epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Пакаранне

Жыў у адным сяле шавец — чалавек дужа сярдзіты, п’яніца ды да таго яшчэ бедны-бедны. І адкуль быць багаццю! Работы не пільнаваўся, слова не трымаў... Паўдня шые, паўдня п’е; што заробіць — прапівае; няма грошай — апошнюю адзежыну прап’е. Прыйдзе п’яны дамоў — давай жонку біць. А жонка яго такая была добрая кабеціна, што цяперашнім светам не хутка знойдзеш. Работніца, як кажуць, дай бог усякаму: і дзяцей гадавала, і ў хаце прыбірала, і мужу дапамагала, шчыра гора гаравала. Увішная такая была, да ўсяго здатная.

І нацярпелася ж яна мукі ад свайго паганага мужа! Біў ён яе ці трэба, ці не трэба, біў чым папала: і пацягом, і капылом, і паленам — што ў рукі трапіць.

А яна хоць бы слова сказала: маўчыць, не пярэчыць, толькі цішком уздыхае.

Была ў тым царстве каралеўна-злосніца, нягодніца, палымянка, такая, што не дай бог. Усё ёй не ў лад, усё не пад нораў. Толькі і спакойна, калі спіць. Прачнецца — шыпіць, кіпіць, усіх муштруе. Не толькі сваіх дваровых — усё царства змардавала. То яна войны ваюе — людзей галушыць, то кажа горы капаць — золата шукаць, то людзей з месца на месца ганяе — сялібу мяняе, то ў няволю прадае, то цяжкія паборы накладае. Стогне народ, гаруе.

З’явіўся ў гэтых краях якісьці чарадзей, пашкадаваў ён народ, пашкадаваў і тую бедную шаўчыху. Зрабіў ён так, што шаўчыха апынулася ў каралеўскіх пакоях, а каралеўна — у шаўцовай хаце.

Прачнулася шаўчыха, усхапілася з пасцелі: ай, думае, заспала, трэба снеданне згатаваць, у хаце прыбраць, пакуль муж устане. Зірнула вакол — і чуць не абамлела. Дзе я, думае, ці не на тым свеце? Пакоі такія прыгожыя, так добра, як у раі. Можа, я сплю яшчэ? Не, не сплю.

А слугі на дыбачках пад дзвярыма паходжваюць, падслухоўваюць, ці не прачнулася каралеўна. Як толькі пачулі, што прачнулася, зайшлі пакаёўкі і пытаюцца: якое адзенне падаць?

— Якое дасце, дык і ладна,— кажа шаўчыха, і такім гэта голасам ласкавым, што слугі дзіву даюцца.

Дзень прайшоў — ніхто не быў біты, нікога ў астрог не пасадзілі, хто што зробіць, усё ладна. Па ўсім каралеўстве пайшла пагалоска, што каралеўна характар змяніла, стала ціхая, спакойная, жаласлівая, міласэрная. Усё каралеўства ўзрадавалася, бо ўсім стала лёгка жыць.

Ну, а той каралеўне прыйшлося зусім інакш. Звечара шавец быў на падпітку, моцна заснуў, бо ведаў, што жонка парою разбудзіць. Прачнуўся ён, бачыць, зусім позна, а ў хаце не прыбрана, снеданне не зварана і жонка спіць. Як схапіла яго злосць, як схопіць ён капыл, як пачне мясіць бакі каралеўне:

— Уставай, паганая, каб ты акалела! Дзе дратва? Чаму не насучыла? Чаго разаспалася? Чаму ў хаце не прыбрана? — І лупіць, і лупіць.

А каралеўна нічога не разумее, толькі крычыць нема:

— Гвалт, ратуйце! Рэжуць, б’юць!

А шавец яшчэ больш ад гэтага ў злосць уваходзіць і яшчэ больш яе б’е. Збіў на горкі яблык, аж абамлела яна, аж сам шавец спужаўся, стаў вадой адліваць. Ачуняла яна трохі, ляжыць, стогне.

— Ну-ну! Годзе стагнаць, не пярвінка, уставай, работу рабі! — крычыць шавец.

— Я каралеўна! — кажа яна.

Ізноў зазлаваў шавец:

— Ты каралеўна? Я ж табе пакажу каралеўства!— І давай яе зноў біць.

Яна слуг заве на дапамогу, а ён больш б’е. Няма чаго рабіць, мусіла за работу брацца, але нічога яна не ўмее, а шавец за ўсё б’е.

Гора ўсяму навучыць! Навучылася і каралеўна мужыцкай рабоце і такая зрабілася ціхая, мяккая, як ядвабная.

Так і засталіся назаўсёды: шаўчыха — у палацы ў каралеўны, а лютая каралеўна — у хаце ў шаўца.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан