epub
зыходны pdf
 
падключыць
слоўнікі

Пасланне да Філіпянаў

Кнігі Новага Запавету перакладзены паводле: «Novum Testamentum Graece et Latine». Nestle-Aland. Stuttgart 2002; «Nova Vulgata Bibliorum Sacrorum». Editio typica altera. Пераклад кніг Новага Запавету параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пры падрыхтоўцы перакладу выкарыстоўваўся тэкст «Лекцыянарыя», які быў раней (2002-2005гг.) перакладзены Секцыяй з арыгінальных моваў і апрацаваны паводле «Ordo lectionum Missae» (Editio typica altera).

1 (1-30)
2 (1-30)
3 (1-21)
4 (1-23)


1 (1-30)

1Павел і Цімафей, слугі Езуса Хрыста, усім святым у Хрысце Езусе, якія знаходзяцца ў Філіпах, разам з біскупамі і дыяканамі: 2ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста. 3Дзякую Богу майму пры кожнай згадцы пра вас. 4Заўсёды кожную малітву сваю за ўсіх вас з радасцю ўзношу, 5за ваш удзел у абвяшчэнні Евангелля з першага дня аж дагэтуль. 6Упэўнены, што той, хто пачаў у вас добрую справу, закончыць яе да дня Езуса Хрыста. 7І гэта справядліва для мяне – так думаць пра ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы [сваім], і вы ўсе мае саўдзельнікі ў ласцы маёй, у кайданах маіх, у абароне і ва ўмацаванні Евангелля. 8Бог — мой сведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Езуса Хрыста. 9І малюся за тое, каб любоў вашая яшчэ больш узрастала ў пазнанні і ва ўсякім адчуванні, 10каб вы пазнавалі лепшае, каб вы былі справядлівымі і беззаганнымі ў дзень Хрыста, 11напоўненымі пладамі справядлівасці праз Езуса Хрыста дзеля славы і хвалы Божай.

12Хачу, браты, каб вы ведалі, што ганенне маё паспрыяла яшчэ большаму пашырэнню Евангелля. 13Так што кайданы мае сталі бачнымі ў Хрысце ва ўсёй прэторыі і сярод усіх іншых. 14Праз гэта многія з братоў у Пану, перакананыя маімі кайданамі, яшчэ больш адважыліся бясстрашна абвяшчаць слова. 15Некаторыя, праўда, ад зайздрасці і дзеля спрэчкі абвяшчаюць Хрыста, іншыя ж – з добрай волі. 16Гэтыя астатнія [робяць гэта] з любові, бо ведаюць, што я дзеля абароны Евангелля пастаўлены. 17Тыя ж дзеля звады прапаведуюць Хрыста няшчыра, з намерам зрабіць мае кайданы яшчэ цяжэйшымі. 18Дык што? Усялякім чынам, ці то дзеля выгляду, ці то праўдзіва, абвяшчаецца Хрыстус. І я гэтаму радуюся, і буду радавацца. 19Бо ведаю, што гэта прывядзе мяне да збаўлення праз вашую малітву і дапамогу Духа Езуса Хрыста, 20паводле чакання і надзеі маёй, што я ні ў чым не буду асаромлены. Але з поўнай адвагай, як заўсёды, так і сёння, узвялічаны будзе Хрыстус у целе маім ці праз жыццё, ці праз смерць.

21Бо для мяне жыццё – гэта Хрыстус, а смерць – гэта выгада. 22А калі жыццё ў целе – гэта для мяне плён працы, то не ведаю, што выбраць. 23Вабіць мяне і тое, і другое: маю жаданне памерці і быць з Хрыстом, бо гэта значна лепш; 24але заставацца ў целе больш патрэбна для вас. 25Перакананы ў гэтым, я ведаю, што застануся і буду з вамі дзеля вашага поспеху і радасці ў веры, 26каб хвала ваша ў Хрысце Езусе памножылася праз мяне, калі я зноў прыйду да вас.

27Толькі вядзіце жыццё, годнае Евангелля Хрыстовага, каб я, калі прыбуду і ўбачу вас ці калі буду далёка, пачуў пра вас, што вы трываеце ў адным Духу. Аднадушна змагайцеся за веру ў Евангелле 28і ні ў чым не палохайцеся праціўнікаў. Гэта стане для іх прычынай згубы, а для вас – збаўленнем, і гэта ад Бога. 29Вам дадзена дзеля Хрыста не толькі верыць у Яго, але і цярпець за Яго, 30паколькі вы вядзеце тую ж барацьбу, якую бачылі ўва мне і пра якую цяпер чуеце ад мяне.

 

2 (1-30)

1Калі ёсць які заклік у Хрысце, калі ёсць якое падбадзёрванне любові, калі ёсць якая лучнасць духа, калі ёсць якое сардэчнае спачуванне, 2то дапоўніце радасць маю, каб вы думалі тое самае, мелі тую самую любоў, былі аднадушнымі і аднадумцамі. 3Нічога не рабіце дзеля разладу ці дзеля пустой пахвальбы, але ў пакоры лічыце адзін аднаго вышэйшым за сябе. 4Не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых.

5Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе.

6Ён, будучы ў постаці Бога,

не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам,

7але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі,

прыпадобніўшыся да людзей.

І з выгляду стаўшы як чалавек,

8прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці,

смерці крыжовай.

9Таму Бог узвысіў Яго

і даў Яму імя па-над усялякае імя,

10каб на імя Езуса схілілася кожнае калена

стварэнняў нябесных, зямных і падземных,

11і каб кожны язык вызнаваў,

што Панам ёсць Езус Хрыстус

дзеля хвалы Бога Айца.

12Умілаваныя мае, як вы заўсёды былі паслухмянымі не толькі ў прысутнасці маёй, але яшчэ больш цяпер, у час адсутнасці маёй, так з бояззю і трымценнем здзяйсняйце сваё збаўленне. 13Бо гэта Бог ёсць тым, хто чыніць у вас жаданне і дзеянне паводле [свайго] ўпадабання. 14Усё рабіце без нараканняў і сумненняў, 15каб вы сталі бездакорнымі, бязвіннымі і беззаганнымі дзецьмі Божымі сярод ілжывага і падступнага пакалення, у якім вы ззяеце, як светачы ў свеце. 16Трымайцеся слова жыцця на пахвалу мне ў дзень Хрыстовы, што я не дарма бег і не дарма працаваў. 17Калі нават і пральюся як ахвяра на служэнне веры вашай, то радуюся і цешуся разам з усімі вамі. 18Таксама і вы радуйцеся і цешцеся са мною.

19Маю надзею ў Пану Езусе, што ў хуткім часе прышлю да вас Цімафея, каб я супакоіўся, даведаўшыся пра вас. 20Бо я не маю іншага аднадумца, які б так шчыра рупіўся пра вас. 21Усе шукаюць свайго, а не таго, што Езуса Хрыста. 22Вернасць яго ведаеце, бо як сын бацьку, так ён пачаў служыць разам са мною дзеля Евангелля. 23Спадзяюся, што пашлю яго да вас адразу, як толькі вырашу свае справы. 24Маю надзею ў Пану, што і сам неўзабаве прыбуду да вас.

25Я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, свайго паплечніка ў працы і змаганні, вашага пасланца і слугу ў патрэбе маёй, 26бо ён вельмі тужыў па ўсіх вас і вельмі непакоіўся з-за таго, што вы пачулі пра яго хваробу. 27І сапраўды, ён смяротна захварэў. Але Бог змілаваўся над ім, і не толькі над ім, але і нада мною, каб я не меў дадатковага смутку. 28Таму я тым хутчэй паслаў яго, каб вы ўбачылі яго і ўзрадваліся зноў, і каб я быў без смутку. 29Прыміце яго ў Пану з поўнай радасцю і майце ў пашане такіх, 30бо ён быў у небяспецы смерці за справу Хрыста, рызыкаваў жыццём, каб споўніць тое, у чым вы не маглі служыць мне.

 

3 (1-21)

1Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Пану. Пісаць вам тое самае мне не цяжка, для вас жа гэта карысна. 2Асцерагайцеся сабак, асцерагайцеся ліхіх работнікаў, асцерагайцеся абразання! 3Мы прымаем абразанне, калі служым у Божым Духу і ганарымся ў Хрысце Езусе, а не спадзяёмся на цела. 4Хоць я магу спадзявацца і на цела. Калі хто іншы спадзяецца на цела, то тым больш я, 5абрэзаны на восьмы дзень, з роду Ізраэля, з пакалення Бэньяміна, габрэй ад габрэяў, паводле Закону – фарысей, 6паводле руплівасці – ганіцель Касцёла, паводле справядлівасці Закону – беззаганны.

7Але што было для мяне набыткам, тое дзеля Хрыста я палічыў стратай. 8Ды і ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Хрыста Езуса, майго Пана. Дзеля Яго я ўсё страціў і лічу смеццем, каб набыць Хрыста 9і апынуцца ў Ім не са сваёю справядлівасцю, якая паходзіць з Закону, але з тою, якая паходзіць з веры ў Хрыста, са справядлівасцю ад Бога, заснаванай на веры, 10каб пазнаць Яго і моц Ягонага ўваскрасення і саўдзельнічаць у цярпеннях Ягоных, прыпадабняючыся да Ягонай смерці, 11каб нейкім чынам дасягнуць уваскрашэння з мёртвых. 12Не тое, каб я ўжо атрымаў гэта і ўжо стаў дасканалым, але я імкнуся атрымаць тое, дзеля чаго мяне здабыў Хрыстус Езус. 13Браты, я не лічу, што ўжо атрымаў гэта, але толькі забываю тое, што за мною, і сягаю да таго, што наперадзе. 14Паводле мэты імкнуся да ўзнагароды высокага паклікання Божага ў Хрысце Езусе.

15Будучы дасканалымі, давайце так думаць, а калі інакш думаеце, то Бог вам адкрые. 16Аднак, да чаго мы ўжо дайшлі, таго і будзем трымацца.

17Наследуйце мяне, браты, і глядзіце на тых, хто паступае паводле ўзору, які маеце ў нас. 18Бо многія, пра каго часта казаў вам, а цяпер нават з плачам кажу, паступаюць, як ворагі крыжа Хрыстовага. 19Іхні канец – пагібель, іхні бог – чэрава, і слава іх – у сораме іхнім; яны думаюць пра зямное. 20А наша айчына знаходзіцца ў нябёсах, адкуль мы чакаем Збаўцу, Пана Езуса Хрыста, 21які пераменіць нашае прыніжанае цела на падабенства свайго праслаўленага цела праз дзеянне моцы, якой Ён можа падпарадкаваць сабе ўсё.

 

4 (1-23)

1Таму, мае браты ўмілаваныя, па якіх сумую, радасць і вянец мой, так трывайце ў Пану, умілаваныя!

2Прашу Эводзію і Сынтыхею быць аднадумцамі ў Пану. 3Таксама і цябе прашу, блізкі сябра, дапамагай ім, бо яны змагаліся за Евангелле разам са мною і разам з Клементам ды іншымі супрацоўнікамі маімі, якіх імёны ўпісаны ў кнігу жыцця.

4Радуйцеся заўсёды ў Пану. Яшчэ раз кажу: радуйцеся! 5Лагоднасць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Пан блізка. 6Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і просьбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя просьбы Богу. 7І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе.

8Нарэшце, браты, што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае, што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы – пра гэта думайце. 9Чаму навучыліся, і што прынялі, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, тое чыніце, і Бог спакою будзе з вамі.

10Я вельмі ўзрадаваўся ў Пану, што вы зноў клапоціцеся пра мяне. Вы і раней клапаціліся, але вам неставала нагоды. 11Кажу гэта не таму, што патрэбу маю, бо я навучыўся быць задаволеным тым, што ў мяне ёсць. 12Я ўмею быць і ў прыніжэнні, умею быць і ў дастатку; я прывучыўся да ўсяго: і насычацца, і галадаць, і быць у дастатку, і цярпець нястачу. 13Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне.

14Аднак вы добра зрабілі, раздзяліўшы са мною цярпенне маё. 15Ведаеце таксама вы, філіпяне, што ў пачатку [абвяшчэння] Евангелля, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная супольнасць, апроч вас адных, не далучылася да мяне ў справе давання і прыняцця. 16Вы таксама некалькі разоў дасылалі мне ў Тэсалоніку, калі я быў у патрэбе. 17Кажу не таму, што шукаю дару, але шукаю плёну, які памнажаецца на карысць вашую. 18Я атрымаў усё і маю празмерна. Я забяспечаны ўсім, атрымаўшы ад Эпафрадыта дасланае вамі – салодкі водар, ахвяру прыемную, якая падабаецца Богу. 19А мой Бог няхай задаволіць усялякую вашую патрэбу паводле свайго багацця ў хвале ў Езусе Хрысце. 20Богу ж і Айцу нашаму хвала на векі вечныя. Амэн.

21Прывітайце кожнага святога ў Хрысце Езусе. Вітаюць вас усе браты, якія тут са мною. 22Вітаюць вас усе святыя, а найбольш тыя, што з дому цэзара.

23Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з духам вашым. Амэн.



Пераклад: Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Тэкст падаецца паводле выдання: catholic.by/Epistula-ad-Philippenses.pdf
Крыніца: catholic.by