epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Паненчына бухта

На Беларусі цячэ рака Вуша. Каля яе ёсць вялікі луг, які раней належаў нейкаму пану, што меў восем вёсак. Сяляне гэтых вёсак працавалі на пана. Гэты пан меў тры дачкі, дзве з іх былі прыгожыя дзяўчыны. Яны павыходзілі замуж і жылі так, як і іх бацькі. Трэцяя ж дачка была непрыгожая. Яна вельмі ненавідзела харошых жанчын і мужчын.

У час касьбы маладыя хлапцы і мужчыны надзявалі сваё лепшае адзенне і ішлі касіць. Сярод касцоў быў адзін прыгожы, стройны юнак, якога паненка не любіла. У час касьбы яна пад’язджала да гэтага маладога хлапца, які зваўся Антосем, і збівала яго мянташкай за непрывітанне з ёю.

На наступны год яна прыязджала і карала яго за тое, чаму не сустракаюць яе з песнямі. Вяскоўцы смяяліся з Антося, што прыйдзе касавіца і зноў будзе цябе мянціць паненка.

На трэці год у касавіцу прыехала паненка, касцы сустрэлі яе прывітаннем і песнямі. Паненка разгневалася за тое, чаму яны ў такі гарачы час не працуюць і зноў хацела пакараць мянташкай прыгожага Антося. Але ў яго не хапіла цярпення. Ён схапіў паненку, павалок у рэчку і ўтапіўся разам з ёю.

Пакуль дасталі іх з вады, то і паненка, і Антось былі мёртвыя. І па сённяшні дзень гэтае месца, дзе ўтапілася паненка з маладым Антосем, называецца Паненчынай бухтай.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан