epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Дзяды расказвалі

А былі ў Пагосце і туркі, даўно-даўно. Нам пра іх дзяды расказвалі, а ім — іхнія дзяды. Глуміліся туркі над нашымі людзьмі. Людзі хаваліся ад іх па зарэччы, у лесе, дзе прыходзілася. У полі і ў далінах хаваліся, дзе капялюшніку багата. Залезе чалавек у даліну, галаву з вады высуне, каб дыхаць можна было, а галавы не бачна, бо капялюшына зверху прыкрывае.

Вот адзін раз паўцякалі людзі ад туркаў з сяла, хаваюцца дзе хто. Некаторыя — у Дзедавай даліне, што каля панскага поля, пад капялюшнік пахаваліся. Сядзяць ды чакаюць, пакуль туркі з сяла пойдуць. Аж некі чалавек ідзе паўз бераг да па-нашаму нашых людзей гукае:

— Куліна-а-а, Марына-а-а, хадзі, пайшлі-і-і!

А ў вадзе якраз нека Куліна і сядзела. Паверыла, на гэты голас вылезла да таго чалавека. Мокрая ўся. Падышла, аж бачыць, што гэта турак — чорны, з вусамі, з шабляю, толькі ў наша адзенне пераадзеты. Уцякаць — не пабегла — дагоніць да яшчэ засячэ. Загадаў ён ёй у сяло ісці да свае хаты.

Зайшлі ў яе хату, дык ён загадаў яду яму згатовіць ды вады багата нагрэць, каб яму памыцца. Запаліла яна печ, прыставіла там нешта, мо бульбу, мо крышаны, мо боршч, бог яго ведае, і вады яшчэ ў вялікім чыгуне прыставіла, як турак і загадаў.

Агонь у печы гарыць, у чыгунах да гаршках вада кіпіць, нешта варыцца, а Куліна каля печы стаіць. А турак сеў на парозе, сцеражэ яе. Ды бачыць яна, што галава яго на бок пахілілася, вочы зліпліся. Задрамаў турак. А вада ў вялікім чыгуне парыць моцна. Куліна гэты чыгун вілкамі з печы выцягнула, абматала шматкаю, узяла дзвюма рукамі ды як лінула кіпень на галаву! Апарыла яго, дык ён і кончыўся. Вот так Куліна турка накарміла і сама жыва засталася.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан