epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Як нарадзіліся Нёман і Лоша

Пра Нёман расказваюць так. Даўно гэта было. Недалёка ад вёскі Забалацце, што на нашай Уздзеншчыне, з-пад вялікага лазовага куста выбілася крынічка. Вада ў ёй была халодная, як лёд, а чыстая, як дзявочая сляза. Вада тая ўсё прыбывала, большала, аж пакуль не пабегла па двух ручайках. Так вось нарадзіліся рэкі Нёман і Лоша.

Нёман быў шчыры і крэпкі хлапец, а Лоша ціхая, лянівая і хітраватая дзеўка. Яшчэ больш падужэўшы, Нёман аднойчы сказаў Лошы:

— Раздолля трэба мне, волі захацелася. Буду як мага прабівацца да мора.

Нічога не сказала на гэта Лоша, толькі сама сабе надумалася навыперадкі бегчы з Нёманам і першай выскачыць к мору.

Назаўтра, яшчэ не развіднела, яна ціхенька ўстала і пайшла па нізінах ды па далінах да мора.

Прачнуўся Нёман, угледзеў, што Лошы няма, ну й кінуўся наўздагон, не разбіраючы дарогі, напрасткі.

З таго часу ён так і ляціць, паспяшае да мора, магутны і шырокі, а Лоша плыве сабе ціха, хаваючыся ды туляючыся па кустах і нізінах.

 

***

Кажуць, нібы нейкі даўні князь Віт, ці Віток, праходзіў са шматлікім войскам праз лясы цяперашняй Лошніцы. Яго ўначы заспела моцная бура, і ён загадаў сваім воінам расчысціць лес і зрабіць начлег на высокай гары каля ручая.

І нібы воіны выкапалі на вяршыні гары яму, абклалі яе шкурамі і зрабілі Віту ложа.

Ад таго гару назвалі Ложніцаю, а ручай ці рэчку Ложай, або Лошай.

Лошніцкія старажылы ўказваюць месца начлегу каля рэчкі Лошы, на гары, што за могілкамі, яно і цяпер завецца Вітагор’ем.

...Даўным-даўно, тысячы гадоў таму з-пад вялізнага каменя, дзе б’е крыніца, нарадзіўся славуты асілак. Яго назвалі Нёманам. Жыў сярод лясоў дрымучых, лугоў шырокіх. Прыгожы, працавіты. Прыродзе, і людзям, і ўсяму жывому дабром плаціў. У суседстве жыла Лоша. Гультаяватая, ляжала ў цяньку, сабою любавалася. Нікому ад яе не было ні радасці, ні карысці. Лоша часта заглядала да свайго суседа. За маўклівасць называла яго Неманцом.

Цяпер ніхто не ведае, што Нёману спадабалася тая красуня. Адно вядома — было вяселле. Гуляла на ім уся жаніхова радня: і Сула, і Уса, і Уздзянка, і Шчара... Каго толькі тут не было! Пілі, балявалі, маладым шчасця ды добрай долі жадалі.

Скончылася вяселле, пачаліся будні.

Зноў Нёман не ведаў ні дня, ні ночы. Паіў, карміў, туліў усіх, хто да яго гарнуўся: і чалавека, і звера, і птаха, і рыбу, і жыўнасць усякую. Цешыў сваім люстэркам водным прыбярэжныя лясы, палеткі, лугі, на сваіх магутных грудзях насіў чоўны, ганяў плыты.

Не раз запрашаў на шырокую прастору і сваю красуню ненаглядную. Толькі тая была абыякавая, халодная да ўсяго, па-ранейшаму не хацела дзяліць са сваім волатам нягоды і радасці.

Не да душы было такое жыццё Нёману. Аднойчы цёмнай ноччу кінуўся ўпрочкі. Стараўся замесці след: там пад паплавам прабяжыць, там, дзеля перадыху, вынырне плёсам, тоняй, азярынкаю, а потым зноў схаваецца. І толькі там, дзе цяпер Забалацце стаіць, асілак у адкрытую пайшоў да мора.

Прачнулася Лоша, а Нёмана няма. Пачала даганяць уцекача, ды не ў той бок кінулася. Па далінах ды па нізінах бегла. Ажно сіл не ставала, дый не ведала, куды далей падацца. Гукала-клікала на дапамогу, але ніхто не прыйшоў — ні Пціч, ні Бярэзіна, ні Свіслач... Толькі Выня паспачувала гору сваёй сяброўкі. Выбеглі яны ўдзвюх да груда пясчанага, дзе сягоння Пясочнае, і ўбачылі: Нёман праз долы і лясы дарогу сабе пракладае. Хвалямі горкіх слёз кінулася Лоша ў абдымкі да свайго асілка: адчула, што жыць па-ранейшаму, ды яшчэ адной заставацца, не варта — знікнуць можна. Пачала дапамагаць Нёману. З часам і людзі не абмінулі яе стараною: паблізу пачалі будавацца. Так нарадзіліся вёскі Лоша, Мрочкі, Перавоз, Сасноўка, Рачыца, Пясочнае.

Нёман ніколі не забывае родныя мясціны. Кожную вясну, кожную восень дажджлівую вяртаецца да маці сваёй — крынічкі, якая цячэ з-пад вялізнага каменя. Вяртаецца сюды, каб сустрэцца са сваёй Лошаю, са сваёй маладосцю...



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан