epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Паданне пра Магілёў

Свеціць сярэбраны месяц з чыстага неба і святлом сваім залівае лясы і горы, рэчкі і ўзгоркі. Песціцца і млее ўся зямля, і мацней пануе на ёй палкая, гарачая любоў. Гучней стукае сэрца ў чалавека, гарачэйшая робіцца кроў, рукі цягнуцца для пяшчотных абдымкаў, вусны шукаюць пацалунка.

Сядзіць пад запаветным дубам добры малойца Машэка, глядзіць у сярэбраную даль і думае думу пра сваю Любу, пра мілую Прадславу. Запёрта яна, бедная, цяпер у душным палацы за сямю замкамі, і не выйсці ёй адтуль. Баліць у яе сэрцайка, ірвецца да дружка сардэчнага, і не ведае яна, што сядзіць ён недалёка ад яе палаца і думачку думае сваю:

«Ах, люба, люба мая, Прадслава, сонейка краснае, каб ты была тут побач, каб прыйшла ды суцешыла мяне, сіраціначку».

Раптам, нібы светлая хмарачка на небе, выплыла з бліскучай імглы белая здань жанчыны. Ускочыў Машэка: пазнаў ён сваю Прадславу, і вокліч захаплення гатовы быў ужо зляцець з яго вуснаў. Але ў гэтае імгненне з той самай імглы паказалася іншая постаць, чорная, з бліскучым шышаком на галаве. Пацямнела ў вачах у Машэкі. Нібы ў сне ўбачыў ён, як кінулася Прадслава ў абдымкі да чорнага рыцара і як вусны іх зліліся ў пацалунку. Падскочыў ён да здрадніцы і толькі тады схамянуўся, калі кроў суперніка пралілася на зямлю. Бледная, дрыжучы, стаяла перад ім Прадслава, і такой бездапаможнаю здалася яна Машэку, што ён не пажадаў нават забіць яе і, адвярнуўшыся, пайшоў у белы свет.

Ішоў ён доўга, і чым далей ішоў, тым усё зласнейшы рабіўся супраць усяго роду чалавечага, усё мацней разгаралася ў ім прага да помсты.

І гатовы ён ужо быў затапіць увесь свет крывёю людской. Так дабрыў да правага берага Дняпра, да Гваздоўкі, страшнага логава разбойніка Гвазда. Укленчыў перад ім і сказаў:

— Вазьмі мяне, Гвозд, да сябе, не пасрамлю цябе і твайго рамяства. Прывяла мяне сюды злоба лютая і помста страшэнная, і даю я табе зарок вялікі — не шкадаваць ніводнай душы жывой, а калі пашкадую каго, дык няхай я ад таго і загіну.

— Добра,— сказаў Гвозд,— ідзі за роў і працуй.

Пайшоў Машэка на другі бераг рова, заснаваў там сваё логавішча, назваў яго Машэкаўкаю і стаў наводзіць жах на ўвесь край. Мучыў і забіваў ён няшчасных падарожнікаў, рагатаў з іх просьбаў, здзе каваўся з іх слёз, не шкадаваў нікога: ні старых, ні дзяцей, ні мужчын, ні жанчын. Памёр даўно ўжо Гвозд, а Машэка за абодвух працягваў паліць і рабаваць, забіваць і мучыць. Але не мог крывёю затапіць сваіх пакут: любы вобраз часта паўставаў перад ім у начной цішы, і плакаў тады люты Машэка, бы малое дзіця, і праклінаў свой злы лёс.

Раз была такая месячная ноч, як тады, калі апошні раз ён бачыў сваю мілую. Сядзеў Машэка на камені, журботна звесіўшы галаву на грудзі, лёгкі ветрык гуляў над пасівелымі яго валасамі, і слёзы адна за другою буйнымі дыяментамі падалі на зямлю і зліваліся з расою.

Раптам пачуліся конскі тупат, галасы і шум, і праз хвіліну яго зграя прывяла двух новых палоннікаў.

— Як іх пакараць? — пытаюць у яго малойцы.

Але Машэка маўчаў і няўцямнымі вачыма глядзеў на жанчыну, што стаяла перад ім. Гэта была яна, Прадслава. Нарэшце, нібы апрытомнеўшы, правёў леваю рукой па лбе, правай махнуў на спадарожніка Прадславы і, абняўшы сваю Любу, павёў яе ў будан. Тут укленчыў перад ёю і пачаў цалаваць яе рукі, і плакаць, і смяяцца, і папракаць.

— Не палюбоўніка майго забіў ты,— сказала яна,— а забіў брата майго, які быў пасварыўшыся з бацькам і патаемна са мною бачыўся. Але я даравала табе, мой любы. Доўга я чакала цябе. Кінь свой страшэнны занятак, і ўцякайма. Уцякайма туды, дзе ніхто нас не ведае.

— Бяжым, бяжым, мая люба. Бяжым заўтра, а сёння дай адпачыць з табою разам ад столькіх жахаў і пакут.

— Добра,— сказала Прадслава.

Але не доўга адпачываў Машэка. Толькі салодкі сон заплюшчыў яго павекі, як каварная люба ўткнула яму з усмешкаю ў горла востры нож.

— Памры, сабака,— прамовіла яна.— Хоць і загіну ад тваёй подлай чэлядзі, але я ведаю, што адпомсціла табе за сябе і за ўсіх.

Прадслава не памылілася: закапалі яе жывую разам з забітым ёю Машэкам, а насыпаны над імі курган быў названы Магілаю Льва. Адсюль і горад, які ўзнік потым на гэтым месцы, пачаў называцца Магілёвам.

 

 

***

 

На тым месцы, дзе цяпер стаіць Магілёў, быў цёмны, непраходны лес, які не прапускаў нават сонечныя праменні; ад яго і Дняпру было цесна. Дняпро ў той час быў шырокі і сярдзіты. У тым лесе жыў страшны разбойнік, якога звалі Машэкам. У яго была такая вялікая сіла, што ён адною рукою спыняў экіпаж з васмерыком коней на ўсім скаку, ухапіўшыся за кола, адным разам вырываў з карэннямі высокія сосны. Хадзіў ён у мядзведжай шкуры поўсцю ўверх. Не такі тады быў народ, як цяпер, шмат было асілкаў, але ўсе дрыжалі перад Машэкам. Нават пяць дзесяткаў нічога не маглі зрабіць супраць аднаго. Машэка наводзіў жах на ўсе навакольныя селішчы. Нягледзячы на тое, што людзі жылі тагды вялікімі сёламі, ён, не баючыся, прыходзіў у кожнае сяло і браў, што яму было трэба; усюды самі адчынялі яму вароты, абы толькі пакінуў душу ў целе. Не раз выходзілі супраць Машэкі цэлымі палкамі, але ён жыў у такой непраходнай пушчы, што ніхто не знаходзіў не толькі яго бярлогі, але і дарогі назад, і ўсе або паміралі з голаду, або гінулі ад удару разбойніка. Але і на Машэку прыйшла пагібель. Чаго не змаглі зрабіць сотні людзей, тое зрабіла адна жанчына.

Раз па дарозе праз лес ехала плеценая брычка, запрэжаная васьмерыком коней. У ёй сядзеў малады мужчына з прыгажуняй-жанчынай. Тут з’явіўся Машэка з-за агромністай елкі, мігам спыніў брычку і ўраз забіў кучара, што той не паспеў нават азірнуцца. Мужчына, што сядзеў у брычцы, бачыць, што тут кепскія жарты, выхапіў шаблю і з усяго размаху стукнуў Машэку па галаве, але шабля зламалася аб стальное шчацінне, а мужчына прырос да свайго месца ад аднаго ўдару разбойніка. Глянуўшы на жанчыну, Машэка стаў як укопаны: ён пазнаў у ёй сваю знаёмую. Гэта яна, адхіліўшы яго любоў, прымусіла Машэку пасябраваць з буйным ветрам.

Ачуняўшы пасля здзіўлення, Машэка ўзяў у лапы паўмёртвую ад перапуду прыгажуню і аднёс у сваю бярлогу. Тут яна апрытомнела, адразу зразумела, што з ёю, і прыдумала, як загубіць разбойніка. Прыкінулася яна лагоднаю, паслухмянаю, і разбойнік зусім ёй даверыўся. І вось раз ён бяспечна заснуў пры ёй моцным сном. Яна асцярожна дастала вялізны нож, і кроў лінулася ракой з разрэзанага горла разбойніка. Учыніўшы гэтак, прыгажуня неяк выйшла на дарогу, прыйшла да сваіх і паказала ім праклятае месца, дзе з вялікай знявагай закапалі таго людаеда і назвалі тое месца Магілаю Льва.

Недалёка ад таго месца знайшлі высокі бугор, ці гару, якая ўся была аблітая крывёю і ўсыпана касцямі нявінных ахвяр зверстваў Машэкі.

Гэтая гара і цяпер называецца Машэкаўкай, ці Машакоўкай, на ёй гарадскія могілкі.

Пасля Машэкі тут жыло яшчэ многа разбойнікаў. Мясцовыя ўлады гэтае месца прызначылі для ссылкі злачынцаў. Ссыльныя памалу высеклі лес і прагналі разбойнікаў. Пазней на гэтым месцы заснавалі горад, які ад магіл забітых разбойнікамі людзей, ці ад магілы льва-Машэкі названы Магілёвам.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан