epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Ілья і Пятро

Было гэта тады, калі аддаў Бог увесь свет Ільі і Пятру. Але, ведама, дзе два паны, там ніколі ладу няма. Адзін пасылае дождж, а другі — пагоду. Плачуць хмары, не ведаюць, што рабіць, каго слухаць.

Пойдзе дождж, Пятро бяжыць ды крычыць, лаецца на чым свет стаіць:

— Што вы робіце, нашто мочыце сена, цяпер ж; людзі косяць!

— Нам,— кажуць хмары,— Ілья загадаў.

— Ах,вы,— лаецца Пятро,— я вам пакажу Ілью Ілья заўсёды наробіць гнілля.

Ухопіць Пятро мятлу і паразганяе хмары па кутках, неба чысценька падмяце.

Ды вось, ні стуль ні ссюль тарахціць, едзе Ілья крычыць, як на жывот, аж неба і зямля дрыжаць. Хмары таўкуцца, бы непрытомныя, вылазяць з куткоў, і ўжо ліне такі дождж, што не толькі берагі, але і груды паплывуць.

Жаляцца людзі Богу, што паны б’юцца, а ў мужыкоў чубы трасуцца, жаляцца і просяць, каб Бог даў пагоду.

Прызывае Бог Ілью, сварыцца на яго, а той кажа што столькі развялося нечысці, трэба яе громам пабіць, бо ўвесь свет запаганіць.

Прызывае Бог Пятра і кажа, што няхай Ілья трохі папалюе чарцей.

А Ілья тым часам падымае такія грымоты, аж зямля стогне: няма ні дня, ні ночы; хмары таўкуцца,; як уюны ў рэшаце; на небе кіпіць, як у гаршку; маланка бліскае, аж у вачах цёмна робіцца, а пярун смаліць раз-поразу, паласуе хвоі і дубы ды паліць будоўлю альбо стагі.

А Ілья ездзіць па небе — камандуе:

— Так-так-так! Го-го-го! Яшчэ, яшчэ... Лупі, лупі яго... От так-так... Го-го-го! Лясні яго па карку! У патыліцу, у патыліцу лупі яго, гада! Трах-трах! Так-так-так! Го-го-го!

Просяць людзі напрамілы бог, каб уняліся грымоты, а Ілья не слухае.

Ходзіць Пятро ды плюецца бяззубым ротам ад злосці.

Нацешыцца Ілья, пачысціць сваю каляску і паедзе да сонейка ў госці.

Тут Пятро падмяце неба ды давай сушыць зямлю.

От надыходзіць пара сеяць жыта, а зямля сухая, як прысак, — зноў бяда! Бяда ўжо, што няма дажджу. Ілья сваволіць сабе з сонейкам, а пра зямлю забыўся.

Не маюць вока адзін на аднаго Ілья і Пятро, сярдзітыя, баяцца, каб і не сустрэцца.

Але вось раз уздумалі яны пахадзіць па зямлі, папытаць у людзей, каго тыя больш любяць: Пятра ці Ілью? Як сышлі яны на зямлю, так па немалым часе і сустрэліся.

Ідуць разам і спрачаюцца: Пятро кажа, што яго больш любяць людзі, а Ілья кажа — яго.

Як дакапацца, чыя праўда?

Бачаць яны, аж чалавек сее грэчку.

— От,— кажа Пятро,— давай папытаем, каго мужыкі больш любяць.

— Папытаем,— згаджаецца Ілья.

— Памагай Бог! — кажа Пятро.

— Дзякаваць...

— Скажы, добры чалавеча, каго вы больш любіце: Пятра ці Ілью?

Мужык зняў з плячэй сявок, паставіў яго на зямлю, пачухаў патыліцу дый кажа:

— А багі яго знаюць, каго мы больш любім: мо Ілью, мо Паўла-Пятра.

— Ты не гарадзі плота,— гаворыць Пятро,— кажы проста.

— Ілья і Павел-Пятро — добрыя святкі: мы іх і любім.

— А каго больш?

Бачыць мужык, што тут не выкруціцца, і кажа:

— Пэўне ж, Паўла-Пятра.

Аж затросся Ілья ад злосці.

Пайшлі яны далей, а Ілья і кажа.

— Ото ж спяку за гэта яму ніву — нічога не зародзіць.

— А я намачу і зараджу,— кажа Пятро.

— Калі так, дык я зраблю вось як: хто першы ўкусіць з гэтай нівы перапеч, той адразу ж і падавіцца.

Ухмыльнуўся Пятро, і пайшлі яны далей.

Было вельмі добрае тое лета: аб дзень пагода, цяпло, а ўначы ці цёплая раса, ці ціхенькі цёплы дожджык.

Расце ўсё як на дражджах; здаецца, пасадзі на полі дзіця, дык і тое вырасце.

Зарадзіла грэчка ў пояс. Набіў мужык паўгумна.

Вось намалаціў ён грэчкі, намалоў, і напякла баба свежых перапеч поўну печ.

На той час прыходзяць у сяло Ілья з Пятром і заначавалі ў таго мужыка.

Забыўся Ілья, не пазнаў яго.

Селі яны вячэраць.

— Вось жа, дзякаваць Богу,— кажа мужык,— зарадзіла цяпер грэчка, паспытайце, госцейкі, свежых перапеч.

А Ілья такі добра выгаладаўся. Ён як хопіць перапеч, так і падавіўся. Туды-сюды ён, і вадою запіваць, і кулаком біць у грудзі і ў спіну — хоць бы што. Здагадаўся ён, што гэта праклятыя ім перапечы, і давай прасіць у мужыка і ў Пятра прабачэння.

Ледзьве ачомаўся.

З тае пары: годзе Ілья мяшаць людзям сена касіць.

Але ўсё было б добра, каб Ілья не быў такі стары і глухі. Бог кажа:

— Пасылай тады дождж, як людзі просяць.

А ён недачуе ды пасылае дождж, як людзі косяць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан