epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Як зрабілася балота каля Кленікаў

Здарылася гэта тады, калі яшчэ ў Кленіках жыў пан, за панскім прыгонам. Была ў гэтага пана дачка-прыгажуня, слаўная з прыгожасці на ўсю аколіцу. Каля панскае сялібы бегла невялічкая рэчка. Дачка-прыгажуня вельмі любіла сядзець на беразе гэтай рэчкі. Вада ў ёй была чыстая, як люстэрка. Прыгажуня часта ўглядалася на сваё адлюстраванне ў вадзе і захаплялася сабою. Але вось аднойчы дачка-прыгажуня загінула. На другі дзень сяляне вылавілі яе цела з рэчкі. У панскай сям’і вялікае няшчасце. Маці прыгажуні не магла дараваць гэтай рэчцы, яна ў злосці закляла яе. Кінула ў чыстую ваду авечае руна, кажучы:

— Згінь, рэчка! Не будзе цябе столькі гадоў, колькі ёсць валасоў воўны на авечым руне.

Так і сталася. Рэчка прапала. На яе месцы паявіліся дрыгва і балота, паросшае лазой...



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан