epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Як чорта выганялі

Быў і іншы выпадак, пра які расказвалі калісьці. Было гэта, можа, у Дашах, а можа, і не ў Дашах, хто яго ведае. Ішоў аднойчы ноччу чалавек з вяселля: ды ішоў падхмелены, а ісці яму выпала якраз праз могільнік. На могільніку тым свежую яму выкапалі, дык п’яны чалавек у гэтую яму і ўваліўся.

Сядзіць ён у яме ды чуе: у кутку нешта варушыцца. Спачатку спужаўся, а потым: мац, мац — бачыць, а гэта казёл, ды не які чужы, а — ягоны.

І так сядзяць у яме казёл і гаспадар. Сядзелі мо гадзіну, а мо і болей, аж чуе гаспадар: нехта тупае.

— Чалавеча добры! — крычыць ён.— Дапамажы мне вылезці з гэтай ямы.

Прахожы знайшоў недзе кавалак вяроўкі і ўзяўся выцягваць п’янага. А п’яны думае: «Выцягне мяне, дык казёл застанецца ў яме. Яшчэ здохне да раніцы. Падам яму перш казла, а потым сам вылезу». І, нічога не кажучы, прывязаў казла да вяроўкі.

Цягне прахожы вяроўку, але, калі ўбачыў, што гэта казёл, спужаўся страшэнна, піхнуў казла назад у яму, а сам пабег у вёску. У вёсцы расказаў, што бачыў на могільніку чорта ў постаці казла, які гаварыў да яго чалавечым голасам.

Сабраліся людзі раніцаю ў працэсію, узялі з сабою папа ды пайшлі на могільнік выганяць чорта. А чалавек, які сядзеў у яме, паспеў за гэты час з яе выкарабкацца; ідзе ён ды бачыць, насустрач працэсія валіць.

— Куды вы, людзі, ідзяце? — пытае.

— На могільнік, з ямы чорта выганяць,— адказваюць яму.

— Які вам чорт, гэта ж я быў! — кажа чалавек.

Думаеце, яму паверылі? Яшчэ чалавека гэтага дурнем нараклі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан