epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Месяц

Былі ў бацькі два сыны, два ўдалыя малойцы. Не захацелі яны жыць дома, рабіць чорную мужыцкую работу, а пайшлі ў свет шукаць лёгкага хлеба ды добрага жыцця. Выйшлі яны з дому разам дый пайшлі па адной дарозе, але хутка падышлі да раздарожжа. От большы і кажа:

— Чаго нам хадзіць разам? Разам мы знойдзем толькі адно дабро, а як пойдзем асобна, то можам трапіць на два.

— Хадзем асобна,— пагадзіўся малодшы брат,— але калі хто на што-небудзь натрапіць, што дабудзе, то тое будзе яго, тое зробіць яму славу.

Як сказалі яны, так і зрабілі. Большы пайшоў направа, а меншы — налева. Свет вялікі. Доўга яны хадзілі, доўга шукалі шчасця; кожны па-свойму шукаў тое, што яму падабалася. Большы брат прыйшоў у чужое царства, наняўся там на службу да аднаго багатага і знакамітага пана. А той пан ездзіў аж да самога цара дый браў з сабою свайго вернага ды лоўкага слугу. Пабачыў раз яго цар, упадабаў дый забраў да сябе. Жыве большы брат у цара пан панам, усяго яму даволі, хіба ж птушынага малака не хапае. Жыве, ніякай бяды не ведае.

Доўга хадзіў і малодшы брат па ўсім свеце, шмат бачыў і добрага і ліхога, але ліхога больш, чым добрага. Яму не хацелася сядзець ды спажываць тое дабро, якое меў, але хацелася ўсё ўбачыць, усё паспрабаваць, ці то салодкае, ці то горкае. От так ён хадзіў як непрыкаяны, пакуль натрапіў і сам туды, дзе быў большы брат. І пачаў ён там вучыць людзей, як на свеце жыць, каб усім было добра, каб усе былі шчаслівыя. Пайшлі пра яго гаварыць вакол, пачалі да яго збірацца людзі ды слухаць разумныя рэчы. Дачуўся большы брат, пайшоў і ён паглядзець, які такі з’явіўся мудрэц, што вучыць ды бунтуе людзей. Прыйшоў, але не пазнаў брата, паслухаў дый данёс цару, што з’явіўся такі-сякі чалавек, які бунтуе народ. Узлаваўся цар дый загадаў схапіць бунтара. Захацеў большы брат яшчэ лепей выслужыцца перад царом, сабраў хеўру царскіх слуг, пайшоў ды забіў меншага брата. Але яму стала так прыкра і страшна, што не ведаў, куды дзецца.

От бяжыць ён аб ноч паўз лес, зірне на Месяц, аж і той бяжыць, пераймае яго. Ён стане, дык і Месяц стане. Ён пабяжыць, дык і Месяц пабяжыць. Бег ён, бег, пакуль не выбіўся з сілы ды не ўпаў. Ляжыць ён ды пазірае на Месяц. Прыгледзеўся, аж там і бачыць, як брат забівае брата. Тагды ён і здагадаўся, каго гэта забіў сваімі рукамі. Але тут і дух з яго далоў.

От з тых часоў заўсёды відаць, што на Месяцы стаіць брат над забітым братам.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан