epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Марысін парк

Навокал Нясвіжскага замка, які некалі належаў князям Радзівілам, раскінуўся на берагах возера стары дзіўна прыгожы парк. Тая яго частка, што на левым беразе возера, завецца Марысіным паркам. Вось што пра гэта расказваюць людзі.

Некалі ў князя Радзівіла была дачка Марыся, прыгожая і вясёлая. Тады ёй было шаснаццаць гадоў. Выхоўвалі яе так, як і належала выхоўваць князёўну. Верхавой яздзе яе вучыў прыгожы, смелы і спрытны хлопец з князевай прыслугі. Здарылася так, што маладыя людзі моцна пакахалі адно аднаго. Колькі працягнулася шчасце закаханых — невядома, толькі вось Марысю ўсваталі за аўстрыйскага прынца. Прынц гэты, вельмі знатны і багаты, быў стары і пляшывы. Марыся моцна тужыла і плакала. Князь даведаўся аб усім і адразу загадаў прыбраць хлопца, што адважыўся кахаць князеву дачку. Хлопец прапаў. Кажуць, што яго забілі.

Пасля каляд прызначылі вяселле з прынцам. Бедная Марыся не захацела жыць без каханага. Вось пайшла яна за возера ў парк і засталася там на ўсю доўгую і лютую калядную ноч. Пахавалі яе ў парку на тым самым месцы, дзе яна і памерла.

Другія кажуць, што не замерзла Марыся, а кінулася ўніз з высокай вежы Нясвіжскага замка.

У парку на левым беразе нясвіжскага возера, на паляне, якая звалася некалі Крыжовай, стаіць высокі каменны слуп на каменнай пліце. На ім адно слова «Марысін». Быў там некалі і фантан, з якога падалі тонкія струменьчыкі празрыстай крынічнай вады. Фантан гэты людзі называлі Марысіны слёзы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан