epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Нечысць заманьвае ў балота

Што вы ні кажэце, а я сам добра чуў, як пішчала нячыстая сіла, як падманьвала мяне да зазывала перш у лес, а потым у балота. Вось як было тое здарэнне. Як цяпер памятаю, павёў я на круговіну пасціць коні. Я ўжо быў хлопец ладны, можа, гадоў дванаццаці, як вось бацька кажа:

— Вазьмі, дзетка, да папасі коней. Чаго яны ў хляве галодныя зубамі звоняць. Завядзі на круговіну, ці што, няхай паходзяць,пакуль нямашака заедзі.

Я, ведама, як хлапчук вельмі любіў ездзіць на конях. Вось надзеў я на коней аброці, ускочыў на каня — а кабылу вяду поруч — дый пагрукацеў на круговіну. Мой бацька жыў на хутары. Да круговіны было, можа, з паўвярсты. Я хутка па вузкай дарожцы праехаў праз густы лес, саскочыў з каня каля круговіны, пусціў коней на пашу, а сам садраў бяросту да давай рабіць кузобчыкі на ягады. Толькі я скруціў у ражок бяросту, як чую, аж блізенька ў хвойнічку плача дзіця. Я кінуў кузобчык дый пабег проста туды. Расхіліў я густы маладняк, пралез у саму гушчарню, аж чую, што дзіця плача зусім блізенька, але ў другім баку. Доўга не думаючы, кінуўся туды. Чую, дзіця плача ў мяне ззаду. Пабег я туды. Яно далей. Я бегчы, а яно ўсё ад мяне ўцякае. Я даганяць, а яно далей. Вот здаецца, яно плача так блізка, бы каля самых ног, але нічога не відаць і ніяк нельга дагнаць. Бег я, бег, аж засопся, чуць вочы не выдраў у гушчарні, а ўсё ж не магу дабегчы да таго дзіцяці. Адбег я ўжо, можа, з паўвярсты дый упёрся ў балота. А балоты ў нас гразкія да глыбокія, так што можна зусім праваліцца ў такую тхлань, што й не вылезеш. Тут толькі я здагадаўся, што гэта не дзіця, а нечысць кпіць з мяне да пад’юджвае, каб заманіць у балота. Спалохаўся я, ды ледзьве знайшоў свой хутар — у такую гушчарню да нетру завёў мяне паганец. Кінуў я й коней дый кажу бацьку, што не пайду ў круговіну. Ён пытае. чаму. Я й расказаў, як мяне падманьваў нячысцік. Бацька кажа: можа, шуткаваў сусед, пасля толькі пакруціў галавою дый пайшоў сам па коні, запытаўшы,аднак, куды я палажыў аброці. Дык вось якое са мною здарэнне было.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан