epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Мацейкава гара

Даўным-даўно жыў тут дужы разбойнік Мацейка. Нікога і нічога ён не баяўся. Рабаваў купцоў на людным гасцінцы, што паблізу вёў з заходніх краін ва ўсходнія, нападаў на чаўны і лодкі, калі плылі па рацэ. А каб зручней было пераймаць падарожных, загадаў сваім палоннікам пракапаць новае рэчышча. Паплыла з таго часу Нарва пад самай гарою, і ніводзін вандроўнік не мог абмінуць страшнай сустрэчы з Мацейкам. Мацнела крэпасць разбойніка, і пухлі ў ёй ад золата скрыні.

У цёмныя асеннія і зімовыя ночы, калі хваля на рацэ цяжка ўздыхала ды ад віхуры стагнаў лес, спраўляў Мацейка свае балі. Забаўляўся з прыгажунямі-паланянкамі нядобрым каханнем. На світанку канчалася гульбішча і целы замучаных нявольніц абмывала рачная тонь.

Але здарылася, што Мацейка закахаўся ў адну са сваіх нявольніц. Ахвяраваў ёй золата і багацці, кляўся ў вернасці. Аднак дзяўчына замест раскошнага жыцця з разбойнікам выбрала сабе смерць. У такую ж цёмную віхурыстую ноч павесілася на сваёй пышнай касе. Разбойніка ахапіла роспач. Загадаў ён справіць сваёй каханай урачыстае пахаванне, вымураваць глыбокі склеп. Калі ж апусцілі туды цела паланянкі, Мацейка таксама сышоў у магілу і сказаў замураваць сябе разам з каханай.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан