epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Як скарб з-пад печы выходзіў

Адзін гаспадар пабудаваў новую хату, але ніхто не мог у ёй начаваць, бо абы ноч найшла, так вылазіць з-пад печы баран і ўсё кажа:

— Выйду! Выйду! Выйду!

Так гаспадары, няма рады, уцякаць.

Аднаго разу прыйшоў падарожны і просіцца:

— Гаспадарыку, прымі мяне нанач.

— Што ж я, кажа, табе параджу? Я сам у гумне начую, бо ў хаце нешта ўсё страшыць.

— То я там буду начаваць.

— Добра.

Пайшоў той падарожны, запаліў лучыну, лёг на печы і ляжыць, ажно як лучына згарэла, так вылазіць нешта з-пад печы і кажа:

— Выйду! Выйду! Выйду!

Таму валасы ўжо дыбам сталі, ведама, адзін на цэлы дом. Але ўзяў кій і кажа:

— Ну, то выходзь!

Ажно лезе да яго баран, а ён як стукне яму кіем па лбу, так золата і рассыпалася. Падарожны нагарнуў сабе колькі хацеў, а рэшту гаспадарам аставіў дый пайшоў у свет вандраваць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан