epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Папова горка

На ўскраіне Нясвіжа, за возерам стаіць узвышша, якое і цяпер у народзе называюць Папова горка. Было гэта вельмі даўно. Некалі на гэтай горцы стаяла царква. Далёка навокал разлягаліся ўладанні князёў Радзівілаў. Аднаго з уладарных князёў Радзівілаў празвалі Сіроткам. Так назваў яго польскі кароль, які гасцяваў у Нясвіжскім замку, калі ўгледзеў малое дзіця, якое ляжала адно ў пакоі, бо бацькі яго ў гэты час балявалі ў палацы. Сіротка ажаніўся з каталічкаю, быў удзельнікам апошняга крыжовага паходу ў Палясціну і заядла насаджаў каталіцтва ў сваіх уладаннях. Сам папа Рымскі прэзентаваў яму падарунак — дарагі срэбны сталовы сервіз аж на дзвесце гасцей. Прыбор быў вельмі тонкай работы і адлюстроўваў чатыры пары года: вясну, лета, восень і зіму. Неўзабаве пасля таго, як Сіротка вярнуўся з крыжовага паходу, ён сазваў да сябе сорак папоў-служак праваслаўнай царквы і прапанаваў ім перайсці ў каталіцкую веру і служыць ёй. Вядома, папы адмовіліся прыняць каталіцтва. Тады князь загадаў адвесці іх у цэркаўку, што стаяла на гары за возерам, і заперці іх там без вады і яды, пакуль яны не прымуць яго прапанову. Сам жа князь баляваў у сваім замку тры дні. Няшчасныя папы, не жадаючы быць вераадступнікамі, адпеўшы псалмы, вымушаны былі самі налажыць на сябе рукі, але не сатварыць «святатацтва». Праз тры дні, калі царкву адчынілі, жывымі засталося ўсяго некалькі чалавек. Папоў там жа на горцы і пахавалі. Цэркаўка з цягам часу развалілася. А горка і цяпер завецца Паповаю.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан