epub
 
Падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Нарач

У гушчары старых бароў, як сляза, што ўпала з неба, блішчала вялікае возера. Вельмі прыгожае яно было. Расказы пра яго чароўнасць перадаваліся з паселішча ў паселішча і нават у далёкія краіны.

А яшчэ казалі людзі, што ў вёсцы, якая прыляпілася да аднаго з берагоў таго возера, жыла дзяўчына-сіраціна Найрыта, аднавяскоўцы звалі яе Нарай. Вочы яе блакітныя, колеру азёрнай хвалі, заўсёды весела ўсміхаліся. Залацістыя валасы тугой касою абкручвалі галаву. Голас у яе быў высокі і гучны.

Бывала, сядзе на беразе пад разлапістым клёнам, дзе збіралася звычайна моладзь, на гусельках грае і спявае. Спачатку голас павольна плыве, а пасля ўзлятае высока і ляціць над узбярэжжам. У гэты час і птушкі змаўкалі. Людзі забываліся пра сваё гора.

Аднойчы, калі Нара спявала, праязджаў вёскаю пан, стары ўдавец. Пачуў ён дзівосную песню і загадаў спыніць каня. Слухаў, слухаў і сказаў Нары:

— Прыгожая кветка вырасла ў дзікім краі. Табе толькі спяваць у маіх пакоях.

— Кепская з мяне будзе служанка,— прамовіла Нара.

— Ты будзеш гаспадыняй, жонкай маёй.

Вакол Нары сядзелі на зялёнай мураве дзяўчаты і хлопцы. Адзін з іх, чарнявы юнак, падышоў да пана.

— Гэта мая нявеста,— сказаў ён,— а пан няхай сярод паноў жонку шукае.

— Ці не сын ты таго Пятра, што бунтаваў мне народ? — успомніў пан, чырванеючы ад злосці. І залямантаваў: — Узяць яго!

Прыслужнікі звязалі Андрэя і павезлі ў маёнтак. Больш яго ніхто не бачыў. Праз некаторы час пан зноў прыехаў да Нары даведацца, ці згодная яна прыняць з ім шлюб. Дзяўчына зрабіла выгляд, што згадзілася. Тут і дамовіліся пра вяселле.

Надышоў гэты дзень. Злосны вецер гнаў цёмныя хмары, а лес спяваў жалобныя песні. Нара ехала на фурманцы ў маёнтак, у руках трымала пакунак. Сустрэлі яе служанкі. Завялі ў панскія пакоі і апранулі ў шлюбнае адзенне. І Нара выйшла такой прыгажуняй, якія толькі ў казках і бываюць. Пакланілася яна пану ды папрасіла, каб перад шлюбам крышку адной пабыць у пакоях. Пан згадзіўся. Ходзіць ён па двары, на служанак пакрыквае і на дзверы паглядвае .

А Нара тым часам з пакунка дастала смалякі ды падпаліла пакоі адзін за адным. І калі шугануў чорны дым з вокнаў, а на даху заскакалі чырвоныя пеўні, выскачыла праз акно і на сваёй фурманцы, паганяючы каня, памчала ў вёску, на тое месца, дзе з Андрэем часта сустракала ўсход сонца, прыхілілася да клёна і горка заплакала.

Ды тут пачуўся конскі тупат. Панскія служкі! Бегалі па ўсёй вёсцы. Людзей бізунамі білі. Дапытваліся, дзе Нара.

— Вунь яна! — закрычаў нехта.

— Жывую не возьмеце,— крыкнула ворагам дзяўчына і кінулася да возера.

Цёмныя хвалі з белымі баранчыкамі ішлі адна за адной, а на беразе калыхаўся човен. Той човен, у якім Нара з Андрэем не раз каталіся. Спрытна і ўмела ўхапілася яна за карму і, адштурхнуўшыся ад берага, села ў човен.

— Я адпомсціла, пан, за Андрэйку, за яго бацьку і за ўсіх, хто загінуў ад тваіх рук у тваім маёнтку,— прашаптала Нара.

Ад злосці панскія служкі кінулі гуслі ў возера. А човен адплываў усё далей і далей, потым зусім знік у хвалях.

Усю ноч бушавала возера. Стагналі хвалі...

З таго часу і назвалі людзі возера імем смелай дзяўчыны — Нарач.

 

 

* * *

 

Даўным-даўно ў адной з нарачанскіх вёсак жылі чароўная дзяўчына Галя і прыгожы юнак Васіль. Моцна кахалі яны адно аднаго. Хлопец — майстар-штукар. Ён зрабіў незвычайнае люстэрка і падарыў яго сваёй каханай. Толькі нядоўга былі шчаслівыя Васіль і Галя. Ненавісны багацей Барына захацеў завалодаць прыгажуняй. Бацька Галі заступіўся за дачку і загінуў. На выручку ёй прыйшоў Васіль. Ён забіў ненавіснага Барыну, вызваліў каханую, але ў няроўнай сутычцы загінуў і сам. Гэта бачыла Галя. Яна страціла прытомнасць і выпусціла з рук люстэрка. На часткі разбілася яно. А на месцы, дзе ўпалі сярэбраныя асколкі, утварылася возера.

З тае пары дзяўчына крылатай чайкай кружыць над Нараччу і спявае для любага свае песні.

 

 

 

 

Не было Нарачы тут. Не было Баторына і Мястра. Не было гэтых белакорых прыбярэжных бяроз, тужлівага крыку чаек і выбеленых стагоддзямі аблачын. Была зямля — гіблая, чорная, як і яе абрабаваная доля. І жыла на гэтай зямлі непрыгожая, рабая, як і сама зямля, дзяўчына Алёнка. Але душой была Алёнка святлей самага белага дня — столькі непрыкметнага хараства таілася ў ёй. Радаваліся дзявочай дабраце простыя людзі, не раз сушыла яна слёзы іх горкай нядолі. І ўсім сэрцам пакахаў рабую дзяўчыну хлопец-прыгажун.

Толькі сярод людзей былі і нядобрыя, злыя людзі. Яны балюча дакаралі хлопцаву ніцавокасць, павучалі яго:

— Вачэй мець не трэба, каб бачыць, якая чорная, брыдкая твая абранніца.

Захлынулася пакутнай журбою раненае сэрца. Да світальных зор насіў хлопец па чорнай зямлі горкую скруху, і яна лілася з сэрца самотнай, тужлівай песняй. І столькі непадробнага пачуцця было ў яе простых словах, столькі жадання надзяліць прыгажосцю свет цэлы. Не магла песня не крануць сэрца добрага чараўніка. І ён, расчулены ёю да слёз, вырашыў дапамагчы хлапечай бядзе: падараваў яму чароўнае люстэрка.

Паглядзелася ў люстэрка Алёнка — прыгажуняй няпісанай стала. Пасвятлела на чорнай зямлі ад яе дзівоснай красы. У сведкі да іх шчасця клікаў хлопец усіх добрых людзей. Упершыню яго сэрца пела пра шчасце.

Аднак нядоўгім было яно. Дачуўся пра цуд гэты магнат з палаца. Зайздрасцю засвяціліся хіжыя вочы, калі паланянка-прыгажуня пераступіла княжы парог.

— Гэты скарб за ўсё маё даражэй,— адно і сказаў стары князь.

Каханых разлучылі.

Заклінаючы сваю прыгажосць, жорстка пакарала ў палацы магната чароўнае люстэрка дзяўчына. У гулкім вясельным гомане пырснула яно дробнымі асколкамі-промнямі. І там, дзе ўпалі асколкі, імгненна ўзышла крыніца, забілася ўспененая, бурная, як дзявочая нянавісць. Пад хвалямі, празрыстымі і светлымі, як само каханне, хавала яна княжы палац. А калі пенныя хвалі ўлагодзіліся, вачам людскім адкрыўся дзівосны цуд: ляжала перад імі вялізнае возера з блакіту і зор. І той, хто глядзеўся ў яго, прыгажэў душою і сэрцам...

А Нарач — значыць, хлопцава нарачоная.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: https://knihi.com