epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Як Мікола і Пётр коней на Украіне куплялі

Бог завёў свет не так, каб усюды ўсяго было пароўну: людзей, рагатай жывёлы, коней. Спачатку было ўсяго болей на Украіне.

Надышла вясна. Бачыць Бог, што беларускаму мужычку араць няма чым — коней няма. Не прападаць жа, хоць сабе і нашаму брату, з голаду.

Даў Бог Міколу і апосталу Пятру грошай і паслаў іх абодвух на Украіну купляць коней.

Мікола надта любіў выпіць, і зайшлі яны з Пятром у карчму. Узялі паўштоф, другі. Як завяло ў Міколы ў галаве, дык і забыўся ён пра ўсё, прапіў грошы, што яму Бог даў,— да капейкі. Няма за што цяпер Міколу з Пятром і коней купляць...

Глядзяць, аж бягуць два табуны коней. Мікола сеў на першага каня і пагнаў табун перад сабою, а Пётр ускочыў на каня з другога табуна і таксама пагнаў перад сабою.

Гоняць яны гэтых коней і думаюць: усё чыста зрабілі, бачыць ніхто не бачыў, акрамя толькі вароны, сарокі і зязюлі...

Прыводзяць яны коней да Бога. Вось ён і пытае ў іх:

— Вы гэтых коней купілі?

— Купілі.

— А сведкі ў вас былі, як куплялі?

— Не, сведкаў не было.

Тут прылятае варона (яны пра варону і забыліся) і крычыць:

— Укр-алі, укр-алі.— Сядзіць на галінцы ды сваё гарлапаніць.

З’явілася сарока.

— Што ты скажаш, сарока?

Сарока з жэрдачкі на жэрдачку пераскоквае і крычыць:

— За гэта ім трэба чы, чы, чы.

Нарэшце прыляцела зязюля і пачала заліваць:

— Яны купілі ды ку-у-пі-лі, ды ку-у-пі-лі.

Пётр і Мікола ўзрадаваліся, што хоць зязюля іх руку трымае. Тады гавораць:

— Вось ты кукуй толькі да Пятра, а там табе далей свабодна. Вы ж, сарока і варона, што так сказалі,— вам увесь год крычаць, не будзе роздыху ніколі.

Дык вось як Мікола з Пятром ашуканствам займаліся.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан