epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Як мы вучыліся

Бацька наш памёр, пакінуў сям’ю з шасці душ. Працаваў я адзін — грузіў дровы на станцыі, а маці дома ўвіхалася каля астатніх пяці маленькіх.

Ніхто з нас не вучыўся.

Блізка ад нашага дома была царква. Там поп адчыніў школу. Звалі яе васкрэснай, бо займаліся па нядзелях, адзін раз на тыдзень.

Маці аддала мяне ў гэтую школу. Там чыталі псалтыр, часаслоў; навука была — нікуды. Вучыў нас айцец Якаў — худы і высокі поп, злосны, як яшчарка. Калі не вывучыш што-небудзь, дык ён абавязкова лінейкай па плячах лясне. Але больш за ўсё ён любіў цягаць за валасы.

— Я вам,— кажа,— пакажу зараз гару Арарат,— і цягне за валасы, ажно свет з авечы хвост здаецца.

Хлопцы, вучні нашай школы, дзеці рабочых, былі ціхія і забітыя і часта заплаканыя ішлі дадому.

Я быў хлопец зухавы, і надумаліся мы з Антонам зрабіць папу такую штуку.

Зарабляў я ў дзень трыццаць капеек. Маці аддаў тады дваццаць, а дзесяць капеек узяў сабе.

Раніцай, як толькі хлопцы пайшлі ў школу, я сабраў усіх, хто быў з доўгімі валасамі, і павёў да цырульніка, які жыў каля царквы. Ён за гэтыя грошы і пастрыг усіх пад першы нумар.

Прыйшлі ў школу. Сядзім, чакаем папа. Заходзіць.

А мы паціху смяёмся ў кулак. Пытаецца поп у Янкі:

— Вывучыў?

Той вочы апусціў да зямлі.

— Не ведаю,— кажа,— урока.

Бацюшка падышоў, толькі нацэліўся за чупрыну ўзяць, аж яе і няма.

Раззлаваўся ён, глядзіць — усе голеныя. І тут усё зразумеў.

Але хітры поп з таго часу пачаў цягаць нас за вушы.

Вось так і вучыліся.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан