epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Легенда кахання

Дзесьці непадалёк сустрэліся юнак і дзяўчына. Суджана было ім спаткацца, моцна пакахаць адно аднаго, ды не выпаў лёс застацца на ўсё жыццё разам. Бяды не здарылася б, каб не краса дзяўчыны. Была яна гнуткага стану, з доўгай чорнаю касою і вабным, нібы раніца, тварам. Заўважыў красуню адзін мецэнат з радзівілаўскіх палацаў. І вырашыў забраць «пекную» дзяўчыну іграць у панскіх «балетах».

Пахіліліся ў горы юнак і дзяўчына. Бязвоблачнае неба іх сонечных дзён зацягнулася чорнаю хмарай. Пра жаніцьбу нельга было і думаць. Набліжаўся дзень апошняй сустрэчы. Сэрцы, поўныя кахання, напаўняліся вялікім жалем і смуткам. І вось аднойчы юнак і дзяўчына спаткаліся, каб разлучыцца назаўсёды. Ніхто не чуў і не ведае, колькі слоў было сказана ім, колькі слёз пралілося з яе вачэй. Толькі дуб і сасна, што раслі побач, былі сведкамі гэтай сустрэчы. Нават іх праняў пякучы боль чалавечых сэрцаў, апёк агонь нязведанага пачуцця. У жальбе і спачуванні людскому гору дрэвы міжволі пахінуліся адно да аднаго, перапляліся стваламі ў цесным абдымку, нібыта шчаслівыя ад таго, што ім не пагражала пакутлівая гадзіна расстання. Так і засталіся стаяць, перашэптваючыся ў кронах, поўныя таямнічага пачуцця...



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан