epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Начніцы

Начніцы больш за ўсё гуляюць па лету, як лес добра ўбярэцца ў лісце, як па паплавах зацвітуць кветкі, на палях выкаласіцца жыта да ўсюды стане так гожа, так запахне, што, здаецца, толькі б сядзеў дзе-небудзь сярод зялёнага, пахучага лісту ці паміж красак да ўсё б нюхаў тыя пахі, што напаўняюць і поле, і поплаў, і лес. Але поўнага ніколі няма дабра: калі вакол так гожа, такі пах, так радасна на сэрцы, то пэўна якаясь бяда ўжо зусім блізка. Вот толькі за лес схаваецца сонейка, як гушчэча загамоніць усялякімі галасамі. Там рагочуць русалкі, гойдаючыся на ветках, там ломяць дзеравякі лесавікі да трашчыць ўсялякая нечысць, а там ціхенька вылазіць з лазовых кустоў цэлая чарада начніц. Яны толькі тое і робяць, што пужаюць добрых людзей.

Вот раз я з Данілам Грудавых якраз гэтак каля сёмухі хацеў налавіць уюноў. Узялі мы сачкі дый папхаліся ў возера. Там, бачыце, не вада, а толькі адна гразь, а ўюноў, хоць ты шуфлем шуфлюй. Налавілі мы паўчоўна. Больш не можна, бо чэрпае воду. Ледзь прыпхаліся мы да берага, выйшлі на грудок дый заначавалі пад вярбою. Толькі мы закурылі люлькі, як вось у алешніку штось заверашчала, запішчала ды пачало так рагатаць, што аж лес разлягаецца. Сядзім мы аж нежывыя. Што тут рабіць! Яшчэ добра было б, каб мы наклалі агню. Ведама, агню баіцца ўсялякая нечысць. А тут бяда — на тым грудку няма нічога сухога, ніякага лому. Сядзім мы дый толькі зубамі ляскаем са страху. А тут яшчэ была хмурная ноч: чуць-чуць толькі відаць якісь прасвет праз густыя веткі алешніку. Пачалі мы прыглядацца, аж і бачым, што на самым возеры стаіць густы туман, а ў тым тумане штось мітусіцца, быццам гурт дзевак махае хвартухамі. Здагадаліся мы, што начніцы скачуць ды спраўляюць сваё ігрышча. Так мучыліся мы чуць не ўсю ноч, пакуль не пачало світаць. Леглі мы тагды, каб трохі заснуць, але не маглі, бо піск, рогат не сунімаліся. Няма чаго рабіць, падняліся мы дый пайшлі да ракі. Толькі мы пралезлі праз лазу, бачым, аж там голыя начніцы выскачылі з кустоў, падбеглі да ракі ды плюх, плюх у воду. Толькі мы іх і бачылі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан