epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Як узнікла Кабылічча балота

Вось гэтае балота (гаварылі мне пра балота, што называецца Кабыліччым, пад самым горадам Гомелем, па дарозе на сяло Краснае і Уваравічы), было калісьці возерам.

Жыла-была маці-чарадзейка з адзіным сынам, які і патануў у гэтым возеры. Маці засмуцілася і закляла тое месца: зрабілася возера балотам. А раней па возеру таму караблі плылі; месцамі трапляюцца мачты, аскабалкі караблёў: цяпер дрыгва такая, што ідзеш, а зямля супраць цябе ўздымаецца.

Завязала чараўніца возера ў балота такім замком: няхай знойдзецца дзяціна сямі год, праедзе па балоту на кабыле трох год і адшукае тое месца, дзе патануў сын. На месцы тым выраслі тры чараціны (тры кусты чароту), трэба іх таму дзяціне вырваць і, не азіраючыся, увезці прэч — зробіцца тады балота ізноў возерам. Але як гэта зрабіць? Дзе такі асілак сямі год ? Як яму праехаць па зыбучай дрыгве, як яму знайсці ў чаротавых зарасніках тыя самыя тры чараціны?



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан