epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Моцны чарадзей

Аднойчы, якраз у мясаед, нашы мужыкі паехалі траляваць на рум караўкі. Зіма стаяла ліхая. Яшчэ з Міколы хапілі такія сібірскія маразы, што хоць з печы не злазь. Высунешся, бывала, з хаты, а на дварэ платы трашчаць, страляюць, быццам з пісталета, вочы так і зліпаюцца, нібы мёдам намазаныя. Такія маразы пратрымаліся аж да самае ўсяраднае нядзелі. Толькі тады яны трохі спалі, як наш Хвядос выскачыў голы з хаты, схапіў доўбню ды давай перыць аб вугал. Смаляне дый назаве лысага чалавека, смаляне другі раз — назаве другога. Гэтак налічыў ён дванаццаць лысых. А тут, каб яно, у нас мала лысых людзей. Налічыць іх дванаццаць не тое што на марозе, але і на палацях не хутка трапіш. Дык вось, слухайце, толькі Хвядос так зрабіў, як паваліў снег, ды такі, што і свету божага не відаць. Валіў ён дзень і ноч чуць не цэлы тыдзень. А тут яшчэ ўсхадзілася завея — носа з хаты не высунеш. Людзі казалі, што гэта, мабыць, аддаў чорту душу якісь вельмі моцны чарадзей. Мы, канечне, думалі — гэта жарты, мала што людзі плятуць.

Дык вось. Нашы мужыкі тралююць караўкі. Самі сівыя, коні сівыя, вазы сівыя, бо ўсё аб’інела ды стала пухнатае, бы мядзведзь. А з вачэй аж іскры сыплюцца, такі мароз. Вось дзецюкі вяртаюцца з рума ды кожны раз не мінаюць карчомкі. А там была добрая шынкарка. Яна давала гарэлку напавер, бо ведала, што людзі, зарабіўшы, заплоцяць. Забягуць дзецюкі, вып’юць па кватэрцы, закураць люлькі, трохі пагрэюцца дый зноў па караўкі. Гэтак увесь дзень. Толькі вечарком, як зойдзе сонейка, людзі больш пасядзяць у карчме, бо яны тагды не так п’юць, але і перакусваюць.

Раз толькі ўлезлі дзецюкі ў карчму ды хацелі перакусіць, аж зірнулі, што няма дзе хлеб палажыць, бо на стале разлёгся Цярэшка Чарадзей, што жыў у Дзяніскавічах. Цярэшка быў вельмі моцны чарадзей. Яго ўсе баяліся як агню, бо як яго хто зачэпіць, то ён так удзее, такіх нашле чартоў, што ніхто і не адробіць. Вось людцы давай прасіць Цярэшку, каб аслабаніў стол. Куды там, гад, і слухаць не хоча, ляжыць сабе ды здзекуецца з бедных людзей.

Толькі на той час зайшоў у карчму якісь незнаёмы падарожны чалавек. Паслухаў ён, як Цярэшка выскаляецца, ды як перацягне яго пугаўём! А пугаўё было звітае з двух валовых посікаў.

Цярэшка зароў, быццам яго рэзалі. А той лупіць ды прыказвае:

— Вось гэта табе, гад, за тое, што з людзей здзекуешся, вот гэта на тое, каб доўга мяне памінаў ды нікога не чапаў.

Лупіў ён, лупіў, а нашы дзецюкі і з месца не варухнуцца. Спалохаліся, што той чалавек пасмеў зачапіць такога моцнага чараўніка, перад якім усе шапкі здымалі. А потым асмеліліся дый рады, што добра правучыць гада... Ачомаўся трохі Цярэшка дый сунуў з карчмы, бы тхор, так яму было сорамна перад людзьмі...



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан