epub
зыходны pdf
 
падключыць
слоўнікі

Евангелле паводле Лукі

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-80)
2 (1-52)
3 (1-38)
4 (1-44)
5 (1-39)
6 (1-49)
7 (1-50)
8 (1-56)
9 (1-62)
10 (1-42)
11 (1-54)
12 (1-59)
13 (1-35)
14 (1-35)
15 (1-32)
16 (1-31)
17 (1-37)
18 (1-43)
19 (1-48)
20 (1-47)
21 (1-38)
22 (1-71)
23 (1-56)
24 (1-53)


1 (1-80)

1Паколькі ўжо многія імкнуліся скласці апавяданне пра падзеі, якія адбыліся сярод нас, 2як перадалі нам тыя, што ад пачатку былі відавочцамі і слугамі слова, 3вырашыў і я дакладна даследаваць усё ад пачатку і апісаць табе ўсё па парадку, дастойны Тэафіле, 4каб ты пазнаў праўдзівасць таго, чаму быў навучаны.

5У часы Ірада, караля юдэйскага, быў адзін святар, па імені Захарыя, з роду Абія. Ён меў жонку з дачок Аарона, а імя яе было Альжбета. 6Абое былі справядлівымі перад Богам, жывучы беззаганна паводле ўсіх запаведзяў і наказаў Пана. 7Але не мелі дзіцяці, бо Альжбета была бясплоднай; і абое былі ўжо ў старым узросце.

8Калі Захарыя ў парадку сваёй чаргі выконваў святарскае служэнне перад Богам, 9яму паводле святарскага звычаю выпаў лёс увайсці ў святыню Пана, каб прынесці ахвяру для каджэння. 10Усё ж мноства народу малілася звонку падчас каджэння. 11І з’явіўся яму анёл Пана, які стаяў з правага боку кадзільнага ахвярніка. 12Захарыя збянтэжыўся, калі ўбачыў анёла, і страх ахапіў яго. 13Анёл жа сказаў яму: «Не бойся, Захарыя, бо выслухана просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, а ты назавеш яго імем Ян. 14Будзе табе радасць і весялосць, і шмат хто ўзрадуецца нараджэнню ягонаму. 15Бо ён будзе вялікі ў вачах Пана, не будзе піць ні віна, ні сіцэры і напоўніцца Духам Святым яшчэ ва ўлонні маці сваёй. 16Многіх з сыноў Ізраэля наверне да іхняга Пана Бога. 17І сам пойдзе перад Ім у духу і моцы Іллі, каб вярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, і непаслухмяных — да разважлівасці справядлівых, каб падрыхтаваць Пану народ дасканалы». 18Тады сказаў Захарыя анёлу: «Па чым я пазнаю гэта? Бо я стары і жонка мая ў старым узросце». 19Анёл сказаў яму ў адказ: «Я Габрыэль, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою, і абвясціць табе добрую навіну пра гэта. 20І вось, ты будзеш маўчаць і не зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час».

21Народ жа чакаў Захарыю і дзівіўся, што ён затрымліваецца ў святыні. 22А калі выйшаў, не мог гаварыць з імі; і яны пазналі, што ён бачыў з’яўленне ў святыні. А ён гаварыў з імі на мігах і заставаўся нямым.

23Калі скончыліся дні служэння ягонага, ён вярнуўся ў свой дом. 24І пасля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная, і ўкрывалася пяць месяцаў, кажучы: 25«Так учыніў мне Пан у тыя дні, калі глянуў на мяне, каб зняць з мяне ганьбу перад людзьмі».

26У шосты месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт, 27да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. 28Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою». 29Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. 30І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. 31Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. 32Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, 33і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца».

34І сказала Марыя анёлу: «Як станецца гэта, калі я мужа не спазнала?» 35Анёл сказаў Ёй у адказ: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым. 36Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй; і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай, 37бо для Бога няма нічога немагчымага». 38Тады Марыя сказала: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І адышоў ад Яе анёл.

39Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. 40Яна ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету. 41Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. 42Яна ўсклікнула моцным голасам і сказала: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго. 43Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? 44Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні маім. 45І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам».

46І сказала Марыя:

«Велічае душа мая Пана,

47і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу

48бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі.

І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пак

49Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,

а імя Яго святое.

50І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакален

над тымі, хто Яго баіцца.

51Паказаў моц сваёй правіцы,

рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.

52Скінуў магутных з трона

і ўзвысіў пакорных.

53Дабром галодных насыціў, *

а багатых ні з чым адправіў.

54Прыняў свайго слугу Ізраэля, *

памятаючы пра сваю міласэрнасць,

55як абяцаў бацькам нашым

Абрагаму і яго патомству навекі».

56Прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў і вярнулася ў дом свой. 57Альжбеце ж надышоў час нараджаць, і яна нарадзіла сына. 58Калі пачулі суседзі і сваякі яе, што Пан учыніў вялікай міласэрнасць сваю да яе, радаваліся разам з ёю. 59На восьмы дзень прыйшлі абразаць дзіця і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарыем. 60Але, адказваючы, маці ягоная сказала: «Не, але будзе названы Янам». 61Тады сказалі ёй: «Няма нікога з тваёй радні, хто б называўся такім імем». 62У бацькі ж ягонага пыталіся на мігах, як бы хацеў назваць яго. 63Ён, папрасіўшы таблічку, напісаў: «Ян — імя яго». І ўсе здзівіліся. 64У гэты момант адразу адкрыліся вусны ягоныя і развязаўся язык ягоны, і ён загаварыў, праслаўляючы Бога. 65Ахапіў страх усіх суседзяў іхніх, і па ўсёй горнай краіне Юдэі яны расказвалі пра ўсё гэта. 66Усе, хто чуў, разважалі пра гэта ў сэрцах сваіх і казалі: «Што ж гэта будзе за дзіця?» Бо рука Пана была з ім.

67А Захарыя, бацька яго, напоўніўся Духам Святым і прарочыў, кажучы:

68«Благаслаўлёны Пан, Бог Ізраэля,

бо наведаў і адкупіў народ свой,

69і ўзняў моц збаўлення для нас

у доме Давіда, слугі свайго.

70Як абвясціў спрадвеку

вуснамі сваіх святых прарокаў,

71што збавіць нас ад ворагаў нашых

і ад рук усіх, хто нас ненавідзіць.

72Каб праявіць міласэрнасць да айцоў нашых

і нагадаць пра святы запавет свой.

73Прысягу, якую даў Абрагаму, айцу нашаму,

дасць нам.

74Каб, выбаўленыя з рук ворагаў,

мы без страху служылі Яму

75ў святасці і справядлівасці перад Ім

ва ўсе дні нашыя.

76А ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага будзеш названа,

бо пойдзеш прад абліччам Пана падрыхтаваць шляхі Яму;

77каб даць народу Ягонаму пазнаць збаўленне

праз адпушчэнне яго грахоў,

78дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога,

у якой наведаў нас Усход з вышыні;

79каб асвятліць тых, хто сядзіць у цемры і ў ценю смяротным;

каб накіраваць ногі нашыя на шлях спакою».

80А дзіця расло і ўзмацнялася духам, і заставалася на пустыні да дня з’яўлення свайго перад Ізраэлем.

 

2 (1-52)

1У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. 2Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі. 3І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. 4Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, 5каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай. 6А калі яны былі там, надышоў Ёй час нарадзіць. 7І нарадзіла Сына свайго першароднага. І спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе.

8У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. 9І з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. 10І сказаў ім анёл: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, 11бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. 12І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях». 13Раптам з анёлам з’явілася вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала: 14«Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі».

15Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан». 16І пайшлі яны, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях. 17А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця. 18Усе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі. 19А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.

20І вярнуліся пастухі, праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было сказана ім.

21Кaлі мiнулa вoсем дзён, кaб aбрэзaць Дзiця, дaлі Яму iмя Езус, якoе былo нaзвaнa aнёлaм перад Яго зaчaццем ва ўлонні.

22А калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану, 23 — як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; — 24і каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або двух галубіных птушанят.

25І вось, быў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Чалавек гэты, праведны і пабожны, чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім. 26Было яму прадказана Духам Святым, што ён не зазнае смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана. 27І прыйшоў ён, натхнёны Духам, у святыню. А калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закону, 28ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:

29«Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару,

паводле слова Твайго, у спакоі;

30бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё,

31якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў,

32святло для асвятлення язычнікаў

і хвалу народу Твайго Ізраэля».

33А бацька і Маці Езуса дзівіліся таму, што было сказана пра Яго. 34І благаславіў іх Сімяон, і сказаў Марыі, Маці Яго: «Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. 35А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў».

36Была таксама там Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з роду Асэра. Яна была ў вельмі старым узросце і пражыла з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў; 37удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не адыходзіла ад святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўдзень і ўначы. 38Яна таксама прыйшла ў той самы час і славіла Пана, і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Ерузалема.

39Калі яны выканалі ўсё паводле Закону Пана, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт. 40Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім.

41Бaцькi Езуса хaдзiлі штогод у Ерузaлем нa свята Пaсхi. 42I кaлі Яму былo двaнaццaць гaдoў, яны ўзышлі ў Ерузaлем пaвoдле звычaю святa. 43Калі па заканчэнні дзён свята вярталіся, зaстaўся Хлопец Езус у Ерузaлеме, i не заўважылі гэтага Ягoныя бaцькi. 44Думaючы, штo Ён ідзе з пілігрымамі, прайшлі дзень дaрoгi і тады пачалі шукaць Ягo мiж свaякaмi i знaёмымi. 45Не знaйшoўшы, вярнуліся ў Ерузaлем, шукaючы Ягo. 46I пaсля трoх дзён знaйшлі Ягo ў святынi. Ён сядзеў сярoд настаўнікаў, слухaючы iх i пытaючыся ў iх. 47А ўсе, хто слухaў Ягo, дзівіліся рoзуму i aдкaзaм Ягo. 48I, убaчыўшы Яго, яны здзiвiліся, i скaзaлa Яму Мaці Ягoнaя: «Дзіця, чаму Ты зрaбiў нaм тaк? Вoсь бацька Твoй i Я балюча перажывалі, шукaючы Цябе». 49Ён скaзaў iм: «Чaгo ж вы шукaлі Мяне? Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу Мaйму?» 50Aле яны не зрaзумелі таго, што Ён скaзaў iм.

51І ён пaйшoў з iмi, і прыйшoў у Нaзaрэт, i быў паслухмяны iм. А Мaці Ягo захавала ўсе гэтыя слoвы ў сэрцы свaiм. 52Езус жа ўзрастаў у мудрaсцi, у гaдах i ў лaсцы ў Бoгa i ў людзей.

 

3 (1-38)

1У пятнаццаты год панавання цэзара Тыберыя, калі Понцій Пілат быў намеснікам у Юдэі, а Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Філіп, брат ягоны, тэтрархам у Ітурэі і Траханіцкай зямлі, а Лізанія тэтрархам у Абіленах, 2пры першасвятарах Анне і Каяфе было скіравана слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні. 3Ён прайшоў усе ваколіцы Ярдана, абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў, 4як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі:

«Голас таго, хто кліча ў пустыні:

“Падрыхтуйце дарогу Пану,

простымі рабіце сцежкі Яму!

5Кожная даліна ўзвысіцца,

кожная гара і пагорак панізяцца,

і выбоістыя дарогі стануць раўнінай,

і ланцугі гордалінаю.

6І ўбачыць кожнае цела Божае збаўленне”».

7Ён казаў натоўпам, якія прыходзілі да яго хрысціцца: «Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу? 8Прынясіце ж годны плён пакаяння і не думайце казаць сабе: “Маем Абрагама за бацьку”; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых абудзіць дзяцей Абрагаму. 9Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэў. Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь».

10І пыталіся ў яго людзі, кажучы: «Што мы павінны рабіць?» 11Ён казаў ім у адказ: «Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае, і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае». 12Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: «Настаўнік, што мы павінны рабіць?» 13Ён адказаў ім: «Нічога больш за вызначанае вам не спаганяйце». 14Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: «А мы што павінны рабіць?» Ён адказаў ім: «Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся платай сваёй».

15Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Месія ён, 16Ян адказаў усім: «Я вадою хрышчу вас, але ідзе Мацнейшы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём. 17Лапата Яго ў руцэ Ягонай, каб ачысціць гумно сваё і сабраць пшаніцу ў засекі свае, а мякіну спаліць агнём непагасным».

18Шмат чаго іншага прапаведаваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу. 19А тэтрарх Ірад, якога Ян дакараў за Ірадыяду, жонку яго брата Філіпа, і за ўсё зло, якое ўчыніў Ірад, 20да ўсяго дадаў яшчэ і тое, што замкнуў Яна ў вязніцы.

21Калі хрысціўся ўвесь народ і калі Езус, прыняўшы хрост, маліўся, раскрылася неба, 22і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я».

23Езус, пачынаючы служэнне сваё, меў каля трыццаці гадоў і быў, як лічылі, сынам Юзафа, сына Элія, 24Матата, Левія, Мэльхія, Яная, Юзафа, 25Матафія, Амоса, Навума, Эслія, Нагея, 26Маата, Матафія, Сэмэя, Юхафа, Юды, 27Янана, Рэсы, Зарабабэля, Салятыэля, Нэрыя, 28Мэльхія, Адзія, Касама, Эльмадама, Іра, 29Есія, Эліязэра, Ярыма, Матата, Левія, 30Сімяона, Юды, Юзафа, Ёны, Эліяхіма, 31Мэлея, Мэны, Матата, Натана, Давіда, 32Есэя, Абэда, Бааза, Сальмона, Наасона, 33Амінадаба, Адміна, Арні, Эзрома, Фарэса, Юды, 34Якуба, Ісаака, Абрагама, Тарэя, Нахора, 35Сэруха, Рахаба, Фалека, Эбэра, Саліна, 36Каінама, Арфаксада, Сэма, Ноя, Ламеха, 37Матусала, Эноха, Ярэда, Малелеэля, Каінама, 38Эноса, Сэта, Адама, сына Бога.

 

4 (1-44)

1Езус, напoўнены Духaм Святым, вярнуўся з-над Ярдaна, i вадзіў Яго Дух па пустыні 2сорак дзён, і д’ябал выпрабоўваў Яго. I нiчoгa не еў у тыя днi, a кaлі яны скoнчыліся, згаладаўся. 3Тады д’ябaл скaзaў Яму: «Кaлі Ты Сын Бoжы, скaжы гэтaму кaменю, кaб ён стaў хлебaм». 4I aдкaзaў яму Езус: «Нaпiсaнa: “Не хлебaм aдным будзе жыць чaлaвек”». 5Тады д’ябал павёў Яго і пaкaзaў Яму ў імгненне ўсе валадарствы свету. 6І скaзaў Яму д’ябал: «Я дaм Тaбе ўсю гэтую ўлaду i славу iх, бo яна мне перададзена, i кaму хaчу, даю яе. 7Кaлі Ты пaклoнiшся мне, уся будзе Тваёй». 8У адказ Езус скaзaў яму: «Нaпiсaнa: “Пaну Бoгу твaйму будзеш пакланяцца i Яму aднaму будзеш служыць”». 9Тады зaвёў Ягo ў Ерузaлем i пaстaвiў нa крыле святынi, i скaзaў Яму: «Кaлі Ты Сын Бoжы, кiнься aдгэтуль унiз, 10бo нaпiсaнa:

“Анёлaм свaiм загадае пра Цябе,

кaб ахоўвалі Цябе”

11i: “Яны нa рукaх пaнясуць Цябе,

кaб Ты часам не спатыкнуўся aб кaмень нaгой сваёй”».

12I Езус скaзaў яму ў адказ: «Скaзaнa: “Не будзеш выпрабоўваць Пaнa Бoгa твайго”». 13Скoнчыўшы ўсе выпрабаванні, д’ябaл aдступіў aд Ягo дa пары.

14Езус вярнуўся ў моцы Духа ў Галілею. І разышліся чуткі пра Яго па ўсёй ваколіцы. 15І навучаў Ён у іх сінагогах, і ўсе Яго славілі.

16Калі прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, увайшоў паводле свайго звычаю ў шабат у сінагогу і падняўся, каб чытаць. 17Яму падалі кнігу прарока Ісаі. Разгарнуўшы кнігу, Ён трапіў на месца, дзе было напісана:

18«Дух Пана на Мне,

бо Ён намасціў Мяне

абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім,

паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным

і сляпым вяртаць зрок,

каб выпусціць спакутаваных на свабоду,

19каб абвясціць год ласкі Пана».

20Згарнуўшы кнігу, Ён аддаў яе слугу і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. 21І Ён пачаў гаварыць ім: «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі». 22І ўсе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: «Ці ж не сын Юзафа гэта?» 23А Ён сказаў ім: «Напэўна, скажаце мне такую прыказку: “Лекар, вылечы самога сябе; зрабі і тут, у тваёй бацькаўшчыне тое, што, як мы чулі, сталася ў Кафарнауме”». 24І сказаў: «Сапраўды кажу вам: ніводнага прарока не прымаюць на бацькаўшчыне яго. 25Сапраўды кажу вам: шмат удоў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі неба было зачынена тры гады і шэсць месяцаў, так што быў вялікі голад па ўсёй зямлі. 26І да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да аўдавелай жанчыны ў Сарэпту Сідонскую. 27Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача сірыйца Наамана».

28Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам 29і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на край гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго. 30Але Ён, прайшоўшы паміж імі, адышоў.

31І прыйшоў у Кафарнаум, галілейскі горад, і навучаў іх у дні шабату. 32І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, таму што слова Ягонае мела ўладу. 33Быў у сінагозе чалавек, які меў нячыстага духа. Ён закрычаў моцным голасам: 34«Пакінь! Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты: Святы Божы». 35Але Езус забараніў яму, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!» Тады злы дух кінуў яго на сярэдзіну і вышаў з яго, нічым не нашкодзіўшы яму. 36І здзіўленне ахапіла ўсіх, і казалі адзін аднаму: «Што гэта за слова, што з ўладаю і моцай Ён загадвае нячыстым духам — і яны выходзяць?» 37І разнеслася пагалоска пра Яго па ўсёй навакольнай мясцовасці.

38Выйшаўшы з сінагогі, Езус увайшоў у дом Сымона. Цешчу Сымонаву ахапіла моцная гарачка. Таму прасілі Яго за яе. 39Стаўшы над ёю, Езус забараніў гарачцы, і тая пакінула яе. Адразу ўстаўшы, яна прыслужвала ім.

40На захадзе сонца ўсе, хто меў хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Езуса. Ён жа, ускладаючы рукі на кожнага з іх, аздараўляў іх. 41З многіх таксама выходзілі з крыкам злыя духі і казалі: «Ты — Сын Божы». Але Ён забараняў і не дазваляў ім казаць, бо яны ведалі, што Ён Месія. 42Калі настаў дзень, Езус выйшаў і адправіўся ў пустыннае месца. А людзі шукалі Яго і, прыйшоўшы да Яго, затрымлівалі, каб не адыходзіў ад іх. 43Але Ён сказаў ім: «Таксама іншым гарадам Мне трэба абяшчаць Добрую Навіну пра Валадарства Божае, бо дзеля гэтага Я пасланы». 44І прапаведаваў у сінагогах Юдэі.

 

5 (1-39)

1Аднойчы, калі натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, Ён стаяў каля возера Генэзарэт. 2І ўбачыў два чаўны, якія стаялі каля возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі. 3Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Пасля сеў і вучыў людзей з чоўна.

4Калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: «Адплыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову». 5Сымон сказаў Яму ў адказ: «Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі». 6Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі. 7І далі знак супольнікам, якія былі ў другім чоўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны так, што яны ледзь не танулі. 8Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны». 9Ад такога ўлову рыбы вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з Ім, 10а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона. Тады сказаў Езус Сымону: «Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей». 11А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.

12Калі Ён быў у адным з гарадоў, з’явіўся чалавек увесь у праказе. Убачыўшы Езуса, ён упаў ніцма, молячы Яго і кажучы: «Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць». 13Езус працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны!» І адразу праказа сышла з яго. 14Але Езус загадаў яму нікому не расказваць, а пайсці, паказацца святару і скласці ахвяру за сваё ачышчэнне, як наказаў Майсей, дзеля сведчання ім. 15Аднак чуткі пра Яго яшчэ больш распаўсюджваліся, і вялікае мноства людзей сыходзілася, каб слухаць Яго і атрымаць аздараўленне ад сваіх немачаў. 16А Ён адыходзіў у пустынныя месцы і маліўся.

17Аднойчы, калі Езус навучаў, былі там фарысеі і кніжнікі, якія прыйшлі з усіх вёсак Галілеі і Юдэі і з Ерузалема. І моц Пана была з Ім, каб мог аздараўляць. 18І вось людзі прынеслі на ложы паралізаванага чалавека, і спрабавалі ўнесці яго ў дом, і пакласці перад Ім. 19А калі праз натоўп не змаглі пранесці яго, залезлі на дах дома і праз страху спусцілі яго з насілкамі на сярэдзіну перад Езусам. 20Убачыўшы іх веру, Ён сказаў: «Чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае». 21А кніжнікі і фарысеі пачалі разважаць, кажучы: «Хто ён такі, што блюзнерыць? Хто можа адпускаць грахі, калі не сам Бог?» 22Пазнаўшы іх думкі, Езус сказаў ім у адказ: «Як думаеце ў сэрцах вашых? 23Што лягчэй? Сказаць: “Адпускаюцца табе грахі твае”, ці сказаць: “Устань і хадзі?” 24Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі». І сказаў паралізаванаму: «Кажу табе: устань, вазьмі насілкі свае і ідзі да дому свайго». 25Той адразу, устаўшы перад імі, узяў тое, на чым ляжаў, і пайшоў да дому свайго, славячы Бога». 26Жах ахапіў усіх, яны славілі Бога і, напоўненыя страхам, казалі: «Дзіўнае мы бачылі сёння».

27Выйшаўшы пасля гэтага, Езус убачыў мытніка па імені Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». 28Той пакінуў усё, устаў і пайшоў за Ім. 29І наладзіў Левій для Яго вялікую гасціну у сваім доме. Было там шмат мытнікаў і іншых, якія сядзелі з імі за сталом. 30І наракалі фарысеі і кніжнікі, кажучы вучням Ягоным: «Чаму вы ясце і п’яце з мытнікамі і грэшнікамі?» 31А Езус сказаў ім у адказ: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым. 32Я прыйшоў заклікаць да пакаяння не праведнікаў, а грэшнікаў».

33Яны сказалі Яму: «Вучні Янавы часта посцяць і моляцца, падобна і вучні фарысеяў, а Твае ядуць і п’юць». 34Езус адказаў ім: «Ці можаце прымусіць гасцей на вяселлі пасціць, калі з імі жаніх? 35Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, тады будуць пасціць у тыя дні». 36І расказаў ім прыпавесць: «Ніхто не разрывае новай вопраткі, каб прышыць лату да старой вопраткі. Інакш і новая парвецца, і да старой не падыдзе лата ад новай. 37І ніхто не налівае маладое віно ў старыя мяхі. Інакш маладое віно парве мяхі і само выцеча, і мяхі прападуць. 38Але маладое віно трэба наліваць у новыя мяхі. 39І ніхто, выпіўшы старога, не хоча маладога, бо кажа: “Старое лепшае!”».

 

6 (1-49)

1У шабат Езус праходзіў праз збожжа, а вучні Ягоныя зрывалі каласы і елі, расціраючы рукамі. 2Некаторыя ж з фарысеяў казалі: «Чаму вы робіце тое, што не дазволена ў шабат?» 3Тады Езус сказаў ім у адказ: «Хіба не чыталі вы, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім? 4Як увайшоў у дом Божы, узяў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці нікому, акрамя святароў, з’еў сам і даў тым, хто быў з ім». 5І сказаў ім: «Сын Чалавечы — гаспадар шабату».

6У іншы шабат Ён увайшоў у сінагогу і навучаў. А быў там чалавек з усохлай правай рукой. 7А кніжнікі і фарысеі сачылі за Езусам, ці Ён лечыць у шабат, каб знайсці, у чым абвінаваціць Яго. 8Ён жа, ведаючы думкі іхнія, сказаў чалавеку з усохлай рукой: «Падыміся і стань пасярэдзіне». Той падняўся і стаў. 9Тады Езус сказаў ім: «Я пытаюся ў вас, ці дазволена ў шабат рабіць дабро або рабіць зло; уратаваць жыццё ці загубіць?» 10І, паглядзеўшы на іх усіх, сказаў таму: «Працягні руку сваю». Той так і зрабіў; і выздаравела рука ягоная. 11А яны напоўніліся лютасцю і гаварылі між сабою, што б зрабіць з Езусам.

12У тыя дні Ён узышоў на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога. 13Калі настаў дзень, паклікаў сваіх вучняў і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі: 14Сымона, якога назваў Пятром, Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея, 15Мацвея і Тамаша, Якуба Алфеевага і Сымона, якога называлі Зілотам, 16Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаў здраднікам.

17Калі сышоў з імі ўніз і стаў на раўніне, вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Ерузалема, з узбярэжжа Тыра і Сідона 18прыйшлі паслухаць Яго і аздаравіцца ад сваіх хваробаў. І тыя, хто цярпеў ад нячыстых духаў, вылечваліся. 19І ўсе людзі імкнуліся дакрануцца да Яго, таму што сіла сыходзіла ад Яго і вылечвала ўсіх.

20А Ён, узняўшы вочы свае на вучняў сваіх, сказаў:

«Шчаслівыя ўбогія, бо ваша ёсць Валадарства Божае.

21Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, бо насычаны будзеце.

Шчаслівыя, якія цяпер плачаце, бо смяяцца будзеце.

22Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі і калі адрынуць вас, і будуць зневажаць, і адкінуць імя вашае як зло з-за Сына Чалавечага. 23Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў небе. Бо так паступалі з прарокамі айцы іхнія.

24Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне!

25Гора вам, хто цяпер сыты, бо галадаць будзеце!

Гора вам, хто цяпер смяецца, бо смуткаваць і плакаць будзеце!

26Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас! Бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія.

27Але кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць. 28Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць. 29Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю. 30Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту. 31І як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце. 32Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць. 33І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае. 34І калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж.

35Але вы любіце ворагаў вашых, і рабіце дабро, і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, і будзе ўзнагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых. 36Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны. 37Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам. 38Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана».

39І расказаў ім такую прыпавесць: «Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва ў яму?

40Вучань не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік.

41Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? 42Як ты можаш казаць брату свайму: “Браце, дай, я выму шчэпку з вока твайго”, калі сам не бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік, спачатку вымі бервяно са свайго вока, і тады добра ўбачыш, як выняць шчэпку з вока твайго брата.

43Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод. 44Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе; не збіраюць з церняў смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду. 45Добры чалавек выносіць з добрага скарбу сэрца дабро, а дрэнны чалавек з благога сэрца выносіць зло, бо пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя.

46Што вы клічаце Мяне: “Пане, Пане”, а не выконваеце таго, што Я кажу? 47Я пакажу вам, да каго падобны кожны, хто прыходзіць да Мяне, слухае Маё слова і выконвае яго. 48Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом, глыбока выкапаў і заклаў падмурак на скале. Калі здарылася паводка, паток хлынуў на гэты дом, аднак не змог пахіснуць яго, таму што ён быў добра збудаваны. 49А той, хто слухае і не выконвае, падобны да чалавека, які збудаваў дом на зямлі без падмурка. Паток хлынуў на яго, і ён адразу абваліўся, і вялікае было падзенне дому гэтага».

 

7 (1-50)

1Калі скончыў сваю прамову да народу, увайшоў у Кафарнаум. 2У аднаго ж сотніка захварэў і быў пры смерці слуга, якім ён даражыў. 3Пачуўшы пра Езуса, ён паслаў да Яго юдэйскіх старэйшын, каб папрасілі Яго прыйсці і аздаравіць ягонага слугу. 4Тыя прыйшлі да Езуса і настойліва прасілі Яго, кажучы: «Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта, 5бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу». 6І Езус пайшоў з імі. А калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік паслаў сяброў сказаць Яму: «Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой. 7Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой. 8Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў, і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе; а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць; а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць». 9Пачуўшы гэта, Езус дзівіўся яму і, павярнуўшыся да натоўпу, які ішоў за Ім, сказаў: «Кажу вам: нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры!» 10Калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым.

11На наступны дзень Езус пайшоў у горад, які называўся Наін, і разам з Ім ішлі вучні Ягоныя і вялікі натоўп. 12Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, выносілі з яе памерлага, адзінага сына ў маці, якая была ўдавою. І шмат людзей з горада ішло разам з ёю. 13Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: «Не плач!» 14І, падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся, а Ён сказаў: «Хлопча, кажу табе, устань!» 15Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І аддаў яго Езус маці ягонай. 16Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў сярод нас» і: «Бог наведаў свой народ». 17Так разышлася гэтая навіна пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы.

18 І расказалі Яну вучні яго пра ўсё гэта. 19Паклікаўшы дваіх з вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Пана спытацца: «Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?» 20Калі яны прыйшлі да Езуса, сказалі: «Ян Хрысціцель паслаў нас да Цябе спытацца: “Ці Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?”» 21У той самы час Езус шмат каго вылечыў ад хвароб, немачаў і ад злых духаў і многіх сляпых адарыў зрокам. 22І Ён сказаў ім у адказ: «Ідзіце, раскажыце Яну, што вы бачылі і чулі: сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна. 23І шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне».

24Калі ж пасланцы Яна адышлі, Ён пачаў гаварыць народу пра Яна: «На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае? 25На што ж вы выйшлі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто багата апранаецца і раскошна жыве, знаходзяцца ў каралеўскіх палацах. 26На што выйшлі вы глядзець? На прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым на прарока. 27Гэта той, пра каго напісана:

“Вось пасылаю анёла Майго перад Табою,

які падрыхтуе дарогу Тваю перад Табою”.

28Кажу вам: сярод народжаных жанчынамі няма нікога большага за Яна. Але найменшы ў Валадарстве Божым большы за яго». 29Увесь народ, які слухаў Яго, і мытнікі прызналі справядлівым Бога і ахрысціліся Янавым хростам. 30А фарысеі і кніжнікі адкінулі волю Божую адносна сябе і не прынялі хросту ад яго.

31А Ён працягваў: «З кім параўнаю людзей гэтага пакалення? Да каго яны падобныя? 32Яны падобныя да дзяцей, што сядзяць на рынку і аклікаюць адны другіх, кажучы: “Мы гралі вам на жалейцы, а вы не танцавалі, мы спявалі журботныя песні, а вы не плакалі!”

33Прыйшоў Ян Хрысціцель, які не еў хлеба і не піў віна, а вы кажаце: “У ім злы дух!” 34Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, а вы кажаце: “Гэты чалавек абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў”. 35І была апраўдана мудрасць усімі дзецьмі сваімі».

36Адзін з фарысеяў запрасіў Езуса паесці з ім. І Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, сеў за стол. 37І вось, жанчына, якая была грэшніцай у горадзе, даведаўшыся, што Ён сеў за стол у доме фарысея, прынесла алебастравы флакон міра38і, стоячы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала мірам.

39Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: «Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца». 40Езус сказаў яму ў адказ: «Сымон, Я хачу нешта сказаць табе». Той прамовіў: «Скажы, Настаўнік». 41«У аднаго пазыкадаўцы былі два даўжнікі. Адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі — пяцьдзесят. 42Паколькі не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх больш палюбіць яго?» 43Сымон адказаў: «Думаю, той, каму больш даравана». Ён сказаў яму: «Ты правільна разважыў». 44І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: «Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі. 45Ты пацалунку Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі ўвайшла, няспынна цалуе Мне ногі. 46Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна мірам намасціла Мне ногі. 47Дзеля гэтага кажу табе: даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць». 48А ёй сказаў: «Адпускаюцца табе грахі твае». 49І тыя, хто сядзеў за сталом разам з Ім, пачалі казаць самі сабе: «Хто Ён такі, што нават грахі адпускае?» 50А Ён сказаў жанчыне: «Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі!»

 

8 (1-56)

1Пасля гэтага Ён праходзіў па гарадах і паселішчах, прапаведуючы і абвяшчаючы Добрую Навіну пра Валадарства Божае. І былі з Ім Дванаццаць, 2а таксама некаторыя жанчыны, аздароўленыя ад злых духаў і хвароб: Марыя, называная Магдаленай, з якой выйшла сем злых духаў; 3Яна, жонка Хузы, чыноўніка Ірада; Зузана і шмат іншых, якія дапамагалі ім маёмасцю сваёй.

4Кaлі сабраўся вялікі натоўп i людзі з розных гарадоў прыходзілі да Яго, Ён расказаў прыпавесць: 5«Выйшaў сейбіт сеяць зерне свaё. І кaлі сеяў, aднo ўпaлa пры дaрoзе, i былo пaтaптaнa, i птушкi нябесныя падзяўблі ягo. 6Другoе ўпaлa нa скaлу i, узышoўшы, засoхлa, бo не мелa вiльгaцi. 7Іншaе ўпaлa мiж церняў, i рaзaм вырасла, але церні зaглушылі ягo. 8Іншaе ўпaлa нa дoбрую зямлю i, калі ўзышло, прынесла плён у сто разоў большы». Кажучы гэтa, заклікаў: «Хтo мaе вушы, кaб слухaць, няхaй слухaе».

9I пытaліся ў Ягo вучнi Ягoныя, штo знaчыць гэтaя прыпавесць. 10А Ён скaзaў: «Вaм дaдзенa пазнаць тaямнiцу Валадарства Бoжaгa, а да астатніх гавару ў прыпавесцях, кaб, гледзячы, не бaчылі i, слухaючы, не рaзумелі.

11Вось што азначае гэтая прыпавесць: зерне — гэтa слoвa Бoжaе. 12Штo пры дaрoзе — гэтa тыя, хто слухaе, але пoтым прыхoдзiць д’ябaл i зaбiрaе слoвa з iхнягa сэрцa, кaб не паверылі і не збaвiліся. 13Штo нa скaле — гэтa тыя, хто пачуе і з рaдaсцю прымaе слoвa, але не мaе кораня. Яны верaць часова, a ў пару выпрабавання адыходзяць. 14Штo ўпaлa ў цернi — гэтa тыя, хто чуе, аднак турботы, бaгaцце i ўцехi жыцця паглынаюць іх, i яны не прынoсяць плёну. 15A штo нa дoбрай зямлі — гэтa тыя, хто, пaчуўшы слoвa, захоўвае яго ў дoбрым i чыстым сэрцы i прынoсіць у цярплівaсцi плён.

16Ніхто, запаліўшы светач, не накрывае яго пасудзінай і не ставіць пад ложак, але ставіць яго на свечніку, каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло. 17Бо няма нічога схаванага, што б не стала яўным, і нічога таемнага, пра што б не стала вядома і што б не выявілася. 18Таму зважайце, як слухаеце. Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што, як здaецца яму, ён мае».

19Прыйшлі да Яго Маці Ягоная і браты Ягоныя. І не маглі наблізіцца да Яго з-за натоўпу. 20Тады паведамілі Яму: «Маці Твая і браты Твае стаяць звонку, жадаючы ўбачыць Цябе». 21Ён сказаў ім у адказ: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, хто слухае слова Божае і выконвае яго».

22У адзін з тых дзён Ён увайшоў у човен, а за Ім вучні Яго. І сказаў ім: «Пераправімся на другі бок возера». І адплылі. 23Пакуль плылі, Ён заснуў. І паднялася на возеры бура ад ветру, і човен стаў залівацца вадой, і яны апынуліся ў небяспецы. 24Тады вучні падышлі да Езуса, абудзілі Яго і сказалі: «Настаўнік, Настаўнік, мы гінем!» Ён падняўся і загадаў ветру і хвалям — і спыніліся, і настала ціша. 25Тады сказаў ім: «Дзе ваша вера?» Яны, спалоханыя, дзівіліся, кажучы адзін аднаму: «Хто ж Ён такі, што загадвае і вятрам, і вадзе, і яны Яго слухаюцца?»

26І прыплылі яны ў край геразенаў, што насупраць Галілеі. 27Калі ж Ён выйшаў на сушу, сустрэў Яго адзін чалавек з горада, які быў апанаваны злым духам, з даўняга часу не апранаў адзенне і жыў не ў доме, а ў магільных пячорах. 28Убачыўшы Езуса, ён упаў перад ім і гучна закрычаў: «Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Прашу Цябе, не муч мяне». 29Бо Езус загадаў нячыстаму духу выйсці з гэтага чалавека, таму што той доўгі час мучыў яго, так што звязвалі ланцугамі і трымалі ў кайданах яго, але ён разрываў путы і злы дух гнаў яго на пустынныя месцы. 30Езус спытаўся ў яго: «Як тваё імя?» Той адказаў: «Легіён», бо шмат злых духаў увайшло ў яго. 31І малілі Езуса, каб Ён не загадаў ім пайсці ў бездань.

32А быў там вялікі статак свіней, якія пасвіліся на гары. І злыя духі малілі Яго, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім. 33Тады злыя духі выйшлі з чалавека і ўвайшлі ў свіней. І кінуўся статак з кручы ў возера, і патануў. 34Пастухі, убачыўшы тое, што здарылася, уцяклі і расказалі ў горадзе і вёсках. 35А людзі выйшлі паглядзець, што адбылося. Прыйшлі да Езуса і знайшлі, што чалавек, з якога выйшлі злыя духі, сядзеў апрануты і ў розуме каля ног Езуса, і спалохаліся. 36Бо відавочцы расказалі ім, як быў аздароўлены апанаваны злымі духамі. 37І ўвесь люд краю геразенаў прасіў Яго пайсці ад іх, бо іх ахапіў вялікі страх. Езус увайшоў у човен і вярнуўся. 38А той чалавек, з якога выйшлі злыя духі, стаў прасіць Езуса застацца з Ім. Але Ён адпусціў Яго, кажучы: 39«Вярніся да дому свайго і раскажы ўсё, што ўчыніў Табе Бог». Той пайшоў і распавёў па ўсім горадзе ўсё, што ўчыніў яму Езус.

40Калі Езус вярнуўся, натоўп прывітаў Яго, бо ўсе чакалі Яго. 41І вось прыйшоў чалавек, па імені Яір, які быў кіраўніком сінагогі. Ён прыпаў да ног Езуса і стаў упрошваць Яго зайсці да дому ягонага, 42таму што яго адзіная дачка, узростам каля дванаццаці гадоў, памірала. Калі Езус пайшоў, натоўп ціснуўся да Яго. 43І была адна жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк і растраціла ўсю маёмасць сваю на лекараў, але ніхто не мог вылечыць яе. 44Яна, падышоўшы ззаду да Езуса, дакранулася да краю плашча Ягонага, і адразу ж спыніўся крывацёк у яе. 45А Езус спытаўся: «Хто дакрануўся да Мяне?» Калі ж усе адмаўлялі, Пётр сказаў: «Настаўнік, народ тоўпіцца вакол Цябе і цісне». 46Але Езус сказаў: «Хтосьці дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў, як сіла выйшла з Мяне». 47Тады жанчына, убачыўшы, што яна не ўтаілася, з трымценнем падышла і, упаўшы перад Ім, прызналася перад усімі людзьмі, чаму дакранулася да Яго і як адразу выздаравела. 48Ён жа сказаў ёй: «Дачка, вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі».

49Калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў нехта з дому ад кіраўніка сінагогі і сказаў: «Твая дачка памерла, больш не турбуй Настаўніка». 50Але Езус, пачуўшы гэта, адказаў яму: «Не бойся, толькі вер — і яна будзе ўратаваная». 51Прыйшоўшы ў дом, Ён не пусціў з сабой нікога, акрамя Пятра, Яна і Якуба, бацькі і маці дзяўчынкі. 52І ўсе галасілі і смуткавалі па ёй. Але Ён сказаў: «Не плачце, яна не памерла, а спіць». 53І насміхаліся з Яго, бо ведалі, што яна памерла. 54Тады Ён, узяўшы яе за руку, паклікаў яе: «Дзяўчынка, устань!» 55І вярнуўся дух яе, і яна адразу паднялася, а Ён загадаў даць ёй паесці. 56І здзівіліся бацькі яе. А Езус наказаў ім нікому не расказваць, што адбылося.

 

9 (1-62)

1Паклікаўшы Дванаццаць, Езус даў ім сілу і ўладу над усімі злымі духамі, і ўладу лячыць хваробы. 2Ён паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць хворых. 3І сказаў ім: «Нічога не бярыце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, не майце таксама па дзве вопраткі. 4У які дом увойдзеце, там заставайцеся аж да свайго адыходу. 5Калі ж вас нехта не прыме, то, выходзячы з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне супраць іх». 6Пайшоўшы, яны праходзілі па вёсках, абяшчаючы Добрую Навіну і аздараўляючы ўсюды.

7Тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што здзяйснялася Езусам, і пачаў сумнявацца, бо адны гаварылі, што Ян паўстаў з памерлых, 8а другія, што з’явіўся Ілля, іншыя, што ўваскрос нехта з даўніх прарокаў. 9І казаў Ірад: «Яну я адсек галаву; хто ж той, пра каго я чую такое?» І хацеў убачыць Яго.

10Вярнуўшыся, Апосталы расказалі Езусу ўсё, што зрабілі. Тады Ён узяў іх з сабой і асобна адышоў да горада, званага Бэтсаіда. 11А калі людзі даведаліся, пайшлі за Ім. І Ён прыняў іх, і гаварыў ім пра Валадарства Божае, і аздараўляў тых, каму было патрэбнае аздараўленне. 12Калі дзень пачаў хіліцца да вечара, падышлі да Яго Дванаццаць і сказалі Яму: «Адпусці людзей, каб яны пайшлі ў навакольныя паселішчы і вёскі, дзе знойдуць начлег і ежу, бо мы тут у пустынным месцы». 13Але Ён сказаў ім: «Вы дайце ім есці». Яны сказалі: «У нас няма больш пяці хлябоў і дзвюх рыбін, хіба што пойдзем купім ежы на ўвесь гэты люд». 14Было ж каля пяці тысяч чалавек. Але Ён сказаў вучням сваім: «Загадайце ім сесці групамі па пяцьдзесят чалавек». 15І зрабілі так, і пасадзілі ўсіх. 16А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў іх і паламаў, і даваў вучням, каб раздавалі людзям. 17І елі, і насыціліся ўсе, а рэшты кавалкаў сабрана было дванаццаць кашоў.

18Калі Езус маліўся ў самоце, былі разам з Ім вучні. І Ён спытаўся ў іх: «Кім лічаць Мяне людзі?» 19Яны сказалі ў адказ: «Янам Хрысціцелем, іншыя – Іллёю, яшчэ іншыя кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос». 20Тады Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Пётр, адказваючы, сказаў: «Месіяй Божым». 21Але Ён, забараніўшы ім, загадаў нікому не казаць пра гэта, 22кажучы, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець і быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.

23А ўсім сказаў: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. 24Бо, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго. 25Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а сябе загубіць ці пашкодзіць сабе? 26Хто ж будзе саромецца Мяне і Маіх слоў, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе сваёй, Айца і святых анёлаў. 27Праўдзіва кажу вам: некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Валадарства Божага».

28І пасля гэтых слоў дзён праз восем, узяўшы з сабою Пятра, Яна і Якуба, Ён узышоў на гару памаліцца. 29І калі маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і адзенне Ягонае стала бліскуча-белым. 30І вось, два мужы размаўлялі з Ім, а былі гэта Майсей і Ілля. 31Яны з’явіліся ў славе і казалі пра Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме. 32Пётр і тыя, хто быў разам з ім, былі змораныя сном. Калі ж абудзіліся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім. 33А калі яны адыходзілі адтуль, Пётр сказаў Езусу: «Настаўнік, добра нам тут быць. Таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі». Не ведаў ён, што кажа. 34Калі гаварыў гэта, з’явілася воблака і агарнула іх. І спалохаліся яны, калі тыя ўвайшлі ў воблака. 35А з воблака пачуўся голас, які казаў: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце». 36І калі гучаў гэты голас, Езус застаўся адзін. Маўчалі яны і ў тыя дні нікому нічога не казалі пра тое, што бачылі.

37У наступны дзень, калі яны зышлі з гары, вялікі натоўп выйшаў насустрач Яму. 38І вось адзін чалавек з натоўпу закрычаў: «Настаўнік, прашу Цябе, паглядзі на майго сына, бо ён у мяне адзін. 39Хапае яго дух, і ён раптам крычыць, і трасе яго, аж пускае пену. І з цяжкасцю адпускае, змучаўшы яго. 40Я прасіў Тваіх вучняў выгнаць яго, але яны не змаглі». 41Адказваючы, Езус сказаў: «О, пакаленне нявернае і распуснае, дакуль буду з вамі і дакуль буду цярпець вас? Прывядзі сюды свайго сына». 42А калі ён падыходзіў, злы дух кінуў яго на зямлю і пачаў трэсці. Але Езус забараніў нячыстаму духу і вылечыў хлопца, і аддаў яго бацьку. 43І ўсе дзівіліся велічы Божай.

Калі ўсе здзіўляліся ўсяму, што рабіў Езус, Ён сказаў сваім вучням: 44«Укладзіце сабе ў вушы словы гэтыя, бо Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей». 45Але вучні не зразумелі сказанага, таму што гэта было ўкрыта ад іх, каб яны не зразумелі. А спытацца ў Яго пра сказанае баяліся.

46І паўстала між вучняў пытанне: хто з іх быў бы большы? 47Але Езус, пазнаўшы задуму іх сэрца, узяў дзіця, паставіў яго перад сабою 48і сказаў ім: «Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, прымае таго, хто паслаў Мяне. Бо, хто меншы сярод усіх вас, той будзе вялікі».

49Ян сказаў у адказ: «Настаўнік, мы бачылі кагосьці, хто ў імя Тваё выганяе злых духаў, і забаранялі яму, бо ён не ходзіць з намі». 50 А Езус сказаў яму: «Не забараняйце; бо хто не супраць вас, той за вас».

51Калі надышлі дні Яго ўзнясення, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем 52і выслаў пасланцоў перад сабою. Пайшоўшы, яны ўвайшлі ў самаранскую вёску, каб падрыхтаваць Яму побыт. 53Але там не прынялі Яго, бо Ён накіроўваўся ў Ерузалем. 54Калі вучні Якуб і Ян убачылі гэта, сказалі: «Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх?» 55Але Ён, абярнуўшыся, забараніў ім. 56І пайшлі ў іншую вёску.

57Калі яны былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: «Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў». 58І сказаў яму Езус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву». 59Тады сказаў другому: «Ідзі за Мною». Але той адказаў: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго». 60А Ён Езус сказаў яму: «Пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае». 61Яшчэ іншы сказаў: «Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі». 62А Езус сказаў яму: «Ніхто з тых, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага».

 

10 (1-42)

1Пасля гэтага Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці. 2І сказаў ім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё. 3Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. 4Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце. 5У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: “Спакой гэтаму дому!” 6І калі будзе там сын спакою, то на ім спачне спакой ваш. Калі ж не, то вернецца да вас. 7Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. 8І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. 9І аздараўляйце ў ім хворых, і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”. 10Калі прыйдзеце ў які горад і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце: 11“Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце тое, што наблізілася да вас Валадарства Божае”. 12Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе лягчэй, чым гораду таму.

13Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо, калі б у Тыры і Сідоне былі цуды, што сталіся сярод вас, яны б даўно, седзячы ў мешкавіне і ў попеле, пакаяліся. 14Але Тыру і Сідону лепш будзе на судзе, чым вам.

15І ты, Кафарнаум, што аж да неба будзеш узвышаны, аж да адхлані нізрынешся!

16Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас адкідае, Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, адкідае таго, хто паслаў Мяне».

17Вярнуліся семдзесят два з радасцю і казалі: «Пане, нават злыя духі слухаюцца нас у імя Тваё!» 18А Ён сказаў ім: «Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка. 19Вось Я даў вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не пашкодзіць вам. 20Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах».

21У тую гадзіну Ён узрадаваўся ў духу і сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы. 22Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае кім ёсць Сын, апроч Айца, і кім ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць».

23І, звярнуўшыся асобна да вучняў, сказаў: «Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце. 24Бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі бачыць, што вы бачылі, і не ўбачылі, і чуць, што вы чуеце, і не пачулі».

25Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Яго, сказаў: «Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?» 26Ён адказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?» 27Той адказаў: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, і бліжняга свайго, як самога сябе». 28Езус сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Так рабі, і будзеш жыць». 29Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: «А хто мой бліжні?»

30На гэта Езус адказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. 31Выпадкова нейкі святар ішоў той дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма. 32Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. 33А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся. 34Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. 35А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся”. 36Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?» 37Ён сказаў: «Той, хто паступіў з ім міласэрна». Тады Езус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі таксама».

38Калі былі ў дарозе, Ён зайшоў у адно паселішча. Нейкая жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго. 39У яе была сястра імем Марыя, якая села каля ног Пана і слухала Ягоныя словы. 40Марта ж, занятая многімі паслугамі, падышоўшы, сказала: «Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне». 41Але Пан сказаў ёй у адказ: «Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, 42а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе».

 

11 (1-54)

1Калі Ён маліўся ў пэўным месцы і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў». 2Ён сказаў ім: «Калі моліцеся, кажыце:

“Ойча, няхай свяціцца імя Тваё,

няхай прыйдзе Валадарства Тваё.

3Хлеба нашага штодзённага давай нам кожны дзень,

4і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму,

і не ўводзь нас у спакусу”».

5І сказаў ім: «Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: “Дружа, пазыч мне тры хлябы, 6бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, і я не маю чаго даць яму”. 7А той знутры скажа яму ў адказ: “Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае ў ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе”. 8Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму праз тое, што той сябра ягоны, то праз настойлівасць ягоную ўстане і дасць яму, колькі патрабуе.

9І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. 10Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму будзе адчынена. 11Калі ў кагосьці з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той дасць яму замест рыбы змяю? 12Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна? 13Калі ж вы, будучы благімі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго».

14Аднойчы Ён выгнаў злога духа нематы. І калі злы дух выйшаў, нямы чалавек загаварыў, і людзі здзівіліся. 15А некаторыя з іх казалі: «Бэльзэбулам, князем злых духаў, Ён выганяе злых духаў». 16Іншыя, выпрабоўваючы, патрабавалі ад Яго знаку з неба. 17Але Ён, ведаючы іх думкі, сказаў ім: «Усялякае валадарства, якое падзялілася само ў сабе, спусташаецца, і дом на дом падае. 18І калі сатана ў сабе падзяліўся, як выстаіць валадарства яго? Вы кажаце, што Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў. 19Калі Я сілаю Бэльзэбула выганяю злых духаў, то сыны вашыя сілаю каго выганяюць іх? Таму яны будуць вашымі суддзямі. 20Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства.

21Калі ўзброены асілак пільнуе свой дзядзінец, у бяспецы маёнтак ягоны. 22А калі нападзе мацнейшы за яго і пераможа яго, то возьме ўсю зброю яго, на якую той спадзяваўся, і раздасць здабычу сваю.

23Хто не са Мной, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мной, той раскідае.

24Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, ён блукае па бязводных мясцінах, шукаючы адпачынку, і, не знайшоўшы, кажа: “Вярнуся да дому свайго, адкуль выйшаў”. 25І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным. 26Тады ідзе і бярэ іншых сем духаў, злейшых за сябе, і яны, увайшоўшы, жывуць там. І бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае».

27Калі Ён прамаўляў да народу, адна жанчына з натоўпу ўзняла голас і сказала Яму: «Шчаслівае ўлонне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія кармілі Цябе!» 28А Ён сказаў: «Больш за тое, шчаслівыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго!»

29Калі стаў збірацца народ, Ён пачаў гаварыць: «Пакаленне гэтае — ліхое пакаленне, яно шукае знаку, але не будзе дадзена яму знаку, апроч знаку Ёны. 30Бо, як Ёна стаў знакам для нінівіцянаў, так будзе і Сын Чалавечы для гэтага пакалення. 31Каралева Поўдня ўстане на судзе з людзьмі гэтага пакалення і асудзіць іх, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай, і вось, тут большае за Саламона. 32Мужы Нінівы ўстануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго, бо яны раскаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, і вось, тут большае за Ёну.

33Ніхто, запаліўшы светач, не ставіць яго ва ўкрыцці ці пад пасудзінай, а на свечніку, каб тыя, хто уваходзіць, бачылі святло. 34Светачам цела ёсць тваё вока. Калі вока тваё чыстае, то і ўсё цела тваё светлае. А калі вока тваё дрэннае, то і цела тваё цёмнае. 35Таму глядзі, каб святло, якое ёсць у табе, не было цемрай. 36Калі цела тваё ўсё светлае і не мае ніякай цемры, то ўсё будзе светлае, быццам ззянне светача асвятліла цябе».

37Калі Ён сказаў гэта, адзін фарысей запрасіў Яго да сябе абедаць. І Ён, увайшоўшы, сеў за стол. 38Фарысей жа здзівіўся, што Ён не абмыў рук перад абедам. 39Але Пан сказаў яму: «Цяпер вы, фарысеі, звонку ачышчаеце кубак і місу, а нутро вашае напоўнена драпежнасцю і злосцю. 40Неразумныя! Ці не той, хто стварыў вонкавае, стварыў і тое, што ўнутры? 41Давайце лепш міласціну з таго, што ўнутры вас, тады ўсё будзе ў вас чыстае. 42Гора вам, фарысеям, што даеце дзесятую частку з мяты, руты і ўсякай гародніны, а абмінаеце суд і любоў Божую! І гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць. 43Гора вам, фарысеям, бо любіце першыя месцы ў сінагогах і прывітанні на рынках! 44Гора вам, бо вы, быццам магілы нябачныя, па якіх ходзяць людзі і не ведаюць гэтага!»

45У адказ нехта з кніжнікаў сказаў Яму: «Настаўнік, кажучы гэта, Ты абражаеш нас». 46А Ён сказаў: «І вам, кніжнікам, гора, бо ўскладаеце на людзей нязносныя цяжары, хоць самі і адным пальцам не кранаеце гэтых цяжараў. 47Гора вам, бо вы будуеце грабніцы прарокам, якіх забілі вашы айцы. 48Так вы сведчыце пра справы айцоў вашых і згаджаецеся з гэтым, бо яны пазабівалі іх, а вы будуеце ім грабніцы. 49Таму і сказала мудрасць Божая: пашлю ім прарокаў і апосталаў, а яны некаторых з іх пазабіваюць ці пераследаваць будуць. 50Няхай будзе спагнаная з пакалення гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэння свету, 51ад крыві Абэля аж да крыві Захарыі, забітага паміж ахвярнікам і святыняй. Так, кажу вам, спагнана будзе з пакалення гэтага. 52Гора вам, кніжнікам, бо вы забралі ключ пазнання! Самі не ўвайшлі, і тым, хто ўваходзіў, перашкодзілі».

53І калі выйшаў адтуль, моцна пакрыўджаныя кніжнікі і фарысеі выпытвалі ў Яго пра многае, 54выпрабоўваючы Яго і жадаючы падлавіць на нечым з вуснаў Ягоных.

 

12 (1-59)

1Тым часам, калі сабраліся тысячы людзей, так што цяснілі адзін аднаго, Ён пачаў гаварыць спачатку вучням сваім: «Сцеражыцеся закваскі крывадушнасці фарысейскай. 2Няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і патаемнага, што б не стала вядомым. 3Таму ўсё, што вы сказалі ў цемры, будзе пачута пры святле, і што сказалі на вуха ў пакоях, будзе абвешчана на дахах.

4Кажу ж вам, маім сябрам: не бойцеся тых, хто забівае цела, а потым не можа нічога больш зрабіць. 5Я пакажу вам, каго трэба баяцца: бойцеся таго, хто, забіўшы, мае ўладу ўкінуць у геену; сапраўды кажу вам, яго бойцеся. 6Ці ж не пяць вераб’ёў прадаецца за два асы? І ніводзін з іх не забыты перад Богам. 7А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Не бойцеся, вы вартыя больш за мноства вераб’ёў.

8Кажу вам: кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, прызнае і Сын Чалавечы перад анёламі Божымі. 9А хто адрокся ад Мяне перад людзьмі, той будзе адрынуты перад анёламі Божымі.

10Кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана; але таму, хто блюзнерыць супраць Духа Святога, не будзе адпушчана.

11І калі павядуць вас у сінагогі, да кіраўнікоў і ўлад, не турбуйцеся, што ці як адказваць у абарону ці што сказаць, 12бо Дух Святы навучыць вас у тую гадзіну, што трэба сказаць».

13Нехта з натоўпу сказаў Яму: «Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай». 14Але Ён адказаў яму: «Чалавеча, хто паставіў Мяне над вамі суддзёю або пасрэднікам?» 15І сказаў ім: «Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці, бо нават калі хтосьці мае дастатак, жыццё яго не залежыць ад ягонай маёмасці». 16І расказаў ім прыпавесць: «У аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле. 17І ён разважаў сам-насам: “Што мне рабіць? Няма куды мне сабраць ураджай мой”. 18І сказаў: “Вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і збяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё. 19І скажу душы маёй: душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся”. 20Але Бог сказаў яму: “Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?” 21Так бывае з тым, хто збірае сабе скарбы, а не багацее перад Богам».

22І сказаў сваім вучням: «Таму кажу вам: не турбуйцеся аб сваім жыцці, што будзеце есці, і пра цела, у што апранацца. 23Бо жыццё важнейшае за ежу, а цела — за вопратку. 24Паглядзіце на крумкачоў: яны не сеюць і не жнуць, не маюць ні сховішчаў, ні засекаў, а Бог корміць іх. Наколькі ж вы больш каштоўныя за птушак. 25І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць бы локаць? 26Дык калі вы не можаце зрабіць нават дробнай справы, чаму турбуецеся пра астатняе? 27Паглядзіце на палявыя кветкі, як растуць. Яны не працуюць і не ткуць. Але кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. 28І калі палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, то наколькі ж больш вас, малаверныя. 29І вы не шукайце, што вам есці і што піць, і не турбуйцеся. 30Бо усяго гэтага шукаюць людзі гэтага свету. Айцец ваш ведае, што вам патрэбна. 31Шукайце найперш Яго Валадарства, і гэта дадасца вам.

32Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства. 33Прадайце, што маеце, і дайце міласціну. Зрабіце сабе торбы, якія не нішчацца, скарб бязмежны ў нябёсах, куды злодзей не пранікне і дзе моль не знішчыць. 34Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.

35Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя; 36а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму. 37Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца і пасадзіць іх і, падышоўшы, пачне служыць ім. 38І калі ў другую і ў трэцюю варту прыйдзе і застане іх за гэтым, то шчаслівыя яны. 39Ведайце, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. 40І вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы».

41Тады сказаў Пётр: «Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам ці таксама ўсім?» 42Пан сказаў: «Хто ж верны і разумны эканом, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі даваць ім у свой час меру хлеба? 43Шчаслівы той слуга, якога гаспадар ягоны, калі прыйдзе, застане, што ён так робіць. 44Праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёй паставіць яго. 45Калі ж гэты слуга ў сэрцы сваім скажа: “Не хутка гаспадар мой прыйдзе”, і пачне біць слугаў і служанак, есці, піць і ўпівацца, 46то прыйдзе гаспадар слугі гэтага ў дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. І адлучыць яго, і вызначыць лёс яму няверных. 47А той слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не быў гатовы і не рабіў паводле волі яго, будзе моцна пабіты. 48Той жа, які не ведаў і зрабіў вартае пакарання, будзе пабіты мала. З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць.

49Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся! 50Хростам павінен Я ахрысціцца і як жа пакутую, пакуль гэта не споўніцца! 51Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, хутчэй раздзяленне. 52Бо з гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх. 53Бацька будзе супраць сына, і сын супраць бацькі, маці супраць дачкі, і дачка супраць маці, свякроў супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць свекрыві».

54І сказаў натоўпу: «Калі бачыце хмару, якая падымаецца з захаду, адразу кажаце: “Дождж будзе”, і так адбываецца. 55А калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: “Спякота будзе”, і так адбываецца. 56Крывадушныя, аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаеце? 57Чаму ж вы і па саміх сабе не судзіце, што слушнае?

58Калі ідзеш з праціўнікам тваім да кіраўніка, то па дарозе пастарайся пазбавіцца яго, каб ён не прывёў цябе да суддзі, а суддзя не аддаў цябе дазорцу, а дазорац не ўкінуў цябе ў вязніцу. 59Кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняй лепты».

 

13 (1-35)

1У той самы час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра галілеян, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. 2А Ён адказаў ім на гэтае: «Думаеце, што гэтыя галілеяне былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілеян, калі так пацярпелі? 3Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. 4Думаеце, што тыя васемнаццаць, на якіх упала сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме? 5Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце».

6І расказаў такую прыпавесць: «Адзін чалавек меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць на ёй плоду, але не знайшоў. 7Тады сказаў вінаградару: “Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю?” 8Але той сказаў яму ў адказ: “Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу гноем. 9Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе”».

10У адной з сінагог Ён навучаў у шабат. 11І была там жанчына, якая васемнаццаць гадоў мела духа немачы: яна была згорбленая і зусім не магла выпрастацца. 12Езус, калі ўбачыў яе, паклікаў і сказаў ёй: «Жанчына, ты вызвалена ад немачы сваёй». 13Ён усклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася, і пачала праслаўляць Бога.

14Але кіраўнік сінагогі, абураючыся, што Езус аздаравіў у шабат, сказаў народу: «Ёсць шэсць дзён, у якія трэба працаваць: тады і прыходзьце аздараўляцца, а не ў дзень шабату». 15А Пан сказаў яму ў адказ: «Крывадушнікі, ці не адвязвае кожны з вас у шабат вала, ці асла свайго ад жолаба і не вядзе піць? 16А гэтую дачку Абрагама, якую звязаў сатана ўжо васемнаццаць гадоў назад, ці не трэба было вызваліць ад гэтых путаў у дзень шабату?» 17Калі ж Ён сказаў так, усе праціўнікі Яго засаромеліся, а ўвесь народ радаваўся ўсім слаўным учынкам Ягоным.

18А Ён казаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае, і з чым параўнаю яго? 19Яно падобнае да гарчычнага зерня, якое ўзяў чалавек і пасадзіў у садзе сваім. А яно вырасла і стала вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя зрабілі гнёзды ў галінах яго».

20І зноў сказаў: «З чым параўнаю Валадарства Божае? 21Яно падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, аж усё ўкісла».

22Накіроўваючыся ў Ерузалем, Ён праходзіў праз гарады і вёскі і навучаў. 23І нехта сказаў Яму: «Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?» А Ён сказаў ім: 24«Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць. 25Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзверы, тады вы, стоячы знадворку, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: “Пане, адчыні нам”. А Ён адкажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы”. 26І пачнеце казаць: “Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты”. 27Але Ён скажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць”. 28Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а сябе выкінутымі вон. 29І прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня, і сядуць за стол у Валадарстве Божым. 30І вось, апошнія будуць першымі, і першыя будуць апошнімі».

31У той час прыйшлі некаторыя з фарысеяў і сказалі: «Ідзі адгэтуль, бо Ірад хоча забіць Цябе». 32А Ён сказаў ім: «Ідзіце, скажыце гэтаму лісу: “Вось выганяю злых духаў і аздараўляю сёння і заўтра, і на трэці дзень скончу. 33Аднак мне трэба хадзіць сёння, заўтра і ў наступны дзень, бо немагчыма, каб прарок загінуў па-за Ерузалемам”.

34Ерузалем, Ерузалем, ты забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе. Колькі разоў Я хацеў сабраць дзяцей тваіх, як птушка сваіх птушанят пад крылы, і вы не хацелі. 35Вось, застаецца вам дом ваш. Кажу ж вам: не ўбачыце Мяне, пакуль не прыйдзе час, калі скажаце: “Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана”».

 

14 (1-35)

1Калі Езус прыйшоў у шабат да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім. 2І вось, стаў перад Ім чалавек, які хварэў на вадзянку. 3Адазваўшыся, Езус спытаўся ў кніжнікаў і фарысеяў: «Ці дазволена вылечыць у шабат ці не?» 4Яны ж маўчалі. І, дакрануўшыся, аздаравіў таго і адпусціў. 5А ім сказаў: «Калі ў каго-небудзь з вас сын або вол упадзе ў студню, ці ж не выцягне адразу яго ў дзень шабату?» 6І яны не змаглі запярэчыць Яму на гэта.

7Заўважыўшы, што запрошаныя выбіралі першыя месцы, расказаў ім прыпавесць: 8«Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе, 9і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе, не падышоў і не сказаў табе: “Саступі яму месца”. І тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца. 10Але калі запросяць цябе, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да цябе і сказаў: “Дружа, перасядзь вышэй”. Тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою. 11Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца».

12Таксама сказаў кіраўніку фарысеяў, які запрасіў Яго: «Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны не паклікалі цябе ў адказ, і ты атрымаў бы адплату. 13Але калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых, 14і будзеш шчаслівы, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрашэння справядлівых».

15Адзін з тых, хто сядзеў разам з Езусам, сказаў Яму: «Шчаслівы, хто будзе есці хлеб ў Валадарстве Божым». 16А Ён сказаў яму: «Адзін чалавек наладжваў вялікую вячэру і паклікаў многіх. 17І калі настаў час вячэры, паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: “Прыйдзіце, бо ўжо ўсё гатова”. 18І пачалі ўсе, як адзін, адгаворвацца. Першы сказаў яму: “Я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзець яго. Прашу цябе, прабач мне”. 19Другі сказаў: “Я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх. Прашу цябе, прабач мне”. 20Іншы сказаў: “Я ажаніўся, і таму не магу прыйсці”. 21Вярнуўшыся, слуга расказаў пра гэта свайму гаспадару. Тады гаспадар дома разгневаўся і сказаў слугу свайму: “Ідзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх, калек, сляпых і кульгавых”. 22І сказаў слуга: “Пане, зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсць месца”. 23Гаспадар сказаў слугу: “Ідзі да дарог і загарадзяў і прымушай прыйсці, каб напоўніўся дом мой. 24Бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных людзей не пакаштуе маёй вячэры”».

25Шмат людзей ішло за Езусам. Абярнуўшыся, Ён сказаў ім: 26«Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, і маці, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, і нават жыцця свайго, той не можа быць вучнем Маім. 27Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем.

28Бо хто з вас, калі захоча пабудаваць вежу, спачатку не сядзе і не падлічыць выдаткаў, ці мае на завяршэнне будовы. 29Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго, кажучы: 30“Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць”. 31Або які кароль, ідучы на вайну супраць іншага караля, не сядзе і не параіцца спачатку, ці моцны ён, каб ісці з дзесяццю тысячамі супраць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі? 32Калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру. 33Таму кожны з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем.

34Соль — добрая рэч, але калі соль страціць смак, чым прыправіць яе? 35Ні для зямлі, ні для ўгнаення яна не прыдатная; яе выкідаюць вон. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».

 

15 (1-32)

1Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго. 2А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі». 3Тады Ён расказаў ім наступную прыпавесць, кажучы: 4«Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе па згубленую, пакуль не знойдзе яе? 5А знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасцю 6і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку”. 7Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння.

8Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запальвае свечкі і не вымятае дом, і не шукае пільна, пакуль не знойдзе? 9А знайшоўшы, склікае сябровак і суседак ды кажа: “Цешцеся са мною, бо я знайшла згубленую драхму”. 10Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых за аднаго грэшніка, які каецца».

11І сказаў яшчэ: «У аднаго чалавека было два сыны. 12Малодшы з іх сказаў бацьку: “Ойча, дай належную мне частку маёмасці”. І той падзяліў паміж імі маёмасць. 13Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё і ад’ехаў у далёкі край, і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна. 14А калі аддаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. 15Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней. 16Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў яму. 17Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі наймітаў у бацькі майго маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду. 18Устану і пайду да айца майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. 19Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх”. 20І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі.

А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. 21А сын сказаў яму: “Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам”. 22Бацька ж сказаў слугам сваім: “Прынясіце хутчэй найлепшыя шаты і апраніце яго, і дайце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. 23Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, 24бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца.

25А яго старэйшы сын быў на полі. І калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы. 26Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся што гэта такое. 27Той адказаў яму: “Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым”. 28І разгневаўся ён, і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго. 29Але ён адказаў свайму бацьку: “Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я павесяліўся з маімі сябрамі. 30А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля”. 31Ён жа адказаў яму: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё. 32А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”».

 

16 (1-31)

1Казаў таксама вучням сваім: «Адзін багаты чалавек меў эканома, на якога данеслі яму, што растрачвае маёмасць яго. 2Той, паклікаўшы яго, сказаў яму: “Што гэта я чую пра цябе? Зрабі справаздачу пра кіраванне сваё, бо ўжо не можаш быць эканомам”. 3Тады эканом сказаў сам сабе: “Што мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне кіраўніцтва домам? Капаць не маю сілаў, жабраваць саромеюся. 4Ведаю, што зрабіць, каб людзі прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад кіраўніцтва домам”. 5Паклікаўшы асобна кожнага з даўжнікоў свайго гаспадара, ён сказаў першаму: “Колькі ты павінен гаспадару майму?” 6Той сказаў: “Сто кадзяў алею”. Тады сказаў яму: “Вазьмі сваю распіску, сядай хутчэй і напішы пяцьдзесят”. 7Потым другому сказаў: “А ты колькі павінен?” Той сказаў: “Сто кор пшаніцы”. І яму сказаў: “Вазьмі сваю распіску і напішы восемдзесят”. 8І пахваліў гаспадар несправядлівага эканома, што ён разумна ўчыніў. Бо сыны гэтага веку мудрэйшыя за сыноў святла ў адносінах да свайго пакалення.

9І Я кажу вам: здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры.

10Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім.

11Таму, калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? 12І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае?

13Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне».

14Чулі ўсё гэта і фарысеі, якія любілі грошы, і насміхаліся з Яго. 15І сказаў ім: «Вы паказваеце сябе праведнымі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя. Бо што вялікае ў людзей, тое брыдкае перад Богам.

16Закон і Прарокі былі да Яна. З таго часу абвяшчаецца Валадарства Божае, і кожны стараецца сілком уваходзіць у яго.

17Але хутчэй неба і зямля мінуць, чым знікне адна рыска Закону.

18Кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёй і жэніцца з іншай, чужаложыць. І хто жэніцца з разведзенай, чужаложыць.

19Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень цудоўна баляваў. 20А нейкі жабрак, імем Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах 21і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. І сабакі прыходзілі, і лізалі струпы ягоныя. 22Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты, і быў пахаваны. 23У адхлані, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае і ўбачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным. 24Усклікнуўшы, ён сказаў: “Ойча Абрагаме, змілуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмакнуў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым”. 25Але Абрагам сказаў: “Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро пры жыцці сваім, падобным чынам і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. 26І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці”. 27Тады сказаў ён: “Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, 28бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты”. 29Абрагам адказаў: “У іх ёсць Майсей і прарокі, няхай слухаюцца іх”. 30А той сказаў: “Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца”. 31Тады Абрагам сказаў яму: “Калі Майсея і прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць”».

 

17 (1-37)

1Езус сказаў сваім вучням: «Немагчыма, каб не прыйшлі спакусы, але гора таму, праз каго прыходзяць! 2Лепш было б яму, калі б павесілі на шыю яму млынавы камень і кінулі ў мора, чым каб спакусіў ён аднога з гэтых малых. 3Зважайце на сябе!

Калі ж брат твой зграшыць, дакары яго, а калі пакаецца, прабач яму. 4І калі сем разоў на дзень зграшыць супраць цябе і сем разоў звернецца да цябе, кажучы: “Каюся”, — прабач яму».

5І сказалі Апосталы Пану: «Дадай нам веры!» 6А Пан сказаў: «Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць смакоўніцы гэтай: “Вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора”, — і яна б паслухалася вас.

7Хто з вас, маючы слугу, які арэ або пасвіць, скажа яму, калі ён вернецца з поля: “Як прыйдзеш, адразу сядай за стол?” 8Наадварот, ці не скажа яму: “Прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, прыслужвай мне, пакуль буду есці і піць, а пасля будзеш есці і піць ты?” 9Ці будзе ён дзякаваць слугу гэтаму за тое, што ён выканаў загаданае? 10І вы таксама, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: “Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць”.

11Калі Езус ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею. 12І калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія, стаўшы здалёк, 13моцным голасам казалі: «Езус, Настаўнік, змілуйся над намі!» 14Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: «Ідзіце, пакажыцеся святарам». А калі адышлі, яны ачысціліся. 15І адзін з іх, убачыўшы, што быў вылечаны, вярнуўся і моцным голасам праслаўляў Бога, 16і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. 17Тады Езус сказаў: «Ці не дзесяць было ачышчаных? Дзе ж дзевяць? 18Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся праславіць Пана, акрамя гэтага чужынца?» 19І сказаў яму: «Устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе».

20Спыталіся ў Яго фарысеі: «Калі прыйдзе Валадарства Божае?» Ён адказаў ім: «Не прыйдзе Валадарства Божае заўважальна, 21і не скажуць: “Вось тут”, або: “Там”. Бо Валадарства Божае ёсць унутры вас».

22Сказаў таксама вучням: «Прыйдуць дні, калі захочаце ўбачыць хоць адзін з дзён Сына Чалавечага, і не ўбачыце. 23І скажуць вам: “Вось, там”, або: “Вось, тут”, але вы не ідзіце і не ганіцеся. 24Бо, як маланка, якая мільганула з аднаго краю неба да другога, так будзе Сын Чалавечы ў свой дзень. 25Але спачатку трэба Яму шмат выцерпець і быць адкінутым гэтым пакаленнем. 26Як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага. 27Елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і прыйшоў патоп, і знішчыў усіх. 28Таксама было і ў дні Лота. Елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі. 29Але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліліся з неба агонь і сера і знішчылі ўсіх. 30Так будзе і ў той дзень, калі з’явіцца Сын Чалавечы. 31У той дзень хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, няхай не сыходзіць узяць іх. І хто будзе на полі, таксама няхай не вяртаецца назад. 32Узгадайце жонку Лота. 33Хто паспрабуе захаваць жыццё сваё, той загубіць яго, а хто загубіць яго, той ажывіць яго. 34Кажу вам: у тую ноч будуць двое на адной пасцелі: адзін будзе ўзяты, а другі застанецца. 35Дзве будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другая пакінута». (36)

37У адказ сказалі Яму: «Дзе, Пане?» А Ён сказаў ім: «Дзе мёртвае цела, там збяруцца і арлы».

 

18 (1-43)

1Расказаў таксама ім прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам, кажучы: 2«У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. 3І была ў тым горадзе адна ўдава, якая прыйшла да яго і прасіла: “Абарані мяне ад праціўніка майго”. 4Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: “Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, 5але паколькі гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне”». 6І сказаў Пан: «Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя. 7Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, і ці будзе марудзіць у іх справе? 8Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх. Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»

9Расказаў таксама прыпавесць і некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі: 10«Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік. 11Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. 12Пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю”. 13А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага”. 14Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў да дому свайго апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны».

15Прыносілі да Яго таксама немаўлят, каб Ён дакрануўся да іх. Але вучні, убачыўшы, забаранялі ім. 16Тады Езус паклікаў іх да сябе і сказаў: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае. 17Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго».

18І спытаўся ў Яго адзін начальнік: «Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?» 19Езус адказаў яму: «Чаму называеш мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. 20Ведаеш запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, шануй бацьку свайго і маці». 21Той адказаў: «Усё гэта я захоўваў з юнацтва майго». 22Пачуўшы гэта, Езус сказаў яму: «Табе нестае яшчэ аднаго: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах. Потым прыходзь і ідзі за Мною». 23Калі ж ён пачуў гэта, засмуціўся, таму што быў вельмі багаты. 24Езус, убачыўшы, што той засмуціўся, сказаў: «Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае. 25Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае». 26Хто чуў гэтае, спыталіся: «Хто ж можа збавіцца?» 27А Ён адказаў: «Тое, што немагчыма для людзей, магчыма для Бога».

28І сказ Пётр: «Вось мы пакінулі сваё і пайшлі за Табою». 29А Ён адказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што няма таго, хто б пакінуў дом, ці жонку, ці братоў, ці бацькоў, ці дзяцей дзеля Божага Валадарства, 30і не атрымаў бы значна больш у гэты час, а ў будучым веку — жыццё вечнае».

31Пасля ўзяў Дванаццаць і сказаў ім: «Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і збудзецца ўсё, што пісалі прарокі пра Сына Чалавечага, 32бо Ён выдадзены будзе язычнікам, і насмяюцца з Яго, і абразяць, і аплююць, 33і будуць бічаваць, і заб’юць Яго, але на трэці дзень Ён уваскрэсне». 34Але яны нічога не зразумелі з гэтага; і было слова гэтае закрыта для іх, і яны не спасціглі сказанага.

35Калі Ён падыходзіў да Ерыхона, адзін сляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласціну. 36Пачуўшы, што праходзіць натоўп, распытваўся, што гэта такое. 37Яму сказалі, што праходзіць Езус Назаранін. 38Тады ён закрычаў: «Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною!» 39Тыя, што ішлі наперадзе, загадвалі яму, каб змоўк. Ён жа яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!» 40Спыніўшыся, Езус загадаў прывесці яго да сябе. Калі той наблізіўся да Яго, спытаўся: 41«Што хочаш, каб я зрабіў табе?» Той адказаў: «Пане, каб я зноў бачыў». 42І Езус сказаў яму: «Будзь відушчым! Вера твая ўратавала цябе». 43І той адразу стаў бачыць, і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы гэта, узнёс хвалу Богу.

 

19 (1-48)

1Увайшоўшы, Ён праходзіў праз Ерыхон. 2І вось чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, 3стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту. 4Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць. 5А калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: «Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме». 6Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю. 7А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека. 8Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: «Вось, палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш». 9Езус сказаў яму: «Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама. 10Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула».

11Калі ж яны слухалі гэта, Ён расказаў прыпавесць, бо блізка быў да Ерузалема, а яны думалі, што зараз з’явіцца Божае Валадарства. 12Таму сказаў: «Пэўны чалавек шляхетнага паходжання адпраўляўся ў далёкую краіну, каб здабыць сабе каралеўства і вярнуцца. 13Паклікаўшы дзесяць сваіх слугаў, даў ім дзесяць мін і сказаў ім: “Зарабляйце, пакуль не вярнуся”. 14Але суайчыннікі ненавідзелі яго і адправілі следам за ім пасланцоў, сказаўшы: “Не хочам, каб валадарыў над намі”. 15Калі ж ён, здабыўшы каралеўства, вярнуўся, загадаў паклікаць да сябе тых слуг, якім даў срэбра, каб даведацца, што яны зарабілі. 16Прыйшоў першы і сказаў: “Гаспадбру, твая міна прынесла дзесяць мін”. 17І сказаў яму: “Добра, слуга добры; за тое, што ты ў малым быў верны, валадар над дзесяццю гарадамі”. 18Прыйшоў і другі, кажучы: “Гаспадбру, твая міна прынесла пяць мін”. 19І сказаў гэтаму: “І ты валадар над пяццю гарадамі”. 20Прыйшоў і іншы, кажучы: “Гаспадбру, вось твая міна, якую я трымаў у хустцы, 21бо баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш чаго не клаў, і жнеш, чаго не сеяў”. 22Гаспадбр сказаў яму: “Паводле вуснаў тваіх суджу цябе, нягодны слуга! Ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру чаго не клаў, і жну, чаго не сеяў. 23Чаму ж ты не пусціў срэбра майго ў абарот, каб я, прыйшоўшы, забраў яго з прыбыткам?” 24І сказаў тым, хто стаяў побач: “Забярыце ў яго міну і аддайце таму, хто мае дзесяць мін”. 25І сказалі яму: “Гаспадбру, ён ужо мае дзесяць мін!” 26Кажу вам, што кожнаму, хто мае, дадзена будзе; а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае. 27А тых ворагаў маіх, якія не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і забіце іх перада мною!»

28Сказаўшы гэта, Езус пайшоў далей, узыходзячы ў Ерузалем.

29І калі Ён наблізіўся да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары, называнай Аліўнай, паслаў двух вучняў сваіх, 30кажучы: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі. І, калі ўвойдзеце ў яе, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей ніколі яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце. 31А калі нехта спытаецца ў вас: “Навошта адвязваеце”, адкажыце яму так: “Яно патрэбна Пану”». 32Пасланцы пайшлі і знайшлі ўсё так, як сказаў ім. 33А калі яны адвязвалі асляня, яго гаспадары спыталіся ў іх: «Навошта адвязваеце асляня?» 34Яны адказалі: «Яно патрэбна Пану». 35І прывялі яго да Езуса, і, накінуўшы на асляня свае плашчы, пасадзілі Езуса. 36А калі Ён ехаў, рассцілалі свае плашчы на дарозе. 37Калі ж Ён наблізіўся да падножжа гары Аліўнай, усё мноства вучняў Ягоных пачало ў радасці гучным голасам праслаўляць Бога за ўсе цуды, якія яны бачылі, 38кажучы:

«Благаслаўлёны Кароль, які прыходзіць у імя Пана!

Спакой у небе і хвала на вышынях!»

39Некаторыя фарысеі з натоўпу сказалі Яму: «Настаўнік, забарані вучням Тваім!» 40А Ён адказаў: «Кажу вам, калі яны змоўкнуць, дык камяні закрычаць!»

41Калі Ён наблізіўся і ўбачыў горад, заплакаў над ім 42і сказаў: «Калі б і ты ў гэты дзень пазнаў, што служыць для спакою твайго! Аднак цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх. 43Бо прыйдуць да цябе такія дні, калі ворагі твае абкапаюць цябе валам, і акружаць цябе, і сціснуць з кожнага боку, 44зраўнаюць з зямлёю цябе і дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць каменя на камені за тое, што ты не пазнаў часу адведзінаў сваіх».

45Увайшоўшы ў святыню, Ён пачаў выганяць гандляроў, 46кажучы ім: «Напісана: “Дом Мойгэта дом малітвы”, а вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў».

47І штодня вучыў Ён у святыні. Але першасвятары, кніжнікі і старэйшыны народу шукалі, як забіць Яго. 48І не знаходзілі, што зрабіць з Ім, бо ўвесь народ абступаў Яго, каб слухаць.

 

20 (1-47)

1І ў адзін з тых дзён, калі Ён навучаў народ у святыні і абвяшчаў Добрую Навіну, прыйшлі першасвятары і кніжнікі са старэйшынамі 2і спыталіся ў Яго: «Скажы нам, якой уладаю Ты робіш гэта? І хто даў Табе гэтую ўладу?» 3І адказаў ім: «Спытаюся ў вас і Я, а вы адкажыце мне: 4хрост Янаў быў з неба ці ад людзей?» 5Яны ж, разважаючы, казалі адзін аднаму: «Калі скажам “з неба”, то спытаецца: “Чаму ж вы не паверылі яму?” 6А калі скажам “ад людзей”, то ўвесь народ закідае нас камянямі, бо ён упэўнены, што Ян — прарок». 7І адказалі, што не ведаюць, адкуль. 8Тады Езус сказаў ім: «І Я не скажу вам, якой уладай раблю гэта».

9І пачаў Ён расказваць людзям такую прыпавесць: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік і аддаў яго вінаградарам, і выехаў на доўгі час. 10У свой час паслаў да вінаградараў слугу, каб далі яму з пладоў вінаградніку. Але вінаградары пабілі яго і адправілі ні з чым. 11Тады паслаў другога слугу, а яны і таго збілі і зняважылі, і адправілі ні з чым. 12І паслаў яшчэ трэцяга, але яны і таго паранілі і выгналі. 13Тады гаспадар вінаградніку сказаў: “Што мне рабіць? Пашлю свайго ўмілаванага сына, можа, яго ўшануюць”. 14Убачыўшы яго, вінаградары разважалі, кажучы адзін аднаму: “Гэта спадкаемца, хадземце, заб’ем яго, каб спадчына стала нашай”. 15І, выкінуўшы яго з вінаградніку, забілі. Што зробіць з імі гаспадар вінаградніку? 16Ён прыйдзе і знішчыць тых вінаградараў, і аддасць вінаграднік іншым».

Тыя, хто слухаў, сказалі: «Няхай не будзе гэтага!» 17А Ён, паглядзеўшы на іх, сказаў: «Што ж азначае напісанае:

Камень, адкінуты будаўнікамі,

стаў галавою вугла”?

18Кожны, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раструшчыць». 19У тую гадзіну пачалі шукаць кніжнікі і першасвятары, як схапіць Яго, але пабаяліся натоўпу. Яны зразумелі, што Ён сказаў гэту прыпавесць пра іх.

20Пачаўшы сачыць за Ім, паслалі да Яго шпегаў, каб яны, удаючы праведных, злавілі яго на слове, і каб выдаць Яго начальству і ўладзе намесніка. 21І яны спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты добра кажаш і навучаеш, і не зважаеш на асобу, але праўдзіва шляху Божаму вучыш. 22Ці належыць нам плаціць падатак цэзару, ці не?» 23Зразумеўшы іх хітрасць, Ён сказаў ім: 24«Пакажыце мне дынар. Чыя на ім выява і надпіс?» 25Яны адказалі: «Цэзара». Тады Ён сказаў ім: «Дык аддавайце цэзарава цэзару, а Божае Богу». 26І не маглі перад народам падлавіць Яго на слове, і, здзівіўшыся адказу Яго, замоўклі.

27Тады падышлі некаторыя з садукеяў, якія казалі, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго: 28«Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бяздзетны, то брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і абудзіць патомства брату свайму. 29Было ж сем братоў. Першы, узяўшы жонку, памёр бяздзетны. 30Потым другі, 31і трэці ўзяў яе, таксама і ўсе сямёра, не пакінуўшы дзяцей, памерлі. 32Урэшце, памерла і жонка. 33Дык вось, пасля ўваскрашэння, катораму з іх яна будзе жонкаю? Бо ў семярых яна была жонкаю». 34Езус сказаў ім: «Дзеці гэтага веку жэняцца і выходзяць замуж. 35А тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрашэння з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж; 36і памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрашэння. 37А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей засведчыў, кажучы пра палаючы куст, калі назваў Пана Богам Абрагама, і Богам Ісака, і Богам Якуба. 38Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць». 39На гэта сказалі некаторыя з кніжнікаў: «Настаўнік, Ты добра сказаў». 40І ўжо ні пра што не адважваліся распытваць Яго.

41Тады Ён сказаў ім: «Як могуць казаць, што Месія — сын Давіда? 42Бо сам Давід кажа ў кнізе псальмаў:

“Сказаў Пан Пану майму: сядзь праваруч Мяне,

43пакуль не пакладу ворагаў Тваіх як падножжа для ног тваіх”.

44Калі Давід называе Яго Панам, то які ж Ён яму сын?»

45І калі ўвесь народ слухаў, Езус сказаў сваім вучням: 46«Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах і любяць прывітанні на рынках, і першыя лавы ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах. 47Яны аб’ядаюць дамы ўдоў і доўга моляцца напаказ; яны атрымаюць найбольшы прысуд».

 

21 (1-38)

1Глянуўшы, Ён убачыў багатых, якія кідалі свае дары ў скарбонку. 2Убачыў таксама і адну бедную ўдаву, якая кідала туды дзве лепты, 3і сказаў: «Праўдзіва кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх укінула. 4Бо ўсе яны кідалі ў дар, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўвесь пражытак свой, які мела».

5Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Ён сказаў: 6«Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе зруйнаваны». 7І спыталіся ў Яго: «Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?» 8Ён сказаў: «Глядзіце, каб вас не звялі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я і што наблізіўся час. Не ідзіце за імі. 9Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але не адразу канец».

10Тады сказаў ім: «Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; 11будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, і жахлівыя з’явы, і вялікія знакі з неба. 12Але перад усім гэтым схопяць вас і будуць пераследаваць, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і намеснікамі за імя Маё. 13І будзе гэта вам на сведчанне. 14Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, бо 15Я дам вам мову і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя. 16Выдаваць вас будуць таксама бацькі і браты, і родныя, і сябры, а некаторых з вас заб’юць. 17І зненавідзяць вас усе за імя Маё. 18Але і волас з галавы вашай не прападзе. 19Цярпеннем сваім уратуеце душы вашыя.

20Калі ж убачыце Ерузалем, акружаны войскам, ведайце, што наблізілася спусташэнне ягонае. 21Тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы, а хто ў горадзе, няхай выходзяць, і хто ў вёсках, няхай не ўваходзяць у яго, 22бо гэта дні помсты, каб збылося ўсё напісанае. 23Гора ў тыя дні цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі! Бо вялікі будзе ўціск на зямлі і гнеў на гэты народ. 24І палягуць ад вастрыя мяча, і будуць забраныя ў палон да ўсіх народаў. А Ерузалем будзе таптаны язычнікамі, пакуль не скончацца часы язычнікаў.

25Будуць знакі на сонцы і месяцы, і зорках, а на зямлі — трывога народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. 26Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо пахіснуцца моцы нябесныя. 27І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай.

28Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае».

29І сказаў ім прыпавесць: «Паглядзіце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы. 30Калі яны ўжо распускаюцца, то, убачыўшы гэта, ведаеце самі, што ўжо блізка лета. 31Так і вы, калі ўбачыце, што гэта адбываецца, ведайце, што наблізілася Валадарства Божае. 32Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё адбудзецца. 33Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць.

34Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя свавольным жыццём і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, 35бо ён, як пастка, прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. 36Таму чувайце і маліцеся ўвесь час, каб вы маглі пазбегнуць усяго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым».

37У дзень Ён навучаў у святыні, а ноччу ўзыходзіў начаваць на гару, называную Аліўнай. 38 І ўвесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў святыню слухаць Яго.

 

22 (1-71)

1Набліжалася свята Праснакоў, якое называецца Пасхай. 2І шукалі першасвятары з кніжнікамі, як забіць Езуса, бо баяліся народу. 3А сатана ўвайшоў у Юду, аднаго з Дванаццаці, якога звалі Іскарыётам. 4Ён пайшоў і дамовіўся з першасвятарамі і дазорцамі святыні, як ён ім выдасць Езуса. 5Тыя ж узрадаваліся і згадзіліся даць яму срэбранікаў. 6І ён абяцаў, і шукаў нагоды выдаць ім Яго здалёк ад народу.

7Настаў дзень Праснакоў, калі трэба было прыносіць пасхальную ахвяру. 8Тады Езус паслаў Пятра і Яна, кажучы: «Пайдзіце і прыгатуйце нам з’есці пасху». 9Тыя спыталіся: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі?» 10Ён адказаў ім: «Калі будзеце ўваходзіць у горад, сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады. Ідзіце за ім у дом, у які ўвойдзе. 11І скажыце гаспадару дома: “Настаўнік пытаецца ў цябе: дзе святліца, у якой Я магу з’есці пасху з вучнямі Маімі?” 12І ён пакажа вам вялікі засланы верхні пакой; там прыгатуеце». 13Яны пайшлі і знайшлі так, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.

14Калі настала гадзіна, Езус сеў за стол, і Апосталы разам з Ім. 15І сказаў ім: «Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець, 16бо кажу вам, што ўжо не буду есці яе, аж пакуль яна не здзейсніцца ў Божым Валадарстве». 17І, узяўшы келіх, узнёс падзяку і сказаў: «Вазьміце гэта і падзяліце паміж сабою, 18бо кажу вам, што адгэтуль не буду піць ад вінаграднага плоду, пакуль не прыйдзе Божае Валадарства». 19І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, паламаў і даў ім, кажучы: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць». 20Таксама ўзяў і келіх пасля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсць Новым Запаветам у Крыві Маёй, якая за вас будзе праліта.

21Аднак вось рука таго, хто выдасць Мяне, на стале са Мною. 22Бо сапраўды, Сын Чалавечы ідзе як вызначана, але гора таму чалавеку, які выдае Яго!» 23І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто з іх збіраецца ўчыніць гэта.

24І ўзнялася спрэчка паміж імі, хто з іх павінен лічыцца большым. 25А Езус адказаў ім: «Каралі народаў пануюць над імі і, маючыя ўладу над імі, называюцца дабрадзеямі. 26У вас жа няхай будзе не так, але большы сярод вас няхай будзе як меншы, а правадыр — як слуга. 27Бо хто большы? Той, хто сядзіць за сталом, ці той, хто служыць? Ці ж не той, хто сядзіць за сталом? Я сярод вас як той, хто служыць.

28Вы тыя, хто вытрываў са Мною ў Маіх выпрабаваннях. 29І Я перадаю вам у спадчыну Валадарства, як Мне перадаў яго Айцец Мой, 30каб вы елі і пілі за Маім сталом у Валадарстве Маім, і каб сядзелі на тронах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля.

31Сымоне, Сымоне, вось сатана дамагаўся прасеяць вас, як пшаніцу, 32але Я папрасіў за цябе, каб не знікла твая вера. І ты, калі вернешся, умацуй братоў сваіх». 33Той адказаў Яму: «Пане, я гатовы ісці з Табою і ў вязніцу, і на смерць». 34Але Ён сказаў: «Кажу табе, Пётр, не заспявае сёння певень, як ты тройчы адрачэшся, кажучы, што не ведаеш Мяне».

35І сказаў ім: «Калі Я пасылаў вас без каліты і торбы, і абутку, ці неставала вам чаго-небудзь?» Яны адказалі: «Нічога». 36Тады сказаў ім: «Але цяпер, хто мае каліту, няхай яе возьме, таксама і торбу, а хто не мае, няхай прадасць адзенне сваё і купіць меч. 37Бо кажу вам: тое, што напісана пра Мяне: “І да злачынцаў быў залічаны”, павінна збыцца. Бо ўсё, што датычыць Мяне, спаўняецца». 38Яны сказалі: «Пане, вось тут два мячы». А Ён адказаў ім: «Дастаткова».

39Выйшаўшы, Ён пайшоў, як звычайна, на Аліўную гару. За Ім пайшлі таксама вучні. 40Калі прыйшоў на месца, сказаў ім: «Маліцеся, каб не паддацца спакусе». 41А сам адышоў ад іх, як кінуць камень, укленчыў і маліўся, 42кажучы: «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца». 43І з’явіўся Яму анёл з неба, суцяшаючы Яго. 44І, моцна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш. А пот Ягоны быў, быццам кроплі крыві, што падалі на зямлю. 45Калі ўстаў пасля малітвы і прыйшоў да вучняў, убачыў, што яны заснулі, змучаныя тугою. 46І сказаў ім: «Чаму вы спіце? Устаньце і маліцеся, каб не паддацца спакусе».

47Калі Ён яшчэ гаварыў, з’явіўся натоўп, а наперадзе ішоў адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда. І падышоў ён да Езуса, каб пацалаваць Яго. 48А Езус сказаў яму: «Юда, пацалункам выдаеш Сына Чалавечага?» 49Тыя, хто быў з Езусам, убачылі, што можа стацца, і сказалі: «Пане, ці не ўдарыць нам мячом?» 50І адзін з іх ударыў слугу першасвятара і адсек яму правае вуха. 51Тады Езус сказаў: «Пакіньце, даволі!» І, дакрануўшыся да вуха, вылечыў яго. 52А першасвятарам, дазорцам святыні і старэйшынам, якія выйшлі супраць Яго, Езус сказаў: «Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі. 53Кожны дзень, калі Я быў з вамі ў святыні, вы не падымалі рук на Мяне, але цяпер — ваша гадзіна і ўлада цемры».

54Схапіўшы, павялі Яго і прывялі ў дом першасвятара. А Пётр ішоў следам за Ім зводдаль. 55Калі яны распалілі агонь сярод дзядзінца і селі разам, Пётр сеў паміж імі. 56Адна служанка ўбачыла, што ён сядзеў каля агня, прыгледзелася да яго і сказала: «І гэты быў з Ім!» 57Але ён адрокся, кажучы: 58«Жанчына, я не ведаю Яго!» Неўзабаве другі ўбачыў яго і сказаў: «I ты з іх!» Але Пётр адказаў: «Чалавеча, гэта не я!» 59Мінула каля адной гадзіны часу, і яшчэ нехта пачаў казаць: «Сапраўды, і гэты быў з Ім, бо ён галілеец!» 60Але Пётр адказаў: «Чалавеча, не ведаю, што ты кажаш!» І адразу, калі ён яшчэ гаварыў, заспяваў певень. 61А Пан абярнуўся і паглядзеў на Пятра. І ўспомніў Пётр слова Пана, калі сказаў яму: «Перш чым сёння заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». 62І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.

63А людзі, якія трымалі Езуса, насміхаліся над Ім і білі Яго. 64І, закрываючы Яго, пыталіся: «Прароч, хто ўдарыў Цябе?» 65І шмат іншых блюзнерстваў казалі супраць Яго.

66А калі настаў дзень, сабраліся старэйшыны народу, першасвятары і кніжнікі і павялі Яго на месца сваіх пасяджэнняў, 67кажучы: «Калі Ты Хрыстус, скажы нам». Ён сказаў ім: «Калі вам скажу, не паверыце, 68а калі спытаюся ў вас, вы не адкажаце. 69Адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець праваруч моцы Божай». 70І ўсе сказалі: «Дык Ты Сын Божы?» Ён жа адказаў ім: «Вы кажаце, што Я». 71А яны сказалі: «Навошта яшчэ нам сведчанне? Самі пачулі з вуснаў Ягоных!»

 

23 (1-56)

1Паднялася ўся грамада іх, і павялі Яго да Пілата. 2Пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: «Мы выкрылі, што Ён бунтуе народ наш і забараняе плаціць падатак цэзару, і гаворыць, што Ён Месія кароль». 3Пілат жа спытаўся ў Яго: «Ты кароль Юдэйскі?» Ён сказаў яму: «Ты кажаш». 4Тады Пілат сказаў першасвятарам і народу: «Я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку». 5Але яны настойвалі, кажучы: «Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачаўшы ад Галілеі аж дасюль!»

6Калі Пілат пачуў пра Галілею, спытаўся, ці гэты чалавек галілеец? 7І, даведаўшыся, што Ён з краіны Ірада, адаслаў Яго да Ірада, які ў гэтыя дні таксама быў у Ерузалеме. 8Ірад, калі ўбачыў Езуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно жадаў убачыць Яго, таму што чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць які-небудзь Ягоны знак. 9І задаў Яму шмат пытанняў, але Ён нічога яму не адказаў. 10А першасвятары і кніжнікі стаялі і заўзята вінавацілі Яго. 11Тады Ірад са сваімі жаўнерамі зняважыў Яго і насмяяўся над Ім, апрануў Яго ў шыкоўнае адзенне і адаслаў да Пілата. 12І ў той дзень Пілат і Ірад сталі сябрамі паміж сабой, бо раней яны мелі варожасць адзін да аднаго.

13Пілат, паклікаўшы першасвятароў, начальнікаў і людзей, 14сказаў ім: «Вы прывялі да Мяне гэтага Чалавека, як таго, хто бунтуе народ. І вось я перад вамі дапытаў Яго і не знайшоў у гэтым Чалавеку ніякай віны, у якой вы Яго вінаваціце. 15Таксама і Ірад, бо адаслаў Яго да нас. Ён не ўчыніў нічога вартага смерці. 16Таму я, пасля бічавання, адпушчу Яго». (17)

18Але яны закрычалі ўсе разам: «На смерць гэтага, адпусці нам Барабу!», 19а Бараба быў пасаджаны ў вязніцу за бунт, які адбыўся ў горадзе, і за забойства.

20Пілат зноў прамовіў да іх, жадаючы адпусціць Езуса. 21Але яны крычалі: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!» 22Тады ён трэці раз сказаў ім: «Што дрэннага зрабіў Ён? Я не знайшоў у Ім нічога вартага смерці. Пасля бічавання я адпушчу Яго». 23Але яны і далей з вялікім крыкам дамагаліся, каб Яго ўкрыжавалі, і крык іх узрастаў. 24І Пілат вырашыў, каб споўнілася іх просьба. 25Таму адпусціў ім пасаджанага ў вязніцу за бунт і забойства, якога яны прасілі, а Езуса аддаў іхняй волі.

26Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірынэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам.

27Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. 28А Езус абярнуўся да іх і сказаў: «Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых, 29бо вось надыходзяць дні, калі скажуць: “Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!”

30Тады пачнуць казаць гарам: “Упадзіце на нас!” і пагоркам: “Накрыйце нас!” 31Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з сухім?»

32Вялі з Ім на смерць і двух іншых злачынцаў.

33І калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку. 34А Езус сказаў: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць».

І, дзелячы вопратку Ягоную, кідалі лёсы. 35А людзі стаялі і глядзелі. І кіраўнікі іхнія таксама насміхаліся, кажучы: «Іншых ратаваў, няхай сябе ўратуе, калі Ён Месія, выбраны Богам!» 36Жаўнеры таксама здзекаваліся з Яго, падыходзілі і падавалі Яму воцат, 37кажучы: «Калі Ты кароль Юдэйскі, уратуй сябе!» 38І быў над Ім надпіс: «Гэта кароль Юдэйскі».

39Адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас!» 40Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару? 41Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за ўчынкі нашыя. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў». 42І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства». 43І сказаў яму Езус: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі».

44І было ўжо каля шостай гадзіны, і цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай. 45Сонца зацьмілася, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне. 46І Езус закрычаў моцным голасам: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў.

47Сотнік, убачыўшы, што сталася, славіў Бога і казаў: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў справядлівы!» 48І ўсе людзі, што сабраліся на гэтае відовішча, калі ўбачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі.

49А здалёк стаялі ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія прыйшлі з Ім з Галілеі, і глядзелі на гэта.

50І вось чалавек, па імені Юзаф з Арыматэі, горада юдэйскага, член Сінэдрыёну, муж добры і справядлівы, 51які не згаджаўся з яго пастановай і ўчынкамі і чакаў Валадарства Божага, 52прыйшоўшы да Пілата, папрасіў цела Езуса. 53Зняўшы, захінуў яго ў палатно і паклаў у высечанай магіле, у якой яшчэ ніхто не быў пахаваны. 54Быў гэта дзень прыгатавання, і надыходзіў шабат. 55Ішлі разам таксама жанчыны, якія прыбылі з Езусам з Галілеі, і яны бачылі магілу, і як было пакладзена цела Ягонае. 56Вярнуўшыся, яны прыгатавалі духмянасці і міра. І ў гэты шабат адпачывалі паводле запаведзі.

 

24 (1-53)

1У першы дзень тыдня, на досвітку, жанчыны прыйшлі да магілы, несучы падрыхтаваныя пахучыя алеі. 2Але знайшлі, што камень адсунуты ад магілы. 3І, увайшоўшы, не знайшлі цела Пана Езуса. 4І калі яны стаялі ў разгубленасці, раптам з’явіліся перад імі два мужы ў бліскучым адзенні. 5Напалоханыя жанчыны схілілі твары свае да зямлі, а тыя сказалі ім: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? 6Яго тут няма; Ён уваскрос. Успомніце, як Ён сказаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі, 7што Сын Чалавечы павінен быць выдадзены ў рукі грэшнікаў і ўкрыжаваны, але на трэці дзень уваскрэсне». 8І ўзгадалі яны словы Ягоныя, 9і, вярнуўшыся ад магілы, расказалі гэта ўсё Адзінаццаці і ўсім астатнім. 10Гэта былі Марыя Магдалена, Яна і Марыя, маці Якуба, ды іншыя, што былі з імі, якія казалі пра гэта Апосталам. 11Але словы гэтыя здаліся ім пустымі, і не верылі ім. 12Але Пётр устаў і пабег да магілы, і, зазірнуўшы, убачыў там толькі палотны. І вярнуўся да сябе, здзіўляючыся таму, што сталася.

13Вось двое з іх вучняў у той жа дзень ішлі ў вёску, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема і якая называлася Эмаус. 14І размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. 15А калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. 16Аднак вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго. 17І Ён сказаў ім: «Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?» І яны спыніліся, поўныя смутку. 18Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: «Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў гэтыя дні». 19Ён спытаў іх: «Што?» Яны сказалі Яму: «Тое, што сталася з Езусам з Назарэта, які быў прарокам, магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; 20як першасвятары і кіраўнікі нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. 21А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася. 22Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы, 23і не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. 24Некаторыя з нашых пайшлі да магілы і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі».

25Тады Ён сказаў ім: «О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! 26Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу?» 27І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго. 28Калі наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. 29Але яны настойвалі, кажучы: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае». І Ён увайшоў, каб застацца з імі. 30Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім. 31Тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. 32І яны сказалі адзін аднаму: «Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?» 33І ў тую самую гадзіну яны ўсталі, вярнуліся ў Ерузалем і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, 34якія казалі ім: «Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону». 35Яны таксама расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.

36Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў ім: «Спакой вам!» 37Збянтэжаныя і напалоханыя яны думалі, што бачаць духа. 38Але Ён сказаў ім: «Чаму разгубіліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? 39Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я. Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю». 40Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі. 41А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут што з’есці?» 42Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы. 43Ён узяў і еў перад імі.

44І сказаў ім: «Вось словы Мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў Законе Майсея і ў прарокаў, і ў псальмах». 45Тады адкрыў іх розум, каб яны разумелі Пісанне. 46І сказаў ім: «Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, 47і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. 48А вы — сведкі гэтага. 49Вось Я спасылаю на вас абяцанне Айца Майго. А вы заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў моц з вышыні».

50Потым вывеў іх аж да Бэтаніі і, падняўшы рукі свае, благаславіў іх. 51І, калі благаслаўляў іх, развітаўся з імі і ўзнёсся на неба. 52Яны пакланіліся Яму і з вялікай радасцю вярнуліся ў Ерузалем, 53і былі ўвесь час у святыні, і праслаўлялі Бога.



Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Тэкст падаецца паводле выдання: catholic.by/Lucas.pdf
Крыніца: catholic.by