epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Камень-кравец

У незапомныя часы гэты камень меў цудадзейную сілу шыць адзежу, і навакольны люд карыстаўся з гэтага. Увечары яму прыносілі тканіну і прасілі:

— Сцяпан, пашый мне жупан!

І раніцаю атрымлівалі гатовую адзежыну.

Доўга так шыў камень, і яго назвалі «краўцом». Але аднойчы нейкая п’яная жанчына надумалася насмяяцца з каменя. Прынесла вечарам сукно, паклала на камень і сказала:

— Сцяпан, сшый мне ні тое ні сёе!

Калі яна раніцай прыйшла за адзежаю, дык аказалася, што тая сапсаваная: адзін рукаў прышыты там, дзе трэба, а другі прышыты да падолу, унізе... З таго часу кравец і пакінуў шыць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан