epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Як паўстаў горад Браслаў

Не сто, не дзвесце, можа, тысячу гадоў назад на Замкавай гары жыў вядомы і багаты князь Дзвін.

Была ў князя жонка Друя. Многа гадоў пражылі яны ў згодзе.

Канчаўся знакаміты род Дзвінаў.

І вось у Друі нарадзілася дачка Дрыва.

Калі вырасла яна, пайшла чутка, што няма на зямлі другой такой прыгажуні. Не адзін князь хацеў узяць Дрыву за жонку. Але не было ў князёў столькі багацця. І толькі тры князі — пскоўскі Сноў, лукомльскі Снуд і полацкі Брас — маглі сапернічаць з Дзвінам.

Але яны не падабаліся Дрыве.

— Толькі самы харобры стане маім мужам,— сказала Дрыва.

Сноў і Снуд вырашылі, што Дрыве падабаецца Брас. Яны задумалі забіць Браса.

Доўга чакалі такога моманту. І вось аднойчы ім стала вядома, што цёмнай ноччу Брас павінен ісці ў замак Дзвіна. Князі падпільнавалі Браса і забілі яго.

Цяпер нехта з іх можа стаць абраннікам прыгажуні. Сапернікі пачалі біцца.

Снуд перамог і забіў Снова, але і сам памёр ад ран. Раніцой іх знайшлі пад гарою. Тым часам людзі даведаліся, што Снуд і Сноў забілі не Браса, а яго слугу Беранса.

Брас усё зразумеў і пайшоў у замак да Дзвіна.

— Калі не аддасі мне Дрыву,— сказаў ён старому Дзвіну,— я вазьму яе сам.

Пачула гэта Дрыва і кінулася ў Дрывяты.

Смерць дачкі не перажыла Друя.

Яна ўтапілася ў Друйцы.

Памёр ад гора стары Дзвін.

Тады забраў Брас замак і стаў кіраваць горадам.

А гораду далі імя Браслаў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан