epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Паходжанне ракі Віліі

Было тое так даўно, што нашым дзядам і прадзедам іх дзяды і бабкі апавядалі гэтую гісторыю, як даўніну даўнюю, даўно забытую.

У слаўнай зямлі ў барысаўскай, каля вёскі Шыляны, цягнуцца вялізныя Шылянскія, або Кравецкія, балоты. З балот тых выцякае з-пад каменя-крэўца рэчка Вілія.

У вёсцы Шылянах жыў калісь кравец Сцяпан. Слаўны то быў на ўсю Барысаўшчыну здольнік. Шыў ён панам вяльможным бармы і саеты, князям харобрым дарагія шаты з грызетаў, павалок грэцкіх і аксамітаў венецкіх, сялянам маламожным — світкі і жупаны.

Багата жыў Сцяпан-кравец і пашану меў у людзей, а невясёлы быў: моцна білася сэрца маладое, што хоць і багаты, і малады, і прыгожы сабою, а няма ў яго жонкі-красы. Устане хмарны Сцяпан, хмарны за работу бярэцца і хмарны спаць ляжа. І не таму хмарны хадзіў Сцяпан, што не было дзяўчат маладых, гожых, ахвочых за яго замуж пайсці, а таму, што адзіная любая дзяўчына-краса ад яго ўцякае, а сустракаючыся, вочкі сінія ў зямлю патупляе.

Мовіць, бывала, Сцяпан да яе слова ласкавае, а яна загарыцца, як макаў цвет на зары, ды маўчыць. І як жа тут малойцу добраму не тужыць, не хмарыцца, калі сэрца гарыць, як нарог у горне, дабелу распалены, і стукае ў грудзях, як молат па кавадле, а палёгкі яму няма ніякае.

Хмарыцца Сцяпан, бо праўды не ведае. Не ведае таго, што любка яго, у буйных думах калыханая, гэтаксама, як і ён да яе, да яго ўсім сэрцам хінецца, як хмялінка да тычынкі цягнецца, ды сарамлівасць дзявочая няволіць нябогу на Сцяпана ўзірацца, уздыхаць па ім у ночы майскія, цёпла-парлівыя, паглядаючы з-пад бярозкі касістае на месячык бледны.

Ох, і гожа ж была Сцяпанава нябога Ульяна, якую за рост высокі, стан перагібісты ды за белы тварык людзі Вельянай празвалі.

Доўга цярпеў сваю муку Сцяпан, але далей цярпець сілы не стала, і не стрываў, гаротны.

Раз апоўначы выйшаў Сцяпан у поле чыстае, стаў на крыжовых дарогах і прызваў да сябе сілу цёмную.

Калі настаў дзень, доўга шукалі людзі Сцяпана ў будынках, у полі і ў лесе. Здзівіліся, убачыўшы на месцы роўнага поля велізарную лагчыну. Ідучы лагчынаю, знайшлі каля крыжовых дарог скамянелага Сцяпана.

Як учула Вельяна, што Сцяпан абярнуўся ў камень, пабегла непрытомная ў поле і, абняўшы рукамі камень, прыпала да яго і залілася горкімі слязамі.

Плакала яна дзень, плакала ноч, а з усходам сонейка, чуць золак на ўсходзе займаўся, сканала, а са слёз яе з-пад каменя прабілася крыніца.

Разлілася крыніца па ваколіцы, затапіла ўвесь абшар, дзе ўвагнуўшыся была зямля, ператварыла тую нізіну ў пепраходнае балота, якое завуць Шылянскім, або Кравецкім, і паплыла ў свет рэчка празрыстая, прыгожая, як і сама Вельяна калісь была.

Рэчку гэтую адразу ў памяць Вельяны Вельяй назвалі і гэтак завуць дагэтуль, толькі людзі, не ведаючы ўсёй гісторыі, перайначылі крыху яе праўдзівае імя, завучы Віліяй.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан