epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Як пры панах жылося

У пана Барадоўскага быў вельмі вялікі маёнтак. У тым маёнтку працавалі сяляне штодня гадзін па семнаццаць — васемнаццаць. Галодныя, голыя, босыя працавалі, а палучаць нічога не палучалі.

Сялянскія жонкі пралі ніткі пану. Прыносілі іх і здавалі пані Ядзі, якая за самае малое карала сялян.

Вось адна сялянка Агата напрала ніткі, ды троху грубаватыя. За гэта пані Ядзя хапіла Агату за пальцы і павывернула іх.

Сялянка Марыя, у якой было пяцёра дзяцей, служыла ў пана ў доме.

Аднаго разу, метучы спальню, Марыя незнарок скінула са стала і разбіла гадзіннік.

Бедная сялянка спужалася і не ведала, што рабіць. Пайшла хавацца.

Лютыя панскія прыслужнікі знайшлі Марыю і пакаралі яе смерцю.

Засталося пяць бедных сіротак.

Сялянка Рыпіна, што жала на полі, пайшла дамоў карміць дзіця малое. За такую правінку пан загадаў свайму войту зараз жа гэтую сялянку даставіць у палац.

Даставілі яе ў палац.

Войты — злосныя, ходзяць з бізунамі ў руках вакол Рыпіны.

Надышла часіна злая, Рыпіну пачалі катаваць. Войтаўскія бізуны заляскалі па яе худых плячах.

Рыпіна нема закрычала: «Злітуйцеся! Паночкі, злітуйцеся!»

Войты нібы і не чулі, працягвалі біць Рыпіну.

Жанчына крычала-крычала і скора змоўкла — памерла.

Дзеці таксама паўміралі ад голаду і холаду...

Вось як жылі...



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан