epub
зыходны pdf
 
падключыць
слоўнікі

Пасланне да Эфесцаў

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-23)
2 (1-22)
3 (1-21)
4 (1-32)
5 (1-33)
6 (1-24)


1 (1-23)

1Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, святым, што ў Эфесе, і верным у Хрысце Езусе: 2ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.

3Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста,

які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах

4і выбраў нас у Ім перад стварэннем свету,

каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові.

5Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення

праз Езуса Хрыста,

паводле ўпадабання сваёй волі,

6дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі,

якою Ён адарыў нас ва Умілаваным.

7У Ім мы маем адкупленне Ягонаю Крывёю,

дараванне правінаў

паводле багацця ласкі Ягонай,

8якою шчодра адарыў нас

ва ўсялякай мудрасці і разуменні,

9дазволіўшы нам пазнаць таямніцу сваёй волі,

паводле свайго ўпадабання, якое раней паклаў у Ім

10для спаўнення паўнаты часу,

каб аднавіць усё ў Хрысце:

тое, што на нябёсах і на зямлі.

11У Ім мы былі выбраны і прадвызначаны згодна з намерам таго, хто ўсё здзяйсняе паводле пастанаўлення волі сваёй, 12каб мы, якія раней спадзяваліся на Хрыста, былі для хвалы Ягонай славы. 13У Ім і вы, калі пачулі слова праўды, Евангелле пра збаўленне вашае, і паверылі ў Яго, былі пазначаныя пячаццю абяцанага Духа Святога, 14які ёсць задаткам нашай спадчыны дзеля адкуплення Ягонага набытку, для хвалы Ягонай велічы.

15Пачуўшы пра вашую веру ў Езуса Хрыста і пра любоў да ўсіх святых, 16не перастаю дзякаваць за вас, успамінаючы вас у малітвах сваіх, 17каб Бог Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і адкрыцця ў пазнанні Яго 18і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Ягонага, якое багацце слаўнай спадчыны Ягонай для святых 19і якая нязмерная веліч моцы Ягонай у нас, веруючых праз дзеянне магутнай сілы Ягонай, 20якую Ён выявіў у Хрысце, калі ўваскрасіў Яго з мёртвых і пасадзіў праваруч сябе на нябёсах, 21вышэй за ўсялякае княжанне, і ўладу, і сілу, і панаванне, і за ўсялякае імя, якое называецца не толькі ў гэтым веку, але і ў будучым. 22І ўсё пакарыў пад ногі Ягоныя, і паставіў Яго па-над усім галавою Касцёла, 23які ёсць целам Ягоным, паўнатою таго, хто напаўняе ўсё ва ўсім.

 

2 (1-22)

1І вы былі мёртвымі з-за праступкаў і грахоў вашых, 2у якіх вы калісьці жылі згодна са звычаямі гэтага свету, па волі князя, які ўладарыць у паветры, духа, які дзейнічае цяпер у сынах непаслухмянасці. 3Сярод іх і мы калісьці жылі паводле жаданняў нашага цела, выконваючы волю цела і намераў, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і астатнія. 4Бог, будучы багатым на міласэрнасць, у сваёй вялікай любові палюбіў нас, 5і нас, мёртвых з-за грахоў, ажывіў разам з Хрыстом. Вы збаўлены ласкаю. 6Ён уваскрасіў і пасадзіў нас на нябёсах у Хрысце Езусе, 7каб паказаць у наступных вяках нязмернае багацце сваёй ласкі праз дабрыню да нас у Хрысце Езусе. 8Бо ласкаю вы збаўлены праз веру. І гэта не ад вас, гэта Божы дар. 9І не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся. 10Мы – Яго справа, створаныя ў Хрысце Езусе для добрых учынкаў, якія Бог загадзя падрыхтаваў, каб мы паступалі згодна з імі.

11Таму памятайце, што калісьці вы, язычнікі, якіх завуць «неабрэзанымі» тыя, што называюцца абрэзанымі [з прычыны знаку], зробленага рукою на целе, 12былі ў той час без Хрыста, адкінутымі ад грамадства ізраэльскага і чужымі запавету абяцання. Вы не мелі надзеі і былі бязбожнікамі ў свеце. 13Цяпер у Хрысце Езусе вы, якія калісьці былі далёка, сталіся блізкімі дзякуючы крыві Хрыста. 14Ён – спакой наш, які ўчыніў адно і другое адзіным і мур варожасці, 15што падзяляў, зруйнаваў у целе сваім. А Закон запаведзяў знішчыў навучаннем, каб з двух стварыць у сабе аднаго новага чалавека, усталёўваючы спакой, 16і ў адным целе зноў прымірыць адных і другіх з Богам праз крыж, забіўшы ў сабе тую варожасць. 17І, прыйшоўшы, Ён абвясціў спакой вам, якія далёка, і спакой тым, якія блізка. 18Бо праз Яго мы, адны і другія, маем доступ у адным Духу да Айца.

19Таму вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога, 20умацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, 21на якім кожны складзены будынак вырастае як святая святыня ў Пану. 22У ім і вы разам будуецеся, каб быць жыллём Бога ў Духу.

 

3 (1-21)

1Таму я, Павел, – вязень [Езуса] Хрыста дзеля вас, язычнікаў. 2Вы напэўна чулі пра ўдзяленне ласкі Божай, дадзенай мне дзеля вас, 3бо праз аб’яўленне мне была адкрыта таямніца, пра што я ўжо коратка пісаў. 4Чытаючы, можаце даведацца пра маё разуменне таямніцы Хрыста, 5якая не была адкрыта сынам чалавечым у мінулых пакаленнях, так як цяпер адкрылася святым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа, 6што і язычнікі з’яўляюцца сунаследнікамі і членамі аднаго цела, і саўдзельнікамі абяцання ў Езусе Хрысце праз Евангелле, 7слугою якога я стаўся дзякуючы дару ласкі Божай, дадзенай мне дзеяннем сілы Ягонай. 8Мне, найменшаму сярод усіх святых, дадзена гэтая ласка: абвяшчаць язычнікам Евангелле пра невычэрпнае багацце Хрыста 9і адкрыць усім, чым ёсць спаўненне таямніцы, спрадвеку схаванай у Богу, Стварыцелю ўсяго, 10каб цяпер праз Касцёл стала вядомай княствам і ўладам на нябёсах бясконцая мудрасць Божая, 11паводле спрадвечнага плану, які здзейсніўся ў Езусе Хрысце, Пану нашым. 12У Ім мы маем адвагу і доступ [да Айца] ў надзеі праз веру ў Яго. 13Таму прашу, не падайце духам з прычыны майго ўціску за вас, бо гэта вашая хвала.

14Таму я схіляю калені мае перад Айцом, 15ад якога бярэ сваю назву кожны род на нябёсах і на зямлі, 16каб Ён даў вам, паводле багацця славы сваёй, умацаваць сілы Духам Ягоным дзеля духоўнага чалавека, 17каб праз веру Хрыстус пасяліўся ў сэрцах вашых, каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, 18змаглі зразумець з усімі святымі, чым ёсць шырыня і даўжыня, і вышыня, і глыбіня, 19і спазнаць любоў Хрыста, якая перавышае ўсялякае разуменне, каб вы напоўніліся ўсёй паўнатою Божай.

20А таму, хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць непараўнальна больш за ўсё, чаго мы просім або пра што думаем, 21Яму хвала ў Касцёле і ў Хрысце Езусе ва ўсе пакаленні ад веку да веку. Амэн.

 

4 (1-32)

1Малю вас я, вязень у Пану, паступаць годна паклікання, якім вы пакліканы, 2з усёю пакораю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, церпячы адзін аднаго ў любові, 3стараючыся захаваць еднасць духа ў саюзе спакою. 4Адно цела і адзін дух, як і вы пакліканы ў адной надзеі вашага паклікання. 5Адзін Пан, адна вера, адзін хрост, 6адзін Бог і Айцец усіх, які над усімі і праз усіх, і ва ўсіх.

7Кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры Хрыстовага дару. 8Таму і сказана:

«Узышоўшы на вышыні, паланіў палонных

і даў людзям дары».

9А што азначае «ўзышоўшы», калі не тое, што Ён сышоў да ніжэйшых частак зямлі. 10Той, хто сышоў, ёсць і тым, хто ўзышоў вышэй за ўсе нябёсы, каб напоўніць усё.

11Ён таксама паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі 12дзеля выхавання святых для справы служэння, для будавання Хрыстовага цела, 13пакуль усе мы прыйдзем да еднасці веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты. 14Каб мы больш не былі дзецьмі, якіх хістае і захапляе кожны вецер вучэнняў, каб падманам людскім, хітрым штукарствам увесці ў зман. 15Будучы шчырымі ў любові, ва ўсім будзем узрастаць да таго, хто з’яўляецца Галавою, – да Хрыста. 16З Яго ўсё цела, якое складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемныя сувязі, у меру дзеяння кожнай асобнай часткі, атрымлівае ўзрастанне для будавання самога сябе ў любові.

17Кажу гэта і сведчу ў Пану, каб вы больш не жылі, як жывуць язычнікі ў марнасці свайго розуму, 18з зацьмёным мысленнем, адчужаныя ад жыцця Божага праз няведанне, якое караніцца ў іх, праз упартасць сэрцаў іхніх. 19Яны, стаўшы нячулымі, аддаліся распусце, робячы нячыстае з усёй прагнасцю.

 

20Не гэтаму вы навучыліся ад Хрыста, 21калі сапраўды чулі пра Яго і вучыліся ў Ім паводле праўды, якая ёсць у Езусе, 22але таму, каб адкінуць ранейшыя паводзіны старога чалавека, які знішчае сябе зманлівымі пажадлівасцямі. 23Таму аднавіце дух вашага розуму 24і апраніцеся ў новага чалавека, створанага паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды. 25Дзеля таго адкіньце падман, гаварыце праўду кожны свайму бліжняму, бо мы – часткі адзін аднаго. 26Гневайцеся, але не грашыце, няхай сонца не заходзіць у гневе вашым. 27І не давайце месца д’яблу. 28Хто краў, няхай больш не крадзе, лепш няхай працуе, здабываючы сваімі рукамі даброты, каб меў чым дапамагчы патрабуючаму. 29Усякае ліхое слова няхай не выходзіць з вуснаў вашых, але толькі добрае, дзеля збудавання, каб прынесла ласку тым, хто слухае. 30Не засмучайце Святога Духа Божага, якім вы пазначаны на дзень адкуплення.

31Усякая горыч і раздражненне, і гнеў, і крык, і блюзнерства няхай будуць выдалены ад вас разам з усякай злосцю. 32Вы ж будзьце адзін да аднаго лагоднымі, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам.

 

5 (1-33)

1Дык вось, наследуйце Бога як дзеці ўмілаваныя 2і паступайце ў любові, як і Хрыстус палюбіў нас, і аддаў сябе за нас як дар і ахвяру Богу на прыемны пах.

3А распуста, і ўсялякая нячыстасць, і сквапнасць няхай нават не згадваюцца сярод вас, як гэта належыць святым. 4Таксама і непрыстойнасць, і пустаслоўе, і вульгарнасць нягожыя для вас. Наадварот, няхай лепш будзе падзяка. 5Вы павінны ведаць, што ніякі распуснік, або нячысты, ці сквапны, гэта значыць ідалапаклоннік, не мае спадчыны ў Валадарстве Хрыста і Бога.

6Няхай ніхто не зводзіць вас марнымі словамі, бо праз гэта прыходзіць гнеў Божы на непаслухмяных сыноў. 7Не будзьце ж іх супольнікамі. 8Калісьці вы былі цемрай, а цяпер вы святло ў Пану. Паступайце, як дзеці святла. 9Бо плод святла ёсць ва ўсялякай дабрыні, справядлівасці і праўдзе. 10Імкніцеся да таго, што даспадобы Пану. 11Не бярыце ўдзел у бясплённых справах цемры, а лепш выкрывайце іх. 12Бо пра тое, што яны робяць патаемна, нават сорамна казаць. 13А ўсё, што выкрываецца праз святло, становіцца яўным, бо ўсё, што становіцца яўным, ёсць святло. 14Таму сказана: «Прачніся, які спіш, і ўваскрэсні з мёртвых, і Хрыстус асветліць цябе».

15Глядзіце дакладна, як паступаеце, не як неразумныя, а як мудрыя. 16Выкарыстоўвайце час, бо дні ліхія. 17Не будзьце ж неразважнымі, але пазнавайце, што ёсць воляй Пана. 18І не ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста, але напаўняйцеся Духам, 19настаўляючы саміх сябе псальмамі, гімнамі і спевамі духоўнымі, спяваючы і праслаўляючы Пана ў сэрцах вашых. 20Дзякуйце заўсёды за ўсё Богу і Айцу у імя Пана нашага Езуса Хрыста. 21Падпарадкоўвайцеся адзін аднаму ў боязі Хрыстовай.

22Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам сваім, як Пану, 23бо муж – галава жонкі, як і Хрыстус – Галава Касцёла. Ён – Збаўца цела. 24Таму, як Касцёл падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі падпарадкоўваюцца мужам ва ўсім.

25Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго, 26каб асвяціць яго, ачысціўшы купеллю вады ў слове, 27каб ён з’явіўся перад Ім слаўным Касцёлам, які не мае плямы, ці заганы, ці чаго-небудзь падобнага, і каб ён быў святы і беззаганны. 28Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела. Хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе. 29Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да свайго цела, але корміць і даглядае яго, як і Хрыстус свой Касцёл, 30бо мы часткі Цела Ягонага. 31Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам. 32Вялікая таямніца гэтая, а кажу я ў дачыненні да Хрыста і да Касцёла! 33Дык няхай кожны з вас любіць сваю жонку так, як самога сябе, а жонка няхай паважае мужа.

 

6 (1-24)

1Дзеці, слухайцеся ў Пану сваіх бацькоў, бо гэта справядліва. 2Шануй бацьку свайго і маці – гэта першая запаведзь у абяцанні, 3каб добра было табе і каб доўга жыў ты на зямлі. 4І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх праз навучанне і настаўленне Пана.

5Нявольнікі, слухайцеся гаспадароў вашых паводле цела з бояззю і трымценнем, у прастаце сэрца вашага, як Хрыста. 6Служыце не толькі для вока, каб спадабацца людзям, але як нявольнікі Хрыстовыя, выконваючы волю Божую ад душы, 7служачы рупліва, як Пану, а не як людзям. 8Ведайце, што кожны, нявольнік ён ці свабодны, калі зробіць нешта добрае, атрымлівае тое ж ад Пана.

9І вы, гаспадары, рабіце з імі тое самае: перастаньце пагражаць, ведаючы, што і над вамі, і над імі ёсць у нябёсах Пан, які не зважае на асобу.

10Нарэшце, мацуйцеся ў Пану магутнасцю сілы Ягонай. 11Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць подступам д’ябла. 12Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць панаванняў, супраць уладаў, супраць гаспадароў цемры свету гэтага, супраць нябесных духаў злосці.

13Дзеля гэтага прыміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць. 14Таму станьце, падперазаўшы сцёгны свае праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, 15і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой. 16А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога; 17і шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць слова Божае. 18Ва ўсялякай малітве і просьбе маліцеся ў Духу пры кожнай нагодзе. А дзеля гэтага дбайце з усёй стараннасцю і маліцеся за ўсіх святых 19і за мяне, каб мне дадзена было слова, і я мог адкрыць вусны свае, і адважна абвяшчаць таямніцу Евангелля, 20дзеля якога я стаў пасланнікам у кайданах, каб смела прапаведаваў яго, як і належыць.

21Тыхік, умілаваны брат і верны слуга ў Пану, пра ўсё раскажа вам, каб вы ведалі пра мяне і што я раблю. 22Я паслаў яго да вас, каб вы ведалі, што ў нас робіцца і каб ён падбадзёрыў сэрцы вашыя.

23Спакой вам, браты, і любоў з вераю ад Бога Айца і Пана Езуса Хрыста. 24Ласка з усімі, якія любяць Пана нашага Езуса Хрыста незнішчальнай [любоўю]. Амэн.



Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Тэкст падаецца паводле выдання: catholic.by/Epistula-ad-Ephesios.pdf
Крыніца: catholic.by