epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Навасадскае замчышча

Над рэчкаю, над Слаўкаю, недалёка святога месца Студзянца, дзе з-пад дарогі на гары вада цудоўная выліваецца і спадае ў яр глыбокі, а ярам у Слаўку цячэ, а Слаўка па каменнях шапоча,— стаіць княскае гарадзішча.

Высокія берагі Слаўкі пазарасталі ўсякім лесам: раслі там і дубы магутныя, і светлыя ясені, і клёны, і альшыны, і асіны, і бярэзіны касатыя, і бразгаліны касцястыя, і чаромхі пахучыя,— ды многа ўсяго было.

Над усім гэтым западала ночка цёмная. Неба было засупленае чорнымі хмарамі, а вецер сярдзіты раз-поразу зрываўся і з шумам і свістам пралятаў над гарамі, над лясамі і над тым гарадзішчам, маўляў, штось нядобрае павяшчаў.

Усе ў гарадзішчы ў тым спалі. Спалі і ў месце, што ляжала ў кліну між Слаўкай і Ус-рэкай. Адна толькі душа ў гарадзішчы не спіць: паволі ўсё ходзіць і, знаць, думу цяжкую думае, бо аж пот на белым ілбе выступае перлістымі кроплямі.

А хто гэта ходзіць як не княжна, слаўная красою і багаццем сваімі? І ростам высока, і тварам красна, хоць не так-то ўжо і малада. І грудзі яе поўныя высока падымаюцца, і вочы карыя аж у цемнаце свецяцца, а буйныя косы вецер трэпле.

Ходзіць княжна гордаю ступою, ды на сэрцы яе, знаць, невясёла, бо ўсё то рукі заламае, то вяла іх апусціць, то ўздыхне цяжка, як канаючы, то аберуч галаву сцісне; то, быццам на штось адважыўшыся, вочы падыме і ўдалеч смялей гляне і заходзіць байчэйшаю ступою, а праз момант ізноў яе сэрца зойдзецца, і рукі павіснуць, і вочы затуманяцца, і ногі як бы падкашвацца стануць. Ды вось яна ўрэшце на штось адважылася. Пайшла хуткаю ступою ў гарадзішча, чэлядзь сваю будзіць, усё багацце сваё загадвае збіраў і, што дарожшае, то ў скрыню каваную кладзе, а што меней вартае, тое чэлядзі раздае. Сабраўшы ўсё і спакаваўшы, скрыню зачыніла на тры замкі, а ключы на залаты паясок нанізала і туга ім падперазалася. Тады, сеўшы на скрыню, горка заплакала:

— Няма ў мяне ні шчасця, ні долі, ні вернага друга, няма мне з кім дзяліцца ні сваёю красою, ні каханнем, ні багаццем вялікім, а маладосць мая ўцякае, лічка маё белае пажаўцела, грудкі мае поўныя сталі вянуць, вочкі карыя — ліняці, буйныя косы — выпадаў, а сэрца маё стала заміраці... Няхай жа, калі так, я згіну і ўсё са мной: і думкі мае, і каханне маё, і жаданне, і краса, і багацце маё, бо так сіратліва жыці не пад сілу мне!..

І загадала сваім служкам прывязаці сябе да скрыні і кінуць у студню дужа глыбокую і поўную вады, што ў тым гарадзішчы на двары была. Загудзела, зараўла навальніца з неба з громам, з градам, з перунамі ды маланкамі, а прайшла навальніца, і краснай княжны не стала... Кінулі яе верныя служкі ў студню глыбокую, і апусцела зараз тое гарадзішча, а после і саўсім яго не стала. Толькі гара з валам ды студняй, поўнай камення, тое месца азначае. Скора вораг люты сюды найшоў, людзей павыразаў, хаты з зямлёю зраўнаваў, а тое месца, дзе места было, людзі Рэзанамі празвалі.

Каму ж з таго месца бог судзіў жывым астацца, тыя трохі аддаль на гары, над крыніцамі, пабудаваліся насупроціў таго ж гарадзішча і Студзянца і празвалі сваё новае селішча Навасадамі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан