Старшыня Выканаўчага Воргану БЦР Інж. А.Руссак

 

Другая Ўстаўная Грамата

 

У часе сусьветнай вайны, што бурыць адны моцныя дзяржавы і аслабляе другія, абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцьця. Пасьля трох з паловаю вякоў няволі зноў на ўвесь сьвет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць. Вялікі Народны Збор - Усебеларускі Зьезд 15-17 сьнежня 1917 году, дбаючы аб долі Беларусі, зацьвердзіў на яе землях рэспубліканскі лад. Выпаўняючы волю Зьезду і баронячы дзяржаўныя правы народу, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду гэтак пастанаўляе аб дзяржаўным ладзе Беларусі і аб правох і вольнасьцях яе грамадзян і народаў:

1. Беларусь у рубяжох расьсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнаю Рэспублікай.

2. Асноўныя законы Беларускае Народнае Рэспублікі зацьвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі, скліканы на асновах агульнага, роўнага, простага, патаёмнага і прапарцыянальнага выбарчага права, не зважаючы на род, народнасьць і рэлігію.

3. Да часу, пакуль зьбярэцца Ўстаноўчы Сойм Беларусі, законадаўчая ўлада ў Беларускай Народнай Рэслубліцы належыць Радзе Ўсебеларускага Зьезду, дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў Беларусі.

4. Спаўняючая і адміністрацыйная ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сакратарыяту Беларусі, які назначаецца Радаю Зьезду і перад ёю трымае адказ.

5. У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі абвяшчаецца свабода слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў; бязумоўная свабода сумленьня, незачэпнасьць асобы і памешканьня.

6. У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі.

7. У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі права прыватнае ўласнасьці на зямлю касуецца. Зямля перадаецца бяз выкупу тым, што самі на ёй працуюць. Лясы, вазёры і нутро зямлі абвяшчаюцца ўласнасьцю Беларускае Народнае Рэспублікі.

8. У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі ўстанаўляецца найбольш 8-гадзінавы рабочы дзень.

Абвяшчаючы ўсе гэтыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларускае Народнае Рэспублікі, мы, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду, абавязуемся пільнаваць законнага парадку жыцьця ў Рэспубліцы, сьцерагчы інтарэсы ўсіх грамадзян і народаў Рэспублікі і захаваць правы і вольнасьць працоўнага люду. А так сама даложым усіх сілаў, каб склікаць у найбліжэйшым часе Ўстаноўчы Сойм Беларусі.

Усіх верных сыноў Беларускае зямлі клічам памагчы нам у цяжкой і адказнай нашай працы.

Спаўняючы Камітэт Рады 1-га Ўсебеларускага Зьезду

Выдана ў Менску-Беларускім 9 сакавіка 1918 року.

 

Трэцьцяя Ўстаўная Грамата (Акт 25-га Сакавіка 1918 г.)

 

Год таму назад народы Беларусі, разам з народамі Расеі, скінулі ярмо расейскага царызму, якое найцяжэй з усіх прыдушыла Беларусь; ня пытаючыся народаў, ён кінуў наш край у пажар вайны, якая дашчэнту руйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада БНР, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое было накінутае расейскім царызмам на наш вольны і незалежны край.

Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай. Самі народы Беларусі, у васобе свайго ўстаноўчага сойму, пастановяць аб будучых дзяржаўных сувязях Беларусі.

На падставе гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя сувязі, якія далі магчымасьць чужому ўраду падпісаць і за Беларусь Трактат у Берасьці, што забівае на смерць беларускі народ, дзелячы зямлю яго на часткі. На падставе гэтага Ўрад Беларускае Народнае Рэспублікі мае ўвайсьці ў зносіны з зацікаўленымі старанамі, запрапанаваўшы ім перагледзець тую частку Берасьцейскага трактату, якая датычыць да Беларусі і падпісаць мірную ўмову з усімі ваяваўшымі дзяржавамі.

БНР павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбовую перавагу беларускі народ, а ўласьне: Магілеўшчыну, Меншчыну, Віленшчыну, Горадзеншчыну, Віцебшчыну, Смаленшчыну, Чарнігаўшчыну і сумежныя часткі суседніх губэрняў, заселеных беларусамі.

БНР пацьвярджае ўсе тыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларусі, якія абвешчаныя Ўстаўной Граматай ад 9-га сакавіка 1918 г.

Абвяшчаючы аб Незалежнасьці БНР, Рада яе ўскладае свае надзеі на тое, што ўсе любячыя волю народы памогуць беларускаму народу ў поўнай меры зьдзейсьніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы.

25 сакавіка 1918 г. Менск. Рада БНР

 

Значэньне II Кангрэсу з пэрспэктывы 10-цігодзьдзя

 

У № 3 (17) газэты «Беларускае Слова» быў зьмешчаны наступны артыкул: «Векапомныя вехі на шляху змаганьня беларускага народу за сваю дзяржаўнасьць».

 

Дзесяць гадоў мінула з таго часу, калі ў сталічным горадзе Беларусі - Менску 27 чэрвеня 1944 году сабраўся 2-гі Ўсебеларускі Народны Кангрэс ды аднагалосна прыняў наступную рэзалюцыю: (далей падаецца пастанова 2-га Ўсебеларускага кангрэсу, якую прапушчаем, бо яе чытач знойдзе ў матар'ялах кангрэсу. - Рэд.)

Гэтымі ляканічнымі чатырма пунктамі 2-гі Ўсебеларускі Кангрэс вырашыў амаль усе пытаньні, якія вымагалі ягонага аўторытэту.

Перш-наперш, тут выявілася яшчэ раз воля беларускага народу да яго суверэннага жыцьця. Па другое - ратыфікаваны векапомны акт 25 сакавіка, які служыць асноваю незалежнасьці Беларусі. Трэба ведаць, што такая ратыфікацыя акту 25 сакавіка 1818 г. была неабходна з боку найвышэйшае заканадаўчае ўлады, якой зьяўляецца Кангрэс, бо-ж гэты акт быў вынесены не кангрэсам, а толькі яго выканаўчым ворганам, папоўненым рознымі палітычнымі ды самаўрадавымі арганізацыямі, назваўшымі сябе Радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта вымагалася тым болей, што акт гэты пастановаю Бэрлінскае канфэрэнцыі з дня 20. 10. 1925 г, фактычна быў моцна аслаблены. Прадстаўнікі той самай Рады, у пастаці законнага апошняга Ўраду БНР, сваёю Бэрлінскаю пастановаю прызналі створаную бальшавікамі фікцыю - БССР ды здалі свае паўнамоцтвы. Таму ў пункце 2-гім кангрэс лічыў патрэбным асабліва адцеміць, што беларускі народ ніколі ня прызнаваў, ня прызнае і ня прызнае ў будучыні створанай маскоўскімі захопнікамі БССР.

Наступна, трэба было ануляваць усё тое, што было зроблена злачынцамі ў міжчасе, а што не прадугледжваў акт 25 сакавіка.

Урэшце, трэба было вызначыць і законнае прадстаўніцтва беларускага народу і краю, бо-ж папярэдняе яго прадстаўніцтва ў пастаці Рады Беларускай Народнай Рэспублікі часткаю самазьліквідавалася ды пазьней было бальшавікамі пагалоўна зьнішчана, рэшта-ж, якая заставалася на эміграцыі вымерла сваею сьмерцяй.

Адсюль зусім слушныя і неабходныя для будучыні - паўнамоцтвы для Беларускае Цэнтральнае Рады, як адзінага законнага прадстаўніцтва беларускага народу і краю.

Спроба некаторых групаў сёньня ўваскрасіць няіснуючую Раду БНР - на падставе нейкіх гумарыстычна-мітычных «тэстамэнтаў» - гэта спроба з нягоднымі срэдствамі іграць на несьвядомасьці беларускай гісторыі на Захадзе, што, урэшце, зусім слушна і расцэньваецца сёньня ўсёй беларускай эміграцыяй.

Нябошчык Мікалай Шыла, удзельнік 1-га і 2-га Ўсебеларускіх Кангрэсаў ды сябра рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў сваёй брашуры пад загалоўкам «А што-ж далей?» (Браўншвайг, 1948 г.) так піша па гэтаму пытаньню:

«Апірацца сёньня на неіснуючую Раду ці Ўрад БНР, адкідаючы 2-гі Ўсебеларускі Кангрэс і прызнаную ім Беларускую Цэнтральную Раду на чале з прэзыдэнтам праф. Астроўскім, могуць сапраўды, толькі бяз'ідэйныя палітычныя апартуністы, або сьведамыя шкоднікі беларускага незалежніцкага руху. Я ўважаю, што такі шлях з праўнага пункту гледжаньня быў бы вельмі небяспэчным, бо-ж усе ведаюць, што ўрад БНР вядомай Бэрлінскай канфэрэнцыяй 20.10.1925 г. перакрэсліў ўсю дзейнасьць Рады БНР, самазьліквідаваўся і прызнаў створаную бальшавікамі БССР, пераехаўшы і сам у высьнёную ім Беларускую Дзяржаву, якая на справе аказалася зманам, дзе цаной жыцьця ўсе яны заплацілі за трагічную памылку. Асталіся Крэчэўскі, Грыб, Захарка, якія ўжо таксама ня жывуць».

З гэтага вынікае, што значэньне 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу - аграмаднае. Ён сваімі пастановамі праўна падмацаваў акт 25 сакавіка ды дапоўніў яго неабходнымі пунктамі аб ануляваньні ўсіх трактатаў, зробленых бальшавікамі і палякамі ды адначасна зрабіў папярэджаньне і на будучыню.

Прэзыдэнт кангрэсу гасп. Яўхім Кіпель у сваёй заключнай прамове на кангрэсе, так казаў: «Сёньняшнім сваім актам наш народ давёў усяму сьвету, што ён ня хоча ні маскоўскае, ні польскае апекі. Усе пастановы аб выхадзе з так званага Савецкага Саюзу і аб ануляваньні маскоўска-польскіх дагавораў аб Беларусі, прыняты аднагалосна. А гэта вельмі важна! Сярод тысячы двухсот чалавек дэлегатаў не знайшлося ні аднаго, які-б хацеў звароту бальшавікоў, які-б хацеў панаваньня польскіх паноў у Беларусі! Бясспрэчна, гэта воля ня толькі дэлегатаў, як людзей, гэта - воля ўсяго беларускага народу! Наш народ ня хоча ні маскоўскага панаваньня ў Беларусі, ні польскага. Сёньняшні дзень давёў усяму сьвету, што ад імя Беларусі ня маюць права гаварыць ані Масква, ані польскія эмігранты ў Лёндане!

Беларускі народ ня толькі дэманструе сваю волю, ён будзе змагацца за свае правы жыць незалежным жыцьцём са зброяй у руках супроць сваіх векавечных ворагоў».

Той жа нябошчык М.Шыла, гаворачы аб значэньні 2-га Ўсебеларускага кангрэсу, піша ў сваёй брашуры наступнае:

«Нельга забывацца аднаго, што ў кожным гістарычным перыядзе беларускі народ выяўляў сваю волю да свабоды ў той форме, у якой ён мог гэта рабіць. Гістарычная аб'ектыўнасьць змушае прызнаць, што ў 1917-18 гг. воля беларускага народу магла выявіцца і, сапраўды, выявілася ў форме 1-га Ўсебеларускага Кангрэсу; у 1941-1944 гг. яна магла выявіцца і, сапраўды, выявілася ў форме 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу. Ані чыясь партыйная карысьць, ані нясьведамасьць, ці яшчэ якія-небудзь суб'ектыўныя матывы не зьяўляюцца аргумэнтамі для фальсіфікацыі гісторыі Беларускага народу».

«...Гістарычныя факты сьведчаць аб гістарычным працэсе. Ня важна, падабаецца гэта некаму ці не, а 2-гі Ўсебеларускі Кангрэс, пацьвярджаючы палітычныя запаветы 1-га Кангрэсу, стаўся выяўленьнем і сфармуляваньнем гістарычнага этапу, які прайшоў беларускі народ за час ад 1917 году.

І не дзеля страху перад немцамі, а дзеля любові і адданасьці Беларусі, сабраліся ўдзельнікі 2-га кангрэсу ў Менску. А прышлі яны нават адтуль, дзе ня была нямецкая нага, дзе фактычная ўлада была ў партызанскіх руках; а ішлі яны праз шляхі, адрэзаныя партызанамі. Іх клікала Беларусь і Беларуская Справа.

Шмат хто з удзельнікаў гэтага Кангрэсу загінуў у вайне; але дзе-б яны не ляглі - на прасторах далёкай чужыны, або ў пяскох радзімай зямлі, - іхныя магілы будуць помнікамі гэтых вялікіх дзён нацыянальнага ўздыму.

Прагрэс, які адбыўся ў беларускім жыцьці за 30 год пасьля 1-га Ўсебеларускага Кангрэсу, вялікі. Народ зрабіў вялікі крок наперад да рэалізацыі свае дзяржаўнай незалежнасьці. Ён загартаваўся ў змаганьні за свае нацыянальныя ідэалы, ён прайшоў школу канспірацыі і адкрытага змаганьня ў вайне. А змагаўся ён за тое, што было пастаноўлена 1-шым Усебеларускім кангрэсам і скавана Вялікім Актам 25 сакавіка 1918 году, Ідэі 25 сакавіка былі пуцяводнымі агнямі новага пакаленьня беларусаў. Агні гэтых ідэяў вялі нас да акрэсьленае мэты і, верым, прывядуць да яе. У гэтым заслуга тварцоў Акту 25 сакавіка, але і ня меншая заслуга тых, што праз 30 цяжкых гадоў ішлі самі і вялі іншых да вялікае мэты, азіраючыся на слаўныя выдарэньні мінуўшчыны і ставячы вехі сучаснасьці. Такою вехаю на цяперашнім шляху пілігрымства беларускага народу да свае найвялікшае сьвятыні - суцэльнае і суверэннае дзяржавы, - быў Другі Ўсебеларускі Кангрэс.

Ня трэба ўстанаўляць ідэйнае цягласьці паміж 1-ым і 2-гім Усебеларускім Кангрэсам. Яна відавочная кожнаму. Паходні, запаленыя 25 сакавіка, былі данесены верна пакаленьнямі да 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу і яшчэ раз высока падняты ўсім народам!

Яны гараць і разгараюцца. Нашым заданьнем ёсьць годна несьці іх у будучыню, якая, я ў гэта моцна і нязломна веру, прывядзе да скліканьня 3-га Ўсебеларускага Кангрэсу ўжо ў Вольнай Беларусі!»

Даючы сёньня ацэнку гэтага вялікага здарэньня ў беларускай вызвольнай барацьбе, якім быў безумоўна 2-гі Ўсебеларускі Кангрэс, нельга прайсьці моўчкі над асобай таго, хто быў галоўным ініцыятарам і рэалізатарам яго скліканьня.

19 сьнежня 1943 году беларускі актыў запрапанаваў праф. Р.Астроўскаму абняць становішча прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады. Час ужо быў, як ведама, моцна спозьнены, бо-ж нямецкая армія адступала амаль па ўсяму фронту і таму пэрспэктывы для творанае Рады ня былі ружовымі. Вось што гаворыць праф. Астроўскі ў сваёй прамове на 2-гім Усебеларускім кангрэсе ў гэтай справе:

«Утварэньне Беларускай Цэнтральнай Рады прыпадала ў той мамэнт, калі амаль уся тэрыторыя Беларусі была апанаваная бандытамі «і партызанамі» рознага колеру, якія білі і рабавалі наш народ, палілі нашыя сёлы і вёскі, параліжавалі ўсё эканамічнае і грамадзкае жыцьцё. Перад намі стаяла вельмі цяжкае заданьне і, калі-б не пачуцьцё абавязку перад народам і бацькаўшчынай, абавязку службы ім у найбольш цяжкую і крытычную хвіліну, дык безумоўна я ня прыняў бы на сябе гэтай ролі».

Як ведаем, праф. Астроўскі, выконваючы гэты свой абавязак службы народу і бацькаўшчыне ў найбольш цяжкую і крытычную хвіліну, даў аднак сваю згоду заняць становішча прэзыдэнта БЦР толькі пад наступнымі варункамі:

1. Беларуская Цэнтральная Рада будзе мець магчымасьць арганізаваць беларускае войска (Беларускую Краёвую Абарону);

2. Беларуская Краёвая Абарона будзе змагацца толькі з бальшавікамі і толькі на тэрыторыі Беларусі;

3. Ён прыймае функцыі прэзыдэнта БЦР часова да скліканьня 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу. (Гл. М.Шыла «А што-ж далей?» Браўншвайг, 1948 г.).

Па колькі першыя два пункты былі лёгка прыняты нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, патолькі трэці пункт выклікаў даўжэйшую дыскусію. І нічога дзіўнага, бо-ж ня толькі гэта пярэчыла гітлераўскаму прынцыпу «фюрэрства», які ня лічыўся зусім з голасам народу, але такая пастаноўка праф. Астроўскім справы давала немцам да зразуменьня, што ён лічыць іх, як акупантаў, не кампетэнтнымі вырашаць пытаньне прэзыдэнтуры, найвышэйшай дзяржаўнай установы, якою мела быць Бел. Цэнтр. Рада, бо-ж гэта - прэрогатыва выключна беларускага народу ў асобе ягоных дэлегатаў Усебеларускага Кангрэсу.

Цьвёрдая і рашучая пастава праф. Астроўскага перамагла і немцы павінны былі ўступіць, згадзіўшыся дапамагчы ў скліканьні 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу. І адна і другая старана, як бачым, слова датрымалі. Немцы істотна дапамаглі склікаць кангрэс, а праф. Астроўскі, закончыў свой абшырны даклад перад 2-гім Усебеларускім кангрэсам наступнымі словамі: «На колькі праца, праробленая Беларускай Цэнтральнай Радай, а таксама яе агульная палітыка была дастатковай і правільнай - вырашайце, дэлегаты і дэлегаткі, самі. Я толькі павінен сьцвердзіць, што свой абавязак перад народам Беларуская Цэнтральная Рада споўніла сумленна, у меру сваіх сілаў і вонковых магчымасьцяў. На гэтым я, як Прэзыдэнт і Беларуская Цэнтральная Рада, складаем свае паўнамоцтвы перад Кангрэсам. Далейшы лёс Бацькаўшчыны - у Вашых руках, г.зн. у руках самога народу: або наш народ застанецца ў гэтую адказную хвіліну пасыўным і перастане існаваць як нацыя, або ён здолее скансалідаваць усе свае сілы супроць ворага і пераможа, займаючы пачэсны пасад сярод вольных народаў Эўропы!»

У адказ на гэта, як ведаем, праф. Астроўскі быў аднагалосна выбраны 2-гім Усебеларускім Кангрэсам Прэзыдэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады. І нічога дзіўнага! Амаль уся Беларусь знала праф. Астроўскага, як піянэра беларускага адраджэньня і няўтомнага вэтэрана беларускай вызвольнай барацьбы, шчырага дэмакрата-народніка, які заўсёды адважна бараніў найвышэйшыя народныя ідэалы і заўсёды, нават у найцяжэйшыя хвіліны, заставаўся ім верным. Таму 2-гі кангрэс аднагалосна даверыў далейшы лёс змаганьня за зьдзейсьненьне народных ідэалаў свайму прэзыдэнту.

Прысьвячаючы гэтых некалькі слоў праф. Астроўскаму, з нагоды дзесяцігодзьдзя 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу, а такжа 50-ці годзьдзя яго палітычнай і грамадзкай няўтомнай дзейнасьці, складаем яму на гэтым месцы шчырую ўдзячнасьць і як найлепшыя пажаданьні ад усіх сапраўдных і шчырых беларускіх патрыётаў!

 

С.К.


1944-1954?

Тэкст падаецца паводле выдання: Другі Усебеларускі Кангрэс. Выданьне Беларускай Цэнтральнай Рады, 1954.
Крыніца: скан