epub
 
падключыць
слоўнікі

Кароткі катэхізм для каталікоў

МАЛІТВЫ
  ЗНАК КРЫЖА СЬВЯТОГА
  МАЛІТВА ГАСПОДНЯЯ
  АНЁЛЬСКАЕ ПРЫВІТАНЬНЕ
  АПОСТАЛЬСКІ СКЛАД ВЕРЫ
  ДЗЕСЯЦЬ БОЖЫХ ЗАГАДАЎ
  МАЛІТВА ПЕРАД ЯДОЮ
  МАЛІТВА ПАСЬЛЯ ЯДЫ
  ПЯЦЬ КАСЬЦЁЛЬНЫХ ЗАГАДАЎ
  МАЛІТВА ПЕРАД ВУЧОБАЙ
  ГАЛОЎНЫЯ ПРАЎДЫ ХРЫСЬЦІЯНСКАЕ ВЕРЫ
  СЕМ СЬВЯТЫХ САКРАМАНТАЎ
  СЕМ ДАРОЎ ДУХА СВЯТОГА
  ПЯЦЬ УМОВАЎ САКРАМАНТУ ПАКУТЫ
  СЕМ ГРАХОЎ ГАЛОЎНЫХ
  ГРАХІ, ЯКІЯ НАКЛІКАЮЦЬ БОЖУЮ ПОМСТУ
  ГРАХІ СУПРАЦЬ ДУХА СЬВЯТОГА
  ЧУЖЫЯ ГРАХІ З НАШАЕ ВІНЫ
  НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ХРЫСЬЦІЯНСКІЯ ЎЧЫНКІ
  ДОБРЫЯ ЎЧЫНКІ ДЛЯ ЦЕЛА БЛІЖНЯГА
  ДОБРЫЯ ЎЧЫНКІ ДЛЯ ДУШЫ БЛІЖНЯГА
  ЭВАНГЕЛЬСКІЯ ПАРАДЫ
  АПОШНІЯ РЭЧЫ, ЯКІЯ НЕАБХОДНА ПАМЯТАЦЬ
  БАГАСЛОЎСКІЯ ДАБРАДЗЕЙНАСЬЦІ
  ГАЛОЎНЫЯ ДАБРАДЗЕЙНАСЬЦІ
  ХРЫСЬЦІЯНСКАЕ ПРЫВІТАНЬНЕ
КАТЭХІЗМ
  ПРА БОГА
  ПРА ХРЫСТА НАШАГА ЗБАЎЦУ
  ПРА СЬВЯТОГА ДУХА
  ПРА АПОСТАЛАЎ
  ПРА МАРЫЮ МАЦІ БОЖУЮ
  ПРА КАСЬЦЁЛ
  ПРА АНЁЛАЎ
  ПРА ЧАЛАВЕКА
  ПРА САКРАМАНТЫ
  КРЫЖМАВАНЬНЕ
  ЭЎХАРЫСТЫЯ (НАЙСЬВЯЦЕЙШЫ САКРАМАНТ)
  ПАКУТА (сакрамант паяднаньня, або споведзь)
  САКРАМАНТ СЬВЯТАРСТВА (капланства)
  САКРАМАНТ СУЖЭНСТВА
  САКРАМАНТ ХВОРЫХ (алеепамазаньне)
  ПРА БОЖЫЯ ЗАГАДЫ
  ЯК ПРАВІЛЬНА ПРЫСТУПАЦЬ ДА СПОВЕДЗІ
РУЖАНЕЦ
  МАЛІТВА
  Першая частка: РАДАСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ
  Другая частка: ПАКУТЛІВЫЯ ТАЯМНІЦЫ
  Трэцяя частка: ХВАЛЕБНЫЯ ТАЯМНІЦЫ
  ЛІТАННЕ ДА НАЙСЬВЯЦЕЙШАГА СЭРЦА ЕЗУСА
  ПАМОЛІМСЯ
  АКТ ПАСЬВЯЧЭНЬНЯ ЦЭЛАГА РОДУ ЛЮДЗКОГА НАЙСЬВЯЦЕЙШАМУ СЭРЦУ ЕЗУСА
  ЛІТАННЕ ЛЁРАТАНСКАЕ ДА НАЙСЬВЯЦЕЙШАЕ ДЗЕВЫ МАРЫІ
  ДА ТВАЕ АХОВЫ
  ПАМОЛІМСЯ
  АНЁЛ ГАСПОДНІ


МАЛІТВЫ

 

ЗНАК КРЫЖА СЬВЯТОГА

У імя Айца і Сына і Духа Сьвятога. Аман.

 

МАЛІТВА ГАСПОДНЯЯ

Ойча наш, які ёсьць у небе,

сьвяціся Імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё,

будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі,

хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня

і адпусьці нам грахі нашы,

як і мы адпускаем вінаватым нашым,

і не ўводзь нас у спакусу,

але збаў нас ад ліхога. Аман.

 

АНЁЛЬСКАЕ ПРЫВІТАНЬНЕ

Вітай, Марыя, поўная ласкі, Госпад з Табою,

багаслаўленая Ты між жанчынамі

і багаслаўлены плод улоньня Твайго Езус.

 

Сьвятая Марыя, Маці Божая, маліся за нас грэшных

цяпер і ў хвіліну сьмерці нашае. Аман.

 

АПОСТАЛЬСКІ СКЛАД ВЕРЫ

Веру ў Бога Айца Ўсемагутнага,

Стваральніка неба і зямлі,

і ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага,

Госпада нашага, які быў зачаты з Духа Сьвятога,

нарадзіўся зь Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце,

укрыжаваны, памёр і пахаваны, сышоў да адхлані,

на трэці дзень паўстаў зь мёртвых;

узышоў у неба, сядзіць праваруч Бога Айца Ўсемагутнага;

адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых.

 

Веру ў Духа Сьвятога, Сьвяты Каталіцкі Касьцёл,

сумоўе сьвятых, адпушчэньне грахоў,

уваскрашэньне цела, жыцьцё вечнае. Аман.

 

Хвала Айцу і Сыну і Сьвятому Духу,

як было спрадвеку, цяпер і заўсёды

і на векі вечныя. Аман.

 

ДЗЕСЯЦЬ БОЖЫХ ЗАГАДАЎ

Я Бог твой, які вывеў цябе зь зямлі Эгіпту, з дому няволі.

 

1. Не май іншых багоў апроч Мяне.

2. Не ўжывай імя Божага надарэмна.

3. Памятай дзень сьвяты сьвяткаваць.

4. Паважай бацьку свайго і маці сваю.

5. Не забівай.

6. Не чыні пералюбу.

7. Не крадзі.

8. Не сьведчы фальшыва на бліжняга свайго.

9. Не пажадай жонкі чужой.

10. Не прагні нічога, што не тваё.

 

Палюбі Бога ўсім сэрцам,

усім розумам, усёй душою,

а бліжняга свайго, як самога сябе.

 

Божа, будзь спагадлівы да мяне грэшнага.

 

МАЛІТВА ПЕРАД ЯДОЮ

Блаславі, Божа, нас і гэтую ежу,

якую будзем спажываць із Тваёй дабрыні,

і навучы нас дзяліцца хлебам і радасьцю з усімі.

Праз Хрыста, Госпада нашага. Аман.

 

МАЛІТВА ПАСЬЛЯ ЯДЫ

Дзякуем Табе, Божа, за гэтую ежу,

якую спажылі з Тваёй дабрыні.

Праз Хрыста, Госпада нашага. Аман.

 

ПЯЦЬ КАСЬЦЁЛЬНЫХ ЗАГАДАЎ

1. Вызначаныя сьвяты сьвяткаваць.

2. У нядзелю і ў сьвятыя дні ўдзельнічаць у Сьвятой Імшы.

3. Пасьціць абавязковыя пасты.

4. Спавядацца не радзей, як раз у год, і ў часе Велікодным прымаць Сьвятую Камунію.

5. Не спраўляць вясельля ў забаронены Касьцёлам час.

 

МАЛІТВА ПЕРАД ВУЧОБАЙ

Найсьвяцейшая Тройца, крыніца дасканаласьці, натхненьня і праўды, Табе належыць сьвет, усё жывое і я. Няхай кожная зьява і здарэньне нагадвае мне пра Цябе і Тваю веліч.

 

Дух Праўды, вядзі мяне да штораз лепшага спазнаньня сьвету і сябе самога, а таксама сэнсу існаваньня. Дай гарачае захапленьне праўдай, радасьць у шуканьні яе і мужнасьць у яе спазнаньні.

 

Да Цябе іду, Госпад Езус, і малюся, каб усе шляхі і кірункі майго жыцьця вялі да Цябе, каб з Табою дайсьці да дому Айца.

 

Багаславі і дай мне цярпеньне ў пошуках навукі і яе праўдзівага разуменьня, каб набліжала мяне штораз хутчэй да Цябе і служыла безадмоўна людзям і Касьцёлу Божаму. Аман.

 

ГАЛОЎНЫЯ ПРАЎДЫ ХРЫСЬЦІЯНСКАЕ ВЕРЫ

1. Бог ёсьць.

2. Бог справядлівы, узнагароджвае за дабро, карае за ліха.

3. Бог адзін у Трох асобах: Бог Айцец, Бог Сын, Бог Дух Сьвяты.

4. Сын Божы стаў чалавекам і памёр на крыжы для нашага збаўленьня.

5. Ласка Божая неабходная для збаўленьня.

6. Душа чалавека не памірае.

 

СЕМ СЬВЯТЫХ САКРАМАНТАЎ

1. Хрышчэньне.

2. Крыжмаваньне.

3. Эўхарыстыя (Найсьвяцейшы Сакрамант).

4. Пакута (споведзь).

5. Сьвятарства.

6. Сужэнства.

7. Сакрамант хворых (алеепамазаньне).

 

СЕМ ДАРОЎ ДУХА СВЯТОГА

1. Мудрасьць.

2. Розум.

3. Парада.

4. Мужнасьць.

5. Умеласьць.

6. Пабожнасьць.

7. Богабаязьлівасьць.

 

ПЯЦЬ УМОВАЎ САКРАМАНТУ ПАКУТЫ

1. Рахунак сумленьня.

2. Шкадаваньне за грахі.

3. Пастанавіць болей не грашыць.

4. Шчырая споведзь.

5. Выправіцца і не крыўдзіць Бога і бліжняга.

 

СЕМ ГРАХОЎ ГАЛОЎНЫХ

1. Ганарыстасьць.

2. Прагавітасьць.

3. Бессаромнасьць.

4. Гнеў.

5. Абжорства і п'янства.

6. Зайздрасьць.

7. Лянота.

 

ГРАХІ, ЯКІЯ НАКЛІКАЮЦЬ БОЖУЮ ПОМСТУ

1. Сьвядомае забойства.

2. Грэх садомскі.

3. Крыўджаньне ўдоваў і сіротаў.

4. Затрыманьне належнае платы.

 

ГРАХІ СУПРАЦЬ ДУХА СЬВЯТОГА

1. Празьмернае спадзяваньне на Божую міласэрнасьць бяз добрых учынкаў.

2. Безнадзейнасьць на збаўленьне або роспач.

3. Супраціў пазнанай праўдзе веры.

4. Зайздрасьць бліжняму Божае ласкі.

5. Адклад пакуты аж да сьмерці.

 

ЧУЖЫЯ ГРАХІ З НАШАЕ ВІНЫ

1. Загадваць грашыць.

2. Намаўляць да граху.

3. Раіць грашыць.

4. Дапамагаць грашыць.

5. Дазваляць грашыць.

6. Хваліць грэх.

7. Бараніць грэх.

8. Не караць за грэх.

9. Замоўчваць грэх.

 

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ХРЫСЬЦІЯНСКІЯ ЎЧЫНКІ

1. Малітва.

2. Пост.

3. Міласьціна.

 

ДОБРЫЯ ЎЧЫНКІ ДЛЯ ЦЕЛА БЛІЖНЯГА

1. Накарміць галоднага.

2. Напаіць сасьмяглага.

3. Апрануць голага.

4. Прыняць у дом падарожнага.

5. Адведаць хворага.

6. Дапамагчы вязьню.

7. Пахаваць нябожчыка.

 

ДОБРЫЯ ЎЧЫНКІ ДЛЯ ДУШЫ БЛІЖНЯГА

1. Напамінаць грэшнаму.

2. Навучыць ненавучанага.

3. Даваць добрыя парады.

4. Пацешыць самотнага.

5. Цярпліва зносіць прыкрасьці.

6. Шчыра дараваць крыўды.

7. Маліцца за жывых і памерлых.

 

ЭВАНГЕЛЬСКІЯ ПАРАДЫ

1. Дабраахвотная сьціпласьць.

2. Пажыцьцёвая чыстасьць (дзявоцтва).

3. Поўнае паслушэнства.

 

АПОШНІЯ РЭЧЫ, ЯКІЯ НЕАБХОДНА ПАМЯТАЦЬ

1. Сьмерць.

2. Суд.

3. Неба і пекла.

 

БАГАСЛОЎСКІЯ ДАБРАДЗЕЙНАСЬЦІ

1. Вера.

2. Надзея.

3. Любоў.

 

ГАЛОЎНЫЯ ДАБРАДЗЕЙНАСЬЦІ

1. Разважнасьць.

2. Справядлівасьць.

3. Мужнасьць.

4. Стрыманасьць.

 

ХРЫСЬЦІЯНСКАЕ ПРЫВІТАНЬНЕ

- Пахвалёны Езус Хрыстос!

- На векі вечныя. Аман.

 

- Слава Ісусу Хрысту!

- На векі слава!

 

КАТЭХІЗМ

 

ПРА БОГА

 

1. Хто стварыў сьвет?

Увесь сьвет стварыў Бог.

 

2. Як Бог стварыў сьвет?

Бог стварыў сьвет прыгожа.

 

3. Які сьвет стварыў Бог?

Бог стварыў бачны сьвет рэчыўны і нябачны сьвет духоўны.

 

4. Хто такі Бог?

Бог - Стваральнік і Валадар неба і зямлі, наш найлепшы Айцец, істота найдасканалейшая.

 

5. Дзе ёсьць Бог?

Бог ёсьць усюды: на Небе, на зямлі і на кожным месцы.

 

6. Чаму мы ня бачым Бога?

Бог ёсьць Дух, таму мы Яго ня бачым.

 

7. Чаму мы Бога называем вечным?

Бог не мае ні пачатку, ні канца: Ён заўсёды быў, ёсьць і будзе.

 

8. Ці ўсё ведае Бог?

Бог ведае ўсё, Ён бачыць нават думкі людзкія.

 

9. Ці справядлівы Бог?

Так, Бог справядлівы: узнагароджвае за добрыя справы, карае за ліхія.

 

10. Колькі багоў? Ці Бог толькі адзін?

Так, Бог адзін, але ў трох асобах: Бог Айцец, Бог Сын і Бог Дух Сьвяты.

 

11. Ці ўсе асобы роўныя?

Усе тры асобы роўныя.

 

12. Як завецца Таямніца аднаго Бога ў Трох Асобах?

Таямніца Сьвятой Тройцы.

 

13. Хто такі Бог Айцец?

Бог Айцец ёсьць Першай Асобай Сьвятой Тройцы.

 

 

ПРА ХРЫСТА НАШАГА ЗБАЎЦУ

 

1. Хто такі Бог Сын?

Бог Сын - гэта Езус Хрыстос, Ён ёсьць Другой Асобай Сьвятой Тройцы.

 

2. Хто такі Езус Хрыстос?

Езус - Сын Божы, які стаў чалавекам і памёр на крыжы для нашага збаўленьня.

 

3. Хрыстос Бог, ці чалавек?

Езус Хрыстос ёсьць сапраўдным Богам і сапраўдным чалавекам.

 

4. Ці меў пачатак Хрыстос?

Як чалавек Ён меў пачатак, але як Бог Ён - спрадвечны.

 

5. Ад каго Хрыстос мае цела людзкое?

Ад Найсьвяцейшай Дзевы Марыі - Маці Хрыста.

 

6. Ці Найсьвяцейшая Дзева Марыя ёсьць Маці Божай?

Так, Дзева Марыя ёсьць Божаю Маці, бо Яна нарадзіла Хрыста на зямлі.

 

7. Дзе нарадзіўся Хрыстос?

Хрыстос нарадзіўся ў Бэтлееме, у краі жыдоўскім недалёка ад Ерусаліма.

 

8. Хто такі Сьвяты Язэп?

Сьвяты Язэп быў Апекуном Хрыста.

 

9. Хто быў Бацькам Хрыста?

Хрыстос зачаўся ад Сьвятога Духа.

 

10. Колькі гадоў жыў Хрыстос?

Як чалавек Хрыстос жыў трыццаць тры гады.

 

11. Дзе жыў Хрыстос?

Да трыццаці гадоў Езус Хрыстос жыў у Назарэце, а тры гады хадзіў ды навучаў людзей.

 

12. Чаму вучыў Хрыстос?

Вучыў, каб людзі былі добрыя і выконвалі Божыя загады, чыніў цуды.

 

13. Што зрабілі з Езусам жыдоўскія начальнікі?

Яны выдалі Яго на суд Пілату і патрабавалі, каб Пілат укрыжаваў Хрыста.

 

14. Як памёр Хрыстос?

Хрыстос памёр на крыжы.

 

15. У які дзень памёр Хрыстос?

Хрыстос памёр у Пятніцу перад Пасхаю.

 

16. За каго памёр Хрыстос?

За нас грэшных.

 

17. Што стала з Хрыстом пасьля сьмерці?

Хрыстос паўстаў зь мёртвых на трэйці дзень у Нядзелю.

 

18. Што рабіў Госпад Езус пасьля Ўваскрашэньня?

Пасьля Ўваскрашэньня Хрыстос з'явіўся перад вучнямі і навучаў іх.

 

19. Калі ўзышоў на Неба Езус Хрыстос?

На саракавы дзень пасьля таго, як з'явіўся перад вучнямі, Хрыстос узьнёсься на Неба, дзе сядзіць праваруч Бога Айца.

 

20. Ці прыйдзе Езус Хрыстос зноў на зямлю?

Хрыстос вернецца на зямлю пры канцы сьвету, каб судзіць жывых і памерлых.

 

21. Хто ведае, калі будзе канец сьвету?

Ніхто, апрача Бога, ня ведае, калі будзе канец сьвету.

 

 

ПРА СЬВЯТОГА ДУХА

 

1. Хто такі Сьвяты Дух?

Сьвяты Дух - гэта Трэцяя Асоба Сьвятой Тройцы.

 

2. У якім вобразе ў Бібліі ўвасабляецца Сьвяты Дух?

У выглядзе галубка пры хрышчэньні Езуса Хрыста ў Ярдане; у выглядзе язычкоў полымя, калі сышоў на Апосталаў і Дзеву Марыю на пяцідзесяты дзень па Ўваскрашэньні.

 

 

ПРА АПОСТАЛАЎ

 

1. Хто такія Апосталы?

Апосталы - выбраныя сярод людзей вучні Хрыста.

 

2. Колькі было Апосталаў?

Было дванаццаць Апосталаў.

 

3. Каго з Апосталаў Хрыстос паставіў старэйшым?

Апостала Пётру.

 

4. Кім быў Пётра?

Пётра быў рыбаком, а пасьля першым біскупам Рыму.

 

5. Хто ёсьць наступнікам Апостала Пётры?

Наступнікам Апостала Пётры ёсьць біскуп Рыму, Папа.

 

6. Як завецца цяперашні Папа?

Ян Павал Другі.

 

7. Кім ёсьць наступнікі іншых Апосталаў?

Наступнікі іншых Апосталаў - гэта біскупы.

 

 

ПРА МАРЫЮ МАЦІ БОЖУЮ

 

1. Кім ёсьць Марыя?

Марыя - Маці Хрыста, таму мы называем Яе Божаю Маці.

 

2. Кім яшчэ ёсьць Марыя?

Марыя - Маці ўсіх людзей: калі Хрыстос паміраў на крыжы, Ён аддаў Яе пад апеку Апосталу Яну і, такім чынам, усім людзям.

 

3. Ці мела грахі Марыя?

Марыя не мела нават першароднага граху.

 

4. Што сталася з Марыяй па сьмерці?

Марыя была ўзятая ў Неба разам з душою і целам. У памяць пра гэта сьвяткуем Унебаўзяцьце 15 жніўня.

 

 

ПРА КАСЬЦЁЛ

 

1. Хто ўваходзіць у склад Касьцёла?

У склад Касьцёла ўваходзяць: Папа Рымскі, біскупы, сьвятары і вернікі. Усе людзі, адкупленныя Хрыстом, складаюць Народ Божы.

 

2. Хто заснаваў Касьцёл?

Касьцёл заснаваў Езус Хрыстос.

 

3. Хто ёсьць душой Касьцёла?

Душою Касьцела ёсьць Госпад Езус.

 

4. Хто ўзначальвае Касьцёл на зямлі?

На зямлі Касьцёл узначальвае Папа Рымскі.

 

5. Якую ўладу мае на зямлі Касьцёл?

Касьцёл мае патройную ўладу: сьвятарскую, пастырскую і ўладу навучаньня.

 

6. Якая адметнасьць сапраўднага Касьцёла?

Касьцёл Божы - адзіны, сьвяты, паўсюдны (каталіцкі) і апостальскі.

 

7. Да якога Касьцёла мы належым?

Мы належым да Рымска-Каталіцкага Касьцёла.

 

 

ПРА АНЁЛАЎ

 

1. Хто такія Анёлы?

Анёлы - гэта чыстыя духі, якія ня маюць цела, але маюць розум і волю.

 

2. Чым займаюцца Анёлы?

Анёлы хваляць Госпада Бога, сцерагуць людзей ад д'ябла і нядобрых учынкаў.

 

3. Як завуцца Анёлы, якія ахоўваюць людзей?

Яны завуцца Анёламі-Апекунамі.

 

4. Ці ўсе Анёлы засталіся вернымі Богу?

Ня ўсе Анёлы засталіся вернымі Богу, некатарыя зь іх саграшылі.

 

5. Куды трапілі за грахі Анёлы, якія саграшылі?

Яны страцілі Божую Ласку і трапілі ў пекла на вечную кару.

 

6. Як такія анёлы завуцца?

Чэрці або д'яблы, а галоўны зь іх - Люцыфэр.

 

 

ПРА ЧАЛАВЕКА

 

1. Хто такі чалавек?

Чалавек - гэта разумная істота, якая складаецца зь сьмяротнага цела і несьмяротнае душы.

 

2. Ці мае чалавек вольную волю?

Кожны чалавек вольны выбіраць, што захоча.

 

3. Адкуль узяўся чалавек?

Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства.

 

4. Колькі людзей стварыў Бог у самым пачатку?

Бог стварыў спачатку Адама - мужчыну, а пасьля Еву - жанчыну.

 

5. Навошта Бог стварыў людзей?

Бог стварыў людзей, каб яны ведалі Бога, хвалілі і верна служылі яму, а па сьмерці атрымалі вечнае шчасьце ў небе.

 

6. Дзе пасяліў Бог першых людзей?

Першых людзей Бог пасяліў у раі, ці прыгожым гаі.

 

7. Якімі былі першыя людзі?

Шчасьлівымі, працавітымі, пазбаўленымі ліха, хваробы і сьмерці.

 

8. Ці захаваліся першыя людзі ў першародным стане?

Не, яны саграшылі ганарыстасьцю і непаслушэнствам.

 

9. Што ж яны натварылі?

Яны пад нашэптваньне сатаны сарвалі плод з дрэва, які Бог забараніў рваць і есьці.

 

10. Што зрабіў Бог з першымі людзьмі пасьля?

Бог выгнаў першых людзей з раю, яны страцілі Божую Ласку і атрымалі шмат цярпеньняў - хваробы і сьмерць.

 

11. Як называецца грэх першых людзей?

Першародны грэх.

 

12. Ці перайшоў гэты грэх на іншых людзей?

Перайшоў на ўсіх людзей.

 

13. Ці здымаецца першародны грэх?

Здымаецца пры хрышчэньні.

 

14. Хто з людзей быў вольны ад першароднага граху?

Толькі адна Найсьвяцейшая Маці Божая - Дзева Марыя.

 

 

ПРА САКРАМАНТЫ

 

1. Колькі сьвятых сакрамантаў?

Сьвятых сакрамантаў сем.

 

2. Хто ўстанавіў сакраманты?

Сакраманты ўстанавіў Езус Хрыстос.

 

3. Што такое хрышчэньне?

Хрышчэньне - першы і асноўны сакрамант, які адпушчае першародны грэх і робіць нас хрысьціянамі.

 

4. Ці адзін першародны грэх адпушчае хрышчэньне?

У хрышчэньні вызваляемся ня толькі ад першароднага граху, але і ад усіх мінулых асабістых правінаў.

 

5. Хто мае права хрысьціць?

Хрысьціць можа біскуп, сьвятар, дыякан, а ў выпадку неабходнасьці хрысьціць можа кожны чалавек.

 

6. Як выконваецца абрад хрышчэньня?

Абрад хрышчэньня выконваецца праз патройнае паліваньне вадою; той, хто выконвае абрад, палівае Вадою голаву, гаворачы:

N. - Я цябе хрышчу ў імя Айца і Сына і Духа Сьвятога.

 

 

КРЫЖМАВАНЬНЕ

 

1. Што такое крыжмаваньне?

Крыжмаваньне - сакрамант, у якім хрысьціянін праз памазаньне сьвятым алеем і малітву атрымлівае дары Сьвятога Духа непахісна і мужна вызнаваць сваю веру, пабожна жыць і, як спатрэбіцца, аддаць жыцьцё за Хрыста.

 

2. Хто выконвае абрад крыжмаваньня?

Крыжмаваць можа біскуп.

 

3. Хто можа прыняць сакрамант крыжмаваньння?

Сакрамант крыжмаваньня можа прыняць той, хто ахрышчаны і знаходзіцца ў стане Ласкі Божае.

 

4. Колькі разоў можна крыжмавацца?

Толькі адзін раз.

 

 

ЭЎХАРЫСТЫЯ (НАЙСЬВЯЦЕЙШЫ САКРАМАНТ)

 

1. Што такое Эўхарыстыя?

Эўхарыстыя - сакрамант, у якім пад выглядам хлеба і віна ёсьць сапраўднае цела і кроў Хрыста.

 

2. Калі Хрыстос устанавіў Найсьвяцейшы Сакрамант?

У Вялікі Чацьвер на Апошняй Вячэры.

 

3. Хто мае моц выконваць Сакрамант Эўхарыстыі?

Толькі сьвятары і біскупы.

 

4. Калі выконваецца сакрамант Эўхарыстыі?

Сакрамант Эўхарыстыі выконваецца ў час Сьвятое Імшы.

 

5. Што такое Сьвятая Імша?

Сьвятая Імша ёсьць аднаўленьнем крыжовае ахвяры Хрыста. Езус таемным спосабам прыносіць сябе Самога ў ахвяру Айцу за людзей.

 

6. Якія галоўныя часткі Сьвятое Імшы?

а. Літургія Слова.

б. Эўхарыстычная літургія.

 

7. Ці абавязаны браць удзел у Сьвятой Імшы?

Абавязаны ў нядзелю і ў вялікія сьвяты браць удзел у Сьвятой Імшы. Дазваляецца не прысутнічаць на Імшы хворым, людзям у няшчасьці і ў важнай патрэбе.

 

8. Што такое Сьвятая Камунія?

Камунія - прыняцьце цела і крыві Езуса Хрыста пад выглядам хлеба і віна.

 

9. Ці ў кожнай частцы гостыі прысутнічае Езус Хрыстос?

Хрыстос прысутнічае Ўвесь у кожнай маленькай частцы гостыі.

 

10. Чаму мы ня бачым Хрыста ў гостыі?

Таму і ня бачым вачыма Езуса Хрыста, што Ён укрыты ў гостыі.

 

11. Ці можна ісьці да Камуніі маючы на душы цяжкі грэх?

Нельга, спачатку трэба ачысьціць душу сваю на споведзі.

 

12. Як часта можна прыймаць Сьвятую Камунію?

Штодня, праз гадзіну пасьля яды, але дазваляецца піць чыстую ваду.

 

13. Якая карысьць са Сьвятое Камуніі?

Камунія ўмацоўвае чалавека ў дабрадзейнасьці, лучыць з Госпадам Езусам, павялічвае Божую Ласку.

 

 

ПАКУТА (сакрамант паяднаньня, або споведзь)

 

1. Што такое сакрамант паяднаньня?

Сакрамант, ўстаноўлены дзеля адпушчэньня грахоў, учыненых пасьля хрышчэньня.

 

2. Калі ўстанавіў Хрыстос сакрамант паяднаньня?

Пасьля Ўваскрашэньня, калі Хрыстос з'явіўся перад Апосталамі і сказаў ім:

«Каму адпусьціце грахі, таму і будуць адпушчаныя, каму не адпусьціце, за тым яны застануцца.»

 

3. Што такое выпрабаваньне або рахунак сумленьня?

Выпрабаваць сумленьне - успомніць усе грахі ад апошняе споведзі.

 

4. Што рабіць, каб успомніць грахі?

У думках перадумаць Божыя і Касьцёльныя загады, перагледзець свае жыцьцёвыя абавязкі.

 

5. Што такое грэх?

Сьвядомае парушэньне Божых і Касьцёльных загадаў.

 

6. Якія бываюць грахі?

Лёгкія штодзённыя і цяжкія сьмяротныя.

 

7. Якія грахі лічацца лёгкімі?

Грахі, якімі моцна не абражаем Бога, у лёгкай ступені парушаем Божыя і Касьцёльныя загады, лічацца легкімі і не вядуць да пекла.

 

8. Якія грахі лічацца цяжкімі?

Цяжкія - гэта такія грахі, якімі моцна абражаем Бога, цяжка парушаем Божыя і Касьцёльныя загады, такія грахі вядуць нас на вечную згубу.

 

9. Як вызваляюцца ад грахоў?

Ад грахоў вызваляюцца споведзьдзю.

 

10. Што такое споведзь?

Споведзь - вызнаваньне грахоў перад сьвятаром, каб ён у імя Бога іх адпусьціў.

 

11. Ці можна хлусіць на споведзі?

Калі на споведзі скажам няпраўду, споведзь будзе несапраўдная, сьвятатацкая.

 

12. Ці сапраўдная споведзь, калі ўтоіш хоць адзін грэх?

Калі сьвядома ўтоіш цяжкі грэх, зробіш яшчэ адзін цяжкі грэх, і споведзь таксама будзе несапраўдная. Калі незнарок ня ўспомніш цяжкі грэх, споведзь сапраўдная, толькі пры наступнай споведзі трэба сказаць пра гэта сьвятару.

 

13. Ці можна прыступаць да Камуніі пасьля несапраўднае споведзі?

Калі сьвядома на споведзі не прызнаўся да граху, нельга прыступаць да Камуніі.

 

14. Што атрымліваем на споведзі?

Адпушчэньне грахоў і дараваньне вечнае кары.

 

15. Што назначае сьвятар пасьля споведзі?

Пасьля споведзі сьвятар назначае пакуту, якую трэба выканаць дакладна як сказана на споведзі.

 

16. Ці часта трэба спавядацца?

Спавядацца трэба не радзей, як адзін раз на год, перад Вялікаднем, але калі зрабілі сьмяротны грэх, трэба вызваліцца ад яго як мага хутчэй, схадзіць да споведзі.

 

 

САКРАМАНТ СЬВЯТАРСТВА (капланства)

 

1. Што такое сакрамант сьвятарства?

Сакрамант сьвятарства даецца выбраным людзям, ім даецца сьвятарская ўлада і неабходныя ласкі.

 

2. Колькі ступеняў сьвятарства?

Тры ступені: біскуп, сьвятар, дыякан.

 

3. Хто высьвячае сьвятара і дыякана?

Толькі біскуп.

 

4. Хто такі біскуп?

Біскуп - намесьнік Апосталаў, мае поўную ўладу сьвятарства, кіруе даручанаю яму часткай Касьцёла.

 

5. Хто такі сьвятар?

Сьвятар з'яўляецца паплечнікам біскупа ў навучаньні і выкананьні сакрамантаў, асабліва Эўхарыстыі і паяднаньня.

 

6. Хто такі дыякан?

Дыякан дапамагае біскупу і сьвятару ў пропаведзях і богаслужэньні.

 

 

САКРАМАНТ СУЖЭНСТВА

 

1. Што такое сакрамант сужэнства?

Сужэнства - гэта такі сакрамант, у якім Госпад Езус злучае непарыўна дзьве асобы - мужчыну ды жанчыну, даючы ім ласку кахаць і быць узаемна вернымі, мець дзяцей і добра выконваць абавязкі бацькоў.

 

2. Як доўга трывае сужэнства?

Хрысьціянскае сужэнства непарыўнае і трывае да таго часу, пакуль не памрэ адзін з сужэнцаў.

 

 

САКРАМАНТ ХВОРЫХ (алеепамазаньне)

 

1. Што такое сакрамант хворых?

Сакрамант хворых - гэта сакрамант, у якім Хрыстос праз пасярэдніцтва малітвы і памазаньня сьвятым алеем дае асаблівую ласку хвораму.

 

2. Што даецца ў сакраманце хворых?

У сакраманце хворых даецца Ласка Божая для падмацаваньня і духоўнага суцяшэньня хворага, адпушчэньня грахоў і дачаснае кары, хуткае папраўкі, калі пажадае гэтага Бог.

 

3. Колькі разоў можна прымаць алеепамазаньне?

Можна прымаць столькі разоў, колькі чалавек цяжка хварэе, у глыбокай старасьці, перад небясьпекай сьмерці.

 

 

ПРА БОЖЫЯ ЗАГАДЫ

 

1. Чаму нас вучыць першы загад?

Першы загад вучыць верыць адзінаму праўдзіваму Госпаду Богу, аддаваць Яму належную пашану, спадзявацца на Ягоную апеку і любіць Яго больш за ўсё на сьвеце.

 

2. Чаму вучыць другі загад?

Другі загад вучыць шанаваць Бога і Яго сьвятое Імя.

 

3. Чаму навучае трэці загад?

Трэці загад наказвае сьвяткаваць нядзелі і сьвяты, цяжка ў гэтыя дні не працаваць, удзельнічаць у Сьвятой Імшы ў Касьцёле, маліцца.

 

4. Што загадвае чацьверты загад?

Загадвае слухаць, шанаваць і любіць нашых бацькоў і апекуноў.

 

5. Пра што пяты загад?

Пяты загад пра тое, што наша жыцьцё, як і жыцьцё іншых людзей, належыць Богу, і таму мы павінны берагчы здароў'е і жыцьцё; самагубства, аборт - цяжкія грахі.

 

6. Чаму вучыць шосты і дзевяты загад?

Яны вучаць берагчы ў чысьціні душу і цела сваё і бліжняга.

 

а. Што такое чысьціня цела?

Чысьціня цела - гэта калі мы асьцерагаемся ад усякіх забароненых полавых зносінаў і чынаў.

 

б. Што такое чысьціня душы?

Чысьціня душы - гэта вольнасьць душы ад грахоў цяжкіх, а асабліва супраць чысьціні цела, пры астатніх чалавек траціць сваю дзявоцкасьць, якую Бог вельмі цэніць пры дасягненьні вечнасьці.

 

в. Як чалавек грашыць супраць гэтых загадаў?

Супраць гэтых загадаў чалавек грашыць словамі і бруднымі думкамі, якія ў сваю чаргу вядуць да брудных справаў.

 

7. Аб чым сёмы і дзесяты загады?

Сёмы і дзесяты загад вучаць нас шанаваць маёмасьць іншых людзей, разумна карыстацца багацьцямі сьвету, не захапляцца імі, памятаць, што Бог дае іх для заспакаеньня жыцьцёвых патрэбаў і захаваньня людзкое годнасьці.

 

8. Аб чым жа восьмы загад?

Восьмы загад вучыць нас быць праўдзівымі і клапаціцца пра добрае імя сваё і бліжняга.

 

9. Чаму вучаць нас Касьцёльныя загады?

Касьцёльныя загады вучаць выконваць правілы і законы Касьцёла.

 

10. Што такое малітва?

Малітва - сумоўе душы з Богам, лучнасьць із Богам думкамі і словамі.

 

11. Як можна маліцца?

Маліцца можна мовай і думкамі.

 

12. Як трэба маліцца?

Шчыра, цярпліва, з павагай, надзеяй.

 

13. Аб чым мы павінны маліць Бога ў першую чаргу?

У першую чаргу мы павінны падзякаваць Богу за ўсе ласкі, якія мы атрымліваем, і прасіць неабходную дапамогу для збаўленьня душы.

 

 

ЯК ПРАВІЛЬНА ПРЫСТУПАЦЬ ДА СПОВЕДЗІ

 

1. Стаць на калені перад спавядальніцай.

 

2. Перахрысьціцца: «У імя Айца і Сына і Духа Сьвятога. Аман.»

 

3. Сказаць сьвятару: «Пахвалёны Езус Хрыстос!» Сьвятар адкажа: «На векі вечныя. Аман.»

 

4. Трэба сказаць: «Прыступаю першы раз да споведзі...» А калі быў ужо ў споведзі, трэба ўспомніць, калі быў апошні раз і ці выканаў зададзеную пакуту.

 

5. Трэба пералічыць спачатку цяжкія грахі, пасьля лягчэйшыя грахі і недахопы паводзінаў...

 

6. Сказаўшы ўсе свае грахі, трэба дадаць:

- Болей грахоў не памятаю, за ўсе грахі шчыра каюся і даю слова выправіцца.

 

7. Сьвятар павучае, дае пакуту.

Пакуту трэба ўважліва выслухаць і выканаць дакладна.

 

8. Сьвятар гаворыць аб адпушчэньні табе грахоў. Трэба біць сабе ў грудзі, паўтараючы словы:

- Божа, будзь літасьцівы да мяне грэшнага...

Сьвятар пастукае на спавядніцы, перахрысьціся і адыйдзі.

 

 

РУЖАНЕЦ

 

Ружанец - адна з найпрыгажэйшых малітваў да Найсьвяцейшае Дзевы Марыі, найбольш улюбёная вернікамі. У каталіцкім касьцёле ёй прысьвячаецца месяц кастрычнік. Ружанец складаецца з трох частак: Радаснае, Пакутлівае і Хвалебнае. Карысна, каб вернік штодзень адмаўляў хоць бы адну частку ружанца.

 

 

МАЛІТВА

 

У імя Айца і Сына і Духа Сьвятога. Аман.

 

Прыдзі, Сьвяты Духу, напоўні сэрцы верных і запалі ў іх агонь Тваёй любові.

 

О, Езус, наш Збаўца, ахвярую Табе гэты ружанец на вечную хвалу Тваю і на чэсьць Найсьвяцейшае Маці Тваёй і дзеля збаўленьня маёй душы (тут трэба дадаць, дзеля якой патрэбы прамаўляеш ружанец).

 

Жадаю атрымаць адхланьне ўсім, хто зьвяртаецца да Госпада з гэтаю малітваю.

 

На крыжыку трэба прамовіць: Веру ў Бога Айца Ўсемагутнага...

На першай пацерцы: Ойча наш, які ёсьць у небе...

На трох наступных: Вітай, Марыя, поўная ласкі...

На асобнай пацерцы: Хвала Айцу і Сыну і Духу Сьвятому як было спрадвеку, цяпер і заўсёды і на векі вечныя. Аман.

 

О, Марыя, зачатая без граху першароднага, маліся за нас - да Цябе ўцякаючых.

 

О, мой Езус, адпусьці нам нашы правіны, барані нас ад пякельнага агню, завядзі ўсе душы ў рай, асабліва тыя, якія найбольш патрабуюць Тваёй міласэрнасьці.

 

У гэтым месцы называем частку ружанца і першую таямніцу, і молімся: адзін раз - Ойча наш... на наступных дзесяці пацерках - Вітай, Марыя... У канцы: Хвала Айцу... О, Марыя... О, мой Езус.... пасьля пераходзім да наступнае таямніцы.

 

 

Першая частка: РАДАСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

1. У першай таямніцы разважаем, як Анёл Гасподні абвясьціў Найсьвяцейшай Дзеве Марыі аб выбраньні Яе Божаю Маці.

2. У другой таямніцы разважаем пра адведзіны Найсьвяцейшаю Дзевай Марыяй Сьвятое Элізабэты.

3. У трэйцяй таямніцы разважаем пра нараджэньне нашага Збаўцы Езуса Хрыста.

4. У чацьвертай таямніцы разважаем пра ахвяраваньне Езуса Хрыста ў сьвятыні Ерусалімскай.

5. У пятай таямніцы разважаем пра адшуканьне 12-гадовага Хрыста ў сьвятыні Ерусалімскай.

 

 

Другая частка: ПАКУТЛІВЫЯ ТАЯМНІЦЫ

1. У першай таямніцы разважаем, як Госпад Езус маліўся ў садзе аліўкавым.

2. У другой таямніцы прыпамінаем бізаваньне Госпада Езуса.

3. У трэйцяй таямніцы мы ўяўляем цернямі каранаваньне нашага Госпада Езуса.

4. У чацьвертай таямніцы ў думках праходзім дарогу крыжовую Езуса Хрыста на Галгофу.

5. У пятай таямніцы аплакваем сьмерць Госпада Езуса на Крыжы.

 

 

Трэцяя частка: ХВАЛЕБНЫЯ ТАЯМНІЦЫ

1. У першай таямніцы разважаем аб Уваскрашэньні Госпада нашага Езуса Хрыста.

2. У другой таямніцы ўяўляем, як Езус узыходзіць на Неба.

3. У трэйцяй таямніцы думаем пра спасланьне Сьвятога Духа на Апосталаў і Найсьвяцейшую Дзеву Марыю.

4. У чацьвертай таямніцы ўяўляем Узьнясеньне Маці Божае Марыі на Неба з целам і душою.

5. У пятай таямніцы цешымся, уяўляючы каранаваньне Найсьвяцейшае Дзевы Марыі Каралеваю Неба і зямлі.

 

 

ЛІТАННЕ ДА НАЙСЬВЯЦЕЙШАГА СЭРЦА ЕЗУСА

 

Kyrie, elejson. - Chryste, elejson.

Kyrie, elejson.

 

Хрысце, пачуй нас, Хрысце, выслухай нас!

Ойча зь Неба, Божа, зьлітуйся над намі!

Сыну, Збаўца сьвету, Божа, зьлітуйся над намі!

Духу Сьвяты, Божа, зьлітуйся над намі!

Сьвятая Тройца, Адзіны Божа, зьлітуйся над намі!

Сэрца Езуса, Сына Айца Спрадвечнага, зьлітуйся над намі!

Сэрца Езуса, у лоне Дзевы Марыі з Духа Сьвятога зачатае,

Сэрца Езуса, з Божым Словам істотна злучанае,

Сэрца Езуса няскончанай велічы,

Сэрца Езуса, сьвятыня Божая,

Сэрца Езуса, прыбытак бескарысьлівы,

Сэрца Езуса, дом Божы і брама Неба,

Сэрца Езуса, палкае вогнішча міласьці,

Сэрца Езуса, скарбніца справядлівасьці,

Сэрца Езуса, поўнае дабрыні і любові,

Сэрца Езуса, прадоньне ўсялякіх цнотаў,

Сэрца Езуса, усялякае пахвалы найбольш годнае,

Сэрца Езуса, уладца і паяднаньне сэрцаў,

Сэрца Езуса, у якім усе скарбы мудрасьці і ўменьня,

Сэрца Езуса, усё поўнае Богам,

Сэрца Езуса, у якім Айцец цалкам увасобіў сябе,

Сэрца Езуса, з паўніні якога ўсе мы ўзялі,

Сэрца Езуса, адвечная прага сьвету,

Сэрца Езуса, цярплівае і вялікай літасьці,

Сэрца Езуса, шчырае для ўсіх, хто Цябе кліча,

Сэрца Езуса, крыніца жыцьця і сьвятасьці,

Сэрца Езуса, прабачэньне за грахі нашы,

Сэрца Езуса, поўнае палёгкі,

Сэрца Езуса, сьцертае за правіны нашы,

Сэрца Езуса, паслухмянае аж да сьмерці,

Сэрца Езуса, дзідай працятае,

Сэрца Езуса, крыніца ўсялякай пацехі,

Сэрца Езуса, жыцьцё і ўваскрашэньне наша,

Сэрца Езуса, спакой і паяднаньне наша,

Сэрца Езуса, крывавая ахвяра грэшнікаў,

Сэрца Езуса, збаўленьне давер да Цябе маючых,

Сэрца Езуса, надзея ў Табе ўміраючых,

Сэрца Езуса, усіх Сьвятых раскоша,

Баранак Божы, нясеш цярпеньні за грахі сьвету, даруй нам, Госпадзе!

Баранак Божы, нясеш цярпеньні за грахі сьвету, выслухай нас, Госпадзе!

Баранак Божы, нясеш цярпеньні за грахі сьвету, зьлітуйся над намі!

Езусе ціхі і пакорнага сэрца,

Зрабі сэрцы нашыя да Твайго падобнымі.

 

 

ПАМОЛІМСЯ

 

Усемагутны вечны Божа, наглядзі на Сэрца наймілейшага Сына Твайго, на хвалу і захапленьне, зь якімі дзеля грэшнікаў Табе складае.

 

І калі хто зь іх патрабуе Тваёй міласэрнасьці, Ты ім ласкава дай прабачэньне ў імя Сына Твайго Езуса Хрыста, які з Табою жыве і валадарыць на векі вечныя. Аман.

 

Да Сэрца Твайго імкнемся, Езус Божы Збаўца!

 

За нашыя грахі, не аддаляй нас ад Сябе, Госпадзе.

 

Але ад усялякіх ліхіх прыгодаў пастарайся сьцерагчы нас заўсёды,Божа ласкавы і міласэрны, Езус добры, Збаўца наш, Заступнік Бога, адзіны прытулак наш, у Сэрцы Тваім будзь ласкавым нас абагрэць, да Сэрца Твайго будзь ласкавым нас прытуліць, у Тваім Сэрцы навекі захавай нас.

 

 

АКТ ПАСЬВЯЧЭНЬНЯ ЦЭЛАГА РОДУ ЛЮДЗКОГА НАЙСЬВЯЦЕЙШАМУ СЭРЦУ ЕЗУСА

 

О, Езус Найшчырэйшы Збаўца людзкога роду, зірні на нас, хто з пакораю туліцца ля падножжа Алтара Твайго.

 

Мы ўласнасьць Твая і імкнемся належаць Табе.

 

Вось і сёньня кожны з нас аддаецца добраахвотна Найсьвяцейшаму Сэрцу Твайму, каб яшчэ цясьней злучыцца з Табою. Многія ня ведаюць Цябе зусім, многія адвярнуліся ад Цябе, занядбаўшы загады Твае. Зьлітуйся над аднымі і другімі, Госпадзе, і прыгарні ўсіх да Сьвятога Сэрца Твайго. Накіруй нас, Госпадзе, не толькі верных, якія ніколі не цураліся Цябе, але і блудных сыноў, якія пакінулі Цябе.

 

Зрабі так, каб вярнуліся як найхутчэй да бацькоўскага дому і не загінулі з галечы і голаду.

 

Накіруй тых, якіх або зьбілі з тропу памылковыя сьцежкі або разлучыла нязгода, прывядзі іх да прыстанішча праўды і еднасьці веры, каб як найхутчэй настаў спакой і лад у доме Тваім.

 

Падаруй Касьцёлу Свайму незалежнасьць.

 

Агарні ўсе народы спакоем і ладам, каб на ўсёй зямлі ад краю да краю паўтаралі ў адзін голас:

 

- Хвала Божаму Сэрцу, праз якое мы атрымалі збаўленьне, Яму чэсьць і хвала навекі. Аман.

 

 

ЛІТАННЕ ЛЁРАТАНСКАЕ ДА НАЙСЬВЯЦЕЙШАЕ ДЗЕВЫ МАРЫІ

 

Kyrie, elejson. - Chryste, elejson.

Kyrie, elejson.

 

Хрысце, пачуй нас, Хрысце, выслухай нас!

Ойча зь Неба, Божа, зьлітуйся над намі!

Сыну Збаўца сьвету Божа, зьлітуйся над намі!

Духу Сьвяты Божа, зьлітуйся над намі!

Сьвятая Тройца, Адзіны Божа, зьлітуйся над намі!

Сьвятая Марыя, маліся за нас!

Сьвятая Дзева над дзевамі, маліся за нас!

Маці Хрыстова, маліся за нас!

Маці Касьцёла,

Маці Божае Ласкі,

Маці найчысьцейшая,

Маці цнатлівая,

Маці дзявоцкай нявіннасьці,

Маці непарушаная,

Маці наймілейшая,

Маці дзіўная-прадзіўная,

Маці добрай навукі,

Маці Стваральніка,

Маці Збаўцы,

Дзева разважлівая,

Дзева шанаваная,

Дзева праслаўленая,

Дзева вяльможная,

Дзева пяшчотная,

Дзева верная,

Люстра справядлівасьці,

Веліч мудрасьці,

Прычына нашае радасьці,

Прыбытак Духа Сьвятога,

Хвалы веліч,

Паўніня набожнасьці,

Ружа духоўнасьці,

Вежа Давідава,

Вежа з косьці слановай,

Дом залаты,

Арка яднаньня з Богам,

Брама нябесная,

Раньняя зорка,

Адхланьне хворых,

Прытулак грэшных,

Суцяшальніца журботных,

Дапамога верным,

Каралева Анёлаў,

Каралева Патрыярхаў,

Каралева Прарокаў,

Каралева Апосталаў,

Каралева Пакутнікаў,

Каралева Вернікаў,

Каралева Дзеваў,

Каралева Ўсіх Сьвятых,

Каралева без граху першароднага зачатая,

Каралева Ўзьнясеньня,

Каралева ружанца сьвятога,

Каралева спакою,

Каралева нашага краю, маліся за нас!

Баранак Божы, нясеш цярпеньні за грахі сьвету, даруй нам, Госпадзе!

Баранак Божы, нясеш цярпеньні за грахі сьвету, выслухай нас, Госпадзе!

Баранак Божы, нясеш цярпеньні за грахі сьвету, зьлітуйся над намі!

 

 

ДА ТВАЕ АХОВЫ

 

Да Твае Аховы зьвяртаемся, Сьвятая Маці Божая,

не цурайся просьбаў у нашых патрэбах,

але ад усялякіх здарэньняў ліхіх калі ласка, заўсёды барані нас.

О, Уладарка наша, Апякунка наша, Заступніца наша,

Суцяшальніца наша,

прывядзі нас да Сына Твайго,

аддай нас пад апеку Сыну Твайму

і паяднай нас з Сынам Тваім.

Маліся за нас, Сьвятая Божая Маці,

Каб сталіся мы годныя абяцаньняў Хрыстовых.

 

 

ПАМОЛІМСЯ

 

Ласкі Тваёй просім, Госпадзе, дай нам, Тваім слугам, здароўя душы і целу, а праз заступніцтва шчырае, багаслаўленай заўсёды Дзевы Марыі, ад дачаснага смутку вызваліцца і цешыцца зь вечнае радасьці. Праз Хрыста, нашага Збаўца. Аман.

 

 

АНЁЛ ГАСПОДНІ

 

Анёл Гасподні абвясьціў Дзеве Марыі

і адбылося зачацьце ад Духа Сьвятога.

 

Вітай, Марыя, поўная ласкі, Госпад з Табою...

 

Вось жа я, служка майго Спадара,

няхай, як Ён скажа слова,

так са мною і стане.

 

Вітай, Марыя, поўная ласкі, Госпад з Табою...

 

А Слова стала целам

і жыло паміж нас.

 

Вітай, Марыя, поўная ласкі, Госпад з Табою...

 

Маліся за нас, Сьвятая Божая Маці,

Каб сталі мы годнымі абяцаньняў Хрыстовых.

 

Памолімся, Ласку Тваю, просім цябе Госпадзе, улі ў сэрца нашае, каб мы па абвешчаньні Анёла, уцяленьне Хрыста, Сына Твайго пазналі, праз Пакуту Яго і Крыж дайшлі да хвалы ўваскрашэньня. Праз таго-ж Хрыста, Госпада нашага. Аман.

 

Вечны адпачынак дай ім, Госпадзе,

а сьветласьць векавечная няхай ім сьвеціць...

(тры разы, а на заканчэньне):

Няхай адпачываюць у спакоі вечным. Аман.

 

Nihil obstat: Al.Igor (Gregorius) Laszuk

Censor ad hoc deputatus

IMPRIMATUR: Eppus Thaddaues Kondrusiewicz

Administrator Apostolicus Minscensis

Grodnae 15.09.1990


1990

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая