epub
 
падключыць
слоўнікі

Малебен на новы год

Дыякан: Благаславі́, улады́ка.

Іерэй: Благаславёна Царства Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпе́р і заўсёды і на ве́кі вяко́ў.

Людзі: Амі́нь.

Чытач: Прыйдзіце, паклонімся Цару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзём да Хрыста, Цара нашага, Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзём да Самога Хрыста, Цара і Бога нашага.

Псалом 64

Цябе належыць апяваць, Божа, і Табе будзе ўзне́сена малітва ў Іерусаліме. Пачуй малітву маю́, да Цябе ўсялякая плоць пры́йдзе. Словы грэшнікаў аблы́талі нас, але Ты грахі нашы ачысціш. Блажэнны той, каго абраў Ты і прыня́ў, каб пасяліўся ён у сялібах Тваіх; насыча́цца будзем дабротамі дому Твайго, святы́ храм Твой, дзівосная праўда Твая. Пачу́й нас, Бо́жа, Спасі́цель наш, Надзе́я на́ша, што ва ўсіх канца́х зямлі́ і тых, што на мо́ры далёка. Ты ўмацоўваеш горы сілаю Сваёю, магу́тнасцю падпяра́заны. Ты ўзру́шваеш глыбіні мора, шуму хваль яго ніхто не можа супрацьстаяць; засмуця́цца народы і страшы́цца будуць знаме́нняў Тваіх жыхары ўсіх канцоў свету; надыхо́ды ранку і вечара Ты ўпрыгожваеш. Ты наве́даў зямлю́ і напаіў яе, ты шчодра ўзбагаціў яе; рака́ Божая напоўнілася вадою; Ты падрыхтава́ў ежу для ўсіх, бо так усталява́на. Напаі барозны яе, прымнож жыта яе; аро́шаная дажджом, узвесяліцца яна, узрошчваючы яго. Благаславіш Ты вянец году добрасці Тваёй, і палі́ Твае дадуць багаты ўраджай. Пладаноснай ста́не пусты́ня, і радасцю ўзгоркі падпяра́жуцца. Апра́нуцца руном ягняты і даліны ўродзяць збажыну́; будуць ўскліка́ць яны і спяваць.

Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, і цяпер і заўсёды і на векі вякоў. Амінь.

Алілуія, алілуія, алілуія, слава Табе Божа (тройчы).

Дыякан: У міры Госпаду памолімся.

За мір з вышынь і спасенне душ нашых Госпаду памолімся

За мір усяго свету, добры стан святых Божых Цэркваў і з’ядна́нне ўсіх Госпаду памолімся.

За святы храм гэты і за тых, што з вераю, благагавеннем і страхам Божым уваходзяць у яго, Госпаду памолімся.

За вялікага Спадара і айца нашага Свяцейшага патрыярха Кірыла і за Экзарха яго Спадара нашага Высокапраасвя¬шчэннейшага Мітрапаліта Філарэта, шаноўнае прасвітарства, у Хрысце дыяканства, за ўвесь прычт і людзей Госпаду памолімся.

За Богам сцеражоную краіну нашу, улады і воінства яе Госпаду памолімся.

За горад гэты, усякі горад і краіну і за тых, што вераю жывуць у іх, Госпаду памолімся.

За тое, каб мі́ласціва гэтую падзяку і мальбу нас недастойных рабоў Сваіх у наднябесны ахвярнік Свой прыня́ў Ён і літасціва памілаваў нас, Госпаду памолімся.

За тое, каб добра прыня́ты былі мале́нні нашы, і каб прабачыў Ён нам і ўсім лю́дзям Сваім ўсе правіннасці вольныя і міжвольныя, якія са злом ўчынілі мы ў мінулым годзе, Госпаду памолімся.

За тое, каб Ён благаславіў пачатак і працяг года гэтага благадаццю чалавекалюбнасці Сваёй, і часы мірныя, спрыяльнае надвор’е, і бязгрэшнае жыццё ў здароўі з дабрабытам даў нам, Госпаду памолімся.

За тое, каб адвярну́ў Ён ад нас увесь гнеў Свой, праведна на нас за грахі нашы скірава́ны, Госпаду памолімся.

За тое, каб адагна́ў Ён ад нас усе душазгу́бныя пажа́днасці і распу́сныя звычкі, а насадзіў у сэрцах нашых страх Свой Божы дзеля выкана́ння за́паведзяў Яго, Госпаду памолімся.

За тое, каб абнавіў Ён дух праведны ўнутры нас і ўмацаваў нас у праваслаўнай веры, і зрабіў паспе́шлівымі да здзяйсне́ння добрых спраў і да выкана́ння ўсіх запаведзяў Яго, Госпаду памолімся.

За тое, каб знішчыў Ён усе ерасі і адсту́пніцтвы, а насадзіў усюды прававе́рнасць і набожнасць, і усіх, хто адступіў ад правільнай веры, звярнуў да спазна́ння Сваёй ісціны і далучы́ў іх да Святой Сваёй Праваслаўнай Царквы, Госпаду памолімся.

За тое, каб пазба́віў Ён Царкву Святую Сваю і ўсіх нас ад усякага гора, гневу і нястачы, і ад усіх ворагаў бачных і нябачных, а ў здароўі, даўгале́цці і міры, і заўсёды ахоўваў верных Сваіх апалчэ́ннем ангелаў Сваіх, Госпаду памолімся.

Заступі, спасі, памілуй і захавай нас, Божа, Тваёю благадаццю.

Прасвятую, Прачыстую, Найблагаславеннейшую, слаўную Уладычыцу нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памянуўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.

Людзі: Табе, Госпадзі.

Іерэй: Бо належыць Табе ўсякая слава, пашана і пакланенне – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Дыякан: Бог ёсць Гаспо́дзь і Ён яві́ўся нам. Благаславёны, Хто прыхо́дзіць у імя́ Гаспо́дняе.

Верш 1: Праслаўля́йце Го́спада, бо Ён до́бры, бо наве́кі мі́ласць Яго.

Верш 2: Абступі́лі мяне́ і атачы́лі мяне́; але і́мем Го́спада я абарані́ўся ад іх.

Верш 3: Не памру́, але жывы́ бу́ду і бу́ду абвяшча́ць спра́вы Го́спада.

Верш 4: Ка́мень, які адкі́нулі будаўнікі́, той са́мы стаў галаво́ю вугла́: ад Го́спада ста́лася гэ́та, і яно́ дзі́ўнае ў вача́х на́шых.

Трапар, глас 4

Удзячны мы, недастойныя рабы Твае, Госпадзі,/ за Твае вялікія дабрадзе́янні ўчы́неныя нам. / Славячы, Цябе хвалім, благаслаўляем, дзякуем, апяваем і велічаем Тваю міласэрнасць/ і з рабскай любоўю ўсклікаем да Цябе: / Дабрадзею Спасе наш, слава Табе.

Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу.

Трапар, глас 3

Тваіх дабрадзе́янняў і дароў / мы, як рабы недастойныя,/ да́рам спадобіліся, Уладару́, / да Цябе старанна звяртаючыся,/ удзячнасць пасільную прыносім,/ і Цябе як Дабрадзея і Тварца славячы, усклікаем: / слава Табе, Божа, Найшчадрэйшы.

І цяпер і заўсёды і на векі вякоў. Амінь.

Трапар, глас 2

Усяго свету Стваральнік, / часы́ і гады́ уладаю Сваёю ўсталява́ўшы,/ благаславі і вянец года добрасці Тваёй, Госпадзі,/ захоўваючы ў міры людзей і го́рад Твой, па малітвах Багародзіцы, / і спасі нас.

 

Дыякан: Бу́дзем ува́жлівымі!

Іерэй: Мір усі́м.

Чытач: І ду́ху твайму́. Пракімен, глас 4.

Пракімен: Буду апяваць Госпада, Які садзеяў мне дабро,/ і буду апяваць імя́ Госпада Усявы́шняга.

Верш: Узрадуецца сэрца маё спасенню, дадзенаму Табою.

Дыякан: Да Цімафея Пасла́ння святога апостала Паўла чытанне.

Дыякан: Будзем ува́жлівымі!

Чытае Апостала да Цімафея, зачала 282:

“Дзіця Цімафее, перш за ўсё прашу ўзносіць малітвы, мале́нні, прашэ́нні, падзякі, за ўсіх людзей, за цара і за ўсіх, хто ма́е ўладу, каб нам весці ціхае і спакойнае жыццё з усёй набожнасцю і годнасцю. Бо гэта добра і даспадобы Спасіцелю нашаму Богу, Які жада́е, каб ўсе людзі спасліся і да спазна́ння ісціны прыйшлі. Бо адзін Бог, адзін Хадайнік перад Богам за людзей, Чалавек Хрыстос Іісус, Які аддаў Сябе дзеля адкупле́ння ўсіх, Якому гонар і слава на векі вякоў. Амінь.”

Іерэй: Мір табе.

Чытач: І духу твайму. Прамудрасць. Алілуія, алілуія, алілуія.

Людзі: Алілуія (тройчы).

Іерэй: І каб спадо́біцца нам вы́слухаць Свято́е Ева́нгелле, Го́спада Бо́га мо́лім.

Людзі: Го́спадзі, памі́луй. (Тройчы).

Дыякан: Праму́драсць! Ста́ньце пра́ма! Вы́слухаем Свято́е Ева́нгелле!

Іерэй: Мір усі́м.

Людзі: І ду́ху твайму́.

Дыякан: Паво́дле Лукі Свято́га Ева́нгелля чыта́нне. Людзі: Сла́ва Табе́, Го́спадзі, сла́ва Табе́.

Дыякан: Бу́дзем ува́жлівымі!

Іерэй: (чытае Евангелле паводле Лукі, зачала 13):

“У той час прыйшоў Іісус у Назарэт, дзе быў узгадава́ны, і ўвайшоў, па звы́чаю Свайму, у дзень суботні ў сінагогу, і ўстаў, каб чытаць. І падалі́ Яму кнігу Ісаіі прарока; і, разгарнуўшы кнігу, Ён знайшоў месца, дзе было́ напі́сана: “Дух Гасподні на Мне, бо Ён пама́заў Мяне дабраве́сціць убогім, паслаў Мяне ацаліць скру́шаных у сэрцы, абвясціць палонным вызвале́нне і сляпым віду́шчасць, адпусці́ць прыгне́чаных на волю, абвясціць год Гасподні спрыяльны”. І, згарнуўшы кнігу, аддаў служы́целю і сеў; і вочы ўсіх у сінагозе былі зве́рнуты да Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: сёння споўнілася пісанне гэтае, пачутае вамі. І ўсе засведчылі Яму гэта, і дзівіліся сло́вам благадаці, якія выходзілі з вуснаў Яго.”

Людзі: Сла́ва Табе́, Го́спадзі, сла́ва Табе́.

Сугубая екцення

Дыякан: Скажам усе ад усяе душы і ад усяго разумення нашага скажам.

Госпадзі Ўседзяржы́целю, Божа айцоў нашых, молімся Табе, выслухай і памілуй.

Памі́луй нас, Бо́жа, па вялі́кай мі́ласці Тваёй, мо́лімся Табе́, вы́слухай нас і памі́луй.

Людзі: Го́спадзі, памі́луй. (Тройчы).

Дыякан: Яшчэ мо́лімся за вялікага Спадара́ і айца нашага Свяцейшага Патрыя́рха Кірыла і за Экза́рха яго, Спадара́ на́шага Высокапраасвяшчэ́ннейшага Мітрапалі́та Філарэ́та і за ўсю ў Хрысце́ бра́цію на́шу.

Яшчэ́ мо́лімся за Бо́гам сцеражо́ную краі́ну на́шу, ула́ды і во́інства яе, каб нам ве́сці ці́хае і спако́йнае жыццё з усёй набо́жнасцю і го́днасцю.

Дзя́куючы са страхам і трымценнем, як рабы нягодныя, за Тваю міласэрнасць, Спасіцель і Уладар наш Госпадзі, за Твае дабрадзе́янні, якімі Ты шчодра адары́ў рабоў Тваіх, мы звярта́емся і славаслоўе Табе як Богу прыносім і з замілава́ннем ускліка́ем: збаў ад усіх бед рабоў Тваіх, і заўсёды як Міласцівы вы́канай на дабро жада́нні нашы, старанна молімся Табе, выслухай і памілуй.

Аб тым, каб благаславіў Ты і ўвянчаў надыходзячы год добрасцю Сваёю, і сці́шыў сярод нас ўсялякую варожасць, разлад і міжусобныя спрэчкі, а даў мір, моцную і некрывадушную любоў, дабрачы́нны лад і дабрадзе́йнае жыццё, мо́лімся Табе, Усядобры Госпадзі, вы́слухай і памілуй.

Аб тым, каб не зважа́ў Ты на шматлікія правіны і злыя дзе́янні нашы, якія ў мінулым годзе адбылі́ся, і не адплаціў нам паводле спраў нашых, а з міласцю і шчодрасцямі памяну́ў нас, мо́лімся Табе́, Міласэрны Го́спадзі, вы́слухай і памі́луй.

Аб тым, каб паслаў Ты дажджы ў патрэбны час, раннія і познія, расу пладаносную, вятры ўме́раныя і спрыя́льныя, цеплыню сонечную і святло, мо́лімся Табе́, Усяшчодры Го́спадзі, вы́слухай і памі́луй.

Аб тым, каб памяну́ў Ты Царкву Святую Сваю і ўмацаваў, і сцве́рдзіў, пашы́рыў і прыміры́ў яе, і непашко́джанаю ад пяке́льных варот і ад усіх напа́даў бачных і нябачных ворагаў неадо́льнаю навекі захаваў, мо́лімся Табе, Усяўладны Уладар, выслухай і памілуй.

Аб тым, каб пазба́віцца нам у гэтым надыходзячым годзе і ва ўсе дні жыцця нашага ад голаду, няшчасця, землетрасе́ння, патопу, граду, агню́, мяча, нашэ́сця іншазе́мцаў і міжусобнае вайны, і ад усяля́кай смертаноснай ра́ны, ад сму́тку і няста́чы, молімся Табе, Міласэрны Госпадзі, выслухай і памілуй.

Іерэй: Пачу́й нас, Бо́жа, Спасі́целю наш, надзе́я ўсіх канцо́ў зямлі́ і тых, што на мо́ры далёка, і мі́ласцівы, мі́ласцівы будзь, Уладару́, да грахо́ў на́шых і памі́луй нас. Бо Ты мі́ласцівы і чалавекалю́бны Бог наш, і Табе́ сла́ву мы ўзно́сім, Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў.

Людзі: Амі́нь.

Дыякан: Яшчэ і яшчэ Го́спаду памо́лімся.

Людзі: Го́спадзі, памі́луй.

Малітва

Іерэй: Уладару́ Госпадзі Божа наш, Крыніца жыцця і бессмяротнасці, усяго стварэння бачнага і нябачнага Ствары́цель, Ты часы́ і гады́ Сваёю ўла́даю ўсталяваў, Ты ўсімі кіруеш прамудрым і ўсядобрым Тваім Прамышле́ннем. Дзякуем за шчодрасці Твае, якімі Ты дзівосна адары́ў нас у мінулы час жыцця нашага, молімся Табе, Усяшчодры Госпадзі, благаславі і ўвянчай надыходзячы год Тваёю добрасцю. Спасі, Госпадзі, і памілуй вялікага Спадара́ і айца нашага Кірыла, Свяцейшага Патрыя́рха Маскоўскага і ўсяе Русі і Экза́рха яго, Спадара́ на́шага Высокапраасвяшчэ́ннейшага Філарэ́та, Мітрапалі́та Мінскага і Слуцкага.

Прымнож дні жыцця іх ў непару́шным здароўі, і садзе́йнічай ім ва ўсіх дабрадзе́йнасцях. Пада́й з вышыні даброты Твае і ўсім лю́дзям Тваім здароўе і спасенне і ва ўсім добрае спрыя́нне. Царкву Тваю Святу́ю, горад гэты і ўсе гарады і краіны ад ўсялякіх злых напа́даў збаў, мір і спакой дай ім. І Табе, Беспачатнаму Айцу з Адзінародным Тваім Сынам, Усесвяты́м і Жыватво́рчым Тваім Духам, у адзінай існасці Славімаму Богу, заўсёды ўдзячнасць прыносіць і Прасвятое Імя́ Тваё апява́ць, спадобі.

Слава Табе, Богу нашаму, Пада́целю дабра, на векі вякоў.

Людзі: Амі́нь.

Слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля. Усхваля́ем Цябе, благаслаўля́ем Цябе, пакланя́емся Табе, славасло́вім Цябе, дзя́куем Табе, дзеля вялікай славы Тваёй. Госпадзі, Цару Нябесны, Божа Ойча Усемагутны. Госпадзі, Сыне Адзінародны, Іісусе Хрысце і Святы Духу. Госпадзі Божа, Агнец Божы, Сыне Айца, Ты, Які бярэш грэх свету, памілуй нас, Ты, Які бярэш грахі свету, прымі малітву нашу, Ты, Які сядзіш праваруч Айца, памілуй нас. Бо Ты адзін Святы, Ты адзін Гасподзь, Іісус Хрыстос, на славу Бога Айца. Амінь.

Ва ўсякі дзень буду благаслаўляць Цябе і буду ўсхваляць імя́ Тваё навекі і ў век веку. Спадобі, Госпадзі, у гэты дзень ад граху захавацца нам. Благаславёны Ты, Госпадзі, Божа Бацькоў нашых; і хвальна і праслаўлена імя Тваё навекі. Амінь. Няхай будзе, Госпадзі, міласць Твая на нас, бо мы спадзяёмся на Цябе. Благаславёны Ты, Госпадзі, навучы мяне ўстанаўленням Тваім (тройчы). Госпадзі, Ты быў прыстанішчам для нас з роду ў род. Я казаў: Госпадзі, ацалі душу маю, бо я саграшыў супраць Цябе. Госпадзі, я да цябе звярнуўся, навучы мяне здзяйсняць волю Тваю, бо Ты Бог мой, бо ў Табе крыніца жыцця, ў святле Тваім мы ўбачым святло. Падоўжы міласць Тваю да тых, хто ведае Цябе.

Дыякан: Праму́драсць.

Іерэй: Прасвята́я Багаро́дзіца, спасі́ нас.

Людзі: Пачэ́снейшую за Херуві́маў і непараўна́льна слаўне́йшую за Серафі́маў, што непару́шанаю нарадзі́ла Бо́га Сло́ва, Ѕсную Багаро́дзіцу, Цябе́ веліча́ем.

Іерэй: Сла́ва Табе́, Хрысце́ Бо́жа, надзе́я на́ша, сла́ва Табе́.

Людзі: Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Го́спадзі, памі́луй. (Тройчы). Благаславі́.

Іерэй: Той, Хто на во́сьмы дзень па плоці абрэ́зацца пажада́ў дзе́ля на́шага спасе́ння, Хрысто́с і́сцінны Бог наш, малі́твамі Прачы́стае Свае́ Ма́ці і ўсіх святы́х, няха́й памі́луе і спасе́ нас, бо Ён Добры́ і Чалавекалю́бны.

Людзі: Го́спадзі, памі́луй. (Тройчы).

Мнагалецце

Вялікаму Спадару́ і айцу нашаму Свяцейшаму Патрыя́рху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу і Спадару нашаму Высокапраасвяшчэннейшаму Філарэту, Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, бра́ціі святога храма гэ́тага, брата́м і сёстрам святога бра́цтва гэтага, усім, хто працу́е ў бра́цкім доме гэтым, і ўсім праваслаўным хрысція́нам пада́й, Госпадзі, дабрадзе́йнае і мірнае жыццё, здароўе і спасенне і ва ўсім добрае спрыя́нне і захава́й іх на многія ле́ты.

 

Людзі: На мно́гія ле́ты. (Тройчы).

 


2011?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая