epub
 
падключыць
слоўнікі

Кроніка дэмакратычнай апазыцыі й палітычных рэпрэсіяў у Беларусі 1953-1988 г.

За храналягічныя рамкі пэрыяду ўзяты даты, якія фіксуюць найважнейшыя вехі ў фармаваньні й разьвіцьці дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі. У другой палове 40-х гадоў ХХ ст. існавалі фармацыі ўзброенай антысавецкай апазыцыі (партызанка), а таксама неўзброеная палітычная апазыцыя (Саюз Беларускіх Патрыётаў, «Чайка» ды інш.). 1953 г. - год сьмерці Сталіна й менавіта з гэтаю датаю зьвязяныя спробы лібэралізацыі ў СССР, зь лягяроў пачалі вяртацца палітзьняволеныя, што таксама азначала пачатак стварэньня апазыцыйных асяродкаў у Беларусі, якія можна ахарактарызаваць як мірную палітычную апазыцыю з акрэсьленымі нацыянал-культурніцкімі патрабаваньнямі. Канец 1988 г. быў адзначаны шэрагам публічных акцыяў апазыцыі, найважнейшая зь якіх - мітынг-рэквіем «Дзяды» і ягоны разгон, пасьля якіх дзейнасьць апазыцыі набыла адкрыты масавы характар і яна магла ўжо значна ўплываць на грамадзкія працэсы ў Беларусі. Чарговая веха - 1991 г., калі Беларусь стала незалежнаю. У 1994 годзе пачынаецца новы пэрыяд сучаснае гісторыі Беларусі, які характарызуецца супрацьстаяньнем беларускага грамадзтва дыктатуры. Новае беларускае грамадзтва ў гэтым працэсе аб'яднала сілы старой апазыцыі, новых фармацыяў і трансфармаваных рэшткаў старога грамадзтва.

1953 - пачатак 1960-х г. - зь лягяроў вяртаюцца палітычныя зьняволеныя: Ларыса Геніюш (Зэльва), Язэп Сушынскі (Менск), Васіль Супрун (Слонім), Лявон і Юры Луцкевічы (Вільня), Цімох Вострыкаў (Гомель), былыя сябры Саюзу Беларускіх Патрыётаў ды інш. Пачатак стварэньня дысэдэнцкіх асяродкаў.

1953 - у бібліятэках Беларусі сканфіскавана 40.949 адзінак «палітычна шкоднай» літаратуры (Справаздача Галоўліта за 1953 г.).

1954, 28 ліпеня - пастанова ЦК КПБ «Аб стане і мерах паляпшэньня навукова-атэістычнай прапаганды ў рэспубліцы», узмацненьне ваяўнічага наступу супраць вернікаў і сьвятароў.

1956 - ЦК КПБ арганізуе разгром «нацыяналістычных поглядаў» М.Ларчанкі. Сігналам гэтага стаўся артыкул Л.Абэцэдарскага і А.Сідарэнкі з абвінавачваньнямі М.Ларчанкі ў ідэйных памылках.

1957, лістапад - арыштаваны і асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня па абвінавачаньні ў беларускім нацыяналізме выкладчык Гарадзенскага педінстытута Браніслаў Ржэўскі.

1957, люты - пастанова Савета Міністраў БССР «Аб удасканаленьні і частковай зьмене існуючага правапісу», далейшая русіфікацыя беларускай мовы.

1957, 14 сьнежня - у газэце «Літаратура і Мастацтва» зьявіўся артыкул Барыса Сачанкі «Шанаваць родную мову». Першы публічны выступ супраць русіфікацыі.

1958, травень - у часопісе «Маладосьць» № 5 апублікавана аповесьць Аляксея Кулакоўскага «Дабрасельцы». У чэрвені адбылося сумеснае пасэджаньне бюро ЦК ЛКСМБ і прэзідыюма ўправы СП БССР, дзе аповесьць асудзілі як памылковы твор, які «паказвае калгасную вёску ў крывым люстры» (ЛіМ, 1958, 2 ліпеня). А.Кулакоўскі пазбаўлены працы на пасадзе галоўнага рэдактара часопіса «Маладосьць».

1959 - выступленьне ў Менску кіраўніка КПСС і савецкай дзяржавы М.С.Хрушчова з заклікам паскарэньня русіфікацыі. Закрыцьцё многіх перыядычных беларускіх выданьняў, зьмяньшэньне тыражоў беларускіх кніжак, масавае закрыцьцё беларускіх школ, практычнае выцясьненьне беларускай мовы з усіх ВНУ.

пачатак 1960-х г. - пачатак складваньня «Акадэмічнага асяродку» - апазыцыйных групаў ў Акадэміі навук БССР, якія ўтвараліся паводле прынцыпаў дыскусійных гурткоў.

1960-е г. - утварэньне студэнцкіх гурткоў у Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце (1962, 1968 г.).

1963, 19 сакавіка - «Рэспубліканская нарада актыву творчай інтэлігенцыі», абвінавачаньні ў скажэньні партыйнай лініі пісьменьнікаў і літаратуразнаўцаў А.Кулаўкоўскага, І.Чыгрынава, В.Каваленкі, Н.Тарас.

1964, 19 чэрвеня - забіты Вітольд Дзіско - вясковы электрык і мастак-вальнадумца (Пастаўскі раён). Адкрыта выказваўся супраць камунізму, Сталіна, маляваў касьцёлы. Некалькі гадоў жыў пад прамым кантролем КГБ, зьмяшчаўся ў псыхушку. Забіты чатырмя супрацоўнікамі КГБ.

сярэдзіна 60-х гг. - спроба «Акадэмічнага асяродка» наладзіць пастаянныя сувязі з украінскім нацыянальна-вызвольным рухам (М.Прашковіч).

1965, жнівень - пасьля апублікаваньня ў часопісе «Маладосьць» (№ 7) аповесьці «Мёртвым не баліць» Васіль Быкаў паводле каманды галоўных ідэёлягаў КПСС М.Суслава і М.Зімяніна стаў аб'ектам афіцыйнае крытыкі, а рэдактар часопіса П.Панчанка неўзабаве звольнены з працы. Арганізоўваліся калектыўныя лісты «незадаволеных» быкаўскім адлюстраваньнем вайны; правакатары білі вокны ў доме пісьменьніка. З востраю дыскусыяй вакол Васіля Быкава зьвязаная актывізацыя «Акадэмічнага асяродку».

1966, люты - апублікаваньне ў газэце «Советская Белоруссия» (22 лютага) артыкула В.Люкевіча і Я.Трашчонка, з якога распачаліся нападкі на беларускіх літаратуразнаўцаў і гісторыкаў за «ідэялізацыю мінулага».

1967 - звольнены з працы ў Ганцавіцкай раённай газэце журналіст і гісторык Анатоль Сідарэвіч за крытыку Леніна і ленінізму.

1968 - пратэсты супраць савецкай акупацыі Чэхаславакіі (пісьменьнік Фёдар Яфімаў, гісторык Анатоль Сідарэвіч). Мікалай Якімовіч расклейвае ў Менску ўлёткі. Зьяўляюцца насьценныя надпісы «Праская вясна». Рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў. Адкрыты выступ Міхася Кукабакі супраць акупацыі - у кансуляце ЧССР у Кіеве. Пачатак рэпрэсіяў супраць М.Кукабакі. Пісьменьнік Фёдар Яфімаў публічна выступае супраць акупацыі Чэхаславаччыны, за што выключаецца з КПБ. Пазьней ён выступаў у абарону А.Салжаніцына і А.Вакулоўскай.

1968, восень - пасьля допытаў супрацоўнікамі КГБ А.Сідарэвіч абвінавачваецца ў нацыяналізме, антысаветызме і «падтрымцы контррэвалюцыі ў замежных краінах» (за пратэсты супраць акупацыі Чэхаславаччыны) і заключаецца на чатыры месяцы ў псыханеўралягічнае аддзяленьне 2-й клінічнай бальніцы Менску.

1968, кастрычнік - актывізацыя незалежнага студэнцкага руху ў Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце. Калектыўны пісьмовы зварот студэнтаў філфаку БДУ ў ЦК КПБ з патрабаваньнем выкладаньня на беларускай мове. Зварот расцэнены, як нацыяналістычны, а яго ініцыятараў Алеся Разанава і Віктара Яраца выключаюць з універсітэту.

2-я палова 60-х гг. - фармаваньне адраджэнцкага гуртка навуковай, творчай і студэнцкай моладзі «На Паддашку», які рэгулярна зьбіраўся на паседжаньні ў майстэрні мастака Яўгена Куліка. Вяліся дыскусіі аб шляхах культурнага і палітычнага адраджэньня Беларусі, выпрацоўваліся спосабы дзейнасьці, зьбіраліся самвыдатаўскія і забароненыя друкаваныя матэрыялы, вялася работа па выхаваньню моладзі, арганізоўваліся краязнаўчыя экскурсіі, рыхтаваліся мастацкія выставы. «На паддашку» - адзіная даволі арганізацыйна пастаянная групоўка, якая з канца 60-х і да канца 80-х вяла мэтанакіраваную адраджэнскую працу. (Сярод сяброў групоўкі: Я.Кулік - гаспадар майстэрні і адзін з арганізатараў і актыўнейшых працаўнікоў групоўкі, Л.Баразна, П.Драчоў, В.Ждановіч, мастакі муж і жонка Сьвентахоўскія, У.Крукоўскі, З.Пазьняк, М.Ткачоў, М.Чарняўскі, А.Марачкін, Г.Сакалоў-Кубай, З.Санько, Здзіслаў Сыцько, М.Купава і інш.)

1970, красавік - Міхась Кукабака асуджаны на тры гады за «антысавецкую дзейнасьць», знаходзіўся на прымусовым псыхіятрычным «лячэньні». У 1976 г. вызвалены, некаторы час жыў у Маскве, потым у Бабруйску. Пісаў нарысы, артыкулы, якія распаўсюджваліся «самвыдатам», эмігранцкім друкам, замежным радыё. З 1978 г. зноў у зьняволеньні, вызвалены толькі ў 1988 г. У абарону вязьня выступаў сэнатар Робэрт Доўл, неаднаразова ладзіліся маніфэстацыі й пікетаваньні эмігранцкім рухам.

1971-1974 - заснаваньне і выданьне ў Наваполацку незалежнага рукапіснага літаратурнага часопіса «Блакітны ліхтар». Выдаўцы - В.Мудроў, В.Шлыкаў, А.Рыбікаў, А.Грабаў. Усяго выйшла 15 нумароў. КГБ выкрыла выданьне і спыніла яго выпуск, А.Грабаў забіты ў войску пры загадкавых абставінах.

1972, 15 жніўня - трагічна загінуў Лявон Баразна. Абставіны ягонага забойства дагэтуль ня высьветленыя, але многае паказвае на дачыненьне да яго КГБ. Лявон Баразна - мастак, мастацтвазнаўца, адзін з нефармальных лідараў нацыянал-адраджэнскага руху Беларусі. У рознай ступені пад ягоным уплывам выхоўваліся такія дзеячы нацыянальнай культуры й палітыкі як Зянон Пазьняк, Алесь Марачкін, Яўген Кулік, Юры Хадыка ды шмат іншых. Непасрэдна перад забойствам рыхтаваў акцыі пратэсту беларускай інтэлігенцыі супраць разбурэньня Нямігі - гістарычнага раёну Менску.

1973, лета - КГБ распачынае акцыі супраць «Акадэмічнага асяродку»; у верасьні паводле рашэньня П.Машэрава кампанія часова спыненая.

1974-1976 - на гістарычным факультэце БДУ друкуецца самвыдатаўскі часопіс «Мілавіца» (асноўныя выдаўцы У.Арлоў, Г.Кулажанка, І.Чарняўскі). Выйшла 7 нумароў. Пад ціскам КГБ і камсамольска-палітычных органаў выданьне спыніла сваё існаваньне.

пачатак 1974 - прыезд у Беларусь прадстаўнікоў ЦК КПСС з санкцыяй на рэпрэсіі. «Справа пяцёх» - разгром органамі КГБ «Акадэмічнага асяродка». Справа атрымала сваю назву паводле колькасьці галоўных арганізатараў у тым сцэнары, які абрала КГБ. Пазбаўленыя працы супрацоўнікі Акадэміі Алесь Каўрус, Сьцяпан Міско, Мікола Прашковіч, Міхась Чарняўскі і супрацоўнік выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя» Валянцін Рабкевіч. Таксама зволены з працы па абвінавачваньню ў нацыяналізме супрацоўнік Інстытута геалёгіі Лапуць.

сярэдзіна 70-х г. - зьяўленьне ананімнай паэмы «Сказ пра Лысую гару».

1975-1976 - заснаваньне і выданьне ў Менску падпольнага публіцыстычнага пэрыёдыка «Гутарка: аб усім, што баліць» (машынапіс). Усяго выйшла 38 нумароў.

1975 - пасьмяротная выстава Лявона Баразны - першая спроба апазыцыйных колаў наладзіць мастацкую публічную выставу. Кола мастакоў-арганізатараў імпрэзы (Я.Кулік, М.Купава, А.Марачкін і інш.) стане ініцыятарамі стварэньня суполкі «Пагоня» (1991). Мастакі выклікаліся ў спэцслужбы на допыты.

1975 - пазбаўлены працы ў Акадэміі навук Зянон Пазьняк.

1975 - звольнены з працы старэйшы навуковы супрацоўнік інстытута літаратуры імя Я.Купалы Вячаслаў Зайцаў па абвінавачванньню ў распаўсюджваньні антысавецкіх і ідэялістычных поглядаў.

1976, 1 студзеня - звольнены з працы, а перад гэтым выключаны з КПБ, журналіст і паэт Сяргей Панізьнік «за связь с националистическими деятелями, пропаганду их в печати и потерю классовой бдительности».

1977 - «Ліст да расейскага сябры» («Письмо русскому другу») - зварот да расейскае інтэлігенцыі Алеся Каўкі (беларускага літаратуразнаўцы й публіцысты, які жыве ў Маскве). У лісьце, не адмаўляючыся цалкам ад «марксысцкае пазыцыі», аўтар даказвае права беларусаў на самавызначэньне, на ўласны шлях у гісторыі і, што ў цэнтры ўвагі, - на сваю мову. Ліст распаўсюджваўся ананімна на тэрыторыі СССР. У 1979 г. выдадзены як дакумэнт беларускага «самвыдату» ў Лёндане (Letter to a Russian Friend: A «samizdat» publication from Soviet Byelorussia), атрымаў шырокую пагалоску, зачытваўся беларускаю ды ўкраінскаю рэдакцыямі радыё «Свабода», зьмяшчаўся ды цытаваўся ў эмігранцкім беларускім, расейскім, польскім друку.

1978 - паэт і ўрач Алесь Нароўцкі выступае з публічнымі пратэстамі супраць прымяненьня псыхіятрыі ў палітычных мэтах, у знак пратэсту выходзіць з Саюза пісьменьнікаў БССР. У 1981 падвяргаецца прымусоваму псыхіятрычнаму лячэньню, а перад гэтым звольнены з працы.

1978 - за публічныя выступленьні з крытыкай камуністычнага рэжыму амаль на 4 гады асуджаны да зьняволеньня В.Зайцаў.

1978, лета - нарыс М.Кукабакі «Скрадзеная Бацькаўшчына» (пра русіфікацыю Беларусі) трапляе на «Нямецкую хвалю», дзе і зачытваецца (друкуецца ў часопісе «Время и Мы», 1986, № 3, Мюнхэн). М.Кукабаку зноў арыштоўваюць.

1979-1980 - выданьне падпольнага публіцыстычнага пэрыёдыка «Люстрадзён: Беларуская талеранцыйная грамада». Выйшла 3 нумары.

1979-1982 - загадчык кафедры Менскага медінстытута праф. У.Мірончык піша і распаўсюджвае «Сустрэчныя заклікі да ЦК КПСС», у якіх выступае супраць вайны ў Аўганістане, за дэмакратызацыю палітычнага жыцьця, супраць закрыцьця беларускіх школ. У.Мірончык выключаецца з КПБ, звальняецца з працы і зьмяшчаецца ў псыхіятрычную лякарню.

1979, 25 сьнежня - міліцыя разганяе ў цэнтры Менску Калядную працэсію, якую наладзілі студэнты БДУ і БДТМІ - будучыя заснавальнікі БСДМайстроўні.

з канца 70-х - у Ракуцёўшчыне пад Красным распачынаюцца штогадовыя рэгулярныя зборы адраджэнцаў Беларусі ў мясцінах, зьвязаных з жыцьцём М.Багдановіча. Зборы пачынаюць ператварацца ў патрыятычныя маніфэстацыі з выкарыстаньнем забароненай нацыянальнай сымболікі.

канец 70-х - 80-я гг. - праз Самвыдат распаўсюджваюцца гістарычныя працы Міколы Ермаловіча, забароненыя да афіцыйнага друку з-за палітычных меркаваньняў.

пачатак 80-х - у Наваполацку арганізаванае самвыдацкае памнажэньне і распаўсюджваньне забароненай патрыятычнай літаратуры, у тым ліку і непадцэнзурных твораў Л.Геніюш (А.Арлоў, В.Мудроў).

пачатак 80-х - Сяргей Сокалаў-Воюш распачынае публічныя выступы з праграмамі ўласных песень сацыяльна-патрыятычнага зьместу. Выступам актыўна супрацьдзейнічаюць камсамол і КГБ. Некаторыя сустрэчы з моладзьдзю па розных прычынах наўмысна зрываюцца (напрыклад - 25 кастрычніка 1985 г. у Політэхнічным інстытуце).

пачатак 80-х г. - «Філязофскі асяродак»: незалежны студэнцкі рух на філязофскім аддзяленьні Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэта. Арганізатары - студэнты В.Ламака, В.Залатар, І.Воіцкая, А.Малашчук, Л.Свярдлоў.

1980, студзень - у Менску створана Беларуская Сьпеўна-Драматычная Майстроўня - дэмакратычнае аб'яднаньне моладзі.

1980 - «Тысячагодзьдзе Беларусі». Адзначалася неафіцыйна ў колах нацыянальнай інтэлігенцыі. Дата палягае на першых летапісных зьвестках пра Полацкага князя Рагвалода ды Тураўскага князя Тура, датаваных 980 г. Прапанаваў яе як пачатак беларускае дзяржаўнае гісторыі Мікола Ермаловіч. Да юбілею мастаком Яўгенам Куліком падрыхтаваная паштоўка з выяваю «Пагоні», мастакамі Міколам Купавам, Уладзімерам Крукоўскім былі падрыхтаваныя паштоўка і плякат, якія распаўсюджваліся «самвыдатам», а таксама выраблены мэдаль мастачкаю Васюк. Паштоўкі былі перавыдадзеныя ў Лёндане, атрымалі розгалас, і гісторыка-культурніцкая імпрэза набыла сэнс палітычнай вызвольнай акцыі. Справа дасьледвалася КГБ.

1981, красавік - Ліст студэнтаў-філёзафаў за акадэмічныя свабоды. Пад лістом падпісалася 80% студэнтаў адзьдзяленьня філязофіі. Быў расцэнены кіраўніцтвам факультэту як «бунт філёзафаў». Заведзена справа ў КГБ, якая курыравалася непасрэдна ЦК КПБ. Вымушаныя былі сыйсьці з Унівэрсытэту А.Малашчук, І.Воіцкая, В.Залатар. А.Малашчук пасьля безпасьпяховых спробаў аднавіцца ва Ўнівэрсытэце публічна скончыў жыцьцё самагубствам: вясной 1985 года выкінуўся з 6 паверха галоўнага корпусу БДУ.

1981 - сьвяткаваньне ўгодкаў Івана Луцкевіча. Гэта быў канспіратыўны сход у майстэрні мастака А.Маркаўца, на якім упершыню сабраліся разам прадстаўнікі розных дэмакратычных асяродкаў і вызначылі агульную стратэгію. Групоўка «На Паддашку» арганізуе мастацкую выставу, прысьвечаную І.Луцкевічу. Пазьней адбыліся выставы памяці І.Луцкевіча, В.Ластоўскага, М.Багдановіча, Цёткі. Выставы ладзіліся, як патрыятычныя акцыі.

1983, вясна - пратэсты грамадзкасьці Менску супраць разбурэньня Дома Ваньковіча.

1983, вясна - пачатак патрыятычных акцый па ўшанаваньню памяці паўстанцаў 1863 г., талокі моладзі Менску і Маладэчна па ўзвядзеньні помніка на магіле паўстанцаў у в.Плябань Маладэчанскага р-на.

1983, 17 сакавіка - у Купалаўскім парку ў Менску ладзіцца «Гуканьне вясны». З гэтага часу сьвяткаваньне робіцца штогадовым і масавым, што давала магчымасьць сумеснага збору патрыятычна настроеных людзей.

1983, красавік - праз сродкі «чорнай прапаганды» і палітасьветныя камсамольска-камуністычныя структуры актыўна распаўсюджваюцца чуткі пра існаваньне на Беларусі разгалінаванай арганізацыі беларускіх нацыяналістаў.

1983 - за спробу надрукаваць у альманаху «Спадчына» забароненую п'есу Я.Купалы «Тутэйшыя» нясуць адміністрацыйныя пакараньні дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» М.Дубянецкі, галоўны рэдактар С.Андраюк, загадчык рэдакцыі В.Палтаран. Набор альманаха рассыпаецца.

1983, 10 красавіка - у Зэльве адбываецца пахаваньне паэткі і дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху Ларысы Геніюш. Удзельнічалі прадстаўнікі патрыятычных колаў зь Менску, Горадні, Новаполацку, Баранавіч і іншых мясьцін Беларусі, колішнія палітзьняволеныя, удзельнікі ўзброенага супраціву камуністычнай акупацыі. Савецкія ўлады і КГБ спрабуюць перашкодзіць нармальнаму ходу рытуала пахаваньня.

1983, травень - у Менску на сьценах і агарожах з'яўляюцца намаляваныя выявы «Пагоні» і лёзунгі патрыятычнага зьместу.

зь лета 1983 - моладзь пачынае масава сьвяткаваць Купальле.

1984 - на базе БСДМайстроўні створана Таварыства Беларускае Мовы, якое праводзіць шырокі збор заяваў бацькоў з патрабаваньнем беларускае школы. Акцыя спынена КГБ.

1984, 13 чэрвеня - акцыя БСДМайстроўні ля будынку Менскага гарадзкога тэатра ХІХ ст. пад лёзунгам «Руйнуецца помнік гісторыі». Гэта быў першы несанкцыянаваны мітынг у Менску. Удзельнікі (В.Вячорка, І.Сташчанюк і інш.) часова арыштоўваюцца міліцыяй.

1984, 13 чэрвеня - позна вечарам невядомыя асобы распісалі патрыятычнымі лёзунгамі будынкі Савецкага райкаму камсамола і КГБ у Менску. Сярод іх: «Хай жыве Беларусь!».

1984, чэрвень - «Майстроўні» забаранілі сьвяткаваць у Менску Купальле.

1984, восень - у Менску, Горадні, Маладэчна і іншых гарадах Беларусі ладзяцца патрыятычныя вечарыны памяці памерлага паэта і пісьменьніка У.Караткевіча.

1985 - у Лёндане выходзіць кніга Алега Бембеля «Родная мова і маральна-эстэтычны прагрэс», якой папярэднічае акцыя аўтара па шырокаму апытаньню людзей пра становішча беларускай мовы, што на гэты час зьяўляецца закрытаю тэмаю.

1985, чэрвень-ліпень - Купальле каля Мікалаеўшчыны пад Стоўбцамі, наладжана БСДМайстроўняй. Афіцэры КГБ зь Менску праводзяць аблаву і затрыманьне большасьці ўдзельнікаў. Допыты праводзяцца ў РАЎС у Стоўбцах. Сяргей Сокалаў-Воюш аштрафаваны і звольнены з працы, а сям'я выкінута з кватэры.

1985, 14 жніўня - у Крэўскім замку і на Янавай гары пад Крэвам інтэлігенцыя зь Менску, Маладэчна, Горадні адзначае 600-я ўгодкі Крэўскай вуніі.

1985, кастрычнік - на будынку Менскай мастацкай вучэльні імя Глебава два навучэнцы Уладзімер Макееў і Міхал Мірошнікаў вывесілі нацыянальныя беларускія сьцягі, сарваўшы сьцягі СССР. КГБ вяло сьледзтва цэлы месяц, пад час якога былі заведзеныя справы на 6 чалавек. У.Макееў быў вымушаны спыніць вучобу.

1985, лістапад-сьнежань - першыя зборы «Талакі» (Менск) - дэмакратычнага аб'яднаньня моладзі.

1986, красавік - у сувязі з публікацыяй у Лёндане кнігі Алега Бембеля «Родная мова і маральна-эстэтычны прагрэс» распачынаюцца перасьледы ў Інстытуце філязофіі і права АН БССР; кіраўніцтва Інстытута атрымоўвае спагнаньні, Алег Бембель праз тры месяцы пазбаўлены працы. Уладзімер Конан вымушаны сыйсьці з пасады загадчыка Сэктару эстэтыкі і сацыяльнай псыхалёгіі, а сам Сэктар расфарміроўваецца.

1986, 12 сакавіка - заснаваньне ў Горадні клюбу «Паходня» - нацыянальна-дэмакратычнага й асьветніцкага асяродку.

1986 - у Віцебску ствараецца нефармальная патрыятычна-асьветніцкая арганізацыя «Узгор'е».

1986, 20 траўня - Гуканьне вясны - адзначэньне фальклёрнага сьвята на Траецкім прадмесьці ў Менску, якое ладзілі навучэнцы Школы-інтэрнату імя Ахрэмчыка пры ўдзеле навучэнцаў Мастацкай вучэльні. На моладзь напалі вэтэраны афганскай вайны, нацкаваныя камсамолам.

1986, 29 траўня - заснаваньне клюбу перакладчыкаў «Бабілён». Клюб стаў тым незалежным асяродкам, дзе абмяркоўваліся надзённыя гуманітарныя праблемы Беларусі.

1986, сьнежань - заснаваньне «Тутэйшых» - незалежнага аб'яднаньня маладых літаратараў.

1987 - у Менску надрукаваны падпольны часопіс «Бурачок». Увесь тыраж другога нумару арыштаваны КГБ.

1987, травень - у Друі адбылася акцыя-заплыў беларускіх і латыскіх моладзевых суполак супраць будаўніцтва Дзьвінскай ГЭС.

1987, лістапад - адзначэньне Дзядоў у Купалаўскім парку Менску. Упершыню сярод такой шырокай аўдыторыі заяўлена пра генацыд з боку таталітарнага рэжыму.

1987, сьнежань - адбыўся І Вальны Сойм Канфэдэрацыі Беларускіх Суполак у Палачанцы пад Ракавам.

1988, 3 чэрвеня - у «ЛіМе» апублікаваны артыкул З.Пазьняка і Я.Шмыгалёва «Курапаты - дарога сьмерці». З боку афіцыёзных сродкаў масавае інфармацыі арганізоўваецца актыўнае супрацьдзеяньне высьвятленьню праўды пра рэпрэсіі. Пачатак ушанаваньня ў Беларусі мясьцінаў растрэлаў палітвязьняў.

1988, 4 ліпеня - у Вільні створаны клюб «Сябрына». Гэта дало магчымасьці праводзіць незалежныя акцыі беларускай грамадзкасьці ў Вільні.

1988-1989 - выданьне ў Менску пэрыёдыка «Кантроль: Бюлетэнь Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Выдаўцы - Алесь Бяляцкі й Сяргей Дубавец. Выйшла 2 нумары.

1988, 19 кастрычніка - у Менску ўтвораныя Беларускае грамадзкае гісторыка-асьветніцкае таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі» і аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту. Групы падтрымкі БНФ узьнікаюць па ўсёй краіне.

1988, 30 кастрычніка - Менск. Шматтысячны мітынг-рэквіем памяці продкаў «Дзяды» разагнаны атрадамі міліцыі і ўнутранных войскаў, узброеных дубінкамі, сьлезацечным газам і вадамётнай тэхнікай.

1988, лістапад - зьяўленьне першага нумару «Студэнцкай думкі» - друкаванага органа найперш суполкі «Сьвітанак», пазьней Згуртаваньня Беларускіх студэнтаў і Задзіночаньня Беларускіх студэнтаў.

1988, восень-1989 - будынак Інстытуту гісторыі АН БССР, дзе працуюць актыўныя ўдзельнікі «Мартыралёгу Беларусі» і БНФ, бярэцца пад міліцэйскую ахову. Міліцыянты неаднаразова ўрываюцца ў кабінеты супрацоўнікаў, робяць спробы прагляду асабістых рэчаў.

канец 80-х - утварэньне клюба камуністаў-рэфарматараў ў Менску «Современник» (кіраўнік Л.Крывіцкі).

канец 80-х - утварэньне «Альтэрнатывы», моладзевага клюба сацыял-дэмакратычнай накіраванасьці.

Пасьля адзначэньня восеньскіх Дзядоў 1988 г. і разгону мітынгу грамадзкія працэсы ў Беларусі актывізаваліся, што праявілася ў зьмене колькасных паказчыках дынамікі грамадзкіх зьяваў і колькасьці саміх зьяваў. Акцыі беларускай апазыцыі рабіліся публічнымі, рэальна ўплывалі на сытуацыю ў краіне. Найгалоўнейшыя вынікі гэтых працэсаў - зараджэньне незалежнага ад дзяржавы публічнага беларускага грамадзтва й здабыцьцё Беларусьсю незалежнасьці ў 1991 г.

Сярод падзеяў у пэрыяд з 1989 па канец 1991 г. варта назваць ІІ Вальны Сойм Канфэдэрацыі Беларускіх Суполак у Вільні (1989, 14-15 студзеня), які арганізацыйна аформіў беларускі дэмакратычна-незалежніцкі моладзевы рух; першы легальны мітынг у лютым 1989 г.; стварэньне незалежнага прафсаюзнага руху (Свабодныя прафсаюзы); «Чарнобыльскі шлях» 1989 г.; мітынг у лютым 1990 г.; утварэньне Беларускага дэмакратычнага блёку ў 1990 г.; Дзень Волі - 90; утварэньне Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (2-3 сакавіка 1991); страйкі ў красавіку 1991 г.; супраціў путчу ў жніўні 1991 г. Гэты пэрыяд адзначаны зьяўленьнем сталых незалежных выданьняў, найбольш значныя зь іх - «Навіны Беларускага Народнага фронту», «Свабода», «Наша Ніва».

Паводле якасных характарыстыкаў гэта быў ужо новы пэрыяд у гісторыі дэмакратычнага руху Беларусі.

 

У стварэньні Кронікі бралі ўдзел: Вацлаў Арэшка, Ігар Бабкоў, Міхал Баразна, Алег Дзярновіч, Сяргей Дубавец, Сяргей Харэўскі, Міхась Чарняўскі.


2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая